ГЕАМАРФАЛАГІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ.

Па асаблівасцях прасторавай дыферэнцыяцыі будовы зямной паверхні на тэр. Беларусі вылучаны 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады, раўніны і нізіны Перадпалесся, Палеская нізіна.

Вобласць Беларускага Паазер’я вызначаецца пашырэннем плоскіх забалочаных азёрна-ледавіковых нізін і раўнін, мноствам азёр і бяссцёкавых катлавін. Паверхня рэгіёна ў цэлым мае катлавінападобную форму, а ўзнятыя краі створаны ледавіковымі градамі і ўзвышшамі паазерскага зледзянення, якія цягнуцца і па-за межы Беларусі — на тэр. Расіі і Літвы. Паўд. мяжа вобласці ў асноўным супадае з мяжой пашырэння апошняга ледавіковага покрыва. Абсалютныя адзнакі вышынь у цэнтр. частцы 120—160 м, па далінах рэк — 100—125 м. Больш узвышаная ўсх. частка (вышэй за 150 м). Краявыя грады і ўзвышшы дасягаюць 200—260 м над узроўнем мора, а на Віцебскім узвышшы — амаль 300 м. Даволі шырока прадстаўлены формы краявога ледавіковага рэльефу — грады, увалы, узгоркі; найб. вялікія з іх Браслаўскае, Гарадоцкае, Віцебскае ўзвышшы і Свянцянскія грады. Палосы краявога рэльефу падзелены азёрна-ледавіковымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі нізінамі і раўнінамі. Азёрна-ледавіковыя нізіны і раўніны пашыраны ўздоўж даліны Зах. Дзвіны і ў басейне р. Лучоса. Іх паверхня найб. паніжана на З. Знешнюю аднастайнасць азёрна-ледавіковых нізін парушаюць камавыя ўзгоркі вышынёй 7—8 м, зрэдку 15—20 м, озавыя грады вышынёй 10 м, зрэдку да 30 м. Характэрны таксама ўзгоркава-дзюнныя масівы вышынёй да 20 м. Да краявых частак былых прыледавіковых басейнаў прымеркаваны плоскія абразійныя пляцоўкі шырынёй да 5—7 км з дакладна выяўленым уступам. Па перыферыі Полацкага і Лучоскага прыледавіковых азёр і іншых вадаёмаў у межах паазерскага ледавіка пашыраны флювіягляцыяльныя дэльты вышынёй 2—10 м. Каля берагавых зон сустракаюцца своеасаблівыя кальцавыя формы рэльефу — пінго (гідралакаліты, булгуняхі). Тэр. Беларускага Паазер’я дрэніруецца густой сеткай рэк, якія належаць да басейнаў Зах. Дзвіны і Нёмана. Рачныя даліны маладыя, вузкія і глыбокія. Паазер’е налічвае каля 3 тыс. азёр. Катлавіны іх маюць разнастайнае паходжанне (падпруднае, лагчыннае, экзарацыйнае, тэрмакарставае, эразійнае і складанае) і дасягаюць максімальных для Беларусі памераў.

Вобласць Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і град характарызуецца развіццём найб. магутных краявых ледавіковых утварэнняў сожскага ўзросту. Пераважае дэнудацыйны градава-ўзгоркавы рэльеф са спадзістымі вяршынямі і глыбокім эразійным расчляненнем. На краявых утварэннях часта сустракаюцца лёсападобныя адклады, з якімі звязана пашырэнне яроў і суфазійных западзін. Даліны рэк выпрацаваныя, але сустракаюцца вузкія і глыбокія, з камяністым дном і парогамі. Абсалютныя адзнакі вышынь дасягаюць 200—250 м. Самыя высокія — г. Дзяржынская (345 м), г. Лысая (342 м). Паводле будовы рэльефу вобласць падзяляецца на падвобласці: Заходне-Беларускую (характэрны найбольшыя абсалютныя і адносныя вышыні, разнастайнасць ледавіковых форм, шматлікія гляцыядыслакацыі) і Усходне-Беларускую (рэльеф пераважна платопадобны, зніжаюцца абсалютныя вышыні і памяншаецца гарызантальная і вертыкальная расчлянёнасць). Асноўная прычына — розніца ў тэктанічнай будове. Зах. частка вобласці прымеркавана да Беларускай антэклізы, усх. — да Аршанскай упадзіны, што выявілася ў асаблівасцях даледавіковага і ледавіковага рэльефу і дынаміцы ледавікоў. Найб. абсалютныя вышыні звязаны з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (Мінскае, Навагрудскае, Слонімскае, Ваўкавыскае, Гродзенскае і інш. ўзвышшы, Капыльскія, Ашмянскія грады). Амаль для ўсіх краявых узвышшаў характэрны развіццё гляцыядыслакацый, адорвеняў мелавых і іншых парод. Асабліва вялізныя гляцыядыслакацыі выяўлены ў межах Гродзенскага, Ваўкавыскага і Мінскага ўзвышшаў. Значныя плошчы заняты марэннымі раўнінамі з абсалютнымі вышынямі 145—190 м. Рэльеф пераважна спадзіста-хвалісты, зрэдку дробнаўзгоркавы, сустракаюцца тэрмакарставыя западзіны, лагчыны сцёку талых вод, якія месцамі наследуюцца невялікімі рэкамі, камы, озы і краявыя грады вышынёй да 10—12 м. На марэннай раўніне ва ўсх. частцы Беларусі нярэдка залягае покрыва лёсападобных адкладаў, што абумовіла шырокае развіццё яроў, лагчын, прамывін, урэзаных на глыбіню да 20—30 м, суфазійных западзін дыяметрам 100—200 м і глыбінёй да 2—3 м. Ніжэй марэннай раўніны амаль усюды пашыраны ўчасткі флювіягляцыяльных паверхняў з абсалютнымі вышынямі 135—170 м і ваганнямі адносных — 3—5 м. На асобных участках захаваліся забалочаныя і зарастаючыя азёрныя катлавіны. Характэрнымі элементамі рэльефу з’яўляюцца эолавыя грады і ўзгоркі, лагчыны сцёку, месцамі моцна забалочаныя. Самы нізкі гіпсаметрычны ўзровень у межах вобласці займаюць ледавіковыя і азёрна-алювіяльныя нізіны і раўніны, плошчы якіх невялікія. Гідрасетка адносіцца да басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Азёр на тэр. вобласці параўнальна мала.

Вобласць раўнін і нізін Перадпалесся з’яўляецца пераходнай араграфічнай ступенню паміж узвышшамі цэнтр. Беларусі і Палескай нізінай. Сучасны рэльеф утварыўся ў выніку акумулятыўнай, экзарацыйнай і дыслацыруючай дзейнасці ледавікоў у сожскі і дняпроўскі час. Пашыраны зандравыя (флювіягляцыяльныя) раўніны, якія акаймоўваюць з Пд пояс буйнейшых на тэр. краіны ўзвышшаў і град. Краявыя комплексы пашыраны на невялікіх плошчах і маюць абсалютныя адзнакі вышынь 170—200 м, радзей 210—220 м. Ніжэй размешчаны ўчасткі марэнных раўнін з абсалютнымі вышынямі 160—180 м. Іх рэльеф спадзістахвалісты з ваганнямі адносных вышынь да 2—3 м, зрэдку дробнаўзгорысты з ваганнямі вышынь да 5—7 м. Ва ўсх. частцы вобласці марэнная паверхня часта перакрываецца лёсападобнымі адкладамі, на якіх развіваюцца суфазійныя западзіны і ярыста-лагчынная сетка. Паўсюдна трапляюцца тэрмакарставыя і карставыя западзіны, лагчыны сцёку талых вод. Ніжэй марэннай раўніны — участкі флювіягляцыяльных (зандравых) раўнін, якія на тэр. Перадпалесся з’яўляюцца пераважнымі. Іх спадзістахвалістая паверхня мае абсалютныя вышыні 140—180 м, часта моцна забалочаная. Сустракаюцца асобныя грады краявога рэльефу, камы і озы вышынёй да 5—7 м. Дадатныя формы рэльефу таксама утвораны эолавымі працэсамі (вышыня град і дзюн не перавышае 10 м). Ва ўсх. частцы вобласці водна-ледавіковыя адклады перакрыты лёсападобнымі, у сувязі з чым тут пашыраны суфазійныя западзіны, ярыста-лагчынныя сістэмы. Паўсюдна трапляюцца тэрмакарставыя западзіны і затарфаваныя лагчыны сцёку. Многія лагчыны ўнаследаваны рэкамі. Ніжэй флювіягляцыяльных раўнін і нізін паўсюдна сустракаюцца плоскія, спадзістахвалістыя, моцна забалочаныя азёрна-алювіяльныя паверхні з абсалютнымі вышынямі 130—160 м. Шмат рэшткавых зарастаючых азёр, зрэдку трапляюцца эолавыя грады і ўзгоркі вышынёй да 5 м. Тэр. Перадпалесся дрэніруецца густой сеткай рэк, якія адносяцца да басейнаў Прыпяці, Бярэзіны, Дняпра, Сажа, у меншай ступені Зах. Буга і Нёмана. Рачныя даліны выпрацаваныя, шырокія і асіметрычныя. Азёр мала.

