АЗЁРАЗНА́ЎСТВА, лімналогія,

галіна гідралогіі; навука пра кантынентальныя вадаёмы запаволенага водаабмену (азёры, вадасховішчы, сажалкі). Вывучае комплекс узаемазвязаных фіз., хім. і біял. працэсаў у вадаёмах; даследуе азёрныя катлавіны, донныя адклады, водны баланс і рэжым узроўню, тэрміку, лядовыя і аптычныя з’явы, гідрахімію, рух азёрнай вады, берагі, рыбапрадукцыйнасць і інш. Выкарыстоўвае метады геахіміі, геафізікі, геалогіі, гідрабіялогіі, вынікі лабараторных аналізаў станцый і пастоў сістэмы Гідраметслужбы, аэрафотаздымку.

Заснавальнік навуковага азёразнаўства — швейц. вучоны Ф.​А.​Фарэль (1885; працы па тэорыі і методыцы азёразнаўства). У развіцці азёразнаўства вял. значэнне маюць працы рус. вучоных Дз.​М.​Анучына (вывад аб сувязі азёраў з усімі кампанентамі ландшафтаў), Л.​С.​Берга (апісанні азёраў Зах. Сібіры, Аральскага, Ісык-Куля) і А.​І.​Ваейкава (выявіў сувязь вагання ўзроўню вял. азёраў з іх водным балансам і інш.). На Беларусі першыя гідралагічныя даследаванні азёраў праведзены А.​М.​Семянтоўскім (у 1872 апублікаваў гідралагічны агляд Віцебскай губ.).

Сістэматычнае вывучэнне азёраў пачалося з арганізацыі н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (1928). Комплексныя даследаванні азёраў праводзяцца на біял. і геагр. ф-тах БДУ (складанні азёрнага кадастру, прыродна-гасп. класіфікацыі, стварэнне ахоўных тэрыторый на базе азёраў), выконваюцца маніторынгавыя даследаванні па міжнар. праграме «Чалавек і біясфера». Н.-д. лабараторыя азёразнаўства БДУ (з 1968) комплексна даследавала больш як 500 азёраў і 20 вадасховішчаў (вывучаны гісторыя развіцця ў галацэне, вызначана іх генетычная прыналежнасць, законы азёрнай седыментацыі; В.​П.​Якушка). У ін-тах геал. навук і праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі вывучаюцца азёры як аб’екты намнажэння сапрапеляў. У вытв. мэтах азёры і вадасховішчы даследуюцца ў Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі даследаванняў улічваюцца ў рыбнай гаспадарцы, энергетыцы, курортнай справе, водазабеспячэнні, меліярацыі, здабычы карысных выкапняў і інш.

В.​П.​Якушка.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАНА́СІЙ БРЭ́СЦКІ (Афанасій Філіповіч; каля 1595, Брэстчына — 15.9.1648),

святы бел. правасл. царквы, пісьменнік-публіцыст, паліт. і царк. дзеяч. З сям’і незаможнага шляхціца. Меў даволі добрую адукацыю. У 1622 канцлер ВКЛ Леў Сапега прызначыў яго выхавацелем Я.​Лубы, якога польскія прыдворныя выдавалі за рус. царэвіча, прэтэндэнта на маскоўскі трон. У 1627 пастрыгся ў манахі пры віленскім Святадухаўскім манастыры. Жыў у манастырах Куцеінскім (пад Оршай), Міжгорскім (пад Кіевам), Дубайскім, Купяціцкім (каля Пінска); у 1640—41 ігумен Сімяонаўскага манастыра ў Брэсце. У 1637—38 ездзіў да рус. цара, у спец. рэляцыі «Гісторыя падарожжа ў Маскву» расказаў пра цяжкае становішча правасл. насельніцтва Беларусі і Украіны ў складзе Рэчы Паспалітай. За супрацьдзеянне Брэсцкай уніі 1596, рэзкія выпады ў адрас караля ў 1643 сасланы ў Кіеў, у 1644 арыштаваны як «дзяржаўны злачынца» па справе Я.​Лубы. З варшаўскай турмы накіраваў каралю шэраг артыкулаў з крытыкай палітыкі Рэчы Паспалітай, царк. іерархаў і свецкіх магнатаў. Выступаў за адраджэнне правасл. царквы і саюз з Рус. дзяржавай. Праз год пасля выхаду на волю (1648) зноў арыштаваны і абвінавачаны ў аказанні дапамогі казакам Б.​Хмяльніцкага. Пасля здзекаў і жорсткіх катаванняў па прыгаворы суда быў расстраляны. Аўтар «Дыярыуша» (1646), які змяшчае ўсю яго публіцыстыку і напеў (запісаны кіеўскай 5-лінейнай натацыяй) гімнападобнага канта — аднаго з найб. ранніх нотных запісаў у бел. музыцы. Кананізаваны царквой паміж 1658 і 1666. Мошчы Афанасія Брэсцкага знаходзяцца ў Брэсце. У яго памяць пабудаваны капліца ў в. Гершоны Брэсцкага р-на, а ў Гродзенскім Барысаглебскім манастыры — царква (не захавалася).

