Лі́чны 1 ’шматлікі’ — гл. лі́чна.

Лі́чны 2 ’прывабны, статны’ (Ян.), польск. падгальск. liczny, ст.-чэш. líčný, чэш. lícný, славац. líčny, славен. líčen, серб.-харв. ли̑чан, макед. личен, балг. личен. Прасл. lič‑ьnъjь ’статны, прыгожы’. Да лік 2 < ліцо < lice (гл.). Відавочна, на развіццё семантыкі аказаў уплыў дзеяслоў ličiti ’фарміраваць, аздабляць, упрыгожваць’ (Слаўскі, 4, 244–245; Трубачоў, Эт. сл., 15, 85–87).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апікула́т ’скупы’ (Касп.). Ад лац. opitulatus ’дапамагаючы’ (аб тым, што слова было вядома ў Беларусі, сведчыць наяўнасць іншага аддзеяслоўнага імені ад гэтага дзеяслова оріtularium у старабеларускай актавай мове (Гарб.). Літ. apìkula ’лянівыя’ магло аказаць уплыў на паяўленне ‑к‑, супраць чаго, аднак, семантыка; субстытуцыя к замест т магла адбывацца ў выніку дысіміляцыі і без такога ўплыву. Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 73.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арбі́тр, ст.-бел. арбитеръ (Гарб.), ст.-укр. арбитеръ з XVII ст., ст.-польск. arbiter з XVI ст. Рус. арбитр (з Пятроўскай эпохі) з франц. arbitre < лац. (Шанскі, 1, А, 135). Старабеларускае з лац. arbiter, магчыма, праз польскую мову. Калі сучаснае слова не лічыць працягам ст.-бел. (параўн. спартыўнае словаўжыванне), арбітр трэба тлумачыць як новае запазычанне з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 80).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Архітэкту́ра. Слова ёсць у Бярынды, Ф. Пракаповіча (Труды Воронеж. ГУ, 83, 127), дзе яно з лацінскага (магчыма, праз польскую) architectura. Рус. архитектура, паводле Шанскага, 1, А, 156, з заходнерускай, таму няма ’патрэбы лічыць беларускае слова запазычаным з рускай, як Крукоўскі, Уплыў, 76, хаця рускія суадносіны архитектура — зодчество, магчыма, уплываюць на суадносіны архітэктура — дойлідства ў беларускай (Юрэвіч, «Полымя», 1969, 2, 244).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ата́ка. Рус., укр. атака. У беларускай з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 72; Курс суч., 166) у канцы XIX — пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 246), дзе з нямецкай ці непасрэдна з французскай (Фасмер, 1, 95; Шанскі, 1, А, 169) з канца XVII ст. (Асманаліеў, ЭИРЯ, 6, 102–103). Польскае пасрэдніцтва для рускага слова (Біржакава, Очерки, 344) няпэўна: у польскай іншае граматычнае афармленне — atak.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́там. Інтэрнацыянальнае слова. У беларускай мове з пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 252) праз рускую (Крукоўскі, Уплыў, 89), дзе з пач. XVIII ст. Канчатковая крыніца грэч. ἄτομος ’непадзельны’, адкуль у лацінскую і заходнееўрапейскія мовы; першы зафіксаваны рускі прыклад — у перакладзе з лацінскай. Наяўнасць рускай і ўкраінскай калек несекомое (Біржакава, Очерки, 157) указвае на магчымасць грэчаскай мовы як першакрыніцы запазычання для ўсходнеславянскіх моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атэста́цыя. Ст.-бел. атестация з 1627 (Гіст. мовы, 1, 257). Рус. аттестация з 1719, укр. атестація з 1668. З лац. attestatio праз польск. atestacja (Булыка, Запазыч.); такое ж паходжанне рускага слова (Шанскі, 1, А, 174). Паводле Крукоўскага, Уплыў, 78, сучаснае беларускае слова — праз рускую, што не выключана, паколькі не засведчаны працяг старабеларускага слова ў пісьменнасці; аднак слова магло падтрымлівацца польскай дзелавой мовай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахра́на ’варта’ (Бяльк.), ахранка, ахраннік (БРС). Запазычана з рус. охрана, охранка, охранник (адносна апошніх двух гл. Крукоўскі, Уплыў, 48), што ў сваю чаргу ад ц.-слав. хранити, параўн. адпаведныя ўсходнеславянскія формы ахарона (укр. охорона, рус. охорона) ’ахова’, хараніць (укр. хоронити, рус. хоронить) ’хаваць’, якія ўзыходзяць да прасл. *xorna, *xorniti. Рус. няпоўнагалосныя формы разглядаюцца як «неаславянізмы», узнікшыя пад польскім уплывам, Кохман, Зб. Бархудараву, 194.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мара́ль ’правілы, нормы паводзін людзей у адносінах паміж сабой’, ’павучальны вывад з чаго-небудзь’, ’павучанне, натацыя’ (ТСБМ, Растарг.). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 77), запазычана з рус. мовы. Аднак яшчэ ст.-бел. моральный ’маральны’ (XVII ст.) са ст.-польск. moralny. Паланізмамі з’яўляюцца бел. марал ’мараль’ (Яруш.) і мара́льнасць з польск. moralność ’тс’. Усе праз франц. moral прыйшлі з лац. moralis ’які датычыць звычак’ (SWO, 491).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маста́к ’творчы работнік у галіне выяўленчага мастацтва’, ’той, хто дасягнуў высокай дасканаласці ў сваёй справе’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк.; паўд.-усх., КЭС). Укр. (Катлярэўскі) маста́к, рус. масто́к, пск. маста́к ’рабочы, які ведае справу і кіруе’. Утворана ад рус. мастер шляхам замены суфікса ‑ер на ‑ак. У бел. мову ў савецкі перыяд увайшло ў якасці семантычнай (сэнсавай) калькі (Крукоўскі, Уплыў, 151).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)