Вобласць Палескай нізіны вызначаецца шырокім развіццём моцна забалочаных алювіяльных, азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з разнастайнымі формамі эолавай акумуляцыі. Узвышаныя ўчасткі краявых ледавіковых утварэнняў, марэнных і водна-ледавіковых раўнін (за выключэннем Мазырскага ўзвышша і Загароддзя) маюць абмежаванае пашырэнне, але ўтвараюць выцягнутыя ў субшыротным напрамку палосы, якія надаюць рэльефу Палесся хвалісты характар. Рачныя даліны шырокія, поймы дасягаюць значных памераў. Паводле тэктанічнай будовы вобласць падзяляюць на 2 падвобласці: Беларускае Палессе (сфарміравалася пераважна на тэр. з адносна глыбокім заляганнем крышталічных парод) і Украінскае Палессе (характарызуецца больш высокім заляганнем крышталічнага фундаменту). Каркас рэльефу, яго хвалістасць створаны ў асноўным ледавіковымі працэсамі дняпроўскага часу; ва ўтварэнні паўн. краю нізіны прымаў удзел ледавік сожскага часу, паўднёвага — тэктанічныя рухі. Максімальныя абсалютныя вышыні звязаны з краявымі ўтварэннямі, сярод якіх вылучаюцца Мазырскае ўзвышша і Загароддзе. У межах Мазырскага ўзвышша абсалютныя вышыні дасягаюць максімальных для Палесся адзнак — 220,7 м (каля в. Булаўкі Мазырскага р-на), а адносныя вышыні — да 80 м. Характэрная асаблівасць Мазырскага ўзвышша — інтэнсіўная расчлянёнасць ярыста-лагчыннай сеткай (20—30 шт./км²). Найбуйнейшыя лагчыны маюць даўжыню да 3 км і глыбіню ўрэзу да 70 м. Для краявых ледавіковых утварэнняў Загароддзя характэрны градавы рэльеф з плоскімі вяршынямі і спадзістымі схіламі. Пераважаюць абсалютныя вышыні 140—175 м, адносныя — 10—15 м. Ніжэй краявых ледавіковых утварэнняў размешчаны спадзістахвалістыя марэнныя раўніны з абсалютнымі вышынямі 150—160 м (распаўсюджаны абмежавана). Ярусам ніжэй (125—150 м) пашыраны спадзістахвалістыя і плоскія, часта забалочаныя водна-ледавіковыя раўніны і нізіны. На флювіягляцыяльных паверхнях шмат эолавых узгоркаў, град, дзюн вышынёй да 10 м, палёў перавеяных пяскоў. Найб. нізкі ярус займае плоская, участкамі слабахвалістая паверхня азёрных і азёрна-алювіяльных забалочаных нізін, сярод якіх размешчаны зарастаючыя азёры, затарфаваныя лагчыны і катлавіны былых азёр. Тэр. Палескай нізіны дрэніруецца пераважна рэкамі басейна Прыпяці і ў меншай ступені прытокамі Сажа, Дняпра і Буга.

Літ.:

Матвеев А.В., Гурский Б.Н., Левицкая Р.И. Рельеф Белоруссии. Мн., 1988;

Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;

Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990;

Геология Беларуси. Мн., 2001;

Палеогеография кайнозоя Беларуси. Мн., 2002.

А.​В.​Мацвееў, Л.​А.​Нечыпарэнка.

Лагчынна-градавы рэльеф Свірскай грады.
Мінскае ўзвышша.
Мелавы кар’ер каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага раёна.
Градава-лагчынны рэльеф Лагойскага ўзвышша.
Прыбугская раўніна.
Пясчаныя дзюны на тэрасах р. Прыпяць.
Пясчаны пляж на пойме р. Прыпяць.

т. 18, кн. 2, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛІГІЯЗНАЎСТВА

Як адносна самастойная галіна ведаў рэлігіязнаўства на Беларусі пачало складвацца ў 19 ст. Прадметам яго даследавання з’яўляюцца заканамернасці ўзнікнення і сутнасць рэлігіі і вальнадумства, гісторыя іх развіцця, функцыянавання і ўплыву на фарміраванне асобы, сусв. культуры і цывілізацыі ў цэлым. Рэлігія і вальнадумства, светапоглядна выключаючы адно аднаго, развіваліся паралельна ва ўзаемадзеянні як два кірункі грамадскага ўкладу жыцця. Сучаснае рэлігіязнаўства ўключае гісторыю рэлігіі, філасофію, сацыялогію і псіхалогію рэлігіі, гісторыю і тэорыю вальнадумства і атэізму.

Светапоглядная несумяшчальнасць навукі і рэлігіі ў сав. перыяд нярэдка пераносілася на ацэнку ідэалаг. арыентацыі ў дзейнасці царквы, што вяло да аднабаковай распрацоўкі асобных праблем рэлігіязнаўства. У працах бел. вучоных пераважалі крытыка рэлігіі і дзейнасці царквы, вывучэнне праблем вальнадумства і атэізму; пры гэтым найбольшая ўвага звярталася на атэістычнае выхаванне. Аналізу рэлігіі, яе паходжання і сутнасці, месца і ролі ў гісторыі прысвяцілі свае даследаванні М.​М.​Ніколькі, Г.​М.​Ліўшыц, У.​М.​Перцаў, Г.​А.​Гураў і інш. У 1920-я г. найб. шырока практыкавалася прыродазнаўчанавуковая крытыка рэлігіі. Агульныя праблемы паходжання і гісторыі хрысціянства, станаўлення і сутнасці яго веравучэння і культу адлюстраваны ў працах М.​М.​Нікольскага, Г.​М.​Ліўшыца, В.​П.​Оргіша, В.​Р.​Тарасенкі. Прычыны ўвядзення хрысціянства на Русі, яго месца і ролю ў гісторыі Рас. дзяржавы і Беларусі на розных этапах даследавалі М.​М.​Нікольскі, М.​С.​Корзун, Г.​М.​Філіст, В.​А.​Молакаў, В.​М.​Лісічкін, В.​М.​Чарапіца, Г.​А.​Мярзлова і інш. Каталіцкую царкву вывучалі Я.​Н.​Мараш, Я.​М.​Бабосаў, К.​К.​Койта, У.​Г.​Доктараў, Дз.​М.​Мацяс. У калектыўнай манаграфіі «Каталіцызм у Беларусі: традыцыяналізм і прыстасаванне» (1987) на гіст. і сацыялаг. матэрыяле выкладзена гісторыя каталіцкай царквы на Беларусі, дадзена характарыстыка стану і тэндэнцыі развіцця рэліг. свядомасці, духоўнага свету яе прыхільнікаў. Уклад у вывучэнне уніяцтва і Брэсцкай уніі 1596 зрабілі М.​В.​Каяловіч, Я.​Н.​Мараш, М.​Гайдук, С.​А.​Падокшын, В.​Ф.​Гапановіч, Л.​А.​Царанкоў, Л.​С.​Абэцэдарскі, І.​Ф.​Рэкуц, Л.​Я.​Крыштаповіч, І.​В.​Катляроў. Праблема стараабрадніцтва і яго гісторыя на Беларусі раскрыта ў працах К.​С.​Пракошынай, Г.​А.​Чуднікавай, Т.​П.​Кароткай, А.​Л.​Гарбацкага. Гісторыю і дзейнасць рэліг. пратэстантызму і сектанцтва ў Беларусі вывучалі І.​І.​Акінчыц, А.​В.​Дзячэнка, К.​С.​Пракошына, Р.​В.​Надольскі, Т.​Б.​Блінова, С.​Ф.​Цярохін, Б.​І.​Камейша, Д.​Хайтун, П.​Капаевіч, П.​М.​Кірушын, Н.​Бяліна-Падгаецкі, М.​Я.​Ленсу, В.​Р.​Языковіч, Г.​А.​Марціросаў, В.​Д.​Лапцёнак і інш. У 1969 выдадзена калектыўная манаграфія «Баптызм і баптысты (Сацыялагічны нарыс)» пад рэдакцыяй Ленсу і Пракошынай. У 1920—30-я г. па іудаізме, сіянізме і антысемітызме выдадзены працы М.​М.​Нікольскага, С.​Я.​Вальфсона, Г.​Фарбера, Г.​Ледата, А.​Д.​Кіржніца, Л.​Розергаўза і інш. У пасляваен. гады гэтымі пытаннямі займаліся М.​М.​Нікольскі, Г.​М.​Ліўшыц, Я.​К.​Анішчанка, У.​Я.​Бягун, В.​А.​Семянюк. Гісторыя рэліг. канфесій у Беларусі адлюстравана ў калект. [«Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX стст.)» (1998), энцыклапедычны даведнік «Рэлігія і царква на Беларусі» (2001)] і індывід. працах А.​Мартаса, А.​У.​Верашчагінай, А.​В.​Гурко, Т.​В.​Апіёка, Г.​М.​Шэйкіна і інш.

