БЫ́КАЎ Васіль Уладзіміравіч (н. 19.6.1924, в. Бычкі Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1980). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы на скульпт. аддзяленні. Удзельнік Айч. вайны, двойчы паранены. У 1956—72 працаваў у газ. «Гродненская правда», у 1972—78 сакратар Гродзенскага аддзялення СП Беларусі. З 1978 у Мінску. У 1990—93 прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Друкуецца з 1947. У першай кнізе «Жураўліны крык» (1960), аповесцях «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1964), зб. апавяданняў «Адна ноч» (1965) паказвае штодзённы гераізм звычайнага чалавека ва ўмовах вайны, глыбока пранікае ў духоўны свет сваіх герояў. Суровая праўда ў адлюстраванні вайны, пераважна драм. і трагічных яе сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, абвостраная чалавечнасць, высокая патрабавальнасць у сцвярджэнні маральных прынцыпаў, лаканізм, дакладнасць і выразнасць апавядальнай манеры, шчырасць і ўнутр. стрыманасць аўтарскага голасу — вызначальныя якасці творчай манеры пісьменніка. Аповесці «Мёртвым не баліць» (1965) і «Праклятая вышыня» (1968) — важны крок на шляху філас.-канцэптуальнага і жанравага падпарадкавання асабіста перажытага духоўным патрэбам сучаснасці. У канцы 1960-х г. звярнуўся да тэмы партыз. і падп. барацьбы бел. народа. «Круглянскі мост» (1969), «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971, разам з аповесцю «Дажыць да світання», 1973, Дзярж. прэмія СССР 1974), «Воўчая зграя» (1974, разам з аповесцю з франтавога жыцця «Яго батальён», 1975, Дзярж. прэмія БССР імя Я.Коласа 1978), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982, Ленінская прэмія 1986) у творчасці пісьменніка складаюць своеасаблівы «партызанскі цыкл». Увага да гэтага пласта нар. жыцця ў Быкава не выпадковая. Элемент трагічнага — істотны элемент вайны — выявіўся тут на ўсю моц. Вельмі важная для пісьменніка адвечная тэма «выбару» ў партыз. вайне і на акупіраванай тэрыторыі вырашалася больш разнастайна, асабліва ўскладнена матываванасць чалавечых учынкаў. Творчасць Быкава 1970-х г. вылучаецца моцнай філас. насычанасцю, асаблівым трагічным напаўненнем, аголенасцю маральна-этычных канфліктаў, надзвычай адчувальнай сувяззю з сучаснасцю. Даследуючы паводзіны чалавека ў жорсткіх умовах вайны, у т.зв. гранічных сітуацыях, пісьменнік імкнецца выявіць духоўныя асновы яго паводзін, асновы яго мужнасці і няскоранасці. Абставіны заўсёды распрацоўваюцца на макс. адпаведнасць жыццёвай праўдзе, характары раскрываюцца з вял. уважлівасцю да самых дробных унутр. і знешніх рухаў, у іх арган. узаемадзеянні з абставінамі. Паглыбленне філас. зместу, маральна-этычная згушчанасць праблематыкі ў творах натуральна выклікалі інтэлектуальную завостранасць, строгасць, выверанасць жанравай формы, адпаведную мэтанакіраванасць сюжэтнага руху, выразную акрэсленасць кампазіцыйных прыёмаў, рэзкае змяншэнне колькасці дзейных асоб, напружаную, строгую і дакладную манеру апавядання. Быкаў не бытапісальнік вайны. Ён філосаф, грамадзянін, які ўвесь у сучаснасці, у пастаянным напружаным роздуме пра чалавека, яго месца ў сённяшнім драм. свеце. У ідэйна-маст. структуры твораў істотную ролю адыгрывае смерць героя, найперш галоўнага. Яна — неабвержны аргумент пісьменніка на карысць чалавечнасці, сумленнасці, справядлівасці. Для Сотнікава («Сотнікаў»), Іваноўскага («Дажыць да світання»), Мароза («Абеліск»), інш. станоўчых герояў гэтыя паняцці вышэй за ўсё, нават за жыццё, бо без іх