галоўная плошча горада, асн. звяно ў сістэме арх. ансамбляў яго цэнтра. Пачаткам фарміравання Д.п. стаў будынак Зімняга палаца (1754—62, арх. В.В.Растрэлі). У канцы 18 ст.паўд. бок плошчы рэканструяваны паводле праекта Ю.М.Фельтэна. Была намечана дугападобная форма плошчы, канчаткова замацаваная буд-вам грандыёзнага будынка Гал. штаба (1819—29, арх. К.І.Росі) з двайной праезнай аркай, у завяршэнні якой манум. калясніца. Зімні палац, арка Гал. штаба, Аляксандраўская калона надалі плошчы ўрачысты манум. характар. У 1837—43 з усх. боку Д.п. пастаўлены будынак Штаба гвардз. корпуса (арх. А.П.Брулоў). З 3 плошча раскрыта ў бок былой Адміралцейскай пл. і ўключаецца ў адзіны комплекс плошчаў цэнтра горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДЛО́ (Didelot) Шарль (Карл) Луі (1767, Стакгольм — 19.11.1837). французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Парыжы. Працаваў з Ж.Ж.Наверам і Ж.Дабервалем. Выкананне Дз.-танцоўшчыка вылучалася чысцінёй рухаў, грацыёзнасцю, пластычнасцю. З 1788 балетмайстар у Лондане, Парыжы, Ліёне, у 1796—1801 і 1812—15 танцоўшчык і балетмайстар Каралеўскага т-ра ў Лондане. У 1801—29 (з перапынкамі) працаваў у Пецярбургу, паставіў больш за 40 балетаў і дывертысментаў (у т. л. «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.Каваса паводле А.Пушкіна, 1823). Распрацаваў жанр гісторыка-гераічнага балета. Яго харэаграфічныя драмы эпохі перадрамантызму характарызаваліся драматург. логікай і стылявым адзінствам, узбагачэннем тэхнікі танца. Наватарская дзейнасць Дз. спрыяла вылучэнню рус. балета на адно з першых месцаў у Еўропе. Сярод вучняў А.Істоміна, М.Данілава, К.Целяшова, А.Ліхуціна, М.Гольц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛАР (англ. dollar ад ням. Taler талер),
1) грашовая адзінка ЗША, роўная 100 цэнтам. Уведзены з 1786 паводле рашэння кангрэса ЗША (спачатку сярэбраны, з 1792 і залаты). З 1873 пасля адмены свабоднай чаканкі серабра грашовай адзінкай стаў Д. залаты. З 1928 эмісія Д. ў банкнотах, з 1965 — медна-нікелевага Д. У сучаснай валютнай сістэме Д. фактычна прызнаны асновай валютных парытэтаў і курсаў. Д. ЗША з’яўляецца таксама грашовай адзінкай Віргінскіх Астравоў, Гуама, Ліберыі, Мікранезіі, Панамы, Пуэрта-Рыкі, Тайваня, Усх. Самоа, Церкса і Кайкаса.
2) Грашовая адзінка Аўстраліі, Багамскіх Астравоў, Барбадаса, Беліза, Бермудскіх Астравоў, Брунея, Гаяны, Зімбабве. Кайман Астравоў, Канады, Ліберыі, Лівіі, Новай Зеландыі, Саламонавых Астравоў, Сінгапура, Сянгана (Ганконга), Трынідада і Табага, Фіджы, Ямайкі, групы краін Карыбскага басейна (усходнекарыбскі Д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬ, дызельны рухавік,
рухавік унутранага згарання, у якім дызельнае паліва загараецца ад уздзеяння высокай т-ры паветра, сціснутага поршнем. Названы ў гонар Р.Дызеля. Адрозніваюць Д. двух- і чатырохтактавыя; з аб’ёмным і плёначным сумесеўтварэннем; паводле канструкцыі камеры згарання — з нераздзеленай камерай, перадкамерныя, віхракамерныя, паветракамерныя і інш.