Літ.:

Коршунов А.Ф. Афанасий Филипович: Жизнь и творчество. Мн., 1965;

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.

А.​А.​Цітавец.

Афанасій Брэсцкі.

т. 2, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВА́Ч (Платон Раманавіч) (18.4.1903, в. Пабокавічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1937),

бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1926). У 1922—23 інструктар Барысаўскага павятовага к-та камсамола, з 1926 заг. аргаддзела, з 1928 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ, у 1929—30 нам. наркома асветы БССР. Быў рэдактарам газ. «Чырвоная змена», час. «Маладняк», «Полымя». У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Дробязі жыцця» (1927), «Хочацца жыць» (1930), «Апавяданні» (1934), нарыса пра буд-ва Беламорска-Балтыйскага канала «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» (1934). У апавяданнях пісаў пра грамадз. вайну і класавую барацьбу на вёсцы, выкрываў «ворагаў народа», рэліг. забабоны, старое вясковае жыццё. Яны вызначаюцца гуманіст. пафасам, псіхалагізмам, вастрынёй канфліктаў. У аповесцях ставіў праблему даверу да чалавека («Вінаваты», нап. 1929), адлюстроўваў калектывізацыю бел. вёскі («Спалох на загонах», 1930), паказваў барацьбу супраць польскіх акупантаў («Носьбіты нянавісці», 1936, «Яны не пройдуць!», 1937). Аналітычна, шматпланава паказаў рэчаіснасць ад пярэдадня 1-й сусв. вайны да калектывізацыі ў рамане «Праз гады» (1934): перадаў паэзію вясковай працы, сял. любоў да зямлі, сац. і псіхал. складанасць ломкі старога жыццёвага ўкладу, псіхалогіі людзей. Аўтар публіцыст. і літ.-крытычных артыкулаў. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—30. Чл. ЦВК БССР у 1927—35.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1958;

Пісьмы Платона Галавача // Полымя. 1963. № 4;

Праз гады. Мн., 1992;

Спалох на загонах. Мн., 1996.

Літ.:

Булацкі Р.В., Карніловіч Э.А. Платон Галавач — публіцыст. Мн., 1973;

Бугаёў Дз. З кагорты першых // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;

Луфераў М. Платон Галавач // Гісторыя беларускай савецкай літаратуры, 1917—1940. Мн., 1981.

Дз.​Я.​Бугаёў.

П.Р.Галавач.