Заснавальнікам навук. аналізу Бібліі ў сав., рус. і бел. гістарыяграфіі з’яўляецца М.​М.​Нікольскі, які прысвяціў гэтай праблеме больш за 10 даследаванняў: «Ісус і першыя хрысціянскія абшчыны» (1918), «Керубы паводле звестак Бібліі і ўсходняй археалогіі» (1922), «Сляды магічнай літаратуры па кнізе Псалмоў» (1923), «Хецкія законы і іх уплыў на заканадаўства «Пяцікніжжа» (1928), «Апакаліптычная літаратура» (1929), «Праблемы крытыкі Бібліі ў савецкай навуцы» (1938), «Крызіс «крытычнай» біблеістыкі і задачы марксісцкай гістарычнай навукі» (1939) і інш. Выдадзены кнігі Г.​М.​Ліўшыца «Нарысы гістарыяграфіі Бібліі і ранняга хрысціянства» (1970), «Тэярдызм: спроба сінтэзу навукі і хрысціянства» (1970) Бабосава, «Філасофія сучаснага праваслаўя. Крытычны нарыс» (1968) В.​А.​Молакава. Аналізу Бібліі прысвечаны таксама працы Дз.​І.​Даўгялы, А.​А.​Круглова, В.​Р.​Тарасенкі, Ф.​С.​Таратунскага, Ленсу, В.​А.​Васільева, Г.​В.​Сінілы.

Сутнасць рэліг. свят, таінстваў і абрадаў прааналізаваны ў працах М.​М.​Нікольскага, Г.​М.​Ліўшыца, В.​А.​Фядосіка, У.​А.​Васілевіча, В.​Дз.​Ліцвінкі, А.​А.​Лозкі, І.​І.​Крука, С.​Р.​Шуцкага. Праблеме несумяшчальнасці навукі і рэлігіі прысвечаны даследаванні Г.​А.​Гурава, В.​А.​Молакава, І.​А.​Рабкова, Васільева і інш. Гісторыю ісламу на Беларусі, яго веравучэнне і культ. даследавалі С.​У.​Думін, І.​Б.​Канапацкі, А.​І.​Лакотка, М.​С.​Мамаразакаў, А.​І.​Смолік. Выдадзена калект. праца «Вывучэнне і захаванне культурнай спадчыны татарскага народа ў Беларусі» (1999). Пытанні сацыялогіі рэлігіі і рэлігійнасці насельніцтва Беларусі ў розныя перыяды даследавалі Вальфсон, С.​М.​Рывес, Б.​Э.​Быхоўскі, Я.​М.​Бабосаў, С.​Д.​Лапцёнак, Г.​М.​Сакалова, А.​М.​Елсукоў, Д.​К.​Безнюк. Узаемаадносіны царквы і дзяржавы на розных этапах аналізавалі М.​Шэйман, А.​А.​Круглоў, І.​Ф.​Рэкуц, А.​А.​Цітавец, Л.​Я.​Землякоў і інш. Адносіны бел. народа да рэлігіі і вераванняў даследавалі А.​К.​Сержпутоўскі, А.​Ф.​Фядосік, С.​І.​Васілёнак, М.​М.​Нікольскі, К.​П.​Кабашнікаў, І.​М.​Лушчыцкі, Л.​Л.​Кароткая, агульныя пытанні рэлігіязнаўства — А.​С.​Карлюк, І.​М.​Лушчыцкі, А.​А.​Круглоў, В.​В.​Кудраўцаў, П.​І.​Касцюковіч, В.​А.​Адзіночанка і інш.

Гісторыя вальнадумства і атэізму ў Беларусі, погляды асобных мысліцеляў мінулага (Ф.​Скарына, С.​Будны, К.​Лышчынскі, К.​Каліноўскі і інш.) асветлены ў працах С.​А.​Падокшына, К.​С.​Пракошынай, І.​М.​Лушчыцкага, С.​К.​Майхровіча, А.​А.​Біралы, А.​А.​Круглова, Н.​П.​Жука, І.​В.​Саверчанкі, М.​А.​Алексютовіча, А.​Ф.​Смірнова, Я.​І.​Парэцкага, В.​Д.​Дружчыца, Я.​Л.​Неміроўскага, В.​Ф.​Шалькевіча. Станаўленню і развіццю атэістычнай думкі прысвечана калектыўная манаграфія «З гісторыі вальнадумства і атэізму ў Беларусі» (1978) пад рэдакцыяй Бабосава і Ліўшыца. Вальнадумства і атэізм на розных этапах гісторыі разглядаюцца ў працах Г.​М.​Ліўшыца, «Вальнадумства і атэізм у старажытнасці і сярэднія вякі» (1973), «Вальнадумства і матэрыялістычная філасофія ў Заходняй Еўропе (2-я палова XVII ст.)» (1975), «Французскія асветнікі XVIII ст. пра рэлігію і царкву» (1976), «Атэізм Людвіга Феербаха» (1978), «Атэізм рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў» (1979) і інш. Распрацоўваюцца розныя праблемы рэлігіязнаўства з розных светапоглядных і ідэалаг. пазіцый.

Літ.:

Никольский Н.М. Религия как предмет науки. Мн., 1923;

Яго ж. Яўрэйскія і хрысціянскія святы, іх паходжанне і гісторыя. Мн., 1930;

Вальфсон С.Я. Сучасная рэлігійнасць. Мн., 1930;

Алексютовіч М.А. Скарына, яго дзейнасць і светапогляд. Мн., 1958;

Бабосов Е.М. Современный католицизм и наука. Мн., 1964;

Лаптенок С.Д. Семья и религия Мн., 1967;

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая поло.вина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Яго ж. Унія. Дзяржаўнасць. Культура: (Філасофска-гіст. аналіз). Мн., 1998;

Прокошина Е.С. Очерки свободомыслия и атеизма в Белоруссии в XIX в. Мн., 1973;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Мараш Я.Н. Католическая церковь в истории Белоруссии. Мн., 1981;

Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Крит. анализ. Мн., 1983;

Круглов А.А. Свобода совести. Мн., 1986;

Яго ж. Развитие атеизма в Белоруссии (1917—1987 гг.). Мн., 1989;

Оргиш В.П. Античная философия и происхождение христианства. Мн., 1986;

Надольский Р.В. Баптизм в прошлом и настоящем. Мн., 1987;

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни Мн., 1990;

Мельников А.А. Путь непечален: история свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;

Короткая Т.П., Прокошина Е.С., Чудникова А.А. Старообрядчество в Белоруссии. Мн., 1992;

Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;

Акинчиц И.И. Современный верующий. Брест, 1999;

Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій у Беларусі: мінулае і сучаснасць. Мн., 2000;

Неокульты: «Новые религии» века? 3 изд. Мн., 2000;

Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. давед. Мн., 2001;

Земляков Л.Е. Религиозные процессы в Беларуси. Мн., 2001.

А.​А.​Круглоў.

т. 18, кн. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАЖЫТНЫ ГОРАД.

