ураўненне, якое звязвае шуканую функцыю і інтэграл ад яе. Да І.ў. зводзяцца шматлікія задачы фізікі, краявыя задачы, задачы на адшуканне ўласных значэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Тэорыя І.ў. зарадзілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў нетрах тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і матэм. фізікі пасля прац матэматыкаў італьян. В.Вальтэра (1896), швед. Э.Фрэдгальма (1903), ням. Д.Гільберта (1912) і Э.Шміта (1907). Яна стымулявала развіццё функцыянальнага аналізу і тэорыі аператараў у абстрактных прасторах. Адрозніваюць І.ў. рэгулярныя (з інтэграламі Рымана ці Лебега) і сінгулярныя (з няўласнымі інтэграламі розных тыпаў), лінейныя і нелінейныя. Найб. вывучаны лінейныя І.ў., напр., ураўненні Фрэдгальма
, дзе u(t) — шуканая, a(t), k(t,s) (ядро) і f(t) — зададзеныя функцыі, Ω — вобласць эўклідавай прасторы аднаго або многіх вымярэнняў; калі a(t) = 0, дадзенае ўраўненне наз. ўраўненнем 1-га роду, калі a(t) = 1—2-га, у астатніх выпадках — 3-га. Пры замене інтэграла на інтэгральную суму (гл.Вызначаны інтэграл) атрымліваецца сістэма алг. ураўненняў, для якой вядомыя ўмовы вырашальнасці. Важнымі класамі нелінейных І.ў. з’яўляюцца ўраўненні Ляпунова—Шміта, Урысона і інш Разглядаюцца таксама сістэмы І.ў., а таксама І.ў. з вектар-функцыямі розных тыпаў, выпадковымі працэсамі і інш. Рашэнні ўраўненняў часта знаходзяць лікавымі метадамі.
На Беларусі даследаванні па тэорыі І.ў. пачаты ў 1961 пад кіраўніцтвам Ф.Дз.Гахава (сінгулярныя ўраўненні) і праводзяцца ў БДУ, Ін-це матэматыкі Нац.АН і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЕРНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя, якая вывучае залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам. Чалавечае вока ўспрымае рэчыва афарбаваным, калі яно паглынае святло ў бачным дыяпазоне спектра (400—750 нм). Колер рэчыва дапаўняльны да колеру паглынутых прамянёў, напр., калі яно паглынае сінія прамяні — прадмет бачым жоўтым, чырвоныя — сінявата-зялёным; непразрыстае цела, якое адбівае ўсе прамяні, — бясколернае.
Залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам даследавалі ням. хімікі-арганікі К.Ліберман і К.Грэбе (1869); О.Віт прапанаваў у 1876 храмафорную тэорыю, паводле якой за афарбоўку арган. злучэнняў адказныя групы атамаў з кратнымі сувязямі (храмафоры), напр., —N=N—, —N=O. Паводле сучасных уяўленняў для афарбоўкі арган. злучэнняў неабходна наяўнасць спалучанай сістэмы двух ці больш храмафораў; значны ўплыў на яе маюць электрадонарныя і электраакцэптарныя групы (аўксахромы), напр., —OH, —NH2, C6H5O—. Зрушэнне паглынальнага максімуму ў доўгахвалевую вобласць (батахромны эфект) выклікае паглыбленне колеру, напр., ад жоўтага да чырвонага ці ад сіняга да зялёнага. Паглыбленню колеру спрыяе таксама падаўжэнне ланцуга спалучэння, увядзенне аўксахромных груп і іх іанізацыя, змяненне валентных вуглоў у выніку прасторавых перашкод, утварэнне ўнутрыкомплексных злучэнняў з металамі за кошт непадзеленых пар электронаў. Павышэнне колеру (гіпсахромны эфект) звязана з парушэннямі плоскасці малекулы ў выніку прасторавых перашкод, іанізацыяй малекулы са знікненнем электрадонарных уласцівасцей, напр., батахромны эфект групы NH2 змяншаецца ў выніку ўтварэння групы NH3. К.т. мае важнае значэнне ў распрацоўцы новых фарбавальнікаў.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в химию и технологию органических красителей. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГНО́З НАДВО́Р’Я,
