філасофскае вучэнне, згодна з якім чалавечаму пазнанню лічыцца даступнай толькі сукупнасць элементарных пачуццёвых кампанентаў (адчуванняў), а не аб’екты матэрыяльнага свету, што існуюць незалежна ад свядомасці. Адзінай даступнай чалавеку рэальнасцю прызнае пачуццёвыя ўспрыманні, якія складаюць змест яго пазнання. Гранічны Ф. адлюстраваны ў поглядах Дж.Берклі, які разглядаў рэчы як збор ідэй у выглядзе камбінацыі адчуванняў. Д.Юм лічыў рэчы прадуктамі ўяўлення, Дж.С.Міль — сукупнасцю актуальных і патэнцыяльных адчуванняў. Махісты (Э.Мах, Р.Авенарыус і інш.) пад рэчамі разумелі комплекс адчуванняў — элементаў «чыстага вопыту». Т. зв. аб’ектыўныя фенаменалісты прызнавалі існаванне аб’ектыўнага свету, але лічылі яго сукупнасцю непазнавальных «рэчаў у сабе», сцвярджалі, што пазнанне звязана толькі з фактамі свядомасці і не можа выйсці за яе межы (І.Кант, А.Шапенгаўэр, І.Ф.Гербарт, Р.Г.Лотцэ, Э.Гаргман і інш.). Элементы Ф. характэрны для англа-амер. неарэалізму, прадстаўнікі якога атаясамлівалі матэрыяльныя аб’екты з пачуццёвымі звесткамі, адначасова прызнавалі і залежнасць аб’ектыўнага свету ад суб’екта пазнання, і яго існаванне па-за межамі свядомасці індывіда. Прадстаўнікі неапазітывізму лічылі, што пазнанне павінна абмяжоўвацца непасрэдна дадзеным вопытам ці мовай. Лінгвістычны Ф. прызнае выказванні пра матэрыяльныя аб’екты эквівалентнымі выказванням пра пачуццёвыя звесткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАДЫНАМІ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,
пашкоджанне біял. сістэм у выніку фотасенсібілізаваных рэакцый з удзелам кіслароду. Пры Ф.э. фотасенсібілізавальнымі рэчывамі служаць пігменты і фарбавальнікі. якія ёсць у біял. сістэме (напр., трыптафан, рыбафлавін) ці ўводзяцца ў яе (напр., псаралены, парфірыны, гіперыцыны). Субстратамі акіслення з’яўляюцца розныя біял. малекулы, таму пашкоджанне структур і функцый праяўляецца на малекулярным, клетачным, арганізмавым узроўнях.
Ф.э. выклікаецца рэакцыямі, якія праходзяць па свабоднарадыкальным механізме ў выніку пераносу электрона паміж узбуджанай малекулай фотасенсібілізавальнага рэчыва і біямалекулай (утвораны радыкал біямалекулы акісляецца кіслародам); рэакцыі, у якіх узбуджанае фотасенсібілізавальнае рэчыва перадае энергію непасрэдна малекуле кіслароду з утварэннем электронна-ўзбуджанага сінглетнага кіслароду, што акісляе біямалекулы. Ф.э. з’яўляецца прычынай некат. паталаг. змен у арганізме чалавека і жывёл (напр., парфірыі пры парушэннях парфірынавага абмену, эрытэма пры пападанні на скуру фуракумарынаў). Выкарыстоўваецца ў фотатэрапіі пухлінных захворванняў (напр., фотадынамічная тэрапія раку лёгкіх, стрававальнага тракту. мачавога пузыра з выкарыстаннем парфірынаў і фталацыянінаў).
На Беларусі даследаванні Ф.э. праводзяцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАЭФЕ́КТ,
змена энергіі электронаў рэчыва пры паглынанні эл.-магн. выпрамянення (фатонаў). Адкрыў Г.Р.Герц (1887), тэарэтычна абгрунтаваў А.Эйнштэйн (1905).