У Д. з нераздзеленай камерай згарання паліва ўпырскваецца непасрэдна ў цыліндр, дзе раўнамерна распыляецца; у астатніх — сумесеўтварэнне залежыць ад завіхрэнняў паветра, якія ўзнікаюць з-за асаблівасцей канструкцыі. Удзельны расход паліва ў найб. дасканалых Д. да 190 г/(кВт∙гадз); ккдз да 44%; ступень сціскання паветра да 20; магутнасць да 30 тыс.кВт, павышаюць яе наддувам. Д. выкарыстоўваюцца на транспарце, у энергетыцы (гл.напр., Дызельная электрастанцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБА́Я—ШЭ́РЭРА МЕ́ТАД,
метад даследаванняў полікрышталічных матэрыялаў з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Прапанаваны П.Дэбаем і швейц. фізікам П.Шэрэрам (1916). Выкарыстоўваецца ў рэнтгенаўскім структурным аналізе для вымярэнняў параметраў элементарнай ячэйкі крышталёў, фазавага аналізу полікрышт. матэрыялаў і інш.
У Д.—Ш.м. тонкі пучок монахраматычных рэнтгенаўскіх прамянёў накіроўваецца на ўзор, які рассейвае выпрамяненне ўздоўж утваральных сувосевых конусаў (рассеянне адбываецца на крышталіках, для якіх выконваецца Брэга—Вульфа ўмова). Пры раўнамерным вярчэнні ўзору вакол восі, перпендыкулярнай першаснаму пучку выпрамянення, усе крышталікі ўводзяцца ў адбівальнае становішча. Рассеянае выпрамяненне рэгіструецца на фотаплёнцы ў цыліндрычнай (дэбаеўскай) рэнтгенаўскай камеры або з дапамогай рэнтгенаўскага дыфрактометра.
М.М.Аляхновіч.
Схема здымка рэнтгенаграмы паводлеДэбая—Шэрэра метаду: 1 — рэнтгенаўская трубка; 2 — монахраматычнае рэнтгенаўскае выпрамяненне; 3 — дыяфрагма; 4 — крышталь; 5 — фотаплёнка; 6 — след дыфрагаваных прамянёў; O — след прамянёў, што прайшлі крышталь навылёт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЕГАВА́НАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
выдадзеныя кіраўніком дзяржавы, урадам, іншымі дзярж. органамі па ўпаўнаважанні парламента нарматыўныя акты, якія маюць сілу закону ў парадку ўступкі (дэлегавання) парламентам заканад. паўнамоцтваў. Гэта звязана з ускладненнем кіраўніцкіх задач і неабходнасцю іх вырашэння на прафес. узроўні. Д.з. выкарыстоўваецца ў некат. развітых краінах свету, напр., Італія, Францыя, ФРГ і інш. У Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца Прэзідэнтам краіны ў форме дэкрэтаў. Дэлегаванне заканад. паўнамоцтваў ажыццяўляецца на аснове Закону або палажэнняў Канстытуцыі, якія вызначаюць прадмет рэгулявання і тэрмін паўнамоцтваў. Існуе абмежаванне дэлегаваных паўнамоцтваў па пытаннях, якія адносяцца выключна да кампетэнцыі парламента. Формай Д.з. з’яўляецца таксама выданне парламентам т.зв. «рамачных законаў», у межах якіх выканаўчая ўлада можа ажыццяўляць праватворчасць. У шырокім сэнсе пад Д.з. разумеецца таксама перадача мясц. Саветамі дэпутатаў паводле дагавору некат. сваіх паўнамоцтваў органам тэр. грамадскага самакіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСА́НТ (франц. descente літар. спуск, высадка),
войскі, спецыяльна падрыхтаваныя для высадкі (выкідання) на тэрыторыю праціўніка або высаджаныя (выкінутыя) на ёй з мэтай вядзення баявых дзеянняў. У залежнасці ад характару пастаўленых задач, глыбіні высадкі і колькаснага складу войск Д. бываюць аператыўна-стратэгічныя, аператыўныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя, спец. прызначэння і дэманстратыўныя; паводле сродкаў і спосабаў перакідкі войск — марскія, паветраныя і камбінаваныя. Вылучаюць таксама Д. карабельныя і танкавыя.
