МЕЛО́ДЫЯ (ад грэч. melōdia спевы, напеў, песня, мелодыя),
асноўны выразны сродак музыкі, у якім у непарыўным адзінстве суіснуюць гукавышынны (уласна меладычны), рытмічны і ладавы бакі. Канкрэтныя мелодыі валодаюць таксама тэмбравай, рэгістравай, дынамічнай і агагічнай выразнасцю. Інтанацыйная прырода М. (гл.Інтанацыя) надае ёй нац., жанравую, часткова сац. характэрнасць, збліжае з чалавечай мовай, што выяўляецца ў гукавым вырашэнні, асэнсаванай расчлянёнасці на матывы («словы»), фразы і сказы, у яе змястоўнай і камунікатыўнай функцыях. Цэласнасць, пластычнасць і злітнасць М. як найважнейшага сэнсавага кампанента музыкі забяспечвае аб’яднанне ў ёй характэрных інтанацый (пытання, воклічу, сцвярджэння і інш.) з агульнымі формамі паступеннага меладычнага руху. Суадносіны гэтых момантаў вызначаюцца стылем і жанрам М., яе прыналежнасцю да пэўнага тыпу — рэчытатыўна-дэкламацыйнага, арыёзнага, кантыленнага. Вакальная першааснова М. (залежнасць ад дыхання і галасавога апарата) выяўляецца ў асаблівасцях яе структуры і дынамічнага разгортвання, уласцівых вак. і інстр. мелодыцы, розным стылям, жанрам і меладычным тыпам. Гэта — хвалевая будова («меладычнае дыханне») і натуральнае ўзмацненне дынамікі пры пераходзе ў верхні рэгістр, а пры зыходным руху і вяртанні ў першапачатковы рэгістр — яе аслабленне. Выразнасць канкрэтнай М. ў многім залежыць ад віду меладычнай хвалі (прамой ці зваротнай), яе працягласці, размяшчэння кульмінацыйнага пункта — у пачатку (т.зв. «вяршыня-крыніца», у высокай ступені ўласцівая ўсх.-слав. песеннасці), сярэдзіне або ў канцы хвалі, а таксама ад рытмічнай і ладавай арганізацыі, але перш-наперш ад інтанацыйнага зместу. У нар. і прафес. музыцы аднагалосая М. нярэдка выступае ў тэрцовых, секставых і інш. дубліроўках. У фальклоры найб. пашырана тэрцовая ўтора, у прафес. музыцы — разнастайныя акордавыя згушчэнні, што ўтвараюць свайго роду шматгалосую мелодыю. Роля М. неаднолькавая ў поліфаніі, гамафоніі, манодыі. У поліфаніі М. адначасова спалучаецца з інш. раўнапраўнымі ёй галасамі. У гамафонных творах М. — вядучы голас, утварае першы план на фоне гарманічнага суправаджэння. У манадычных стылях нар., стараж. культавай, класічнай музыкі народаў Усходу М. — адзіны і паўнацэнны носьбіт маст. зместу. Прафес.музыка 20 ст. характарызуецца выключнай разнастайнасцю меладычных стыляў, у якіх адлюстраваны заканамернасці архаічных фальклорных слаёў і сучасныя складаналадавыя, новамадальныя, дадэкафонныя і інш. структуры. У бел. музыказнаўстве асн. ўвага даследаванняў скіравана на выяўленне меладычных асаблівасцей бел.нар. музыкі і іх ператварэнне ў прафес. музыцы ў крыніцу нац. спецыфікі.
Літ.:
Мазель Л.А. О мелодии. М., 1952;
Ручьевская Е. Мелодия сквозь призму жанра // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;
Корчмар Л.О. Учение о мелодии в XVIII в. // Вопросы теории музыки. М., 1970. Вып. 2;
Арановский М.Г. Синтаксическая структура мелодии. М., 1991;
Елатов В.И. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;
Титова Т.А. О современных аспектах термина «мелодия» // Вопросы методологии современного музыкознания. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фантасты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Прасякнуты фантастыкай (у 1 знач.), заснаваны на фантастыцы, на казачных матывах. Кравец наслухаўся ад людзей самых неверагодных і фантастычных апавяданняў пра ведзьмароў і чарцей.Чорны.Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя .. да фантастычных жывёлін.Бядуля.Героі, кніг .. пабывалі ўжо і пад зямлёй, і на Месяцы, і на Марсе, і ў розных дзівосных краінах, і прыдумалі ўсе цудоўныя фантастычныя машыны і апараты.Якімовіч.Міхась Зарэмба марыў пра флоцкае жыццё, .. Янук заўсёды маляваў тушшу на яго грудзях фантастычныя якары і парусы.Асіпенка.
2. Які не існуе ў рэчаіснасці, выдуманы. Пра .. [Аню] хадзілі самыя фантастычныя чуткі.«Маладосць».
3. Які не грунтуецца на рэальных даных; неверагодны, нездзяйсняльны. Фантастычныя планы. □ [Мікола:] — Сцэнарый нам патрэбен дні праз тры. Так што выручайце. — Тэрміны фантастычныя. — Юнак зацягнуўся папяросай.Гаўрылкін.У Анінай галаве зноў пачалі ўзнікаць фантастычныя ідэі помсты Косцю.Карпюк.