навукова абгрунтаванае прадбачанне і разлік будучага стану надвор ’я. Складаюцца на падставе аналізу развіцця буйнамаштабных атм. працэсаў. Адрозніваюць П.н. кароткатэрміновыя (ад некалькіх гадзін да 1—2 сут), доўгатэрміновыя малой заўчаснасці (3—10 сут) і доўгатэрміновыя вял. заўчаснасці (на месяц, сезон). П.н. папярэднічае назіранне (пры дапамозе метэаралагічных станцый, радыёзондаў, радыёлакатараў, метэаралагічных ракет, ШСЗ і інш.), збор і аналіз стану надвор’я. Падставай для распрацоўкі кароткатэрміновых прагнозаў з’яўляецца аналіз сінаптычных карт або выкарыстанне лічбавых метадаў П.н., якія дазваляюць рашаць ураўненні атм. гідрадынамікі і тэрмадынамікі пры дапамозе ЭВМ. Аналіз гэтых матэрыялаў дае магчымасць выявіць раёны развіцця цыклонаў і антыцыклонаў, паветраных мас рознага паходжання, франтоў атмасферных, вызначыць іх эвалюцыю, напрамак і хуткасць перамяшчэння, тэрмадынамічныя ўласцівасці паветраных мас і іх магчымыя змены. У доўгатэрміновых П.н. выкарыстоўваюць розныя стат. сувязі паміж мінулым і будучым развіццём атм. працэсаў і станам надвор’я. П.н. складаецца па пункце (горад, аэрадром), маршруце (авіяц. траса, марскі шлях) і тэрыторыі (краіна, вобласць, раён). П.н. бываюць агульнага карыстання (для насельніцтва) і спецыялізаваныя (авіяц., аграметэаралагічныя, марскія і інш.). У агульных даюцца звесткі пра прагназіруемыя метэаралагічныя элементы (т-ра, вецер, воблачнасць, ападкі) і небяспечныя з’явы надвор’я (бура, град, галалёд, шквалы і інш.). Спецыялізаваныя прызначаны для розных галін гаспадаркі і складаюцца ў адпаведнасці з іх патрабаваннямі. З П.н. цесна звязаны гідралагічны прагноз. На Беларусі рэгулярнае складанне П.н. на суткі вядзецца з 1931, на 3—6 сут — з 1946, спецыялізаваных — з 1948. П.н. для краіны, абласцей, Мінска і абл. цэнтраў складае аддзел метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сфе́ра
(лац. sphaera, ад гр. sphaira = шар)
1) шар або яго ўнутраная паверхня (напр. зямная с., нябесная с.);
2) вобласць распаўсюджання якога-н. дзеяння (напр. с. прыцягнення планеты);
с. уплыву — тэрыторыя залежнай краіны, якая знаходзіцца пад палітычным і эканамічным кантролем адной з імперыялістычных дзяржаў;
3) галіна якой-н. дзейнасці, праяўлення якіх-н. інтарэсаў (напр. с. вытворчасці);
4) грамадскае асяроддзе; кола асоб, аб’яднаных агульнасцю сацыяльнага становішча або заняткаў (напр. навуковая с., дзелавая с.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АДЫГЕ́Я, Рэспубліка Адыгея,
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 7,6 тыс.км². Нас. 426 тыс.чал. (1987), гарадскога 51%; адыгейцы, рускія, украінцы і інш. Сталіца — г.Майкоп.
Прырода. Адыгея размешчана ў паўн.-зах.ч. Каўказа на левабярэжжы рэк Кубань і Лаба; паўн.ч. — на Прыкубанскай раўніне, парэзанай далінамі рэк і лагчынамі, паўд.ч. — на перадгор’ях і схілах В.Каўказа (выш. да 3238 м, г. Чугуш). Ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы, мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, цёплы. Сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў каля 700 мм за год. Безмарозны перыяд 180 дзён. Рэкі бас. Кубані (Лаба, Белая, Пшыш, Псекупс). Вадасховішчы: Краснадарскае, Шапсугскае, Акцябрскае і інш. На б.ч.тэр. — чарназёмы, пашыраны каштанавыя глебы, у гарах — шэрыя і бурыя лясныя. Шыракалістыя лясы перадгор’яў займаюць 2/5 тэрыторыі, у гарах піхта, елка, хвоя. Водзяцца зубр, серна, каўказскі алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, выдра, барсук, ліс і інш. У Адыгеі асн.ч.Каўказскага запаведніка.