Да найбольш стараж. паселішчаў на тэр. Беларусі належаць выяўленыя ў Падняпроўі рэшткі верхнепалеалітычных (24—20-е тыс. да н.э.) жытлаў з выкарыстаннем касцей маманта каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў. У жалезным веку (з 7 ст. да н.э.) насельніцтва жыло на гарадзішчах (ці выкарыстоўвала іх як сховішчы для навакольных паселішчаў); да нашага часу на Беларусі захавалася больш за тысячу такіх гарадзішчаў. Першыя ўласна гарады вырасталі з родаплемянных (Полацк, Гомель, Тураў) ці абарончых (Брэст, Мінск) цэнтраў. Яны ўяўлялі сабой умацаванае (агароджанае, адсюль назва «град», «горад») паселішча, якое нярэдка ўзнікала на месцах гарадзішчаў жалезнага веку (Полацк, Мінск). Многія гарады з’яўляліся гандл. і рэліг. цэнтрамі. Пасля прыняцця хрысціянства тут часам на месцы язычніцкіх капішчаў узнікалі першыя драўляныя, а пазней і мураваныя храмы. Ядром стараж. горада было ўмацаванне (дзядзінец), якое найчасцей размяшчалася на ўзвышаным месцы, на беразе возера ці ракі, на скрыжаванні гандл. шляхоў. Да дзядзінца прылягала ўмацаванае паселішча, т.зв. вакольны горад, у якім жылі гандляры, рамеснікі. Паводле такога прынцыпу фарміраваліся Полацк, Тураў, Мінск, Пінск і інш. гарады. Разам з хрысціянствам у буд-ве пашыраўся візантыйскі ўплыў, у 9—10 ст. прасочваюцца таксама арабскія і скандынаўскія ўплывы. У 11 ст. з’явіліся новыя буд. матэрыялы: плінфа, плітка для падлогі, вапна, цамянка, аконнае шкло, свінцовыя лісты для пакрыцця дахаў.

У перыяд удзельных княстваў (11—1-я пал. 13 ст.) гарады ўзнікалі пераважна як гандл.-рамесныя цэнтры сярод вясковай акругі (Слуцк, Клецк і інш.). часам ускладнялася іх тапаграфічная структура: дзядзінец (часам з асобным княжацкім дваром), вакольны горад, пасад ці прадмесце, гарадскі курганны ці бескурганны некропаль, загарадныя манастыры і наваколле. На княжацкіх дварах, на дзядзінцах Полацка, Гродна і Смаленска будавалі 2-павярховыя каменныя палацы (хорамы). Гарады развіваліся пераважна на аснове радыяльна-кальцавой ці радыяльна-веернай планіроўкі. З ростам заходнееўрапейскага, візантыйскага і кіеўскага імпарту адбывалася пранікненне навацый у матэрыяльную культуру гарадоў Беларусі, што прасочваецца ў інжынерна-фартыфікацыйнай справе і культавай архітэктуры. Гэта трывалыя канструкцыі абарончых збудаванняў у Віцебску, Мінску, Полацку і Гродне (напр., дзядзінец стараж. Гродна быў умацаваны каменнымі абарончымі сценамі вышынёй да 5 м), а таксама спроба збудаваць з дапамогай польскіх майстроў каменны храм у Мінску. У 13 ст. будавалі шмат’ярусныя прамавугольныя ці круглыя ў плане мураваныя вежы-данжоны — «стаўпы» (Камянец, Навагрудак, Гродна, Брэст, Тураў).

Горадабудаўніцтва эпохі ВКЛ. У 13—14 ст. адбывалася творчая перапрацоўка ўсходнеславянскіх і візантыйскіх традыцый. Пашырэнне і развіццё гэтых традыцый працягвалася на тэр. Беларусі і Украіны, а таксама яны інтэнсіўна пранікалі на землі, заселеныя балтамі, дзе бурна развіваліся гарады і ўзнік феномен новай гарадской культуры. На землях праваслаўных беларусаў і язычнікаў літоўцаў апрача храмаў узнікалі шматлікія праваслаўныя манастыры і каталіцкія кляштары. Пасля Крэўскай уніі 1385 на тэр. ВКЛ пачалі пранікаць і пашырацца традыцыі заходнееўрапейскай каталіцкай культуры. У 14 — пач. 17 ст. яе асяродкамі сталі Віцебск, Мсціслаў, Орша і Смаленск. У 14—15 ст. на тэр. зах. і цэнтр. Беларусі пабудаваны першыя драўляныя мячэці і сінагогі ў месцах кампактнага рассялення татараў і яўрэяў. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410, калі знікла крыжацкая пагроза, гарадская культура ВКЛ канчаткова стала фарміравацца як неад’емная частка заходнееўрапейскай цывілізацыі. У гэты час пашыралася магдэбургскае права, таму адм. цэнтр горада паступова перамясціўся на рыначную плошчу, дзе ставілі ратушу (Віцебск, Чачэрск, Слонім, Мінск і інш.), часам у комплексе з гандл. радамі (Нясвіж). Часта захоўвалася суіснаванне двух цэнтраў гарадскога жыцця: княжацкая рэзідэнцыя на гарадскім (звычайна верхнім) замку і ратуша з гарадскім магістратам і рыначнай плошчай. Для гэтага часу характэрна з’яўленне мястэчкаў як прамежкавай формы паселішчаў паміж горадам (местам) і вялікім сялом. Пры мястэчках будаваліся мураваныя замкі тыпу кастэляў (Крэва Смаргонскага р-на, Ліда). Пашырыліся новыя буд. матэрыялы — буйнапамерная тоўстая цэгла і керамічная дахоўка, якія наблізілі тэхніку будаўніцтва да заходнееўрапейскіх узораў. З паяўленнем гармат ранейшыя мураваныя і драўляныя замкі перабудоўвалі з улікам выкарыстання агнястрэльнай зброі (Гродна, Ліда, Мір). З 15 ст. пашырыўся стыль готыкі. Яе ўзор — Троіцкі касцёл у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на: мураваны храм зальнага тыпу, асноўны аб’ём якога накрыты высокім 2-схільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. Яго пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал. фасадзе аздоблены плоскімі нішамі; нефы асноўнага аб’ёму перакрыты крыжовымі скляпеннямі, апсіда — зорчатым нервюрным. Да найб. значных храмаў абарончага тыпу належаць цэрквы-крэпасці ў вёсках Сынковічы Зэльвенскага і Мураванка Шчучынскага р-наў. Сынковіцкая царква (канец 15 — пач. 16 ст.) — 3-нефавы 4-стаўповы 3-апсідны мураваны зальны храм (у плане перакошаны прамавугольнік), па вуглах фланкіраваны 4 баявымі вежамі (з захаду гранёныя, з усходу круглыя) з цаглянымі вітымі ўсходамі ўнутры. Па версе сцен праходзіць пояс машыкуляў, дах 2-схільны, з вострымі тарцовымі шчытамі. Мураванкаўская царква (другая памылковая назва — Маламажэйкаўская; пач. 16 ст.) — 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, з паўцыркульнай апсідай і 4 круглымі вуглавымі вежамі. Абарончы характар мелі Барысаглебская царква ў Навагрудку (пач. 16 ст.), кальвінскі збор у Заслаўі (2-я пал. 16 ст. — пач. 17 ст.), сінагога ў Быхаве (пач. 17 ст.), а таксама некаторыя жылыя дамы, вежы-званіцы, брамы і ратушы. Тэр. кальвінскага збору ў мяст. Койданава (цяпер г. Дзяржынск; пач. 17 ст.) была ўмацавана мураванай сцяной з 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі. Манументальна» кампактныя аб’ёмы храмаў, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі вертыкальнымі вежамі: касцёлы ў вёсках Гнезна Ваўкавыскага (каля 1524), Дзераўная Стаўбцоўскага (1-я пал. 17 ст.) р-наў. У 15 — пач. 17 ст. развіццё архітэктуры і горадабудаўніцтва ВКЛ характарызуецца росквітам і агульнымі тэндэнцыямі, якія маюць выразнае заходнееўрапейскае паходжанне. З эпохай Адраджэння (Рэнесанс) звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам кампазіцыі горада была плошча з ратушай і храмамі. Напачатку рысы стылю рэнесанс спалучаліся з элементамі готыкі. Свецкая і культавая архітэктура паступова страчвала абарончыя рысы, набывала аркадныя галерэі (палац у Рагачове, 2-я пал. 16 ст.); з’явіліся храмы-ратонды з купалам (кальвінскі збор у Смаргоні, сярэдзіна 16 ст.), вежы набылі дэкаратыўнае аздабленне. Інтэр’еры ўпрыгожвалі разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі (храмы ў вёсках Чарнаўчыцы Брэсцкага, Вішнева Валожынскага р-наў). Драўляныя вулічныя маставыя замяняліся каменнымі, брукаванымі. У цэнтрах гарадоў з’явіліся першыя цагляныя жылыя будынкі. Рамеснікі і гандляры будавалі дамы фахверкавага тыпу («прускі мур»), простыя гараджане, як і сяляне — аднакамерныя «курныя хаты» або 2- ці 3-камерныя з прыбудаваным хлявом. Пашырэнне атрымалі феад. рэзідэнцыі: замкі ў вёсках Геранёны Іўеўскага (канец 15 — пач. 16 ст.), Смаляны Аршанскага (да 1626) р-наў і інш. Да 16 ст. будавалі пераважна драўляныя замкі, якія складаліся з гародняў, са шмат’яруснымі вежамі (Полацк, Орша, Магілёў), пазней — муравана-драўляныя. Пад уплывам фартыфікацыйнага дойлідства Італіі з 2-й пал. 16 ст. пашырылася буд-ва ўмацаванняў бастыённай сістэмы (Заслаўе, Нясвіж). Сярод унікальных манументальных ансамбляў — 5-вежавы мураваны замак з палацам у Міры, пабудаваны ў пач. 16 ст. з рысамі готыкі і рэнесансу. Напачатку замак быў мураванай крэпасцю, абнесенай абарончымі сценамі з 5-яруснымі вежамі па вуглах; пасярэдзіне размяшчалася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Замак быў абкружаны землянымі валамі вышынёй каля 10 м і ровам з вадой. У 1580—90-я г. комплекс перабудаваны пад княжацкую рэзідэнцыю. Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў, моцна пашкоджаны. З 1983 вядзецца яго рэстаўрацыя. Мірскі замкава-паркавы комплекс ЮНЕСКА аднесены да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусветнай культуры (1994) і ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны (2000).