4. Падобны на фантазію, чарадзейны, вычварны. Было штось страшнае ў гэтых пералівах чырвані і ў яе фантастычным палыханні ў глыбінях агорнутага мрокам неба.Колас.Музыка перанесла .. [Банжына] ў нейкі фантастычны свет, далёкі ад усяго таго, што трывожыла хвіліну назад.Шыцік.Сіняватыя прамяні месяца асвятлялі .. [воблакі] нейкім фантастычным святлом.Новікаў.Самаробная «амуніцыя» некаторых падводных плыўцоў мае часам вельмі фантастычны выгляд.«Маладосць».
5.Разм. Незвычайны, звышнатуральны. Ганс Лемке быў не з палахлівага дзесятка, але тут яго апанаваў страх. Людзей з такой фантастычнай вытрымкай і адвагай перамагчы цяжка.Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГАБЕЛЕ́Н (франц. gobelin),
вытканы ўручную дыван-карціна (шпалера). На пачатку — вырабы парыжскай мануфактуры, заснаванай у 1662 (існуе і цяпер) і вядомай у гісторыі як мануфактура Габеленаў (ад прозвішча майстроў-фарбавальшчыкаў 15 ст., у будынку якіх размяшчалася ткацкая майстэрня). У 17—18 ст.маст. якасці габеленаў зрабілі іх настолькі папулярнымі, што габеленамі сталі называць высокамаст. шпалеры інш.франц., а пазней і еўрап. мануфактур, а ў 19 ст. наогул шпалеры і шчыльныя абівачныя тканіны нават машыннага вырабу, т.зв. габеленавыя тканіны.
Ткалі габелены з каляровых ваўняных і шаўковых, часам сярэбраных і залатых нітак на спец. ручных станках метадам выбарачнага ткацтва (асобнымі часткамі, якія сшывалі танюсенькай шаўковай ніткай). Габелены ўзнаўлялі ўзор або карціну з малюнка (кардону), зробленага мастаком. Асаблівасць габелена — рубчастая паверхня правага боку, якая ствараецца ніткамі асновы, і няроўная паверхня адваротнага боку, створаная швамі і ніткамі ўтку. З-за працаёмкасці вырабу кошт габеленаў быў вельмі высокі, таму аздаблялі імі інтэр’еры каралеўскіх палацаў, асабнякі знаці. Габелены ўзнаўлялі сцэны з жыцця святых і сюжэты рыцарскіх раманаў, у 16 ст. пашыраны сюжэты на біблейскую тэматыку, у 18 ст. — міфалагічныя сцэны і пастаралі, а таксама партрэты і копіі са станковых карцін. У 19 ст.маст. ўзровень габеленаў рэзка знізіўся. З 1930-х г. пачалося адраджэнне габелена на новай мастацка-стылявой аснове. З сярэдзіны 1940-х г. развіццю мастацтва габелена значна садзейнічалі кардоны мастака Ж.Люрса.
На Беларусі ў 17—18 ст. бязворсавыя дываны-карціны выраблялі на ткацкіх мануфактурах у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Альбе, Слоніме, Гродне і інш. Ткачы былі з мясц. прыгонных, майстры і мастакі мясц. і замежныя. Ткалі габелены з раслінным арнаментам, геральдычнымі матывамі, сюжэтнымі кампазіцыямі і партрэтнымі выявамі; выраблялі і абівачную габеленавую тканіну. У 2-й пал. 18 ст. створана серыя габеленаў, прысвечаная роду Радзівілаў («Бітва на рацэ Славечна», «Паланенне Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе» і інш.). На пач. 19 ст. вытворчасць дываноў-карцін спынілася. Адраджэнне бел. габелена прыпадае на 1960-я г. Мастакі стварылі новы тып сучаснага габелена — манументальна-дэкаратыўны: «Чалавек, які пазнае свет» (А.Кішчанка, А.Бельцюкова, Г.Гаркуноў), «Музыка», 6 габеленаў для фае Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, «Чарнобыль», «Габелен стагоддзя» (усе Кішчанкі). Выпускнікі Бел. акадэміі мастацтваў Гаркуноў, В.Грыдзіна, В.Дзёмкіна, Г.Крываблоцкая, В.Крывашэева, В.Маркавец-Бартлава, Л.Пятруль, Н.Пілюзіна, Л.Пуцейка, А.Салохіна, С.Свістуновіч, Л.Сівакова, Л.Скрыпнічэнка, Г.Стасевіч, Н.Сухаверхава, Г.Юзеева-Шаблоўская, Т.Хацановіч-Дарбінян і інш. працуюць пераважна ў галіне дэкар.нац. габелена.