жыццё траціла сэнс, станавілася ганьбай. У аповесцях «Знак бяды», «Аблава» (1989) узняў трагічную тэму сталіншчыны, раскулачвання, знішчэння дабрыні ў чалавеку, знішчэння гаспадара зямлі. Раман «Кар’ер» (1986), аповесці «У тумане» (1987), «Сцюжа» (1993), апавяданні «На Чорных лядах», «Перад канцом», «Бедныя людзі» і інш. пазначаны актыўнай аўтарскай пазіцыяй, маст. асваеннем новых гіст. пластоў жыцця, вострым эмацыянальна-этычным напалам, высокім трагізмам. Выступае і як публіцыст (зб. «На крыжах», (1992). Кнігі Быкава, поўныя высокага грамадз. пафасу, веры ў вял. духоўныя магчымасці чалавека, нянавісці да подласці, хлусні, здрадніцтва, актыўна служаць выхаванню чалавека. Быкаў — аўтар п’ес «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (паст. 1974), гумарыстычных і сатыр. апавяданняў (зб. «Ход канём», 1960), працуе і ў галіне драматургіі кіно, тэатра. Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Абеліск» (1977), 3-серыйны тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (1976). Па матывах аповесці «Пайсці і не вярнуцца» створаны спектакль (1979), па аповесці «Сотнікаў» — кінафільм «Узыходжанне» (1977), па аповесці «Знак бяды» — кінафільм (1985). Бел.т-р оперы і балета па матывах «Альпійскай балады» (1964) паставіў аднайм. балет (1967, муз. Я.Глебава), па аповесці «Воўчая зграя» — оперу «Сцежкаю жыцця» (1980, муз. Г.Вагнера). В.Дашук на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў пра Быкава фільм «Узыходжанне» (1985).
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1974;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1980—82;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1992—94.
Літ.:
Буран В.А. Васіль Быкаў: Нарыс творчасці. Мн., 1976;
Дедков Я. Василь Быков: Очерк творчества. М., 1990;
Адамовіч А. На бестэрміновай перадавой // Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
Бечык В. Таварыш, народ, Радзіма // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Бугаёў Дз. Пра дзве кніжкі Васіля Быкава // Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Яго ж Васіль Быкаў. Мн., 1987;
Яго ж. Праўда і мужнасць таленту. Мн., 1995;
Вярцінскі А. Подзвіг ратны, подзвіг творчы // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1980;
Каваленка В. Маладосць і мудрасць — сёстры // Каваленка В. Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;
Андраюк С. Традыцыі і сучаснасць. Мн., 1981. С. 127—128, 132—136, 236—254.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́ВАў мовазнаўстве,
асноўная структурна-семантычная адзінка мовы. С. называе прадметы, з’явы, дзеянні, прыкметы і выражае розныя адносіны паміж імі. Выступае сродкам выражэння паняццяў пра цэлыя класы аднародных прадметаў і з’яў, адлюстроўвае ступені абстрагаванага пазнання рэчаіснасці, уступае ў сэнсавыя і грамат. сувязі з інш. С., служыць сродкам фарміравання і выражэння думак, выражае пэўныя адчуванні. пачуцці, эмоцыі ўдзельніка моўных зносін да выказанай ці ўспрынятай інфармацыі. Разнастайнасцю функцый С. тлумачыцца дыялектычнае спалучэнне ў ім канкрэтнага і агульнага, прамога і пераноснага значэнняў, наяўнасць іх розных эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначных і стылістычных адценняў, якія набывае С. ў працэсе функцыянавання ў літ. і гутарковай мове. Спалучэнне прамога (устойлівага) і пераноснага (зменлівага) у семантыцы С. дае магчымасць дасягаць узаемаразумення паміж усімі носьбітамі пэўнай мовы, выкарыстоўваць С. як адзінку наймення новых прадметаў і з’яў, як фактар стварэння яркіх вобразна-выяўл. сродкаў у мове маст. л-ры. На ўжыванні С. ў пераносным значэнні засн.