Гісторыя. Звесткі пра стараж. чалавека на тэр. Адыгеі адносяць да палеаліту. Продкі адыгаў згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. З 4 ст.н.э. адыгі апрача жывёлагадоўлі і земляробства займаліся ганчарствам, кавальствам, ювелірным і інш. рамёствамі, падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з народамі Каўказа, Крыма, з Іранам і Візантыяй, з генуэзскімі гарадамі-калоніямі, што існавалі да 15 ст. на марскім узбярэжжы Адыгеі. Прыблізна з 13 ст. з зах.-адыгейскіх плямёнаў пачала складвацца адыгейская народнасць. У 13 ст. Адыгея заваявана Залатой Ардой. З 16 ст. на землі Адыгеі спусташальныя набегі рабілі тур. султаны і крымскія ханы. Яны бралі вял. палон, насаджалі іслам, што прымусіла адыгейцаў шукаць абароны ў Расіі. У 1555—57 Адыгея далучана да Расіі. З крас. 1917 на тэр. Адыгеі пашыралася ўлада Кубанскай рады. У студз. 1918 абвешчана сав. ўлада, з мая тэр. Адыгеі ў складзе Кубана-Чарнаморскай сав. рэспублікі, з ліп. — Паўночна-Каўказскай савецкай рэспублікі. Восенню 1918 Адыгея занята войскамі Добраахвотніцкай арміі, кіравалася адміністрацыяй Дзянікіна ўрада. У сак. 1920 адноўлена сав. ўлада. 27.7.1922 утворана Чэркеская (Адыгейская) аўт.вобласць, 24 жн. перайменавана ў Адыгейскую (Чэркескую), з ліп. 1928 — у Адыгейскую аўт.вобласць; адм. ц. — г. Краснадар, з 1936 — г. Майкоп. З 1937 аўт.вобласць у складзе Краснадарскага краю. У 1991 абвешчана Рэспубліка Адыгея ў складзе Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: харч. (кансервавая, маслабойная, мясная, цукр., эфіраалейная, чайная і інш.); машынабуд. (станкабудаванне); лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі, цэлюлозы, кардону). Газаздабыўная прам-сць. Асн.прамысл. цэнтр — Майкоп. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, рыс) і тэхнічных (сланечнік, цукр. буракі, тытунь) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя, бульбу, кармавыя культуры. Вінаградарства і пладаводства. У жывёлагадоўлі вядучае месца займае развядзенне буйн. раг. жывёлы. Птушкагадоўля. Пчалярства. Суднаходства па р. Кубань. Аўтамаб. траса Майкоп — Дагамыс. Зах.ч. перасякае чыгунка Краснадар—Новарасійск.
Культура. У 1992 у Адыгеі 204 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (21,6 тыс. дзяцей), 165 агульнаадук. школ (62,7 тыс. вучняў, больш за 5 тыс. настаўнікаў), 10 ПТВ (4,5 тыс. навучэнцаў), 6 сярэдніх спец.навуч. устаноў (7 тыс. навучэнцаў); Адыгейскі пед.ін-т (больш за 5 тыс. студэнтаў), 177 б-к. Гісторыка-краязнаўчы музей у Майкопе.
Выходзяць газеты «Адыгэ макъ» («Голас Адыга»), «Адыгейская правда» і інш.
Нар. паэзія адыгейцаў уключае паданні пра нартаў, гераічныя, ваенна-гіст. песні, песні-галашэнні, калыханкі, паляўнічыя, працоўныя, лірычныя, вясельныя і інш. Развіццё адыгейскай л-ры звязана са стварэннем у 1918 пісьменства і друку на адыгейскай мове. Першыя поспехі звязаны з імёнамі І.Цэя, М.Паранука, А.Хаткова, Т.Керашава. У 1930-я г. зроблены першыя запісы песень нар. ашуга Цуга Тэўчэжа і створаных ім паэм. У пасляваенны час плённа працавалі А.Еўтых, А.Гадагатль, Ю.Тлюстэн, Дж.Джагупаў, І.Машбаш, Х.Ашынаў і інш. Развіццю адыгейскай л-ры ў 1970—90-я г. спрыяла творчасць М.Тхаркаха, Е.Мамія, К.Кумпілава, Н.Куека, П.Кашубаева, Т.Чамокава і інш.