Літ.:
Трызна Д.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
Да арт.Габелен. П.Бондар і Н.Пілюзіна. Беларусь. 1982.Да арг.Габелен. В.Дзёмкіна. Дажынкі. 1994.Да арт.Габелен. Г.Стасевіч. Купалле. 1982.Габелен у інтэр’еры базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў г. Бергама (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗКІ ПРА ЖЫВЁЛ,
адзін з найб. старажытных відаў казачнага эпасу, у сістэме маст. вобразаў якога цэнтр. месца займаюць персанажы жывёльнага свету. У бел. казачным эпасе складаюць 12—14% вядомых запісаў. Прайшлі складаны шлях развіцця ад паляўнічых апавяданняў продкаў, дзе прац. вопыт і трапныя назіранні за прыродай і жывёльным светам спалучаліся з анімізмам і татэмізмам, да сатыр. твораў, у якіх у алегарычнай форме адлюстраваны сац. канфлікты класавага грамадства. Ім уласцівы кампазіцыйная завершанасць, рыфмаваная ці рытмізаваная мова, асабліва ў прыказках-зачынах і канцоўках, шырокае ўжыванне прыказак і прымавак, песень. Характэрныя рысы гэтых казак — займальная ўмоўнасць, лаканічная форма, якая часам набліжае іх да байкі. Разгорнуты дыялог казак стварае магчымасці для імправізацыі. Часта дзеянне будуецца на нарошчванні падзей накшталт славутай казкі пра рэпку (гл.Кумулятыўныя казкі).
Тыповыя персанажы — ліса, воўк, мядзведзь, заяц, сабака, кот, баран, конь, певень і інш. — надзелены рысамі, якія адлюстроўваюць пануючыя ў народзе вобразныя ўяўленні пра гэтых жывёл. ліса заўсёды хітрая, кот мудры, воўк дурны і прагны. Праз гэтыя вобразы раскрываюцца тыповыя характары і якасці людзей, іх сац. і маральна-этычныя адносіны. У казках услаўляюцца тыя, хто стаіць за праўду і справядлівасць, высока ставіць шчырасць і ўзаемадапамогу, асуджае няўдзячнасць, гультайства, прагнасць, выказваюцца крытычныя адносіны народа да служак культу. З тонкім гумарам народ высмейвае фанабэрыстасць, зайздрасць, баязлівасць і інш. недахопы людзей. Мэта такіх казак, спецыяльна разлічаных на дзіцячую аўдыторыю, — пазнаёміць малых з навакольным светам, паказаць прасцейшыя ўзаемаадносіны паміж дзеяннем і яго вынікам.
Бел. казкі — неад’емная частка казачнага эпасу ўсх. славян, яны маюць нямала агульных рысаў з казкамі інш. народаў. Сюжэты такіх казак, як «Пра мужыка і лісу», «Лісічка-сястрычка і воўк», «Каток, пеўнік і ліска», «Дурны воўк», «Каза Дарота», цікава распрацаваны і ў бел., і ў рус., і ўкр. фальклоры. Яны вядомы і ў творчасці інш. народаў свету. Але бел. казкі маюць адметныя рысы, захоўваюць нац. каларыт і непаўторнасць: напр., «Чаму ваўкі званка баяцца», «Бык і ваўкі», «Чалавек і мядзведзь», «Сава і дзяцел», «Музыка і яшчарка», «Варона і рак». Даследчык усх.-слав. казак С.У.Саўчанка называў іх перламі бел. казачнага эпасу і вылучаў іх як адметную з’яву ў фальклоры ўсх. славян. Іх адметнасць падкрэслівалі Я.Ф.Карскі, чэш. фалькларыст І.Поліўка. Найбольш К. пра ж. апублікавана ў зб-ках Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна, М.Федароўскага, яны ўвайшлі ў асобную кн. шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць» «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971), дзе змешчаны 145 варыянтаў розных сюжэтных тыпаў. У архіве Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі захоўваецца больш за 100 тэкстаў, сярод якіх творы на невядомыя раней у бел. фальклоры сюжэты. У наш час гэтыя казкі сталі здабыткам пераважна дзіцячай аўдыторыі.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, ч. 1. М., 1916;
Костюхин Е.А. Типы и формы животного эпоса. М., 1987;
Крук И.И. Восточнославянские сказки о животных. Мн., 1989;