Адрозніваюць Ф. знешні і ўнутраны. Знешні Ф. — вылучэнне электронаў рэчывам пры паглынанні фатонаў; у кандэнсаваных асяроддзях наз.фотаэлектроннай эмісіяй, у газах — фотаіанізацыяй. Законы Ф.: незалежнасць макс. кінетычнай энергіі вылучаных рэчывам электронаў ад інтэнсіўнасці святла (колькасці фатонаў) і яе лінейная залежнасць ад частаты эл.-магн. ваганняў паглынутага выпрамянення, існаванне гранічнай частаты, ніжэй за якую Ф. немагчымы, — тлумачацца на аснове гіпотэзы аб квантаванні энергіі эл.-магн. выпрамянення. Парогавая (гранічная) энергія для Ф. з металу знаходзіцца ў аптычным дыяпазоне эл.-магн. хваль. У паўправадніках і дыэлектрыках дадаткова мае месца ўнутраны Ф. — узнікненне (квазі)свабодных электронаў і/ці дзірак пры паглынанні фатонаў, што выклікае фотаправоднасць. Парогавая энергія ўнутр. Ф. ў крышталях роўная шырыні забароненай энергет. шчыліны (зоны) паміж запоўненай электронамі валентнай зонай і свабоднай зонай праводнасці. На з’яве Ф. заснавана дзеянне фотаэлементаў, фотаэлектронных памнажальнікаў, фотаэл. генератараў, фотарэзістараў, фотадыёдаў, сонечных элементаў і інш.
Літ.:
Фридрихов С.А., Мовнин С.М. Физические основы электронной техники. М., 1982;
Белл Р.Л. Эмиттеры с отрицательным электронным сродством: Пер. с англ.М., 1978;
Васильев А.Н., Михайлин В.В. Введение в спектроскопию твердого тела. М., 1987.
расійская актрыса. Дачка Б.А.Фрэйндліха. Нар.арт. Расіі (1971). Нар.арт.СССР (1981). Скончыла Ленінградскі тэатр.ін-т (1957). Працавала ў ленінградскіх т-рах імя В.Камісаржэўскай, з 1961 у Т-ры імя Ленсавета, з 1983 у С.-Пецярбургскім Вял.драм. т-ры імя Г.Таўстаногава. Яе мастацтва вылучаецца лёгкасцю, натуральнасцю і адначасова вытанчанасцю пераўвасаблення і рэзкай характарнасцю, камедыйнасцю і прыглушанай лірычнасцю, музыкальнасцю. Сярод роляў: Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Кацярына Іванаўна («Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага), Эліза Дулітл («Пігмаліён» Б.Шоу), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Марта і Яна («Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.Баравіка), Ліка, Яна («Мой бедны Марат», «Старамодная камедыя» А.Арбузава), Элейн Наваца, Бобі Мітчэл, Джанет Фішэр («Гэты палка закаханы» Н.Саймана), Аманда Уінгфілд («Шкляны звярынец» Т.Уільямса), Ванда («Барменка з дыскатэкі» паводле Ю.Андрэева) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: «Службовы раман» (1977), «Сталкер», «Старамодная камедыя» (абодва 1980), «Агонія» (1981), «Жорсткі раманс» (1984) і інш.Дзярж. прэміі Расіі 1976, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛАДЗІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для адводу цеплаты ад цела, якое ахаладжаецца, і перадачы яе ахаладжальнаму асяроддзю (вадзе, навакольнаму паветру). Дзеянне грунтуецца на розных халадзільных цыклах. Найб. пашыраны кампрэсійныя і абсарбцыйныя Х.м., у якіх ахаладжэнне дасягаецца кіпеннем холадагенту. У халадзільнай тэхніцы выкарыстоўваюць таксама параэжэктарныя і тэрмаэл. Х.м.
