горад у Беларусі, цэнтр Ашмянскага р-на Гродзенскай вобласці. За 220 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Ашмяны, на лініі Маладзечна—Вільнюс (Літва), на аўтадарозе Маладзечна—Вільнюс. 16 тыс.ж. (1995). Вядомыя з 1341 як замак вял. князёў ВКЛ. У 1384—85 вытрымалі аблогу крыжакоў. Статут горада Ашмяны атрымалі, верагодна, ад Вітаўта ў канцы 14 ст., магдэбургскае права — на пач. 16 ст. З 16 ст. цэнтр павета, уладанне Я.Юндзіловіча, В.Насілоўскай, Я.Забярэзінскага і інш. Пабудаваны дамініканскі кляштар і Ашмянскі кляштар францысканцаў, кальвінскі збор. Пад час войнаў Ашмяны двойчы займалі рус. войскі (1519 і 1655), шведы ў Паўн. вайну 1700—21. У 1794 у Ашмянах размяшчаўся штаб паўстанцкай арміі Я.Ясінскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета. Пацярпелі ў час вайны 1812. Жыхары Ашмянаў прымалі ўдзел у паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 — 7124 ж., 10 прадпрыемстваў, у т. л.Ашмянскія гарбарныя мануфактуры. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскам, у 1919—20 заняты польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1920 уваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна. З 25.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ашмянах і раёне 1784 чал. У 1970 у Ашмянах 9621 ж. Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.Багушэвіча. Помнікі архітэктуры 19 ст. — царква і карчма. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВАў Коўне,
дыпламатычнае прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з В.Ластоўскім пры літоўскім урадзе. Існавала ў 1919—23 у г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва). Размяшчалася ў будынку мін-вабел. спраў літоўскага ўрада (існавала з канца 1918). Пасля расколу Рады БНР (1919), калі большасць дзеячаў БНР спрабавалі ажыццявіць ідэалы незалежнасці ў саюзе з Літвой, у Коўне быў створаны новы ўрад БНР, які меў права экстэрытарыяльнасці ў Літве. 11.11.1920 заключаны літоўска-бел. дагавор аб узаемапрызнанні і сумеснай барацьбе супраць польскай інтэрвенцыі. Літ. ўрад падтрымліваў урад БНР, садзейнічаў экспарту тавараў з Германіі ў Зах. Беларусь, фінансаваў правядзенне Першай Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921), прымаў паліт. бежанцаў, падтрымліваў партыз. рух на акупіраваных Польшчай зах.бел. землях. У складзе арміі Літвы дзейнічалі бел. вайсковыя фарміраванні. Бел. палітыкі намагаліся зрабіць Вільню бел.-літ. цэнтрам барацьбы супраць польск. акупацыі, фактарам аб’яднання двух брацкіх народаў. Урад БНР падтрымліваў намаганні літ. Боку правесці на тэр.Зах. Беларусі плебісцыт аб выбары паміж Польшчай і Літвой. Правал гэтых намераў, а таксама спробы Літвы вярнуць Вільню праз байкот выбараў у сейм т.зв.Сярэдняй Літвы ў канцы 1921 (у гэтым яе падтрымлівала і Беларускае прадстаўніцтва) пагоршыў адносіны літ. ўрада да бел. спраў. Пасля прызнання ў 1923 межаў польск. дзяржавы Камісіяй паслоў дзяржаў Антанты, разгрому бел.партыз. руху на акупіраваных Польшчай землях літ. ўрад перастаў падтрымліваць урад БНР, які ў канцы 1923 пераехаў у Прагу, мін-вабел. спраў літ. ўрада закрылася, быў дэнансаваны літ.-бел. дагавор 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
адна з першых бел. сярэдніх навуч. устаноў у Зах. Беларусі. Існавала ў 1919—44 у Вільні. Засн. па ініцыятыве І.Луцкевіча. У розны час дырэктарамі гімназіі былі М.Анцукевіч, Р.Астроўскі, Ф.Грышкевіч, В.Кавалевіч, Кахановіч (1-ы дырэктар), А.Міхалевіч, А.Нэканда-Трэпка, С.Паўловіч, Станкевіч, Б.Тарашкевіч. Мела на мэце захаванне бел.нац. самабытнасці, выхаванне патрыят. пачуццяў, развіццё роднай мовы, пашырэнне дэмакр. і гуманіст. поглядаў. Акрамя беларусаў вучыліся рускія і яўрэі. Гімназія імкнулася захаваць нац. характар, усе прадметы ва ўсіх класах выкладаліся на бел. мове. Але з 2-га года навучання ўведзена вывучэнне і польскай мовы, на ёй выкладаліся геаграфія і гісторыя Польшчы. У 1932/33 навуч.г. стала дзяржаўнай, што, з аднаго боку, забяспечвала трывалую матэрыяльную базу, з другога — пазбавіла незалежнасці (стала філіялам польскай гімназіі імя Ю.Славацкага). У ліст. 1939 Вільня перададзена сав. урадам Літве, гімназія была рэарганізавана ў прагімназію, а ў 1940/41 навуч.г., калі Літва ўвайшла ў склад СССР, стала няпоўнай сярэдняй школай. Дзейнічала і ў перыяд ням.-фаш. акупацыі. У крас. 1944 спыніла існаванне.