Размешчаны ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. Уключае мемарыяльныя сядзібы Смольня, Акінчыцы, Альбуць, Ласток. Смольня — літ.-мемарыяльны комплекс, за 1,5 км ад в. Мікалаеўшчына. Былая сядзіба Міцкевічаў (родных Я.Коласа), якія жылі тут з 1910. Сюды паэт прыязджаў у 1911—14, 1940, 1947—56. Тут у жн. 1912 ён упершыню сустрэўся з Я.Купалам. На тэр. сядзібы хата, гасп. пабудовы, калодзеж, ліпы, пасаджаныя Я.Коласам у 1911. Экспазіцыя складаецца з літ. і мемарыяльнай частак. У літ.ч. (адкрыта для наведвання 8.6.1967 у 2-павярховым будынку, новая створана ў 1982 да 100-годдзя з дня нараджэння паэта) архіўныя дакументы, фотаздымкі, аўтабіягр. матэрыялы, аўтографы твораў Я.Коласа, асабістыя рэчы і мэбля паэта пасляваен. часу. У мемарыяльнай ч. (адкрыта для наведвання 2.11.1972 у хаце) матэрыялы пра сустрэчу Я.Коласа і Я.Купалы, фотаздымкі, прадметы побыту сям’і Міцкевічаў. На хаце ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Акінчыцы — мемарыяльная сядзіба. У мінулым засценак, потым вёска, з 1977 ў межах г. Стоўбцы. Тут у 1881—83 жыў бацька паэта М.К.Міцкевіч з сям’ёю. Сядзіба адноўлена, на яе тэрыторыі гумно, пограб, калодзеж, хата. Мемарыяльная экспазіцыя адкрыта для наведвання 30.10.1982. Сярод экспанатаў аналагі рэчаў, якімі карысталася сям’я Міцкевічаў, прадметы сял. побыту канца 19 ст. На хаце мемарыяльная дошка: «Тут 3 лістапада 1882 г. нарадзіўся народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)». Альбуць — мемарыяльная сядзіба, за 5 кмПдУ ад г. Стоўбцы. Былая леснічоўка, дзе ў 1890—1904 жыла сям’я Міцкевічаў. Туг прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Я.Коласа (1890—1902), адсюль ён хадзіў у нар. вучылішча ў в. Мікалаеўшчына, тут напісаў першы верш. Альбуць у паэме «Новая зямля» апісана як Парэчча. Сядзіба з пабудовамі адноўлена. У 1990 створана літ.-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы «Новая зямля», якая складаецца з фотаздымкаў прататыпаў герояў паэмы, рукапісаў, выданняў паэмы розных гадоў, прадметаў побыту сялян 19—20 ст. На хаце ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Ласток — мемарыяльная сядзіба, за 12 км ад в. Мікалаеўшчына. Ва ўрочышчы Ласток (Сухошчыне) прайшлі раннія дзіцячыя гады Я.Коласа. Захавалася хата, адноўлены гасп. пабудовы. У 1997 адкрыты 2 пакоі экспазіцыі па матывах паэмы «Сымон-музыка», у якіх экспануюцца копіі рукапісаў паэмы, яе выданні розных гадоў, лісты, дакументы, фотаздымкі, вырабы нар. майстроў Стаўбцоўшчыны, творы бел. мастакоў. Устаноўлена мемарыяльная дошка: «У гэтай хаце ў 1885—1890 гг. жыў вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)».
Літ.:
Мой родны кут. Мн., 1981;
Тумас Г. Родны бераг песняра. Мн., 1982.
З.М.Камароўская.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная хата ў Смольні.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная сядзіба ў Ластку.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная сядзіба ў Акінчыцах.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная сядзіба ў Альбуці.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Фрагмент экспазіцыі мемарыяльнай хаты ў Альбуці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ТЭА́ТР РАДЗІВІ́ЛАЎ,
прыдворны т-ркн.Радзівілаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. ў 1740—91. З 1746 пры кн. Ф.У.Радзівіл аматарскі, у спектаклях побач з прыгоннымі ўдзельнічалі члены княжацкай сям’і, шляхта, кадэты нясвіжскага корпуса (першы спектакль — «Узор справядлівасці»), Паказы ў суправаджэнні Нясвіжскай капэлы Радзівілаў адбываліся ў спец. будынку — «камедыхаўзе» (пабудаваны ў 1747—48, арх. К.Ждановіч).
Паводле інвентара 1767 цэнтр. памяшканнем т-ра была вял. партэрная зала, вырашаная амфітэатрам, над якім размяшчаліся ложы. Сцены і столь былі аздоблены размаляванымі палатнянымі шпалерамі. Сцэна была адгароджана ад залы жоўтай тканай заслонай з выявамі герба Радзівілаў. Абапал сцэны былі хоры для капэлы. Тэатр. залу асвятлялі 53 метал. ліхтары. Спектаклі ставіліся таксама ў Альбе, пад адкрытым небам у «зялёным тэатры» і ў палацы «Кансаляцыя» (пабудаваны ў 1748, арх. М.Педэці, перабудаваны ў 1770-я г.арх. Л.Лутніцкім, рэстаўрыраваны ў 1809 М.Цэйзікам; не захаваўся).