Паветраныя Д. бываюць парашутныя (паветрана-дэсантныя войскі і тэхніка выкідваюцца з ваенна-транспартных самалётаў на парашутах), пасадачныя (высаджваюцца з самалётаў, верталётаў і планёраў, якія прызямляюцца ў тыле праціўніка) і камбінаваныя. Марскія Д. перавозяцца на спец. дэсантных караблях і трансп. суднах, высаджваюцца на бераг, на захопленыя прычалы або з дапамогай дэсантна-высадкавых сродкаў і верталётаў. Першымі звычайна высаджваюцца часці марской пяхоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЛЕ́КТАР (ад лац. deflecto адхіляю, адводжу),
1) прыстасаванне для змены напрамку патоку газаў, вадкасцей, сыпкіх матэрыялаў, гукавых хваль.
2) Выцяжное прыстасаванне на вентыляцыйнай шахце (для адсмоктвання забруджанага паветра з памяшканняў) або коміне. Дзеянне заснавана на выкарыстанні энергіі патоку паветра (ветру), які абдзімае Д.
3) Прылада для вымярэння і ўстаранення дэвіяцыі магнітных компасаў. Вымярае гарыз. і верт. складальныя напружанасці магнітнага поля, якія дзейнічаюць на стрэлку компаса.
4) У оптаэлектроніцы прыстасаванне для змены паводле пэўнага закону напрамку распаўсюджвання аптычнага выпрамянення. Бываюць механічныя (сканеры) і оптаэлектронныя (у т. л. вадкакрышталічныя). Найб. пашыраны электрааптычныя і акустааптычныя. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аптычнай апрацоўкі інфармацыі, у аптычных запамінальных прыстасаваннях, у лазерных друкавальных прыстасаваннях і інш.
Дэфлектары: а — механічны круглай формы (1 — патрубак, 2 — дыфузар, 3 — парасон-каўпак); б — электрааптычны дыскрэтны (1 — мадулятары святла, 2 — двухпраменепраламляльныя крышталі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАІ́НАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га бел.-літоўскага летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі. Збярогся ў гіст. зборніку канца 17 ст.рус. паходжання, які ў пач. 19 ст. належаў П.Еўраінаву. Летапіс пачынаецца з легендарнай гісторыі Літвы ад Палемона да Гедзіміна, падзеі 14 — 1-й пал. 15 ст. выкладзены паводлеБеларуска-літоўскага летапісу 1446. У заключнай арыгінальнай частцы змешчаны пагадовыя запісы, прысвечаныя паліт. гісторыі ВКЛ з сярэдзіны 15 ст. да 1548 уключна. Зместам гэта частка блізкая да Пазнанскага спіса «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Характэрная асаблівасць Е.л. — наяўнасць у ім гіст.-літ. матэрыялаў (напр., аповесць пра паходы Альгерда на Маскву і інш.), якія ёсць толькі ў Хроніцы Быхаўца. Рукапіс зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве. Апублікаваны ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМО́ЙЦЬ, Жэмайція, Жмудзь, Самагіція,
гістарычная і этнагр. вобласць на З Літвы. З 1260-х г. у складзе ВКЛ (акрамя прыморскага ўзбярэжжа разам з Клайпедай). На працягу 2-й пал. 13 — пач. 15 ст.вял. князі ВКЛ выкарыстоўвалі Ж. як сродак для вырашэння сваіх знешнепаліт. задач у адносінах з Тэўтонскім ордэнам. Паводле Дубіскіх (1382), Салінскага (1398) і Рацыёнжскага (1404) дагавораў вял. князі ВКЛ Ягайла, а пасля Вітаўт саступалі Ж. Тэўтонскаму ордэну. У выніку паўстанняў 1401 і 1409 Ж. вызвалілася з-пад улады ордэна. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 і Мельнскага дагавора 1422 канчаткова далучана да ВКЛ. У 1411—1795 існавала асобнае Жамойцкае староства. З 1413 пачалося хрышчэнне Ж. з язычніцтва ў каталіцкае веравызнанне. З 1795 у складзе Літоўскай, з 1801 — Віленскай, 1843 — Ковенскай губ.Рас. імперыі, з 1918 у складзе Літвы.