т. 18, кн. 2, с. 637

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ле́та, ле́то, ліэ́то, лі́то ’самая цёплая пара года’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Яруш., ТС; драг., стол., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.), лі́та (мн. л.) ’слаі ў драўніне, паводле якіх вызначаюць узрост дрэва’ (Клім.; бяроз., Шатал.), ’год’ (Касп., Яруш.), лета ў лета ’круглы год’ (ТСБМ), на ле́та ’на будучы год’ (Яруш., Бяльк.), лета ле́цкае ’на працягу ўсяго лета’ (Ян.), ліэто, літо ’цыкл летніх абрадавых песень’ (Бес., Клім.), драг. літа́ (мн. лік) у выразе: выхо́дытэ з літ ’перыяд заканчэння клімаксу ў жанчын’ (І. Лучыц-Федарэц), памянш. летка, летко, ле́цечка (Кл., Шат., Яруш., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), ле́тны, летні, літный, ле́тненькі (ле́тнянькі, летні́нькі) ’летні’, ’цёплы, цеплаваты, ледзь цёплы, трохі падагрэты’ (Сцяшк., Бяльк., Шат., ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах.; нясв., Жд. 2, Др.-Падб., Гарэц., Юрч.), лудз. ’яравы’ (Сл. паўн.-зах.), слуц. ле́ткі ’тс’ (Нар. словатв.), летавы ’летні’ (Федар. Дад.), ваўк. летні ’стары’ (БНТ, Лег. і пад.), ст.-бел. лѣтный, лѣтний ’які адбываецца летам, які прызначаны для выкарыстання летам’, ’аднагадовы, адналетні’, ’немалады’ (Булахаў, Гіст., 113). Укр. літо, рус. лето, польск. lato, палаб. lʼotü в.-луж. lěćo, н.-луж. і в.-луж. lěto, чэш. léto, славац. leto, славен. lę́to, серб. ле̏то, харв. ljȅto, макед. лето, lʼatu, балг. лято, ст.-слав. лѣто ’самая цёплая пара года’ > ’год (= час ад лета да лета)’, прасл. lěto. Найбольш пераканаўчай са шматлікіх версій пра паходжанне лексемы можна лічыць этымалогію Ваяна (BSL, 64 (2), 124–126), які супастаўляе прасл. lěto з літ. lė̃tas ’павольны, ціхі, спакойны, лагодны’, лат. lę̄ts ’лёгкі’, лац. lēnis ’лагодны, памяркоўны’ і адносіць іх да і.-е. *lē‑ ’паслабіць, зрабіць больш лёгкім’. Махэк₂ (328) супастаўляе слав. lěto з лац. laetus, якое першапачаткова мела значэнне ’добры, прыемны, уцешлівы’, ’які добра выглядае’. Мартынаў (Балто-слав.-итал. изол., 21–22) адносіць прасл. lěto (vermę) да італ. інфільтратаў, супастаўляючы яго з лац. laetus ’багаты, плённы, квітнеючы, радасны, спрыяльны, прыемны, бліскучы, шыкоўны, тлусты’. Такім чынам, прасл. lěto (з суф. ‑to, як žito) азначала ’час, перыяд, калі палягчэла з холадам, калі ўсё цвіце, калі чалавеку прыемна, радасна, калі ўсяго ў дастатку’. Іншыя версіі гл. Слаўскі, 4, 70–71; Фасмер, 2, 488–489; Скок, 2, 336–337; Бязлай, 2, 137.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карачу́н ’заўчасная смерць’ (Нас.), ’смерць, канец’ (Мал.), ’нешта пакрыўленае’ (Клім., Нар. лекс.), ’крывое і сукаватае дрэва’ (Нар. лекс.), ’нізкарослы чалавек’, «Сіціўрат, або Карачун, Зюзя — падземны цар, казачны бог марозаў, які нёс смерць» (Кіркор). Разнастайнасць семантыкі слоў, якія прыводзяцца, робіць рэканструкцыю першаснага значэння даволі цяжкай. Паралелі з іншых славянскіх моў амаль не дапамагаюць вырашыць гэту задачу: рус. карачун ’заўчасная смерць’, ’злы дух, чорт, дэман’, ’пост перад калядамі’, ’святочны абрад, каляды’, ’сонцаварот зімовы’ (іншыя значэнні яшчэ больш няпэўныя), славац. kračun ’каляды’, балг. крачун ’свята летняга і зімовага сонцавароту’. Уражвае тое, што слова зафіксавана амаль толькі ва ўсх.-слав. мовах, прычым украінскія паралелі ненадзейныя. Семантыка ўмоўнай рэканструкцыі korčunъ дэманструе тры тыпы значэнняў: ’зімовы сонцаварот’ (сюды таксама ’каляды’), ’летні сонцаварот’ (відаць, называўся krěsъ: серб.-харв. крѐсови ў тым значэнні) і міфалагічная істота — ’злы дух, падземны цар, уладар маразоў, смерць’. Лёгка заўважыць унутраную сувязь двух першых значэнняў, ’крывое сукаватае дрэва’ зафіксавана толькі ў беларускіх паралелях, якое, паводле нашых меркаванняў, адносіцца да іншай лексемы korkъ (гл. карачкі) (Казлова, Этимология, 1982). Што датычыць лексемы з міфалагічным значэннем, то мы не схільны яе ўзводзіць ні да korkъ ’нага’, ні да korčiti (гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 56–58). Рус. карачун ’дзіця, якое поўзае’ або балг. крачун ’вялікая нага’, з нашага пункту погляду, звязана з korkъ і korčiti, а не з карачун у міфалагічным значэнні. Арэал распаўсюджання для апошняга сведчыць хутчэй аб яго іншамоўным паходжанні. Прапанаваная нядаўна гіпотэза можа, як нам здаецца, праліць святло на паходжанне слова. Паводле гэтай гіпотэзы, балг. крачун і рум. craciun ’каляды, свята зімовага сонцавароту’ ўзыходзяць да алб. kërcun ’пень, цурбан’, што тлумачыцца рытуальным спальваннем пня падчас зімовага сонцавароту (Чабэй, Studime filologjike, 1964, 1, 61; Дзясніцкая, Слав. языкозн., 1978, 169). Рум. crǎciun, укр. крачун, славац. kračun у рамках карпацкай міграцыі з поўдня, аб чым сведчыць геаграфія распаўсюджання слова і фанетыка ўкр. паралелі. Пад гэтым адносна познім працэсам праглядваюцца старажытныя моўныя сувязі бел.-рус. лексемы ў міфалагічным значэнні. Гэтыя сувязі мелі месца да метатэзы плаўных і іх можна кваліфікаваць толькі ў плане ўсходнебалканскай міграцыі славян (VI ст. н. э.). Для больш старажытнага перыяду застаецца магчымасць (улічваючы албанскую лексіку) палеабалканскага паходжання славянскіх слоў у палескім арэале. Параўн. яшчэ Дзясніцкая, там жа, 168–170.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каса́ 1 ’каса ў жанчын’, косы ’валасы’ (З нар. сл.), укр. коса ’каса’, коси ’валасы’, рус. коса ’каса’, косы ’валасы’, ст.-чэш. kosa ’валасы на галаве’, палаб. tʼösa ’каса’, ст.-польск. kosa ’каса’, балг. коса ’валасы на галаве’, мак. коса ’валасы’, серб.-харв. ко̀са ’валасы’, ко̏се ’косы’, славен. kosa ’каса’. Прасл. kosa ’валасы на галаве’ генетычна суадносіцца з česati ’часаць, прычэсваць’ як розныя ступені аблаўту. Але прасл. kosa рэгулярна адпавядае літ. kasà ’каса’, лат. kasa. Балтыйскія паралелі сведчаць аб тым, што значэнне ’каса ў жанчын’ з’яўляецца найбольш старажытным. Гэта адпавядае значэнню славянскага дзеяслова česati (Трубачоў, Эт. сл., 11, 132). Іншыя індаеўрапейскія паралелі да прасл. kosa: ст.-в.-ням. haro (сучас. Haar ’валасы’) < прагерм. hazwa ’часанне’, ірл. cass ’кудзер’ і інш. Нельга разглядаць літ. kasà і лат. kasa як запазычанні з славянскіх моў толькі на падставе таго, што ў балтыйскіх мовах адсутнічаюць паралелі да прасл. česati і, значыць, няма фармальнай і семантычнай пары тыпу cesati‑kosa (наяўнасць балтыйскай пары літ. rankà riñkti ’рука — збіраць’ не з’яўляецца аргументам на карысць балтыйскага паходжання прасл. rǫka, якая таксама не мае пары). Адносна карэляцыі kǫsa — volsъ ’волас’ гл. Мартынаў, Язык, 51.