Спектаклі ішлі на польск., італьян., ням. і франц. мовах. У рэпертуары творы Ф.У.Радзівіл: камедыі «Дасціпнае каханне» (1746), «Каханне — зацікаўлены суддзя» (1747), «Убачанае не мінае» (1749), «Гульня фартуны» і «Кансаляцыя ў клопатах» (1750); трагедыі «Суддзя, пазбаўлены розуму» (1748), «Золата ў агні» (1750), «Несумленнасць у пастцы» (1751); оперы «Сляпое каханне не зважае на вынікі» і «Шчаслівае няшчасце» (1752); перакладзеныя і пераробленыя Ф.У.Радзівіл творы Мальера, Вальтэра, балеты, пантамімы. Рэжысёр т-ра Я.П.Фрычынскі (з 1746), балетмайстар Шрэтэр (з 1746), капельмайстры Е.Бакановіч (з 1749), Я.Ценціловіч (з 1751). У 1753—62 кн. М.К.Радзівіл Рыбанька папоўніў трупу нанятымі акцёрамі, стварыў пры капэле Нясвіжскую музычную школу і Нясвіжскую балетную школу, аркестр нар. інструментаў (т.зв. «літоўская музыка»), павялічыў прыдворную капэлу. Тэатр набыў прафес. характар і стаў прыдворным. Рэпертуар папоўніўся творамі Ф.У.Радзівіл, камедыямі Мальера («Маскарыль» і «Сганарэль», 1755; «Жорж Дандэн», 1757, і інш.), Вальтэра («Заіра», 1757), С.Мыцельскага («Парыс» і «Іосіф Патрыярх»), В.Ржавускага («Жалкеўскі» і «Уладзіслаў пад Варнай», 1761), італьян. і ням. камічнымі операмі і балетамі. Тэатр выязджаў у Слуцк, Белае, Жоўкву, Алыку. Пры кн. К.С.Радзівілу Пане Каханку ў 1777—86 у т-ры працавалі антрэпрыза Л.Перажынскага (з 1783; сярод акцёраў К.Аўсінскі, комік Я.Закжэўскі, спевакі В.Ясінскі, М.Вернер, З.Закжэўская, М.Ясінская, М.Перажынская, Т.Маруноўская, М.Лазанская), група італьян. спевакоў, новы склад капэлы (44 чал.), балет (больш за 20 прыгонных танцораў). У рэпертуары балеты А.Пуціні, оперы Дж.Паізіела, Я.Голанда (камічная опера «Агатка, або Прыезд пана», лібр. М.К.Радзівіла), К.В.Глюка («Арфей і Эўрыдыка»; абедзве 1784) і інш. З 1786 т-р працаваў нерэгулярна.
Літ.:
Барышаў Г.І. Тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку // Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 170—180, 215—223.
Да арт.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Сцэна з оперы «Шчаслівае няшчасце». Мастак М.Жукоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЮ́ШКА ((Moniuszko) Станіслаў) (5.5.1819, б. фальварак Убель Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 4.6.1872),
польскі і бел. кампазітар, дырыжор, педагог. Стваральнік польскай нац. класічнай оперы, першых нац.сімф. твораў, класік польск. вак. лірыкі. Пачатковую муз. адукацыю атрымаў у Д.Стафановіча ў Мінску. З 1840 арганіст, дырыжор, выкладчык музыкі ў Вільні, у 1858—72 дырыжор і дырэктар «Т-ра Велькі», з 1864 адначасова праф.Муз. ін-та ў Варшаве. Стварэнне першых вадэвіляў, муз. камедый і камічных опер звязана з Беларуссю. У 1834 мінскімі аматарамі пастаўлены «Канторскія служачыя», у 1841 у Гродне і ў 1843 у Мінску — «Латарэя». На лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча напісаны «Рэкруцкі набор» (з К.Кжыжаноўскім; паст. 1841, Мінск), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» («Сялянка», з Кжыжаноўскім; паст. 1852, Мінск; асобныя нумары — 1994, Нац.акад.т-р імя Я.Купалы). «Сялянка», дзякуючы выкарыстанню ў лібрэта бел. мовы (разам з польскай) і апоры на бел. муз.фальклор, мела вял. значэнне для бел.муз. культуры. М. пастаянна падтрымліваў сувязі з бел. музыкантамі, пісаў пра іх, садзейнічаў выданню іх твораў (даслаў творы Ф.Міладоўскага Ф.Лісту), памагаў атрымаць муз. адукацыю, наладжваў канцэрты, дасылаў у Мінск Стафановічу і Міладоўскаму свае творы. Са сталых опер найб. папулярная «Галька» (1847, паст. 1854, 2-я рэд. 1859; 1856, Мінск; 1975, Дзярж.т-р оперы і балета Беларусі), якая адлюстроўвае сац. канфлікты і мае дэмакр. накіраванасць. Сярод інш. твораў: оперы «Графіня» (1860), «Вербум нобіле» («Слова гонару», 1861), «Страшны двор» (1865; у 1952 упершыню ў СССРпаст.Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, пераклад на бел. мову М.Танка), «Парыя» (1869); балеты «Монтэ-Крыста» (1866), «На пастоі» (1868), «Хітрыкі сатаны» (1870); кантаты. «Мільда» (1848), «Ніёла» (1865), «Крымскія санеты» на словы А.Міцкевіча (1868); месы, 4 «Вострабрамскія літаніі», рэквіем; арк. уверцюры і танцы; 2 стр. квартэты; творы для фп., у т. л. цыкл «Забаўкі» (1843), транскрыпцыі паланэзаў М.К.Агінскага; больш за 400 сольных песень (увайшлі ў 12 «Хатніх спеўнікаў», 12 песень на вершы Я.Чачота), музыка да драм. спектакляў і інш. Творам М. ўласцівы яскравая меладычнасць, лірызм, даступнасць муз. мовы, операм і аперэтам — майстэрства стварэння індывід. характарыстык і будовы масавых, ансамблевых і сольных сцэн. Вытокі яго муз. мовы ў польск. і бел. фальклоры (многія з яго арыгінальных мелодый лічацца народнымі). У Мінску выдадзены зб. рамансаў і песень М. на словы У.Сыракомлі «Ліра мая для спеваў» (1998).