т. 4, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАДО́Т (Hērodotos; каля 485, г. Галікарнас, цяпер г. Бадрум, Турцыя — каля 425 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык. Паходзіў са знатнага роду. У юнацтве ўдзельнічаў у барацьбе супраць тыраніі, пасля яе ўсталявання пакінуў радзіму, жыў на в-ве Самас. Шмат падарожнічаў, наведаў Вавілон, Фінікію, Егіпет, Кірэну, Фракію, Сіцылію, узбярэжжа Чорнага м., дзе збіраў звесткі пра скіфаў. Доўгі час жыў у Афінах, быў блізкі да Перыкла, каля 443 да н.э. перасяліўся ў г. Фурыі (Паўд. Італія). Асн. яго твор «Гісторыя» (назва ўмоўная) прысвечаны грэка-персідскім войнам (500—449 да н.э.); падзеі ў ім выкладзены да ўзяцця грэкамі г. Сест у 478 да н.э. Апісаў гісторыю краін і народаў Персідскай дзяржавы, іх побыт і культуру, даў геагр. звесткі і першае сістэматычнае апісанне жыцця і побыту скіфаў, а таксама неўраў, што жылі ў бас. Прыпяці. Названы сучаснікамі «бацькам гісторыі». Пазней вучоныя падзялілі яго твор на 9 кніг і кожную назвалі імем адной з 9 муз. 4-я кніга — «Мельпамена» прысвечана Скіфіі і яе наваколлю. Гэта самая ранняя пісьмовая крыніца звестак і пра насельніцтва тэр. Беларусі, з якім звязваюць герадотавых неўраў і будзінаў.

Тв.:

Рус. пер. — история. Кн. 1—9. М., 1993;

У кн.: Геродот. Греко-персидские войны... М., 1994.

Літ.:

Лурье С.Я. Геродот. М.; Л., 1947;

Доватур А.И., Каллистов Д.П., Шишова И.А. Народы нашей страны в «Истории» Геродота. М., 1982;

Рассадзін С.Я. Герадотавы андрафагі // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1992. № 3—4;

Яго ж. Будзіны, неўры ці скіфы?: Прабл. дачынення Герадотавых плямёнаў да тэрыторыі Беларусі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён: Зб. арт. Мн., 1992.

Герадот. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХОДНЕРУСІ́ЗМ,

кірунак грамадска-паліт. думкі ў 19 — пач. 20 ст. Быў пашыраны сярод гар. насельніцтва (інтэлігенцыя, дзярж. служачыя, правасл. духавенства і інш.), пераважна на У Беларусі. Прадстаўнікі кансерватыўнага кірунку З. (К.​Гаворскі) лічылі этнічныя асаблівасці беларусаў вынікам польска-каталіцкага ўплыву, які перашкаджаў аднаўленню «спрадвечна-рускага характару краю». Прыхільнікі ліберальна-памяркоўнага кірунку З. (М.​Каяловіч, А.​Пшчолка) прызнавалі гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але адмаўлялі магчымасць яе нац.-культ. і дзярж. самавызначэння. За беларусамі прызнавалася толькі права на этнаграфічнае развіццё — на «мясцовы дыялект, на народную песню, і, наогул, на вясковы быт». Найб. сістэматызаванае абгрунтаванне З. атрымаў у працах М. Каяловіча «Лекцыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1864), «Гісторыя рускай самасвядомасці» (1884). Арыентацыі на З. ў пытаннях нац.-культ. развіцця Беларусі, неабходнасці яе «больш цеснага яднання з астатняй Руссю» прытрымліваліся Л. і І.​Саланевічы, І.​Бажэлка, Л.​Паеўскі, часткова А.​Сапуноў, Я.​Карскі, Е.​Раманаў і інш. Праваднікамі З. былі час. «Вестник Западной России», газеты «День», «Минское русское слово» (1912—13) і інш. Ідэалогія З. была пакладзена ў аснову практычнай дзейнасці такіх грамадскіх аб’яднанняў, як «Селянін», «Беларускае таварыства», «Саюз беларускай дэмакратыі», «Беларускі народны камітэт», «Рускае ўскраіннае таварыства» і інш., а таксама мясц. арг-цый «Саюза рускага народа» і «Саюза 17 кастрычніка», дзейнасць якіх была накіравана супраць бел. нац.-вызв. руху. У сваіх друкаваных органах — час. «Крестьянин», газеты «Окраины России» (1906—12), Масква, «Белорусский вестник» — яны імкнуліся паказаць неаддзельнасць гісторыка-культ. лёсу Беларусі ад лёсу Расіі.