Каса́ 2 ’прылада для кашэння’, укр. коса, рус. коса, чэш. kosa, славац. kosa, в.-луж. kosa, польск. kosa, балг. коса, макед. коса, серб.-харв. ко̀са. Бліжэйшая паралель да прасл. kosa — ст.-інд. śásati ’рэжа’. У сувязі з гэтай паралеллю ўзнікае пытанне аб нерэгулярнасці пачатковага зычнага ў славянскай лексеме. Тлумачэнне к у прасл. kosa (павінна было быць *sosa) дысіміляцыяй нельга разглядаць як доказ, паколькі такой заканамернасці не існуе, хоць спарадычна такія замены магчымы. Намі зроблена спроба растлумачыць kosa ў рамках агульнай тэорыі акамадацыі (Мартынаў, Слав. акком., 159). Шэраг даследчыкаў разглядае прасл. kosa ’прылада для кашэння’ як метафарычны перанос ад kosa ’каса ў жанчын’, лічачы такім чынам каса 1 і каса 2 адной лексемай з двума значэннямі (Брукнер, 259; Якабсон, Word, XI, 4, 1955, 611).

Каса́ 3 ’селязёнка’ (Шат., Касп.). Названа так на сваёй форме, гл. косы. Уліваючы абмежаваны арэал распаўсюджання слова, не выключана балтыйскае яго паходжанне (Параўн. Сакалоўская БЛ, 16, 1979, 3–4).

Каса́ 4 ’прамень’ (Шат., Яруш., Шатал.). Чыста метафарычны перанос ад каса 1. Параўн. Шатал., 76: «косы сонейка папаускала аж да самэй землі».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малжэнскі ’шлюбны’, ’сямейны’, малжэнства ’шлюб’, ’сям’я’ (Нас.). Насовіч (278) мяркуе, што яны запазычаны з польскай мовы. Жураўскі (Гіст. лекс., 94), Булыка (Лекс. запазыч., 125) ст.-бел. малжонокъ ’муж’, малжонка, малженка ’жонка’ (XV ст.) таксама адносяць да паланізмаў. Філін (Происх., 584) тлумачыць польскім уплывам існаванне рус. малжонки ’муж і жонка’ і ст.-рус. малъжена (н. скл. парнага ліку). Аднак харв. malžena (в. скл. парнага ліку), якое Скок (2, 364) лічыць багемізмам, ст.-чэш., валаш. malžen, чэш., славац. manžel ’муж’, manželé ’муж і жонка’, в.-луж. mandźelska ’жонка’, н.-луж. manźelska ’тс’, manźelski ’муж’, ст.-польск. manżel, manżenka, суч. małżonek, małżonka, małżeństwo ’муж і жонка’ значна пашыраюць распаўсюджанне лексемы. Міклашыч (36), Бернекер (2, 13), Варш. сл. (2, 867) і інш. тлумачаць паходжанне лексемы як частковую кальку ст.-в.-ням. mâlwîp або mâlkona ’жонка’; першая частка mâl, ‑mahal ’шлюбная ўмова’, ст.-в.-ням. gimahalo > новав.-ням. Gemahl (Gemahlin) ’жаніх’ (’невеста’), другая — пераклад žena, з гэтай формы malъžena пазней утварылася malъženъ ’муж’ (Фасмер, 2, 562). Ваян (RÉS, 19, 102) прапанаваў замест ням. mâl зыходным лічыць слав. mǫžь (тады разам mǫžьžena) як ст.-слав. братъсестра ’брат і сястра’. Махэк₂ (351), выходзячы са славац. mladoženstvo з mladoženka ’нявеста’ і mladoženník (mladoženich), меркаваў, што ўжо ў дагістарычны перыяд чэшскай мовы існавала зах.-слав. *maldo‑żenьstvo (< прасл. moldo‑), у якім пасля выпаў склад ‑do‑. Так узнікла malženstvo, malzenstvie, а ад іх — malžen і malženka, у якіх пазней адбылася перастаноўка l — n > n — l. Скок (2, 364) дапускае магчымасць словаскладання mǫžь + žena, прыводзячы аналагічныя прыклады: вагульск. nēχum ’жонка і муж’, баскск. aitamek ’бацька-маці’ > ’бацькі’. Гэтак жа і Атрэмбскі (Gr., 2, 8) адносна літ. vyr‑moteriai. Шаўр (Slavia, 56, 4, 372–374) не згаджаецца з тым, што асновай для першай часткі слав. malъžena з’яўляецца ст.-в.-ням. ‑mahal‑, таму што яшчэ доўга пасля XI ст. інтэрвакальнае ‑h‑ жыве ў герм. словах гэтага кораня, а ў Рыльскіх глагалічных лістках ужо сустракаецца форма Д. скл. парнага ліку malъženoma, тым больш што mâl ’умова’ вядома на поўначы герм. тэрыторыі. Ён прапануе ўзяць крыніцай запазычання ст.-в.-ням. mȃ̃l ’імгненне’, ’хвіліна’, вырашальныя для ўзнікнення шлюбу (да прыняцця хрысціянства ў славян шлюбы не заключаліся, было пашырана выкраданне нявест і палігамія — паліандрыя), параўн. і mâlôn ’абазначаць, намеціць’. Запазычанне адбылося на Мараве ў IX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трам ’апорная бэлька ў хаце пад столлю’ (Бяльк., Байк. і Некр., В. В., Мат. Гом., Гарэц.; мсцісл., З нар. сл.; гродз., мін., мсцісл., ельск., ЛА, 4), ’падоўжная бэлька, якая падтрымлівае папярочныя’ (Пятк. 2, Сцяшк., Шушк., ТС), ’ствол дрэва’ (Мат. АЛА), ’кіль’ (Некр. і Байк.), ’калок’ (Яруш.), трамкі́ ’апошнія вянкі зруба’ (ельск., ЛА, 4), тран ’апорная бэлька’ (іўеў., слонім., рэч., ЛА, 4), прам ’тс’ (лун., там жа), отра́м, атра́м ’тс’ (бяроз., чашн., там жа), штрам ’тс’ (брасл., шарк., глыб., лаг., ЛА, 4) і штра́ма ’тс’ (віл., лаг., там жа), а таксама тра́ма ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Кал., Шат., Касп., Сцяшк., Гарэц., Шушк., ТС; гродз., мін., ЛА, 4; Сл. ПЗБ), ’прастора паміж бэлькай і столлю’ (Жд. 1), ’бэлька ў столі’ (брагін., Шатал.). Ст.-бел. трамъ ’бервяно, бэлька’ (XVII ст.; Ст.-бел. лексікон, КГС). На беларускай тэрыторыі сышліся, магчыма, два варыянты адной і той жа лексемы (рэаліі) — тра́м(а) і атра́ма, якія, аднак, могуць мець рознае паходжанне. Лексема трам (польск. tram, tran — дыял. паўд.-усх. ’падваліна, падруба’, паўн.-усх. trama ’апорная бэлька’, в.-луж. trama, н.-луж. tramʼ, trama ’дручок, дубіна’, ’апорная бэлька’, ст.-чэш., славац. trám ’бэлька, брус’, харв. кайк. trȃm, славен. trȃm, tramȗ ’бервяно, брус’) запазычана з с.-в.-ням. trām, drām ’бервяно, бэлька’, параўн. с.-н.-ням. trāme ’бэлька’, ст.-фрыз. trām(e) ’брус, бэлька’, нарв. tram ’драўляны парог’ (Клюге, 785; ЕСУМ, 5, 617) і праз заходнеславянскія мовы (пераважна праз польскую) трапіла на беларускую (і ўкраінскую) моўную тэрыторыю (Брукнер, 574–575; Махэк₂, 649; Скок, 3, 490; Бязлай, 3, 211; Сной₂, 776; Булыка, Запазыч., 323; Голуб-Копечны, 388; Голуб-Ліер, 486). Лексема атра́ма пашырылася з балтыйскай моўнай тэрыторыі, параўн. літ. atramà ’падпорка’, ’апірышча’, ’спінка крэсла, канапы’, atramstýti ’падперці/падпіраць, прыхіліць/прыхіляць’ (Цыхун, Лекс. балтызмы, 50; Лаўчутэ, Балтизмы, 41). Назіраецца іх узаемадзеянне (трам‑а, а‑трам). Далей ням. тэрмін суадносяць са ст.-грэч. τέρεμνον ’сені, гасцёўня’, з лац. trabs < і.-е. *drabma, альбо адносяць да і.-е. асновы *ter‑ ’прабірацца, дасягаць’, ’праходзіць праз што-небудзь’, узмоцненай фармантам *‑т; дапускаецца мажлівасць існавання праславянска-прагерманскай лексемы (Скок, там жа). Петр (В. В., 21, 207–217) дапускае роднаснасць прасл. *tramъ са ст.-грэч. τραφηξ, лац. trabs ’бервяно’, ’дрэва’, ’карабель’, што даволі сумніўна. Сюды ж тру́ма, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),

зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст. н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.

У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст. слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.​Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл. Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.​Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.​Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.​Дзекуць-Малеем і А.​Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.​Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.​Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.​Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.​Сёмухі, А.​Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).

Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял. маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв. л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.​Сарбеўскага, М.​Сматрыцкага, І.​Пацея, братоў Л. і С.​Зізаніяў, А.​Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.​Купалы, З.​Бядулі, У.​Караткевіча, інш. бел. пісьменнікаў).

Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.

Літ.:

Никольский Н.М. Древний Израиль. 2 изд. М., 1922;

Виппер Р.Ю. Возникновение христианской литературы. М.; Л., 1946;

Фрэзер Дж.​Дж. Фольклор в Ветхом завете: Пер. с англ. М.; Л., 1981;

Марковский И.С. Библейская археология. 2 изд. Саратов, 1948;

Робертсон Дж. Первоначальное христианство: Пер. с англ. М., 1930;

Конан У. Каля вытокаў духоўнасці // Беларусь. 1990. № 1;

Шупа С. З гісторыі новабеларускіх перакладаў Бібліі // Вести. Белорусского Экзархата. 1990. № 4;

Яго ж. Біблейскія вобразы і матывы ў беларускім фальклоры // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 4;

Яго ж. Народ в координатах культуры // Нёман. 1995. № 2, 7, 12.

У.​М.​Конан.

Да арт. Біблія. Тытульны ліст «Бібліі» Ф.​Скарыны. 1519.

т. 3, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯ́Н, Сусветны акіян (ад грэч. Ōkeanos вялікая рака, якая абцякае Зямлю),

неперарыўная водная абалонка Зямлі, якая акружае мацерыкі і астравы, мае агульны салявы састаў. Пл. 361,06 млн. км². Акіян займае каля 70,8% зямной паверхні (60,7% Паўн., 80,9% Паўд. паўшар’яў). Сярэдняя глыб. 3795 м, макс. 11 022 м (Марыянскі жолаб у Ціхім ак.). Складае 94% гідрасферы. Змяшчае 1370 млн. км³ вады (гл. табл.), што складае 0,1% ад аб’ёму зямнога шара. Паводле фізіка-геагр. уласцівасцяў акваторыя акіяна падзяляецца на Ціхі акіян, Атлантычны акіян, Індыйскі акіян, Паўночны Ледавіты акіян. Умоўна вылучаецца Паўднёвы акіян вакол Антарктыды. Вывучае акіян акіяналогія.

Рэльеф і геалагічная будова дна. У рэльефе дна вылучаюцца 4 планетарныя морфаструктуры. Падводная ўскраіна мацерыкоў — затопленая частка мацерыковых платформаў з адносна спакойным тэктанічным рэжымам. Характарызуецца кантынентальным тыпам зямной кары магутнасцю да 35 км. Займае глыбіні да 1400—3200 м. Падзяляецца на шэльф, мацерыковы схіл і мацерыковае падножжа. На большай частцы перыферыі Ціхага ак., на ПнУ Індыйскага, а таксама ў морах Карыбскім, Міжземным і Скоша (Скотыя) паміж мацерыковым падножжам і ложам акіяна выяўлена пераходная зона з геасінклінальным тыпам зямной кары (гл. Геасінкліналь), дзе адбываюцца сцісканне зямной кары, інтэнсіўныя вертыкальныя рухі, сейсмічнасць і вулканізм, якія па-рознаму праяўляюцца ў межах зоны. Да яе прымеркаваны глыбакаводныя жалабы. Адзін з гал. элементаў рэльефу і тэктанічных структур дна — ложа акіяна. Займае самыя глыбокія, акрамя глыбакаводных жалабоў, часткі (4000—7000 м). Яму ўласцівы тонкая (да 8 км) акіянская кара, асаблівы тып вулканізму і разломнай тэктонікі, слабая сейсмічнасць, запаволеныя адмоўныя рухі. Рэльеф дна ўтвораны чаргаваннем вял. катлавін і падняццяў. Над ложам акіяна на выш. 4—5 км, зрэдку да 10 км узнімаюцца сярэдзінна-акіянскія хрыбты. Яны распасціраюцца праз усе акіяны, маюць рыфтагенальны тып зямной кары, характарызуюцца лінейнымі магнітнымі анамаліямі, высокай сейсмічнасцю і вулканізмам. У рэльефе спалучаюцца рыфтавыя даліны і хрыбты, папярочныя разломы, вулканічныя масівы, плато, гаёты.

Паходжанне акіяна. Мяркуюць, што воды акіяна маглі ўтварыцца пры дэферэнцыяцыі мантыі Зямлі. Паводле тэорыі тэктонікі пліт, акіяны ўзніклі пры распадзе стараж. мацерыкоў, калі часткі мацерыкоў рассоўваліся ў процілеглыя бакі. Лічыцца, што Атлантычны ак. утварыўся каля 160—180 млн. гадоў назад (юрскі перыяд), Ціхі і Індыйскі ак. ўзніклі раней.

Донныя адклады. Магутнасць акіянскіх адкладаў вагаецца ад 2000—3000 м у прымацерыковых зонах да дзесяткаў метраў на сярэдзіннаакіянскіх хрыбтах. Адзначаны 3 зоны макс. магутнасці адкладаў: каля экватара, на Пн ад 40° паўн. ш. і на Пд ад 40° паўд. ш. Узрост асадкавай тоўшчы мяняецца ад восевай часткі сярэдзіннаакіянскіх хрыбтоў (пліяцэн-плейстацэн) да краявых частак акіяна, дзе яны больш старажытныя. Сярод донных адкладаў вылучаюць тэрыгенныя, якія ўтвараюцца ў выніку размывання сушы, біягенныя (карбанатныя і крамяністыя), вулканагенныя, палігенныя (змешанага паходжання) і аўтыгенныя (аалітавыя і жалеза-марганцавыя канкрэцыі). Найб. плошчы дна акіяна займаюць карбанатныя глеі (каля 150 млн. км²) і глыбакаводная чырвоная гліна (больш за 110 млн. км², гл. Марскія адклады).