У кампрэсійных Х.м. холадагент кіпіць (выпараецца) у выпарніку і аднімае цеплату ў цела, што ахаладжаецца. Утвораная пара адпампоўваецца кампрэсарам, сціскаецца ім і падаецца ў кандэнсатар, дзе ахаладжаецца вадой або паветрам (кандэнсуецца). Потым холадагент зноў паступае ў выпарнік. У абсарбцыйных Х.м. рабочае рэчыва — растворы 2 кампанентаў з рознымі т-рамі кіпення. Кампанент з больш нізкай т-рай кіпення выконвае функцыю холадагенту, другі — абсарбенту. У выпарніку за кошт цеплаты, што аднімаецца ад ахаладжальнага цела, холадагент выпараецца, а ўтвораная пара паглынаецца абсорберам. У параэжэктарных Х.м. сціснутая вадзяная пара расшыраецца ў эжэктары, стварае разрэджванне ў выпарніку, што даводзіць т-ру кіпення вады да ≈5 °C (выкарыстоўваецца як холадагент); тэрмаэлектрычныя заснаваны Пельцье з’яве, складаюцца з электрычна звязаных тэрмаэлементаў. Выкарыстоўваюцца Х.м. ў розных галінах прам-сці (харч., буд., хім., медыцыне) і побыце (гл.Халадзільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЎРАНКО́ВЫ,
сёстры, удзельніцы партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Нарадзіліся ў в. Ганцавічы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Былі сувязнымі атрадаў партыз. брыгад «Чэкіст», 8-й Круглянскай, 35-й, 115-й Горацкай, што дзейнічалі на тэр. Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абл.Матрона Піліпаўна (8.11.1907—30.11.1995), з чэрв. 1942 разведчыца атрадаў № 10 і 40 Шклоўскай ВАГ, 112-га Горацкага і 35-й брыгады; узнаг. ордэнам Чырв. Зоркі. Ефрасіння Піліпаўна (н. 11.7.1912), са жн. 1942 у атрадзе Г.А.Кірпіча брыгады «Чэкіст»; пасля вайны на сав. рабоце. Марыя Піліпаўна (12.8.1914 — вер. 1943), падпольшчыца, са жн. 1942 сувязная партыз. брыгад 8-й Круглянскай і 35-й; арыштавана акупац. ўладамі і павешана ў Оршы; узнагароджана ордэнам Айч. вайны 2-й ступені. Ганна Піліпаўна (6.8.1919—22.4.2001), разведчыца 8-й Круглянскай брыгады. Надзея Піліпаўна (1.9.1922—21.9.1942), з пач. вайны па яе ініцыятыве сёстры збіралі зброю, дапамагалі параненым сав. воінам; з мая 1942 разведчыца атрада № 40 8-й Круглянскай брыгады; арыштавана акупац. ўладамі і расстраляна ў Шклове; узнагароджана ордэнам Айч. вайны 1-й ступені. Зінаіда Піліпаўна (11.7.1925—9.12.1994), са снеж. 1942 сувязная брыгады № 35, 112-га Горацкага атрада 115-й Горацкай брыгады; узнаг. ордэнам Чырв. Зоркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛАПІ́ЦКІ Юзаф Гжэгаж (14.3.1771, с. Капусціна на Валыні — 30.9.1854),
дыктатар у час паўстання 1830—31, генерал дывізіі (1815). У 1785—93 служыў у польскай і рас. арміях. Удзельнічаў у паўстанні 1794. Пасля яго падаўлення эмігрыраваў, служыў у польскіх легіёнах напалеонаўскай арміі, ваяваў у Іспаніі ў 1808—12, атрымаў званне генерала брыгады. Удзельнік вайны 1812 на баку Францыі, паранены выйшаў у адстаўку. У 1815 Аляксандр I прызначыў Х. камандзірам 1-й пях. дывізіі войска Каралеўства Польскага; з 1818 у адстаўцы. Быў праціўнікам акцый, накіраваных супраць Расіі. У час паўстання 1830—31, калі быў прызначаны яго дыктатарам, даў магчымасць намесніку Канстанціну Паўлавічу з войскам пакінуць каралеўства, стрымліваў ваен. падрыхтоўку, не падтрымаў прапанову Д.Хлапоўскага пра адпраўку войск на Беларусь і Літву. Толькі ў канцы снеж. 1830 — пач. 1831 аддаў загад аб арганізацыі батальёнаў рухомай гвардыі, згадзіўся на павелічэнне арміі да 100 тыс. пяхоты і 20 тыс. кавалерыі. Х. імкнуўся заключыць дагавор з Мікалаем I на ўмовах прызнання польскай канстытуцыі і пашырэння яе дзейнасці на Беларусь. У Грохаўскай бітве 25.2.1831 паранены. Жыў у Кракаве, у грамадска-паліт. падзеях не ўдзельнічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІХО́ЎСКІ (Цыхоўскі) Казімір Генрыхавіч
