СІМФАНІ́ЗМ,
метад муз. мыслення, які характарызуецца шматбаковым, філас.-абагульненым раскрыццём маст. канцэпцыі ў няўхільным руху, развіцці, узаемадзеянні муз. вобразаў.
Паняцце «С.» набыло пашырэнне пераважна ў сав. муз. навуцы і ў музыказнаўстве ўсх.-еўрап. краін. Уведзена Б.Асаф’евым як вызначэнне безупыннасці муз. свядомасці, калі ніводны элемент не мысліцца і не ўспрымаецца незалежным сярод астатніх. У станаўленні С. як гіст. катэгорыі асаблівае значэнне мае муз. мастацтва 18—19 ст., у якім, паводле Асаф’ева, адкрышталізавалася канфліктнае дыялектычнае развіццё («ідэя С.») і санатная форма («выразнік С.»). Эвалюцыя муз. мыслення ў 20 ст. абумовіла паглыбленне асаф’еўскай тэорыі С. У даследаваннях М.Араноўскага, Ю.Халопава і інш. найважнейшым крытэрыем С. вызначаецца прысутнасць развітога аўтаномна-муз. мыслення, якое рэалізуецца і за межамі дыялектычнай санатнай логікі ва ўмовах новага нетрадыц. муз. матэрыялу і прыёмаў яго развіцця (сімфоніі П.Булеза, С.Губайдулінай, В.Лютаслаўскага, А.Месіяна, К.Пендарэцкага, В.Сільвестрава, А.Шнітке і інш).
У бел. музыцы асваенне метаду С. пачалося ў 19 ст. (сімф. уверцюры С.Манюшкі, канцэрты М.Ельскага). У 1920—30-я г. сфарміраваліся асн. тыпы нац. С.: жанрава-быт., героіка-эпічны і драм. (М.Аладаў, В.Залатароў, Я.Цікоцкі, М.Чуркін); у 1940—50-я г. — далейшае паглыбленне і развіццё гэтых традыцый (Аладаў, А.Багатыроў, П.Падкавыраў, Р.Пукст). Пачатак 1960-х г. адзначаны сцвярджэннем востраканфліктных сімф. канцэпцый філас., лірыка-псіхал., драм. характару, пошукамі новых сродкаў выразнасці, пашырэннем сувязей з разнастайнымі з’явамі сучаснай муз. культуры. Навізной вобразнага зместу, муз. мовы, драматургіі і формы вылучаюцца сімфоніі Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага. На мяжы 1980—90-х г. наглядаецца фарміраванне новых тэндэнцый нац. С., што выявілася ў пашырэнні семантычнага поля сімфоніі, актыўным сінтэзе жанраў, асіміляцыі прыкмет канцэртнай, камернай, кантатна-аратарыяльнай музыкі, звароце да новых сродкаў кампазіцыі, засваенні тэхнікі калажу і полістылістыкі (Смольскі, М.Мдывані, Ф.Пыталеў, Г.Гарэлава, У.Дамарацкі, У.Дарохін, В.Кузняцоў, А.Хадоска і інш.).
Літ.:
Асафьев Б. (Игорь Глебов). Пути в будущее // Мелос. СПб., 1918. Вып. 2;
Яго ж. Симфонизм как проблема современного музыкознания // Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера. Л., 1926;
Яго ж. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974;
Степанцевич К.И. О некоторых новых тенденциях в белорусском симфонизме 60-х — первой половины 70-х гг. // Вопросы музыкознания. Мн., 1981;
Холопов Ю. О понятии «симфонизм» // Б.В.Асафьев и сов. музыкальная культура. М., 1986;
Арановский М.Г. Симфонические искания. Л., 1979;
Яго ж. Симфония и Время // Русская музыка и XX в. М., 1997;
Савицкая О.П. Вопросы становления и развития жанра симфонии в Беларуси // Науч. тр. Бел. гос. академии музыки Мн., 2001. Вып. 6.
В.П.Савіцкая.
т. 14, с. 388