Л.А.Луцкевіч.
Першы выпуск Віленскай беларускай гімназіі: 1-ы рад (злева направа) — Г.Бонч-Асмалоўская, Л.Макоўская, М.Васільева; 2-і рад — Ф.Аляхновіч, А.Станкевіч, М.Кахановіч, Ф.Мікуліна, А.Луцкевіч, М.Гарэцкі; 3-і рад — Г.Бонч-Асмалоўскі, А.Лабуць, В.Акушка, Нядзвецкая, А.Уладзімірская, Н.Арсеннева: 4-ы рад — М.Пяткевіч, А.Клімовіч, В.Аляксюк, Л.Пусько, А.Сасноўскі. 15.6.1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБЕ́СТАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна прам-сці буд. матэрыялаў, аб’ядноўвае горнаабагачальныя камбінаты, якія ажыццяўляюць здабычу і вытв-сць таварнага азбесту.
Фарміраванне азбеставай прамысловасці пачалося ў канцы 19 — пач. 20 ст. (Італія, Канада), калі шырокае развіццё атрымала вытв-сць тэрмастойкіх азбеставых вырабаў і азбестацэментных буд. матэрыялаў. Сучасная азбеставая прамысловасць выпускае больш за 3 тыс. розных матэрыялаў і вырабаў. Асноўныя запасы азбесту сканцэнтраваны ў Канадзе і Расіі (па вытв-сці азбесту б.СССР займаў 1-е месца ў свеце). Агульныя запасы азбеставага валакна ацэньваюцца ў 123 млн.т (без б.сацыяліст. краін). Большая іх частка (88%) належыць прамыслова развітым краінам, пераважна Канадзе (77%, правінцыя Квебек). Вытв-сць азбеставага валакна ў свеце складае больш за 4 млн.т у год, у т. л. ў Канадзе і Рас. Федэрацыі каля 2 млн.т у кожнай. У Расіі азбеставая прамысловасць сканцэнтравана на камбінатах «Уралазбест», «Туваазбест», «Арэнбургазбест» і інш. Запасы разведаны на 28 радовішчах, пераважна на Сярэднім і Паўд. Урале і ПдУсх. Сібіры. Азбеставая прамысловасць развіта ў Казахстане, дзе пабудаваны камбінат «Кустанай-азбест» на базе Джэтыгарскага радовішча. Буйныя вытворцы азбесту таксама ПАР, Зімбабве, Італія, Аўстралія, ЗША, Кітай. Здабываюць азбест пераважна адкрытым спосабам (у кар’ерах), у невял. аб’ёмах — падземным. Абагачальныя ф-кі — высокамеханізаваныя і аўтаматызаваныя прадпрыемствы з абагачальным абсталяваннем і ўстаноўкамі ачысткі паветра сярэдняй магутнасцю 330 тыс.т азбесту за год. Буйнейшыя пастаўшчыкі азбеставага валакна на сусв. рынак — Канада, Расія, ПАР, Зімбабве. Гал. імпарцёры прадукцыі — ЗША, Японія, ФРГ, Францыя, Вялікабрытанія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАСІ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Багдадскі халіфат,
дзяржава арабаў у 750—1258. Назва ад дынастыі Абасідаў, якія прыйшлі да ўлады ў выніку справакаванага імі ў 747 у Харасане паўстання супраць Амеядаў. Сталіца з 762 Багдад. У склад Абасідава халіфата ўваходзілі Ірак, Іран (да пач. 9 ст.), ч. Закаўказзя, паўд.ч.Сярэдняй Азіі, Зах. Аравія, Сірыя з Палесцінай, Егіпет і Паўн. Афрыка (да пач. 9 ст.). У Абасідавым халіфаце іншапляменныя мусульмане былі ўраўнаваны ў правах з арабамі, роды перс. паходжання вылучыліся на адно з першых месцаў. Абасіды аднавілі перс.