Літ. тв.: Listy zebrane. Kraków, 1969.
Літ.:
Станислав Монюшко. М.; Л., 1952;
Рудзинский В. Монюшко: Пер. с под. М., 1960;
Яго ж. Монюшко и его связи с русской культурой // Русско-польские музыкальные связи. М., 1963;
Мальдзіс А. Станіслаў Манюшка // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963. С. 52—63;
Бравер Л. Продкі і сваякі Манюшкі // Маладосць. 1967. № 9;
Фукс М. Манюшка на Беларусі: Пер. с пол. // Полымя. 1967. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сур’ёзны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца грунтоўнасцю, станоўчасцю ў сваіх думках, учынках, адносінах да жыцця; удумлівы, паважны. Сцяпан — чалавек сур’ёзны, хоць яму ўсяго дванаццаць гадкоў.Колас.Яго [салдата] манера гаварыць, па-мужчынску стрымана і немнагаслоўна, выдавала ў ім чалавека ўжо сталага і сур’ёзнага.Васілевіч.// Які добра ведае сваю справу, удумліва адносіцца да справы. Сур’ёзны вучоны.
2. Які сведчыць пра ўдумлівасць адносін да чаго‑н.; грунтоўны. Звярнуць сур’ёзную ўвагу на дысцыпліну. □ [Лёдзю], напэўна, палохала ягоная [Цімкі] сталасць, сур’ёзны, як ужо ў мужчын, падыход да ўсяго.Карпаў.// Які заслугоўвае даверу; дадзены ўсур’ёз (пра слова, абяцанне).
3. Важны, значны па тэме, зместу, характару; змястоўны. Сур’ёзная музыка. Сур’ёзная кніга. □ Да сур’ёзных размоў Сцяпан не меў пільнай ахвоты.Дадзіёмаў.// Сапраўдны, непадробны. Сур’ёзнае пачуццё.
4. Які заслугоўвае, патрабуе ўвагі з-за сваёй важнасці, значнасці, складанасці. Сур’ёзная праблема. Прыняць сур’ёзнае рашэнне. □ Што і казаць, становішча сур’ёзнае.Быкаў.Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека.Маўр.— Надта сур’ёзныя тут факты, — гаварыў рэдактар.Даніленка.// Які тоіць у сабе небяспечныя вынікі; небяспечны. Сур’ёзная хвароба. □ Рана была не вельмі сур’ёзная.Шахавец.// Істотны; вялікі; значны. Дасягнуць сур’ёзных поспехаў. □ [Сцяпан Іванавіч:] — У падполлі чатыры байцы — сур’ёзная баявая сіла.Новікаў.Ва універсітэцкім гарадку Парыжа мелі месца сур’ёзныя хваляванні.«Звязда».
5. Заняты якімі‑н. думкамі, засяроджаны; задумлівы, невясёлы. Левановіч насупіўся, зрабіўся сур’ёзны і стаў углядацца ўперад у бярэзнік.Пташнікаў.Дзе ж тут стаць сур’ёзнай, не смяяцца, як наўкол рагоча ўвесь народ!..Жычка.// Які выказвае задумлівасць, заклапочанасць. Настачка зрабілася маўклівай, твар яе быў сур’ёзны, задуменны.Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КО́ЛАС Якуб [сапр.Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 3.11.1882, в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) Мінскай вобл. — 13.8.1956], бел. паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Я.Купалам) сучаснай бел. л-ры і ліг. мовы. Нар. паэт Беларусі (1926). Акад.АН Беларусі (1928). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—06 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі р-н) і в. Пінкавічы (Пінскі р-н; абодва Брэсцкая вобл.), у Верхменскім нар. вучылішчы (Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.7.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газ. «Hama ніва» (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.; 1908). 15.9.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—14 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У вер. 1915 мабілізаваны ў армію. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваен. вучылішча (1916, Масква) у званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Перм. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. З вер. 1917 у г. Абаянь (Курская вобл.), настаўнічаў. У 1918 дэмабілізаваны, У 1921 па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літ. камісіі па збіранні вуснай нар. творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У Вял.Айч. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жн. 1941 — ліст. 1943), Маскве. З 1944 у Мінску.