Хімізм і салёнасць вады. У акіянскай вадзе растворана каля 80 хім. элементаў, сярэдняя канцэнтрацыя іх каля 35 г/л. Усяго ў акіяне растворана 5∙10​22 г соляў. Салёнасць вады выражаецца ў праміле, абазначаецца ‰ (1‰ адпавядае 1 г/1 кг). Сярэдняя салёнасць вады на паверхні 34,7‰, У адкрытым акіяне — ад 31,4‰ у Паўн. Ледавітым ак. да 37,25‰ у трапічных водах Атлантычнага ак., каля берагоў Антарктыды 33,93‰, на экватары 32—34‰. У Паўн. паўшар’і салёнасць акіяна ніжэйшая, чым у Паўднёвым. Пераважаюць солі хларыдаў, натрыю і магнію (88,7‰) і сульфатаў магнію, кальцыю і калію (10,9‰; гл. таксама Марская вада). У вадзе раствораны таксама кісларод (паступае з атмасферы і ўтвараецца зялёнымі водарасцямі), вуглякіслы газ і інш., ад якіх залежыць жыццё арганізмаў у акіяне. У халоднай вадзе растворанага кіслароду больш (у палярных шыротах у прыпаверхневых водах да 10 мл/л, у цёплых трапічных шыротах 4 мл/л). На глыб. 1000 м і глыбей растворанага ў вадзе кіслароду 2—3 мл/л. У маларухомых частках акіяна на глыбіні намнажаецца серавадарод ад перагнівання арган. рэшткаў.

Тэмпературны рэжым. Гал. крыніцай цяпла, што вызначае т-ру вады акіяна, з’яўляецца сонечная радыяцыя, 3—45% якой у залежнасці ад вышыні Сонца над гарызонтам і ад хвалявання адбіваецца ў сусветную прастору (гл. Альбеда). Больш за 99% сонечнай радыяцыі, якая ўвайшла ў ваду акіяна, паглынаецца ў яе верхніх слаях. Акіян з’яўляецца акумулятарам цяпла і моцна ўплывае на клімат Зямлі. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні акіяна 17,5 °C (у Паўн. паўшар’і яна вышэй, чым у Паўд.). Самы цёплы Акіян — Ціхі (19,4 °C), самы халодны — Паўн. Ледавіты (-0,8 °C). Тэрмічны экватар у акіяне ссунуты на Пн ад геаграфічнага (сярэдняя т-ра вады складае 26—28 °C), у палярных шыротах яна блізкая да нуля або адмоўная (-1,5, -1,9 °C). З глыбінёй т-ра зніжаецца, на глыб. 1000 м яна ніжэй за 5 °C, у прыдоннай зоне складае 1,4—1,8 °C, у палярных абласцях ніжэй за 0 °C (-0,5, -1,5 °C).

Цыркуляцыя вады. У акіяне існуе адзіная сістэма ўстойлівых цячэнняў (гл. Марскія цячэнні), якая забяспечвае перанос і ўзаемадзеянне водаў. Асн. паверхневыя цячэнні ўзнікаюць пад уплывам пастаянных вятроў. Цячэнні захопліваюць масы вады да глыб. 150—200 м і ўтвараюць антыцыкланальныя кругавароты ў трапічных і субтрапічных шыротах (пасатныя цячэнні) і цыкланальныя ва ўмераных і палярных шыротах. Паверхневыя цячэнні, накіраваныя ад экватара да полюсаў, цёплыя, у адваротным напрамку — халодныя. Прынос да берагоў мацерыкоў цёплай вады цячэннямі і награванне паветр. масаў над імі моцна ўплываюць на клімат прыбярэжных і далёкіх ад акіяна краін (зімовыя адлігі на Беларусі тлумачацца прытокам цёплага паветра з Атлантычнага ак.). Каля ўзбярэжжаў мацерыкоў назіраецца выхад на паверхню глыбінных водаў акіяна (гл. Апвелінг), якія багатыя пажыўнымі рэчывамі і спрыяюць развіццю разнастайных арганізмаў. Падняцце водаў на паверхню ў адкрытым акіяне адбываецца ў месцах разыходжання цячэнняў (у зонах дывергенцыі) і ў цыкланальных кругаваротах. Апусканне водаў звязана з канвергентнымі зонамі, дзе сутыкаюцца цячэнні, і з антыцыкланальнымі кругаваротамі. Глыбінныя цячэнні ўзнікаюць ад рознай шчыльнасці вады. У прыдоннай зоне існуюць арктычныя і асабліва развітыя антарктычныя цячэнні, якія дасягаюць 30—40° паўн. ш.

Хвалі ў акіяне выклікаюцца вятрамі, хуткай зменай атм. ціску (гл. Сейшы), моратрасеннямі (гл. Цунамі). Прылівы (і адлівы) абумоўлены прыцяжэннем Месяца і Сонца (прыцяжэнне Месяца ўдвая большае за сонечнае). У адкрытым акіяне вышыня прыліваў каля 1—2 м, у залівах да 18 м (Фанды на Атлантычным узбярэжжы Канады).

Арганічны свет. Жывыя арганізмы насяляюць акіян ад паверхні да найбольшых глыбіняў. Паводле месцаў існавання адрозніваюць планктон (пасіўнаплаўныя), нектон (актыўнаплаўныя) і бентас (донныя арганізмы). Па экалагічных умовах вылучаюцца супольніцтвы літаралі і пелагіялі. У акіяне існуе каля 160 тыс. відаў жывёл: 80 тыс. малюскаў, больш за 20 тыс. ракападобных, 16 тыс. рыб, каля 15 тыс. прасцейшых і інш. З млекакормячых ёсць ластаногія і кітападобныя (самая буйная жывёла на Зямлі — сіні кіт). У акіяне і на яго ўзбярэжжах жывуць шматлікія віды птушак. З 15 тыс. відаў раслін найбольш аднаклетачных водарасцяў (да 80% фітамасы акіяна).

Прыродныя рэсурсы. Рэсурсы акіяна падзяляюцца на біялагічныя (харчовыя), сыравінныя (мінеральныя, хімічныя, водныя), энергетычныя і рэкрэацыйныя. Штогод у акіяне здабываюць каля 75—80 млн. т морапрадуктаў (84,5% складае рыба, 11,4% беспазваночныя, 4,1% водная расліннасць). Здабываюць (% ад сусветнай здабычы) нафты каля 30, газу 20, брому 90, ільменіту 80, магнію 60, цыркону і рутылу 50, касітэрытаў 40, шмат жал. руды, золата, плаціны, алмазаў і інш. Мае значную колькасць энергіі розных відаў: прыліваў (ацэньваецца ў 1 млрд. кВт), цячэнняў, хваляў, розніцы т-ры і салёнасці і інш., агульная магутнасць якой прыкладна 200 млрд. т умоўнага паліва, што ў 20 разоў перавышае гадавую патрэбу ў свеце. Пабудаваны прыліўныя (у Францыі, Расіі, Кітаі і інш.) і гідратэрмальная (у Кот-д’Івуары) электрастанцыі. Вял. гасп. значэнне мае марскі транспарт.

Ахова прыроднага асяроддзя. Рэгламентацыя дзейнасці чалавека ў акіяне прадугледжана шэрагам міжнар. пагадненняў і заканадаўствам асобных дзяржаў. Міжнар. права ўсталёўвае рэжым работы па некалькіх кірунках: рэжым акваторый; гандлёвае суднаходства; ваеннае мараплаванне; навук. даследаванні; дно і нетры; ахова асяроддзя (захаванне марскога асяроддзя і экалагічнай раўнавагі пры выкарыстанні рэсурсаў акіяна, прадухіленне забруджвання, асабліва радыенукліднага, падтрыманне біял., хім. і фіз. суадносін, недапушчальнасць прычынення шкоды фауне, флоры, дну, атмасферы і касм. прасторы над акіянам).

Літ.:

Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;

Слевич С.Б. Океан: ресурсы и хозяйство. Л., 1988;

Израэль Ю.А., Цыбань А.В. Антропогенная экология океана. Л., 1989;

Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI века. М., 1991;

Океанографическая энциклопедия: Пер. с англ. Л., 1974.

А.​М.​Вітчанка.

Папярочны профіль акіяна.
Да арт. Акіян. Тыпы морфаскульптур дна: 1 — абразійна-акумулятыўныя і шэльфавыя няхвалевыя; 2 — гравітацыйныя (дэнудацыйныя і акумулятыўныя); 3 — абісальныя акумулятыўныя; 4 — абісальныя акумулятыўна-дэнудацыйныя ў межах горнага рэльефу; 5 — абісальныя акумулятыўна-дэнудацыйныя, створаныя глыбіннымі доннымі цячэннямі; 6 — біягенныя (каралавыя рыфы).

т. 1, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)