метафара, метанімія, перыфраза, сінекдаха, сінестэзія; зменлівы элемент значэння ляжыць у аснове маст. прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці (аксімаран, алегорыя, іронія, увасабленне). У якасці структурнай адзінкі мовы С. характарызуецца як гук ці спалучэнне гукаў. Яму ўласціва семантычная ідыяматычнасць (умоўнасць сувязі гукавога комплексу з пэўным значэннем). У творах маст. л-ры, асабліва ў паэзіі, маст.-выяўл. і экспрэсіўная выразнасць С. падкрэсліваецца і ўзмацняецца гукавой арганізацыяй мовы На гукавой сугучнасці С. і іх частак засн.рыфма і асобныя віды эўфаніі (алітэрацыя, анафара, асананс, гукаперайманне, эпіфара). У С. вылучаюць два бакі: план выражэння (знешняя форма) і план зместу (значэнне). Сувязь паміж гэтымі бакамі ў пэўны перыяд існавання мовы можа быць матываванай (напр., «снягір», «лістапад») і нематываванай («рука», «маці»). С. мае грамат. і лексічнае значэнне. Грамат. значэнне ўласціва адначасова цэламу класу ці вял. групе С. (напр., род, лік, склон характэрны для назоўнікаў, трыванне, лад, час, спражэнне — для дзеясловаў). Лексічнае значэнне з’яўляецца індывідуальным, яно непасрэдна суадносіцца з адпаведным паняццем, адрознівае змест кожнага слова ад інш. слоў. Сукупнасць усіх С. пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад і ўзровень наз.лексікай. Лексіку вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і інш. лінгвістычныя дысцыпліны Фіксацыяй і сістэматызацыяй лексікі займаецца лексікаграфія.
Літ.:
Уфимцева А.А. Слово в лексикосемантпческой системе языка. М., 1968;
Виноградов В.В. Избр. труды: Лексикология и лексикография. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРАВА́Я МУ́ЗЫКА,
музыка, прызначаная для выканання хорам. Існуе нар. і прафес., свецкая і культавая.
Вядома са стараж. часоў (важны элементпрац. працэсу, нар. гульняў, танцаў, абрадаў). Прафес. музыка з’явілася на позняй ступені грамадскага развіцця; яе станаўленне адбывалася ў межах свецкай і духоўнай музыкі. Цэнтрамі прафес.хар. мастацтва былі саборы, манастыры, кляштары, універсітэты і інш. Росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння; развілося шматгалоссе, узніклі новыя жанры свецкай (балада, мадрыгал, шансон і інш.) і духоўнай (матэт, меса, магніфікат) музыкі. Вядучая роля ў гэты перыяд належала кампазітарам франка-флам. (нідэрл.) школы (Г.Дзюфаі, Жаскен Дэпрэ, І.Окегем, Я.Обрэхт, А.Ласа і інш.). У 17—18 ст. ўзнікла оперная Х.м. (К.Мантэвердзі, Жаскен Люлі. Г.Пёрсел, Р.Кайзер), сфарміраваліся жанры кантаты і араторыі (Г.Шутц, І.С.Бах, Г.Гендэль, К.Глюк, І.Гайдн. В.А.Моцарт). У 19 ст., у эпоху рамантызму, хор уводзіўся ў сімф. музыку (Г.Берліёз, Г.Малер); узніклі хар. мініяцюры і цыклы (Ф.Шуберт, Р.Шуман. І.Брамс). У 20 ст.найб. значныя хар. творы стварылі І.Стравінскі. А.Анегер, П.Хіндэміт, К.Орф, К.Пендарэцкі і інш. кампазітары. У рус.муз. культуры Х.м. звязана з традыцыямі правасл. спеваў a cappella (Дз.Бартнянскі, М.Беразоўскі). У жанры Х.м. a cappella (хар. мініяцюры, цыклы, духоўныя песнапенні і інш.) і вак.-інстр. (кантаты, араторыі і інш.) працавалі М.Глінка, А.Даргамыжскі, М.Мусаргскі. С.Рахманінаў, А.Рубінштэйн, М.Рымскі-Корсакаў, А.Сяроў, С.Танееў, П.Чайкоўскі. Узбагацілі Х.м. новымі формамі і сучаснай муз. мовай С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч. Р.Шчадрын, С.Сланімскі, В.Салманаў, А.Шнітке і інш.