Найб.стараж. помнікі на тэр. Адыгеі (дальмены, наскальныя выявы, залатыя і сярэбраныя пасудзіны і фігуркі т.зв. майкопскай культуры) адносяцца да мезаліту і бронзавага веку. Да ранняга жал. веку належаць ювелірныя вырабы «звярынага стылю», кераміка, рэшткі абарончых і культавых збудаванняў. З даўніх часоў пашырана прыкладное мастацтва (залатое шыццё, разьба па дрэве і камені, лямцавыя дываны і інш.). У 1950 у Майкопе створана абл.маст.-вытв. майстэрні Краснадарскага аддз.маст. фонду Расіі.
Музыка адыгейцаў мае шэраг самабытных адметных рысаў. У яе аснове дыятанічныя лады, 2-дольная метрыка, у архаічных жанрах — нерэгулярна пераменная метрыка, мноства трыёляў, сінкопаў і інш. Сярод песенных жанраў працоўныя і абрадавыя песні. Танцы: зафак, ісламей, зыгатлат, удж-турыту, удж-хурай, зекакаш. Сярод інструментаў: флейта камыль, гармонік пшынэ, драўляная трашчотка пхачыч, струнна-смычковы апепшын. Найб. вядомыя кампазітары: У.Тхабісімаў, А.Нехай, Г.Самогава, М.Бесіджаў, Г.Чыч, Дж.Натха, Ч. і В.Анзарокавы. У Адыгеі працуюць (1988): Ансамбль нар. танца (Майкоп), філармонія, муз.-пед.ф-т Адыгейскага пед. ін-та, вучылішча мастацтваў, муз. школы.
Вытокі тэатр. мастацтва Адыгеі ў стараж.нар. эпасе, жартоўных сцэнках, якія ўваходзілі ў бытавыя, святочныя і працоўныя абрады. Першы нац.тэатр. калектыў — Адыгейскі абл. калгасна-саўгасны тэатр (1936). У 1941 у Майкопе створаны абл.драм.т-р імя А.С.Пушкіна (рус. і адыгейская трупы). У рэпертуары п’есы нац., рус., замежных драматургаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДЗІНА (Bojboguna, Vojvodina),
тэрыторыя на Пн Саюзнай Рэспублікі Югаславія, у Рэспубліцы Сербія. Мяжуе з Харватыяй, Венгрыяй, Румыніяй. Пл. 21,5 тыс.км². Нас. 2013 тыс.чал. (1991), у т. л. сербы (54,4%), венгры (18,9%), група насельніцтва пад саманазвай югаславы (8,2%), а таксама харваты, славенцы, румыны, чарнагорцы і інш.Найб. горад Нові-Сад. Ваяводзіна размешчана ў межах паўд.ч. Сярэднедунайскай раўніны. На ПдЗ краж Фрушка-Гора (выш. да 539 м), на ПдУ адгор’і Паўд. Карпат (выш. да 641 м). Клімат умераны, кантынентальны. Цячэ р. Дунай з прытокамі. Пераважаюць ландшафты асвоеных чарназёмных стэпаў. Гал.с.-г. раён Югаславіі. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, каноплі, сланечнік, цукр. буракі. Садоўніцтва і вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Здабыча нафты і газу. Харч.прам-сць (мукамольная, алейная, масларобная, цукр., пяньковая). Развіта таксама тэкст., машынабуд. (с.-г. і электратэхн.), нафтахім., цэм.прам-сць. Вытв-сцьмінер. угнаенняў. Транспарт чыг., аўтамабільны, рачны (па Дунаі і яго прытоках).