Літ.:

Цьвікевіч А. «Западно-руссизм». Нарысы з гісторыі грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд. Мн., 1993;

Самбук С.М. Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1976.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЯЎЛЕ́ВІЧ (Яўлевіч) Ігнацій

(26.9.1619, г. Магілёў — каля 1686),

бел. педагог-асветнік, пісьменнік, грамадскі і царк. дзеяч. Першапачатковую адукацыю атрымаў у г. Шклоў. Вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе, тэалогію і медыцыну вывучаў у Замойскай акадэміі (Польшча). Працаваў выкладчыкам у Кіева-Магілянскай калегіі, быў прафесарам свабодных навук. Разам з рэктарам гэтай калегіі С.​Пачаскім удзельнічаў у арганізацыі ў Ясах (Румынія) славяна-грэка-лацінскай акадэміі (адкрыта ў 1640). У 1647 пастрыгся ў Кіеве ў манахі. Жыў у Львове, Ярославе (у Галіцыі), Кракаве, Скіце, Камянцы, Сочаве (Валахія), Оршы і інш. З 1655 у Полацку, быў ігуменам Богаяўленскага манастыра, пры якім адкрыў школу і бібліятэку. З 1660 таксама архімандрыт Полацкага Барысаглебскага манастыра. Апекаваўся мясц. паэтамі Ф.Утчыцкім і Сімяонам Полацкім, падтрымліваў прыязныя адносіны з рус. дзярж. і культ дзеячамі Ф.​Рцішчавым і А.​Ардын-Нашчокіным. У час прыезду ў Полацк цара Аляксея Міхайлавіча (1656) выступіў з прамовай. Удзельнік Маскоўскага царк. сабора 1660 па справе патрыярха Нікана. Апошнія звесткі пра І. ў перапісцы з маскоўскім патрыярхам Іаакімам за студз.сак. 1686. З літ. спадчыны І. дайшла яго аўтабіягр. запіска (на польск. мове, апубл. С.​Голубевым у 1886), у якой важныя матэрыялы па гісторыі гар. адукацыі 2-й чвэрці 17 ст., культ. і пед. узаемасувязі бел. і ўкр. народаў. Захаваліся яго прамовы з нагоды розных рэліг. і паліт. падзей, некалькі лістоў да Сімяона Полацкага. Вядомы яго дэкламацыя на прыезд у Магілёў віцебскага, аршанскага, мсціслаўскага і магілёўскага епіскапа Іосіфа Гарбацкага (4.8.1650), некалькі вершаў на ўзор элегій Авідзія. У паэзіі І. яскрава выяўлены рысы сілабізму.

Літ.:

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1968. Т. 1. С 363—364.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСА́ВІН (Леў Платонавіч) (13.12.1882, С.-Пецярбург — 20.7.1952),

рускі філосаф, гісторык-медыявіст; адзін з ідэолагаў еўразійства. Брат Т.П.Карсавінай. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906), з 1918 яго прафесар. У 1922 высланы за мяжу. Жыў у Берліне, Парыжы; з 1928 праф. ун-таў у Каўнасе і Вільні. У 1949 арыштаваны па абвінавачанні ў антысав. дзейнасці, прыгавораны да 10 гадоў зняволення. Памёр у лагерным шпіталі ў Комі АССР. Імкнуўся стварыць цэласную сістэму хрысц. светапогляду пад уплывам раннехрысц. вучэнняў і рус. рэліг. філасофіі 19 ст. Катэгорыю ўсеадзінства (уведзена У.​С.​Салаўёвым) дапоўніў паняццем трыадзінства (быццё як адлюстраванне боскай траістасці і адначасова як дыялектычны працэс: «першаадзінства» — «самараз’яднанне» — «самаўз’яднанне»). Падобны падыход характэрны і для яго вучэння пра асобу. Свет, паводле К., гэта ўсеадзіная сімфанічная асоба (уяўляе сабой адзінства індывід. быцця і іншабыцця), або іерархічнае адзінства сімфанічных асоб рознага парадку. Кожная сімфанічная сац. асоба (сям’я, народ, культура) — гэта недасканалае выражэнне вышэйшай боскай асобы. Сэнс і прызначэнне асобы бачыў у пераадоленні недасканаласці праз яднанне з боскай рэчаіснасцю як носьбітам адзінства. Сярод прац: «Каталіцтва» (1918), «Усход, Захад і руская ідэя» (1922), «Аб пачатках (Вопыт хрысц. метафізікі)» (1925), «Пра асобу» (1929). Як гісторык даследаваў еўрап. сярэдневякоўе; з’яўляецца адным з першых рус. папярэднікаў т. зв. гіст. антрапалогіі — кірунку ў сучаснай еўрап. гіст. навуцы: «Культура сярэдніх вякоў» (1914), «Асновы сярэдневяковай рэлігійнасці...» (1915), «Гісторыя еўрапейскай культуры» (т. 1—5, 1931—36).