Вытокі Х.м. Беларусі ўзыходзяць да перыяду дакіеўскай і Кіеўскай Русі, калі хар. спевы дамінавалі ў муз. фальклоры. Яна развівалася ў пастаяннай узаемасувязі лепшых традыцый слав. і зах.-еўрап. культур. Х.м. Беларусі мае характэрныя самабытныя нац. рысы. Багаты рэпертуар Х.м. ва ўсіх жанрах стварылі бел. кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, А.Бандарэнка, Г.Вагнер, Л.Захлеўны, А.Мдывані, Ю.Семяняка, Э.Тырманд і інш. На развіццё значна паўплывалі хар. дырыжоры Р.Шырма, Г.Цітовіч, А.Кагадзееў, В.Роўда, М.Дрынеўскі. Сярод вядучых хар. калектываў: акад. хор Нац.дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча, хор Нац.т-ра оперы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Натапы́рыць ’падняць, расставіўшы, пер’е; пышна адзецца’ (Нас.), ’настаражыць вушы; наставіць шэрсць, расставіць пер’е з перапуду, ад дажджу і пад.; растапырыць, ускалмаціць’ (Гарэц.), натопу́рыць ’наставіць, прыўзняць’ (ТС), натапы́рыцца, натупы́рыцца ’распусціць пер’е; надзьмуцца, разгневацца’ (Нас., Сл. ПЗБ; Ян.), натопу́рыцца ’тс’ (ТС), рус.натопы́рить ’падняць, паставіць дыбам пер’е, шэрсць; наставіць вушы; надуцца; пышна адзецца’, натопы́риться ’напыжыцца, ашчацініцца; надуцца, зазлаваць’, польск.дыял.natoperzyć, natoperzyć się ’тс’; сюды ж, відаць, і балг.дыял.натопо́ра, натопо́рвам ’паднімаць, задзіраць угору’. Паводле Пятлёвай (Этимология–1984, 200), на‑то‑пырить, на‑то‑пыриться пры параўнанні з на‑пыриться ’наткнуцца на што-небудзь вострае’ дазваляе вычляніць узмацняльны элемент‑то‑, які ўяўляе сабой архаічны непрадуктыўны суфікс, параўн. смал.на‑то‑пы‑жить, на‑то‑пыжиться ’пышна апрануцца; ашчацініцца, прыняць ваяўнічы выгляд’; у такім разе да пы́рыць ’распіраць, пучыць’ (гл.). Аднак варыянты з іншым вакалізмам, якія сустракаюцца ў славянскіх мовах, параўн. прыведзеныя вышэй балгарскія словы і рус.дыял.топо́риться ’франціць’, растопо́рить ’рассунуць, растапырыць’, чэш.topořiti ’стаяць калом, не згінацца’ і інш. (Махэк₂, 647 лічыць зыходным корань stop‑, што параўноўвае з літ.stapìnti ’рабіць тугім, цвёрдым’), прымушаюць аднесці разглядаемыя словы да тапы́рыць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Інтуру́сіца ’лухта, глупства’ (Касп.). Бясспрэчна, звязана з рус.туру́сы ’лухта, балбатня’, галоўным чынам у выразах турусы на колёсах; подпускать турусы (на колёсах); нести турусы (на колёсах), дыял.туру́сить ’казаць лухту, хлусіць, вярзці глупства’, ’трызніць у сне’. Гэтыя выразы звычайна тлумачаць назвы асаднай вежы, якая рухаецца на колах, паколькі расказы аб ёй лічыліся неверагоднымі. Далей збліжаюць са ст.-рус.тарасъ ’падкатны зруб, які ўжываўся для абароны і асады горада’ (XVI ст.) (Праабражэнскі, 2, 21; КЭСРЯ, 455), запазычаным з польск.taras ’насып, вал; укрыцце, загарода; тэраса’, якое ўзыходзіць да лац.terrācea праз франц. ці ням. пасрэдніцтва (Кіпарскі, ВЯ, 1956, 5, 138). Аднак збліжэнне з таросы выклікае фанетычныя цяжкасці і не з’яўляецца неабходным, тым больш што турусы можна звязаць непасрэдна з лац.turris ’вежа’ (гл. заўвагу Трубачова, Дополн., 4, 125). Пачатковае ін‑ у беларускім слове не зусім яснае. Магчыма, вынік кантамінацыі з *інтруз, якое пранікла ва ўсходнеславянскія гаворкі з польск.intruz ’нахабнік, назойлівы чалавек’, ’выскачка’ (Слаўскі, 1, 465). Не выключана, што ін‑ асэнсоўваецца як прэфіксальны элемент, адносна словаўтварэння і семантыкі параўн. алесіца (гл.) < акалесіца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
мо́мант, ‑у, М ‑нце, м.
1. Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, міг. На нейкі момант у пакоі запанавала цішыня.Шыловіч.Адзін момант — і першая лінія службы дзесяткамі зоркіх вачэй і чуткіх вушэй заблакіравала граніцу.Брыль.//чаго. Адрэзак часу, калі пачынаецца нейкае дзеянне, з’ява. Момант спаткання. Момант зацішша.
2. Пэўны прамежак часу, этап у гісторыі, развіцці чаго‑н., у жыцці каго‑н. Паэт [Колас] не прапусціў ніводнага больш-менш значнага моманту з жыцця і працы селяніна.Навуменка.Бывае, што нечакана светлы момант узнагароджвае чалавека за многія гады пакут.Кулакоўскі.
3. Частка, элемент, асобны бок якой‑н. з’явы. На мастацкіх палатках адлюстраваны моманты з працоўнай дзейнасці і адпачынку працоўных.«Беларусь».
4.Спец. Матэматычнае паняцце, якое адыгрывае значную ролю ў механіцы і тэорыі імавернасцей. Момант інерцыі. Момант сілы.
•••
Бягучы момант — сучасны, цяперашні момант.
Магнітны момант — асноўная велічныя, якая характарызуе магнітныя ўласцівасці рэчыва.
На момант — на імгненне; вельмі коратка.
У адзін момант — тое, што і у адзін міг (гл. міг).
[Лац. momentum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПЕРСАНАЛІ́ЗМ (ад лац. persona асоба),
філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць асобу першаснай творчай рэальнасцю і найвыш. духоўнай каштоўнасцю, а ўвесь свет — праяўленнем творчай актыўнасці вярх. асобы — Бога. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША (Б.Боўн, Дж.Ройс і іх паслядоўнікі — Э.Брайтмен, Э.Кент, Р.Т.Флюэлінг і інш.), у пач. 20 ст. ў Расіі (М.А.Бярдзяеў, М.А.Лоскі, Л.І.Шастоў) і Францыі (Э.Мунье, Ж.Лакруа, П.Рыкёр, М.Недансель). Упершыню тэрмін «П.» у гісторыі філасофіі ўжыў Ф.Шлеермахер у «Прамове аб рэлігіі да адукаваных людзей, якія ёю пагарджаюць» (1789). Вытокі П. як асаблівай пазіцыі распрацоўваліся пачынаючы з перыяду хрысціянства, хаця немалаважнае значэнне мелі ант. канцэпцыі асобы, абгрунтаваныя Платонам, Сакратам, Эпікурам, неаплатонікамі. Непасрэднай тэарэт. асновай П. з’яўляецца манадалогія Г.Лейбніца як вучэнне аб духоўных субстанцыях, якія валодаюць энергіяй і існуюць у гармоніі паміж сабой і Богам. Спецыфічнымі сродкамі выражэння персаналісцкіх поглядаў і ідэй сталі філас. вучэнні С.К’еркегора, І.Фіхтэ, М.Шэлера і інш.
