ЛЮТАСЛА́ЎСКІ (Lutosławski) Вітольд
(25.1.1913, Варшава — 7.2.1994),
польскі кампазітар, дырыжор. Чл. многіх АМ, ганаровы д-р некалькіх ун-таў. Адзін з буйнейшых польск. кампазітараў 20 ст. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю па класе фп. (1936) і кампазіцыі (1937). У 1932—55 выступаў як піяніст, з 1935 і дырыжор з выкананнем уласных твораў. У 1940-я г. працаваў у кірунку, блізкім да неакласіцызму (1-я сімфонія, 1947), сінтэзаваў яго стылістычныя рысы з нар. ладавым мысленнем («Сілезскі трыпціх», 1951; «Канцэрт для аркестра», 1954). 3 пач. 1960-х г. выкарыстоўваў свабодна трактаваную 12-тонавую серыю («Жалобная музыка» памяці Б.Бартака, 1960), абмежаваную, ці кантраляваную, алеаторыку («Венецыянскія гульні», 1960; «З паэмы Анры Мішо», 1963; стр. квартэт, 1964; 2-я сімфонія, 1967; «Кніга для аркестра», 1968). Музыку 1970—80-х г. вызначаюць павелічэнне эмацыянальнага дыяпазону, жанравая канкрэтнасць (Канцэрт для габоя, арфы і 11 струнных, 1980; «Дыялог для скрыпкі з аркестрам «Chain II», 1985). З 1959 віцэ-прэзідэнт Міжнар. т-ва муз. выхавання (ISME), у 1965—69 — Міжнар. т-ва сучаснай музыкі. 1-я прэміі Міжнар. трыбуны кампазітараў ЮНЕСКА 1959, 1964, 1968, 1985, прэміі Міжнар. муз. савета пры ЮНЕСКА 1983, 1985. Дзярж. прэміі Польшчы 1952, 1955, 1964, 1978.
Літ.:
Pociej B. Lutosławski a wartość muzyki. Kraków, 1976;
Kaczyński T. Rozmowy z Witoldem Lutosławskim. Wrocław, 1993.
т. 9, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)