адм. сістэму на чале з візірам, замянілі араб. апалчэнне прафес. наёмнай арміяй (з харасанцаў, бербераў, пазней цюркаў). Гал. месца ў войску заняла гвардыя халіфа (з нявольнікаў), якая, памацнеўшы, стала ўмешвацца ва ўладу. У Абасідавым халіфаце найб. ўздыму дасягнула араба-мусульм. духоўная (іслам, ісламскае права, л-ра, філасофія, навука) і матэрыяльная (рамёствы, гандаль, мараплаванне і інш.) культура. Частыя нар. паўстанні (гал. чынам у форме сектанцкіх рухаў), з 9 ст. і сепаратызм намеснікаў-эміраў, якія сілай захоплівалі тэрыторыі і ператваралі іх у самаст. дзяржавы (напр., Ідрысідаў у Марока, Аглабідаў у Іфрыкіі і інш.), вялі да распаду Абасідава халіфату. На пач. 10 ст. ў ім засталіся зах.ч. Ірана і тэрыторыя, сумежная з Багдадам. Канчаткова Абасідаў халіфат знішчыла манг. нашэсце.
Літ.:
Беляев Е.А. Арабы, ислам и арабский халифат в раннем средневековье. 2 изд. М., 1966;
Васильев Л.С. История Востока. М., 1993. Т. 1, ч. 2. С. 272—281.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́НТРАПЫ (ад грэч. archaios старажытны + anthrōpos чалавек),
адна са стадый эвалюцыі чалавека; выкапнёвыя людзі, якія ў раннім плейстацэне прыйшлі на змену чалавеку ўмеламу (Homo habilis). Усіх архантрапаў аб’ядноўваюць у адзін від — чалавек прамахадзячы (Homo erectus). Шматлікія знаходкі яго рэшткаў даюць магчымасць датаваць перыяд існавання гэтага віду тэрмінам ад 1,6 млн. да 360 тыс. гадоў назад, калі архантрапы былі адзінымі прадстаўнікамі роду чалавечага, якія ў часе адносна мала мяняліся. У параўнанні са сваім папярэднікам (чалавекам умелым) архантрапы характарызуюцца павелічэннем памераў цела, буйным абліччам і зубамі. Ад сучасных людзей адрозніваліся больш прымітыўнай будовай чэрапа (нізкае скляпенне са сплюшчваннем патылічнага аддзела, выступанне сківіц), адсутнасцю падбародачнага выступу ніжняй сківіцы, моцна развітымі надброўямі. Найб.стараж. касцявыя рэшткі (1,6 млн. гадоў) архантрапы знойдзены ў Афрыцы (Кенія). Шматлікія, але менш старажытныя (ад 900 да 500—400 тыс. гадоў назад) рэшткі архантрапаў выяўлены на Б. Усходзе і ў Кітаі (сінантрапы), на в-ве Ява (яванскі пітэкантрап, маджакерскі чалавек; гл.Пітэкантрапы), на тэр. Еўропы стаянкі архантрапаў у Германіі (гейдэльбергскі чалавек), Венгрыі (паселішча Верцешсёлёш), Чэхіі (Пржэзлеціцэ), Грэцыі (Петралона) і інш. Больш за 100 стаянак архантрапаў без касцявых рэшткаў адкрыта на тэр.Сярэдняй Азіі, Каўказа, Прыазоўя, Закарпацця, Алтая, Малдовы і інш. Па меры асваення новых жыццёвых арэалаў у выніку прыстасавання да новых умоў асяроддзя адбываліся змены морфатыпаў архантрапаў (узнікненне расавых адрозненняў). Архантрапы выраблялі каменныя прылады ашэльскага тыпу. Далейшая эвалюцыя архантрапаў прывяла да ўзнікнення палеантрапаў і чалавека разумнага (Homo sapiens).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,
