ПАЛЕСТРЫ́НА ((Palestrina) Джавані П’ерлуіджы да) (1525 ці 1526, г. Палестрына, Італія — 2.2.1594),

італьянскі кампазітар; заснавальнік рымскай школы. Музыцы вучыўся ў царкве Санта-Марыя Маджорэ ў Рыме, дзе спяваў у хоры хлопчыкаў. З 1544 арганіст і капельмайстар гал. царквы г. Палестрына, з 1551 у Рыме: узначальваў капэлы цэркваў Сан-Джавані ін Латэрана (1555—60), Санта-Марыя Малжорэ (1561—66), капэлу сабора св. Пятра ў Ватыкане (да 1555 і ў 1571—94). У час, калі каталіцкая царква патрабавала выгнання з царк. музыкі свецкіх і нар. напеваў, спрашчэння поліфанічнай тэхнікі, ствараў рознабакова дасканалае поліфанічнае мастацтва, заснаванае на гарманічнай аснове. Увабраў дасягненні нідэрландскай школы, вызначыў пераход ад поліфаніі да гамафоніі. Яго творы для хору a cappella — вяршыня хар. поліфаніі строгага стылю. Высакародна-велічная музыка П., звязаная з духоўнай тэматыкай, адлюстравала гуманіст. рысы эпохі Адраджэння. Зрабіў вял. ўплыў на творчасць сучаснікаў і паслядоўнікаў, асабліва ў Італіі і Іспаніі. Аўтар каля 100 мес, у т.л. «Меса папы Марчэла» (1555), больш як 370 матэтаў, 68 аферторыяў, літаній, магніфікатаў, духоўных і свецкіх мадрыгалаў. Збор твораў П. выдадзены ў Лейпцыгу (т. 1—33, 1862—1903) і Рыме (т. 1—36, 1939—87).

Літ.:

Иванов-Борецкий М.В. Палестрина. М., 1909;

Ferraci E. Palestrina. Roma, 1960;

Bianchi L, Fellerer K.G. G.P. da Palestrina. [Torino, 1971].

Дж.Палестрына.

т. 11, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)