Паводле канцэпцыі П., прырода ўяўляе сабой сукупнасць духаў — «асоб», а чалавек — вобраз і падабенства вярх. асобы — Бога (мае ў сабе боскі элемент). Асоба чалавека ёсць непаўторная, унікальная суб’ектыўнасць, адзіная рэальнасць і праяўленне быцця; яе вытокі — у адзіным пачатку, царстве духа — у Богу, а яе прадвызначэнне — пошук, пазнанне духу ісціны і любоў да яе. Для асобы характэрны 3 вектары існавання: экстэрыярызацыя (знешняе самаажыццяўленне), інтэрыярызацыя (унутр. засяроджанасць, духоўны свет), трансцэндэнцыя (самавызначэнне, арыентацыя на вышэйшыя, боскія каштоўнасці). У адпаведнасці з прынцыпамі тэізму ўсю гісторыю чалавецтва персаналісты разглядаюць як гісторыю развіцця персанальнага духу, а ўнутр. свет асобы як сапраўдную арэну быцця, прычыну ўсіх магчымых канфліктаў. З гэтага пункту погляду культ.-сац. сітуацыя 20 ст. з’яўляецца сітуацыяй разарванасці, непаўнаты чалавечага існавання, яго падпарадкаванасці знешнім фактарам (рэлігіі, навуцы, маралі, вытв-сці, спажыванню); адбываецца разрыў асобаснага і сацыяльнага, які з’яўляецца выражэннем больш глыбокага метафіз. канфлікту чалавечага і касмічнага. У рамках П. быў сфармуляваны гуманіст. тэзіс аб свабодзе асобы як крытэрыі дэмакратычнасці грамадства; яе правы і свабоды — найвышэйшая каштоўнасць і сутнасць дэмакратыі. Персаналісты акцэнтуюць увагу на выхаваўчай ролі асобаснай філасофіі, бачаць у ёй педагогіку, нацэленую на абуджэнне асобаснага пачатку ў чалавеку. Ідэалам знешняга самаажыццяўлення чалавека-асобы прызнаецца маст. творчасць, якая абавязкова накіравана на вышэйшыя каштоўнасці і з’яўляецца спецыфічным відам дзейнасці, што ажыццяўляе сувязь чалавечага з боскім. Розныя аспекты праблематыкі П. распрацоўваюцца ў фенаменалогіі, экзістэнцыялізме, філасофскай антрапалогіі, герменеўтыцы і інш.
Літ.:
Вдовина И.С. Эстетика французского персонализма. М., 1981;
Проблема человека в западной философии. М., 1988;
Lacroix J. Marxisme, existentialisme, personnalisme. 6 éd Paris, 1966;
Яго ж. Personnalisme comme anti-idéologie. Paris, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМФАНІ́ЗМ,
метад муз. мыслення, які характарызуецца шматбаковым, філас.-абагульненым раскрыццём маст. канцэпцыі ў няўхільным руху, развіцці, узаемадзеянні муз. вобразаў.
Паняцце «С.» набыло пашырэнне пераважна ў сав.муз. навуцы і ў музыказнаўстве ўсх.-еўрап. краін. Уведзена Б.Асаф’евым як вызначэнне безупыннасці муз. свядомасці, калі ніводны элемент не мысліцца і не ўспрымаецца незалежным сярод астатніх. У станаўленні С. як гіст. катэгорыі асаблівае значэнне мае муз. мастацтва 18—19 ст., у якім, паводле Асаф’ева, адкрышталізавалася канфліктнае дыялектычнае развіццё («ідэя С.») і санатная форма («выразнік С.»). Эвалюцыя муз. мыслення ў 20 ст. абумовіла паглыбленне асаф’еўскай тэорыі С. У даследаваннях М.Араноўскага, Ю.Халопава і інш. найважнейшым крытэрыем С. вызначаецца прысутнасць развітога аўтаномна-муз. мыслення, якое рэалізуецца і за межамі дыялектычнай санатнай логікі ва ўмовах новага нетрадыц. муз. матэрыялу і прыёмаў яго развіцця (сімфоніі П.Булеза, С.Губайдулінай, В.Лютаслаўскага, А.Месіяна, К.Пендарэцкага, В.Сільвестрава, А.Шнітке і інш.).