форма агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ва ўмовах сям’і. У старажытнасці і сярэдневякоўі (да станаўлення сістэм адукацыі) забяспечвала саслоўна-прафес. пераемнасць. Элементарным тыпам Д.а. можна лічыць перадачу ад бацькоў дзецям ведаў, прафес. вопыту, асноў светапогляду, у т. л.рэліг. выхаванне. У зах. краінах з сярэдзіны 1970-х г. Д.а. набыла новыя рысы ў межах пед. руху «flexíschooling» (гібкая адукацыя), паводле якога акрамя школы месцам адукацыі можа быць дом, музей, б-ка і інш.; бацькі разглядаюцца як актыўныя партнёры школы; не абавязковай лічыцца прысутнасць настаўніка ў навуч. працэсе; вучоба скіравана на выяўленне і развіццё здольнасцей вучня; магчымасці дома (выкарыстанне сучасных тэхн. сродкаў навучання) разглядаюцца як кампанент школьнай праграмы. «Flexischooling» спалучае Д.а. з навучаннем у школе. У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Д.а. мела важнае значэнне для фарміравання сістэмы агульнай адукацыі. З узнікненнем ун-таў, гімназій і інш.навуч. устаноў была абавязковым этапам для таго, каб прадоўжыць навучанне або паступіць на вайсковую службу, паколькі давала неабходную падрыхтоўку (ад праграмы пач. школы да поўнага гімназічнага курса). Пасля 1917 Д.а. як сістэма спыніла існаванне. З 1960-х г. для кампенсацыі недахопаў дзярж. сістэмы сярэдняй адукацыі атрымалі распаўсюджанне спецыфічныя формы Д.а. (прыватныя ўрокі, сямейныя семінары, рэпетытарства). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. развіццё некаторых формаў Д.а. разглядаецца як адзін з варыянтаў садзеяння індывідуалізацыі навучання, рацыянальным суадносінам дамашняй і школьнай падрыхтоўкі. Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць самаст. атрымання грамадзянамі агульнай адукацыі з правам на дзярж. атэстацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РЫЙ,
імя цароў дынастыі Ахеменідаў у стараж.-перс.Ахеменідаў дзяржаве.
Дарый I Вялікі (550—486 да н.э.), цар у 522—486 да н.э. Стаў правіць пасля забойства Гаўматы. У выніку ліквідацыі ў 522—521 паўстанняў у Вавілоніі, Персіі, Мідыі, Маргіяне, Эламе, Егіпце, Парфіі, Сатагідыі і скіфскіх плямён у Сярэдняй Азіі, заваявання персамі ў 519—512 Фракіі, Македоніі і паўн.-зах.ч. Індыі аднавіў магутнасць дзяржавы Ахеменідаў. Каб палепшыць кіраванне дзяржавай, каля 519 ініцыіраваў правядзенне адм.-фін. і інш. рэформаў: падзел дзяржавы на 20 адм.-падатковых акруг (сатрапій) на чале з цывільнымі намеснікамі (сатрапамі), увядзенне агульнадзярж. манетнай адзінкі (гл.Дарык), рэарганізацыя кіравання арміяй (военачальнікі сталі незалежнымі ад сатрапаў і падпарадкоўваліся непасрэдна цару), наладжванне рэгулярнай паштовай службы і інш. У 513—511 здзейсніў няўдалы паход супраць скіфаў. Пры Д. I актывізаваліся знешні гандаль і буд-ва, пачаліся грэка-персідскія войны.
Дарый II Нот (?—404 да н.э.). цар у 424—404 да н.э. Сын Артаксеркса I. Правіў ва ўмовах аслаблення магутнасці дзяржавы Ахеменідаў (сепаратызм і міжусобіцы сатрапаў, антыперс. паўстанні паміж 411—408 да н.э. ў Малой Азіі, Мідыі, Егіпце).
Дарый III Кадаман (каля 380 — ліп. 330 да н.э.), апошні ахеменідскі цар [336—330 да н.э.]. Да ўступлення на прастол быў сатрапам Арменіі. У канцы 335 заваяваў Егіпет. Пасля разгрому сваёй арміі войскамі Аляксандра Македонскага пры р. Гранік (334), Ісе (333) і Гаўгамелах (331) уцёк у Бактрыю, дзе забіты сатрапам Бесам.