Першыя літ. спробы К. адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рус. мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906). Першы зб. вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Гал. герой зборніка — бел. мужык, які з пачуццём уласнай годнасці апавядае пра свой бяспраўны лёс, выказвае патрабаванні лепшай долі, раскрывае высокія маральныя якасці («Не бядуй!», «Мужык» і інш.). Эстэт. прынцыпы ўвасоблены ў вершах «Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру» і інш. К. значна пашырыў жанравыя магчымасці бел. паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філас. лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). У яго паэзіі арганічна знітаваны лірыка і эпас. Асобныя вершы нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні («Асенні вечар», «Маці» і інш.). К. — адзін з пачынальнікаў маст. прозы ў бел. л-ры (апавяданне «Слабода»). Яго проза разнастайная і ёмістая паводле тэматыкі, ахопу жыццёвых з’яў, з мноствам характараў-тыпаў бел. сялян, вызначаецца непаўторным нац. каларытам (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Майстэрства псіхал. аналізу К. ярка выявілася ў апавяданнях «Васіль Чурыла», «Малады дубок» і інш. Глыбокім філас. зместам і маст. дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды («Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш.). У зб. вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гіст. умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (першыя раздзелы нап. ў турме ў 1911, апубл. ў 1923) філас. асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці бел. народа. У ёй праўдзіва адлюстравана становішча прац. сялянства на рубяжы 19—20 ст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Характары і багацце ўнутр. свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным побыце, у працы, у абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з інш. людзьмі. Важную кампазіцыйную ролю ў ёй адыгрываюць малюнкі прыроды, у з’явах якой аўтар шукае і знаходзіць аналогіі да лёсу чалавека і грамадства. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сял. побыту, паэтызацыі працы, услаўленні духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека працы (Міхал, Антось, Ганна). Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» (1911—25) — твор аб нар. вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драм. матывы ў ёй пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Паэма вызначаецца гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканаласцю паэт. радка, змястоўным выкарыстаннем фальклору. У публіцыстычным адступленні паэмы К. ставіць пытанне пра адметнасць нац. шляху Беларусі, якая апынулася на скрыжаванні розных культур, рэліг. канфесій, геапаліт. памкненняў. Выключнае значэнне для станаўлення жанру бел. рамана мелі «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» як 1-я і 2-я яе часткі; завершана трылогія ў 1954). У трылогіі, напісанай на аўтабіягр. матэрыяле, шырокі ахоп падзей сац.-грамадскага жыцця Беларусі, створана галерэя партрэтаў нац. інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і інш. груп насельніцтва. У ёй яскрава раскрылася майстэрства К. пейзажыста: створаны пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х г., яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—31). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—31, апошняя рэд. 1938), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—56) К. звяртаўся да паказу 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У вершах (зб-кі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), публіцыстычных артыкулах перыяду Вял.Айч. вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм беларусаў, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. За вершы ваен. гадоў Дзярж. прэмія СССР 1946. У 1947 К. завяршыў паэму «Рыбакова хата» (пачата ў 1939, Дзярж. прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе в. Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Зах. Беларусі. К. — адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў па найб. актуальных праблемах грамадска-паліт., культ. і літ. жыцця. Плённа працаваў ён і ў галіне перакладу («Палтава» А.Пушкіна, некат. творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, Р.Тагора і інш.). З імем К. звязана станаўленне норм бел.літ. мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творчасць К. вывучае коласазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі ў шматлікіх тэатрах ставіліся п’есы, трылогія «На ростанях» і інш. творы экранізаваны. Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю.Семянякам, па аповесці «Дрыгва» — опера «У пушчах Палесся» Ю.Багатыровым. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя Я.Коласа, з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа (за творы прозы і літ.-знаўства). Імем К. названы Ін-т мовазнаўства і Цэнтр.навук.б-каНац.АН Беларусі, драм.т-р у Віцебску, вытв.паліграф. прадпрыемства ў Мінску, б-кі, школы, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску (з філіялам, гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), літ.-этнагр. музеі ў Люсіне і Пінкавічах, створаны Коласаўскі заказнік. Помнікі К. пастаўлены ў Мінску на плошчы яго імя і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на. У Нац.АН Беларусі існуе мемарыяльны пакой К. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд К.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—7. Мн., 1952;
Зб. твораў. Т. 1—12. Мн., 1961—64;
Зб. твораў. Т. 1—14. Мн., 1972—78;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1-4. М., 1982—83.
Літ.:
Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;
Адамовіч [Антон]. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен, 1955;
Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра. Мн., 1961;
Казбярук У.М. Якуб Колас у школе. 2 выд.Мн., 1975;
Яго ж. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле’ славянскіх традыцый. Мн., 1979;
Пшыркоў Ю.С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Мн., 1982;
Рагойша В.П. Пераклаў Якуб Колас. Мн., 1972;
Навуменка І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2 выд.Мн., 1981;
Кісялёў Г.В. З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы. Мн., 1982;
Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мн., 1982;
Мушынскі М.І. Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Мн., 1965;
Яго ж. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Каласавіны: Зб.навук. прац з нагоды дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Мн., 1986;
Ярош М.Р. Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці. Мн., 1988;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 107-й гадавіне з дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа і 30-годдзю адкрыцця музея песняра. Мн., 1989;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 65-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка». Мн., 1990;
Жураўлёў В. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991;
Якуб Колас у творчасці мастакоў. Мн., 1982;
Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983;
Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 3. Мн., 1994.
У.М.Казбярук.