(псеўд.Граф, Высоцкі, Ясінскі; 7.12.1887, г. Астровец-Свентакшыскі, Польшча — 22.6.1940),
дзеяч польскага і міжнар. рабочага руху, парт. і дзярж. дзеяч Літвы і Беларусі. Вучыўся ў Льежскім політэхн. ін-це (1907—09) і Парыжскім ун-це (1910—13). У рэв. руху з 1902. Чл. СДКПіЛ з 1907. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. З ліст. 1917 нам. камісара па польскіх справах у Наркамнацы РСФСР. Са снеж. 1918 чл.ЦК КП Літвы, з 20.2.1919 старшыня ЦВКЛіт. ССР, з 27.2.1919 — Літ.-Бел. ССР; з крас. 1919 чл. Савета абароны Літ.-Бел. ССР; адначасова ў маі—ліп. 1919 (у Мінску) нарком земляробства Літбела, з 24.7.1919 старшыня Мінскага Савета. З вер. 1919 у ЦК КП(б)ЛіБ і палітаддзеле Зах. фронту. З крас. 1921 у Польшчы. Адзін з арганізатараў Кампартыі Усх. Галіцыі (з 1923 КПЗУ), чл.яеЦК. У 1925—29 чл.ЦК Кампартыі Польшчы (да 1927 чл. Палітбюро ЦК). У 1928—29 сакратар камуніст. фракцыі сейма. З 1932 у СССР, у Выканкоме Камінтэрна. У 1936—37 адзін з арганізатараў інтэрнац. брыгад у Іспаніі. Рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны пасля 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ТКІН (Zetkin) Клара (5.7.1857, в. Відэраў, Германія — 20.6.1933),
дзеяч герм. і міжнар. рабочага руху, адна з лідэраў міжнар. жаночага руху. Вучылася ў настаўніцкай навуч. установе (г. Лейпцыг, 1874—78). Чл.Герм.с.-д. партыі з 1881. З 1881 у эміграцыі ў Францыі, Аўстра-Венгрыі, Швейцарыі, Італіі, дзе ўдзельнічала ў с.-д. руху. Удзельніца заснавання Інтэрнацыянала 2-га (1889). Пасля вяртання на радзіму лідэр ням. жаночага сацыяліст. руху: У 1892—1917 кіравала выданнем с.-д.газ.ням. работніц «Die Gleichheit» («Роўнасць»), з 1907 сакратар Міжнар. жаночага сакратарыята, у 1910 ініцыіравала святкаванне Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка. У 1-ю сусв. вайну выступала з антываен. пазіцый, удзельнічала ў стварэнні леварадыкальнай «Групы Спартак» (1915—16, з ліст. 1918 «Спартака саюз»). З 1917 чл. Незалежнай с.-д. партыі Германіі, з 1919 Камуніст. партыі Германіі і яеЦК. Дэп.герм. рэйхстага з 1920. З 1921 чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала (да 1924 узначальвала зах.-еўрап., потым міжнар. жаночы сакратарыят). З 1925 старшыня Выканкома Міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі. З 1920-х г. жыла пераважна ў СССР. У 1932 выступіла ў рэйхстагу з прамовай супраць фаш. пагрозы, за стварэнне адзінага антыфаш. фронту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯКУ́ЦЬЕЎ Іван Пятровіч, расійскі служылы чалавек, падарожнік і дыпламат бел. паходжання 17 ст. З «ліцвінаў», што трапілі ў рус. палон і прысягнулі на вернасць рас. цару. Каля 30 гадоў служыў у Сібіры, быў дзесятнікам у г. Цюмень. У 1615 пасланы з Томска на пошукі шляхоў у Кітай і па гандл. справах. Ц. і яго спадарожнікі першымі з рускіх і еўрапейцаў праехалі праз Хакасію, Кузнецкі Алатау і міма воз. Убсу-Нур у Манголію (1616) да яе правіцеля Алтан-хана, які ў адказ на візіт накіраваў з Ц. сваіх паслоў да рас. цара. Так быў пакладзены пачатак афіц.рас.манг. адносінам. За ўдалую місію Ц. у 1617 узведзены ў «дзеці баярскія» (служылыя дваране). У Томску, Табольску і Маскве са слоў Ц. і яго спадарожнікаў запісаны іх справаздачы («артыкульныя спісы») з каштоўнымі звесткамі пра фіз. геаграфію і насельніцтва мясцін па маршруце экспедыцыі (паўд. Сібір, паўн. Манголія), а таксама пра Кітай і Тыбет (з паведамленняў Алтан-хана). Падарожжа Ц. спрыяла паспяховасці першай рас.дыпламат. місіі на чале з дзякам І.Пяцеліным у Кітай (1618). Матэрыялы Ц. і Пяцеліна ў 17—18 ст. неаднаразова перакладаліся на еўрап. мовы і сталі набыткам еўрап. навукі.