Аўдыенцыя ў Дарыя I Вялікага. Рэльеф са скарбніцы у Персеналі. 6—5 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГЕНЕРА́ТАР (ад гідра... + генератар),
сінхронны генератар пераменнага току, які прыводзіцца ў рух гідраўлічнай турбінай. Ротар электрагенератара звычайна замацоўваецца на адным вале з рабочым колам турбіны (гл.Гідраагрэгат). Гідрагенератары бываюць: у залежнасці ад размяшчэння восі вярчэння — пераважна вертыкальныя і гарызантальныя, часам нахіленыя; ціхаходныя (да 100 аб/мін) і быстраходныя (больш за 100, часам да 1500 аб/мін); малой (да 50 МВт), сярэдняй (ад 50 да 150 МВт) і вялікай (больш за 150 МВт) магутнасці; парасонападобныя (у іх падпятнік — апорны падшыпнік — размяшчаецца пад ротарам) і падвесныя (падпятнік размяшчаецца над ротарам). У капсульных гідраагрэгатах гідрагенератар змешчаны ў спец. (звычайна гарыз.) капсулу, прыводзяцца ў рух восевымі паваротна-лопасцевымі турбінамі (магутнасць да 45 МВт, выкарыстоўваюцца на нізканапорных, гідраакумулюючых і прыліўных ГЭС). Магутнасць гідрагенератара да некалькіх соцень мегават (на Саяна-Шушанскай ГЭС устаноўлены гідрагенератар магутнасцю па 640 МВт).
Ротар гідрагенератара мае да 120 полюсаў, абмотка яго сілкуецца ад узбуджальніка — дапаможнага генератара пастаяннага току. У магутных гідрагенератах ужываюцца сістэмы ўзбуджэння з выкарыстаннем тырыстарных пераўтваральнікаў або ртутных выпрамнікаў. Адбор эл. энергіі (звычайна напружаннем ад 8,8 да 18 кв) робіцца з нерухомай часткі гідрагенератара — статара. Ахалоджванне гідрагенератара паветранае, па замкнёным цыкле з паветраахаладжальнікамі, у магутных — паветрана-вадзяное. На вял.ГЭС выкарыстоўваюць вертыкальныя гідрагенераты (скорасць вярчэння 62,5—150 аб/мін, магутнасць 50—700 МВт), на малых — вертыкальныя або гарызантальныя (100—1000 аб/мін; 0,75—25 МВт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЗАЛЕ́Й (лац. mausoleum ад грэч. Mausōleion),
манументальнае пахавальнае збудаванне. Назва ад пахавальні карыйскага цара Маўсола ў г.Галікарнас (цяпер Турцыя; сярэдзіна 4 ст. да н.э.). Стараж. М. ўключалі камеру (часта падземную), у якой знаходзіліся астанкі памерлага, і часам памінальную залу. Як тып арх. збудавання вядомы ў Стараж. Рыме (М. Аўгуста, Адрыяна і інш.), у сярэднія вякі ў Сярэдняй Азіі (Гур-Эмір у Самаркандзе), Азербайджане, Індыі, Казахстане (М.-мячэць Хаджа Ахмеда Ясаві ў г. Туркестан) і інш. Архітэктура М. заснавана на выкарыстанні аб’ёмнай кампазіцыі ў спалучэнні з багатым маст. і арх. дэкорам. У 1-й пал. 20 ст. ў некат. краінах М. спалучалі з трыбунамі (Г.Дзімітрова ў Сафіі, 1949, арх. Г.Аўчараў, Р.Рыбараў). У асобных краінах М. ўзводзяць у гонар гіст. значных асоб [Ібн Сіны (Авіцэны) у Іране, 1952].
У 1924 у Маскве на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны пабудаваны М. У.І.Леніна (паводле праекта А.Шчусева) — драўляны, увянчаны пірамідай куб з 2 бакавымі прыбудовамі. У 1929—30 М. у ранейшай канфігурацыі зроблены з мармуру, граніту, лабрадарыту, парфіру з трыбунамі (арх. Шчусеў, І.Француз, Г.Якаўлеў). У яго буд-ве ўдзельнічалі майстры з Беларусі (з в. Грабаўка Гомельскай вобл.). У 1945 над М. надбудавана цэнтр. трыбуна (арх. Шчусеў), якая да 1990-х г. была ўрадавай у час ваен. парадаў, дэманстрацый, мітынгаў і інш. У 1953—61 у М. знаходзілася цела І.В.Сталіна (іл.гл. да арт.Красная плошча).
С.А.Сергачоў.
Маўзалей у гонар Ібн-Сіны (Авіцэны) у Іране. 1952.