Я.Колас. 1908.Я.Колас з жонкай і сынам. Перм. 1917.Я.Колас. 1948.Я.Колас (у цэнтры) і іншыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у пісьменнікаў Ленінграда. 1947.Я.Колас з Я.Купалам, П.Броўкам, З.Бядулем. Масква. 1939.Да арт. Я.Колас. Думы пра Беларусь. Маст. С.Федарэнка. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГНЕР ((Wagner) Вільгельм Рыхард) (22.5.1813, г. Лейпцыг, Германія — 13.2.1883),
нямецкі кампазітар, дырыжор, муз. пісьменнік. Выхоўваўся ў артыстычнай сям’і, з ранніх гадоў захапляўся т-рам. З 1834 капельмайстар у оперных т-рах Магдэбурга, Кёнігсберга, Рыгі. У 1839—42 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Берліёзам, Ф.Лістам і Дж.Меерберам. З 1843 дырыжор Прыдворнай оперы ў Дрэздэне. За ўдзел у Дрэздэнскім паўстанні 1849 абвешчаны дзярж. злачынцам. Пасля вымушанай эміграцыі жыў з 1864 у Мюнхене, з 1872 у Байройце, дзе па яго ініцыятыве пабудаваны Байройцкі тэатр. Яго светапогляд фарміраваўся пад уздзеяннем грамадска-паліт. падзей 1830—40-х г. Рэфарматар оперы, стваральнік муз. драмы, таленавіты паэт-драматург (лібрэтыст усіх сваіх опер), муз. публіцыст і тэарэтык муз.т-ра, заснавальнік (побач з Берліёзам) сучаснага мастацтва дырыжыравання. У літ. трактатах «Мастацтва і рэвалюцыя» (1849), «Мастацкі твор будучага» (1850), «Опера і драма» і «Зварот да маіх сяброў» (1851) Вагнер сфармуляваў асн.тэарэт. палажэнні сваёй опернай творчасці: неабходнасць стварэння універсальнага маст. твора, закліканага маральна ўздзейнічаць на масавую аўдыторыю; прызнанне за муз. драмай магчымасці дасягнення такога універсалізму шляхам сінтэзу мастацтваў (пластычнага, выяўл., паэт. і музычнага); патрэбнасць муз. драмы ў абагульненым, заснаваным на вечных філас эстэт. катэгорыях сюжэце, асновай якога, на яго думку, можа стаць толькі міф. Сюжэтныя матывы Вагнер браў пераважна з айч. міфаў і паданняў і, апрацоўваючы іх, раскрываў у алегарычнай форме трагедыю сучаснага яму жыцця. У лепшых творах эпічны размах, шчодрая маляўнічасць спалучаюцца з псіхал. экспрэсіўнасцю і філас. глыбінёй музыкі. Цалкам адмаўляючыся ад традыц. падзелу оперы на нумары, зліваючы рэчытатыўна-дэкламацыйны пачатак з арыёзным, Вагнер стварыў новы своеасаблівы тып опернай мелодыкі («бясконцая мелодыя»), разам з якой скразному разгортванню музыкі садзейнічае аркестравая партыя, засн. на перапляценні разнастайных лейтматываў. Узбагаціў аркестр новымі гучаннямі, унёс у гармонію незвычайныя мадуляцыі, храматызмы, складаныя акордавыя комплексы. Вак.-сімфанічны стыль мыслення, наватарская гармонія і аркестроўка (тэмбравая драматургія) Вагнера вельмі моцна паўплывалі на далейшае развіццё еўрап. музыкі ў цэлым.
Тв.:13 опер, у т. л. «Лятучы галандзец» (паст. 1843), «Тангейзер» (паст. 1845), «Лаэнгрын» (паст. 1850), тэтралогія «Пярсцёнак нібелунга» (паст. 1876; муз. драмы «Золата Рэйна», 1869; «Валькірыя», 1870; «Зігфрыд» і «Гібель багоў», 1876); «Трыстан і Ізольда» (1865), «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» (1868), «Парсіфаль» (1882); 7 п’ес да «Фауста» І.В.Гётэ (1832); сімфонія (1832), уверцюры, маршы; ідылія «Зігфрыд» (1870) для малога сімф. арк; хары, рамансы, фп. п’есы.
Літ. тв.: Рус.пер. — Моя жизнь: Мемуары. Т. 1—4. СПб., 1911—12; Избр. работы. М., 1978.
Літ.:
Грубер Р.И. Рихард Вагнер, 1883—1933. М., 1934;
Чайковский П.И. Вагнер и его музыка // Полн. собр. соч.М., 1953. Т. 2;
Друскин М. Вагнер. 2 изд., М., 1963;
Рихард Вагнер: Ст. и материалы. М., 1974;
Левик Б.В. Р.Вагнер. М., 1978;
Галь Г. Брамс;
Вагнер;
Верди: Три мастера — три мира. М., 1986;
Рихард Вагнер: Сб. ст.М., 1987;
Overhoff K. Die Musikdranas R.Wagners. Leipzig, 1967;
Fischer-Dieskau D. Wagner und Nietzsche: der Mystagoge und sein Abtrünniger. Stuttgart, 1974;
Gregor-Dellin M. R. Wagner. München, 1980;
Richard-Wagner-Handbuch. Stuttgart, 1986;
Barth H. Internationale Wagner: Bibliographie, 1956—1960. Bayreuth, 1961.