Тв.:

Религиозно-философские сочинения. Т. 1. М., 1992;

Монашество в средние века. М., 1992;

Философия истории. СПб., 1993;

Малые сочинения. СПб., 1994.

Літ.:

В память о Л.​П.​Карсавине. Брюссель, 1990;

Историк-медиевист — Л.​П.​Карсавин (1882—1952). М., 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЎЧЫК (Гальяш) (сапр. Ляўковіч Ілья Міхайлавіч; 20.7.1880, г. Слонім Гродзенскай вобл.вер. 1944),

бел. пісьменнік. Скончыў Слонімскае пав. вучылішча. З 1896 служыў у Слоніме ў канцылярыі міравога суддзі, пісарам у каморніка. У 1904—14 чарцёжнік у магістраце Варшавы. З 1907 супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Спрыяў дзейнасці Бел. студэнцкага зямляцтва ў Варшаве, у 1912—14 чл. Варшаўскага бел. гуртка. З сярэдзіны 1920-х г. супрацоўнічаў з Амер. місіяй метадыстаў, пераклаў на бел. мову спеўнікі («Божая ліра», 1933). Пісаў для дзіцячага час. «Заранка» (1927—31). У Варшаве і Слоніме меў багатую б-ку. Калекцыяніраваў публікацыі пра Беларусь, кераміку. Маляваў, іграў, спяваў, збіраў фальклор. Сабраў унікальныя дакументы пра Слонім і Слонімшчыну. З 1908 друкаваў вершы ў «Нашай ніве». У 1912 выдаў у Вільні зб. паэзіі «Чыжык беларускі». Яго рамант. вобразы-сімвалы — алегарычнае ўвасабленне ўціску, крыўды і зла. Асуджэнне адшчапенцаў, прыгнятальнікаў і прыстасаванцаў выказаў у вершы «Хто адрокся сваіх». Асуджаў рэжым польск. улад у Зах. Беларусі. Выступаў за свабоду роднага слова («Душыцелям слова», нап. 1927). Цяжар нар. трагедыі паказаў у «Калыханачцы» («Песні аб астрожнай долі», 1926). У 1932 напісаў філас.-медытацыйныя паэмы ў прозе «Хараство» і «Чалавек». У публіцыстыцы выступаў за права беларусаў на сваю культуру. Перакладаў на бел. мову творы А.​Міцкевіча, М.​Канапніцкай, Ю.​Славацкага, М.​Някрасава і інш. Яго зб. «Беларускі жаваранак» не выйшаў з друку (копія ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў б-кі імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі).

Тв.:

Доля і хлеб: Выбр. тв. Мн., 1980.

Літ.:

Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;

Пятроўскі Я. Мэмуары. Кн. 1. Слуцак;

Гейнсвіль, 1988;

Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. 2 выд. Мн., 1989.

І.​У.​Саламевіч.

Г.Леўчык.

т. 9, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МДЫВА́НІ (Андрэй Юр’евіч) (н. 1.10.1937, Тбілісі),

бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969, клас А.Багатырова), з 1978 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1993 праф.). Найб. значныя дасягненні ў галінах сцэн., аркестравай (сімфанічнай і для нар. інструментаў) і хар. музыкі. Асн. тэмы творчасці — гісторыя і сучаснасць, філас. ідэі і канцэпцыі, своеасабліва звязаныя з нац. праблематыкай. Адметная рыса стылю — накіраванасць на прыгажосць. Як мастак належыць да экспрэсіўнага крыла рамантызму, узбагачанага практыкай 20 ст. У галіне сімф. музыкі — прыхільнік высокага сімфанізму, адзін з заснавальнікаў праграмнай сімфоніі на нац. тэматыку; у харавой музыцы аднавіў на новай аснове традыцыі візант. песнапення і правасл. спеву, стварыў падставу для фальклорна арыентаванага кірунку; у музыцы для нар. аркестра — жанрыст, стваральнік нар.-арк. сімфанізму. Яго тэатр. музыцы ўласцівы яскравая вобразнасць і эмац. спалучэнне эпічнасці з напружаным дынамізмам і кантрастнасцю. Індывід. стыль М. характарызуюць тэатральнасць мыслення, змястоўнасць і глыбіня маст. задум, каларыстычнасць, прыгажосць інтанавання і выразнасць муз. мовы. Сярод твораў: балет «Страсці» («Рагнеда», паст. 1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996), муз. камедыя «Дзяніс Давыдаў» (паст. 1982, Саратаў; 1985. Мінск), араторыі «Ванька-Устанька» (1972), «Вольнасць» (1977); 8 сімфоній (1969—99, у т. л. 5-я «Памяць Зямлі» для нар. арк., 1984, і 6-я «Полацкія пісьмёны», 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988), канцэрты для віяланчэлі з арк. (1980), для арк. (1981), уверцюры, паэмы, п’есы для сімф. арк., п’есы для стр. і нар. арк., хар. цыклы «Снапочак», «Вясельныя песні», «Вясельнае застолле», «Янка Купала», «Русь святая» для хору a capella, канцэрты «Прымхі», «Паўночныя кветкі» для хору з суправаджэннем; вак. цыклы, рамансы, музыка для драм. т-ра і кіно.

А.Ю.Мдывані.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМУА́РЫ (франц. mémoires ад лац. memoria памяць),

твор, змест якога — успаміны аўтара пра мінулае, пэўныя падзеі, удзельнікам або сведкам якіх ён быў. Да М. належаць літ. партрэты дзеячаў культуры і навукі, нататкі, напісаныя як успаміны; набліжаюцца дзённікі, аўтабіяграфіі і дакументальная літаратура.

Узоры М. — «Новае жыццё» Дантэ, «Споведзь» Ж.​Ж.​Русо, «Былое і думы» А.​Герцэна, «Гісторыя майго сучасніка» У.​Караленкі. На Беларусі М. паявіліся ў канцы 16—1-й пал. 17 ст. («Дзённік Ф.​Еўлашоўскага», «Дыярыуш» А.​Філіповіча). У новай бел. л-ры вядомы М.: «З папераў Альгерда Абуховіча», М.​Хведаровіча «Памятныя сустрэчы». М.​Лужаніна «Вачыма часу», Я.​Скрыгана «Некалькі хвілін чужога жыцця», Л.​Геніюш «Споведзь», С.​Грахоўскага «Зона маўчання», П.​Пруднікава «Далёкае, але незабытае». Культ. жыццю Беларусі прысвечаны мемуарныя творы П.​Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця», З.​Азгура «Незабыўнае», Я.​Рамановіча «Знаёмыя сілуэты», а таксама шматлікія зб-кі ўспамінаў пра Я.​Купалу, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, Ц.​Гартнага, М.​Лынькова, І.​Мележа, В.​Таўлая, Ў.​Галубка, Р.​Шырму і інш. Падзеі Вял. Айч. вайны на Беларусі адлюстраваны ў зб-ках «Буг у агні», «Гераічная абарона», «У баях за Беларусь», «У лясах Беларусі», кнігах В.​Казлова «Людзі асобага складу», У.​Лабанка «У баях за Радзіму», Р.​Мачульскага «Вечны агонь», П.​Калініна «Партызанская рэспубліка», В.​Дзенісевіча «Арлінае племя», а таксама мемуарных творах ваен. дзеячаў А.​М.​Васілеўскага, Г.​К.​Жукава, К.​К.​Ракасоўскага і інш.

Літ.:

Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. Мн., 1983;

Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982;

Савецкая Беларусь ва ўспамінах сучаснікаў Анатаваны паказ. мемуар. літ. 1917—1972 гг. Мн., 1973;

Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі // Склад Л.​Юрэвіч. Нью-Ёрк, 1999.

А.​К.​Гардзіцкі.

т. 10, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)