У бел. музыцы асваенне метаду С. пачалося ў 19 ст. (сімф. уверцюры С.Манюшкі, канцэрты М.Ельскага). У 1920—30-я г. сфарміраваліся асн. тыпы нац. С.: жанрава-быт., героіка-эпічны і драм. (М.Аладаў, В.Залатароў, Я.Цікоцкі, М.Чуркін); у 1940—50-я г. — далейшае паглыбленне і развіццё гэтых традыцый (Аладаў, А.Багатыроў, П.Падкавыраў, Р.Пукст). Пачатак 1960-х г. адзначаны сцвярджэннем востраканфліктных сімф. канцэпцый філас., лірыка-псіхал., драм. характару, пошукамі новых сродкаў выразнасці, пашырэннем сувязей з разнастайнымі з’явамі сучаснай муз. культуры. Навізной вобразнага зместу, муз. мовы, драматургіі і формы вылучаюцца сімфоніі Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага. На мяжы 1980—90-х г. наглядаецца фарміраванне новых тэндэнцый нац. С., што выявілася ў пашырэнні семантычнага поля сімфоніі, актыўным сінтэзе жанраў, асіміляцыі прыкмет канцэртнай, камернай, кантатна-аратарыяльнай музыкі, звароце да новых сродкаў кампазіцыі, засваенні тэхнікі калажу і полістылістыкі (Смольскі, М.Мдывані, Ф.Пыталеў, Г.Гарэлава, У.Дамарацкі, У.Дарохін, В.Кузняцоў, А.Хадоска і інш.).
Літ.:
Асафьев Б. (Игорь Глебов). Пути в будущее // Мелос. СПб., 1918. Вып. 2;
Яго ж. Симфонизм как проблема современного музыкознания // Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера. Л., 1926;
Яго ж. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974;
Степанцевич К.И. О некоторых новых тенденциях в белорусском симфонизме 60-х — первой половины 70-х гг. // Вопросы музыкознания. Мн., 1981;
Холопов Ю. О понятии «симфонизм» // Б.В.Асафьев и сов. музыкальная культура. М., 1986;
Арановский М.Г. Симфонические искания. Л., 1979;
Яго ж. Симфония и Время // Русская музыка и XX в. М., 1997;
Савицкая О.П. Вопросы становления и развития жанра симфонии в Беларуси // Науч. тр.Бел. гос. академии музыки Мн., 2001. Вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ ЧЫГУ́НАЧНЫЯ ВАКЗА́ЛЫ.
Першыя драўляныя павільёны пасажырскага вакзала ў Мінску Лібава-Роменскай чыгункі (т.зв. Віленскі вакзал) пабудаваны ў 1871—74. У 1890 на іх месцы ўздоўж чыг. палатна ўзведзены мураваны 1-павярховы будынак. Строга сіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка складалася з цэнтр. аб’ёму з вестыбюлем, аперацыйнай залай і бакавых крылаў з заламі чакання, службовымі і дапаможнымі памяшканнямі. Гал. ўваход цэнтр. часткі быў вылучаны 2-павярховымі рызалітамі з вежамі. Перад вакзалам сфарміравалася плошча, забудаваная 1—3-павярховымі дамамі; яе дамінантай была воданапорная вежа. У 1940 вакзал рэканструяваны (арх. І.Рачанік), над цэнтр. і бакавымі часткамі надбудаваны 2-і паверх. У кампазіцыі вылучалася больш высокая цэнтр. частка, трохвугольны франтон якой завяршаў вялікі арачны вітраж. Пластыку фасадаў па ўсім перыметры ўзбагачаў рытм пілястраў. Сцены, аздобленыя тынкоўкай пад руст, завяршаў развіты карніз. У Вял.Айч. вайну вакзал разбураны, у 1949 адноўлены. Вонкавае аблічча будынка захавана, часткова зменена планіроўка. У 1960-я г. па-новаму аформлены інтэр’еры. У 1955 пабудаваны павільён білетных кас (арх. С.Баткоўскі, Н.Шпігельман). У сярэдзіне 1950-х г. склалася сучасная забудова Прывакзальнай пл. (арх. Б.Рубаненка, Л.Галубоўскі, А.Карабельнікаў, Л.Усава, В.Герашчанка). У 1964 пабудаваны тунэль, праз які ажыццяўляецца выхад на пасадачныя платформы. З канца 1980-х г. вялася рэканструкцыя старых і новых будынкаў. У 1991 гал. корпус вакзала разбураны, узведзены новыя будынкі: шматпавярховы службова-адм. корпус і зала чакання для пасажыраў. У 2000 пабудаваны новы будынак вакзала (арх. В.Крамарэнка, М.Вінаградаў, канструктары Л.Валчэцкі, А.Бараноўскі). Кампазіцыя будынка лінейная, выцягнутая ўздоўж чыг. палатна. Яна злілася з ужо існуючымі будынкамі службова-адм. корпуса. Гал.элемент пабудовы — 5-павярховая цэнтр. частка з 2 падземнымі паверхамі. Сілуэт пірамідальнага купала, размешчанага над атрыумам (у ім — аперацыйна-размеркавальны вестыбюль), замыкае перспектыву вул. Кірава. Ад атрыума ўлева і ўправа разыходзяцца крылы вакзала, якія кампазіцыйна пабудаваны паводле прынцыпу кансольнага навісання верхніх паверхаў над ніжнімі. У функцыян. схеме гал. корпуса прадугледжана падоўжная кампазіцыйная вось са шклянымі ліхтарамі верхняга святла, якія асвятляюць пасажы са шматлікімі памяшканнямі для сервіснай абслугі пасажыраў. Да іх прылягаюць асн. памяшканні: касавыя вестыбюлі, залы і зоны чакання, інфармацыйна-даведачная служба, а таксама пошта, ашчадны банк, блок харчавання з барамі, кафэ, рэстаранам, інтэрнет- і відэазаламі, камфартабельны блок для пасажыраў з дзецьмі і інш. Сувязь паміж усімі ўзроўнямі гал. корпуса ажыццяўляецца пры дапамозе ліфтаў і эскалатараў, а з перонам — пры дапамозе тэрмінала. Стваральнікі будынка новага вакзала атрымалі Гран-пры Рэсп. фестывалю архітэктуры 2001, сярэбраны медаль Сусв. трыенале архітэктуры ў Сафіі 2003.
В.М.Чарнатаў.
Мінскія чыгуначныя вакзалы. Новы вакзал. Фота 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Аскірза́цца ’агрызацца’. Укр.оскіря́тися ’выскаліцца, ашчэрыцца’, ошкіря́тися, ви́шкіряти(ся); рус. разм. оски́риться. Відавочна, таго ж кораня, што ашчэрыцца, шчэрыць (гл.). Махэк₂, 627 (пад štířiti), прыводзіць ст.-чэш.oškeřiti se, дыял.чэш.škeřit se, мар.vyskeřák (назва птушкі). Узыходзіць да і.-е.*(s)kēr‑ ’раздзяляць, рэзаць’ (Покарны, 938); параўн. літ.skìrti ’раздзяляць, раз’ядноўваць’, skir̃sti трэскацца (аб скуры, зямлі)’. Захаванне ‑ск‑ перад ‑і‑, магчыма, тлумачыцца ўплывам слоў тыпу скаліцца, склабіць. Элемент‑з‑ дадаваўся да кораня, які дээтымалагізаваўся, аддзяліўшыся ад варыянта ‑шчэр‑, магчыма, у выніку кантамінацыі з агрызацца. На іншую магчымасць тлумачэння ‑з‑ указвае рус.дыял.паўн.карзать, корзать ’абрэзваць галлё’, славен.kŕzati ’рэзаць дрэнным нажом’, серб.-харв.кр̏зати ’сточваць’ (гл. Фасмер, 2, 199); параўн. таксама рус.дыял.карзубый, карзун ’чалавек без пярэдніх зубоў’, якое ўзводзяць да *kъrnozǫbъ, але нельга выключыць сувязь (магчыма, другасную) паміж аскірзацца і карзун, а, магчыма, таксама бел. прозвішчамі Карзон, Корзун, Карзей, Кірзей; параўн. яшчэ скаруза ’ўпарты’, скарузіцца ’ўпірацца, капрызіць’ (Касп.), рус.скоросый ’запальчывы, няўжыўчывы’. Аб корані гл. Райзензон, Проблемы лексикологии, 1973, 145–152. Для тлумачэння славянскіх форм з ‑ск‑, ‑шк‑ як запазычаных з балтыйскай няма семантычнай падставы; пашырэнне на чэшскай тэрыторыі таксама супраць гэтага.