Тэр. Ваяводзіны заселена славянамі ў 6—7 ст. З 10 ст. ў складзе Венг. каралеўства. У 1526—1918 пад уладай Габсбургаў (у 1849—60 у складзе іх аўстрыйскіх, у 1860—1918 — венг. зямель). Тут адбыліся антыгабсбургскія (1735) і антыфеад. (1848) выступленні сялян, развіваўся нац.-вызв. (19 ст.) і дэмакр. рух (у 1-ю сусв. вайну). У 1918 Ваяводзіна далучана да Каралеўства Сербаў, Харватаў і Славенцаў. У 1941 акупіравана ням.-фаш. і венг. войскамі. Вызвалена восенню 1944 Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. У 1945—63 аўт.вобласць, у 1963—74 аўт. край, у 1974—90 сацыяліст.аўт. край у складзе Сербіі. Аўтаномія Ваяводзіна скасавана ў 1990 сербскім урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
1) адм-тэр. адзінка ў 1413—1795 у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Вільня. Утворана паводле Гарадзельскага прывілея 1413. У Віленскім ваяводстве ўвайшла большая частка зах., цэнтр, і ўсх. зямель Беларусі, тэр.паўн.-ўсх.літ. зямель. Фармальна ў Віленскае ваяводства ўваходзілі Клецкае (да 1521) і Мсціслаўскае (да 1529) княствы, якія фактычна былі аўтаномныя. У Бабруйскай воласці мела цераспалосныя ўчасткі з Трокскім ваяводствам — «віленскую палавіцу» (г. Бабруйск і 18 сёл). У 1507 са складу Віленскага ваяводства вылучана і ўтворана Навагрудскае ваяводства, пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 — Мінскае ваяводства; у Віленскім ваяводстве засталося 5 пав. (Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вількамірскі, Лідскі). У 1514—1611 і ў 1654—1793 на тэр. Віленскага ваяводства намінальна існавала экстэрытарыяльнае Смаленскае ваяводства. У 1793 Браслаўскі пав. пераўтвораны ў ваяводства. У 1795 Віленскае ваяводства ўвайшло ў склад Рас. імперыі, на яго тэр. ўтвораны Віленская губерня і Слонімская губерня.
2) Адм.-тэр. адзінка на тэр.Зах. Беларусі ў складзе Польшчы ў 1922—39. Пл. 28,9 тыс.км, нас. 1275,2 тыс.чал. (1931). Цэнтр — г. Вільня. Паводле ўмоў рас.-літ. дагавора 12.7.1920 урад РСФСР фармальна перадаў гэтыя землі Літве, але фактычнай перадачы не адбылося. 9.10.1920 яны былі захоплены польск. войскамі ген. Л.Жалігоўскага і на іх тэр. ўтворана Сярэдняя Літва, якая 20.2.1922 была далучана да Польшчы. Віленскае ваяводства ўключала 9 паветаў. У час 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 Віленскае ваяводства занята часцямі Чырв. Арміі. Паводле сав.-літ. дагавора 10.10.1939 тэр. Віленскага краю (г. Вільня, Віленска-Трокскі і б.ч. Свянцянскага пав.) перададзена Літве, на астатняй тэр. ў снеж. 1939 утворана Вілейская вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МІ-ПЯРМЯ́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,
у складзе Пермскай вобл.Рас. Федэрацыі. Утворана 26.2.1925 як Комі-Пярмяцкая нац. акруга, з 1991 сучасная назва. Размешчана ў Перадураллі, у верхнім цячэнні р. Кама. Пл. 32,9 тыс.км². Нас. 154 тыс.чал. (1997), гарадскога 30%. Цэнтр — г.Кудымкар. Гар. пасёлкі: Гайны, Майкар, Пожва (гл. карту да арт.Пермская вобласць).
Прырода. Паверхня хваліста-раўнінная. На ПнПаўн. Увалы (выш. да 270 м), на З — Верхнякамскае ўзв. (выш. да 280 м). Карысныя выкапні: буд. матэрыялы (мергель, пясок, гліна), торф. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -15 да -17 °C, ліп. 17—18 °C. Ападкаў 500—550 мм за год. Гал. рака — Кама з прытокамі Каса, Іньва, Вясляна. Глебы падзолістыя, на Пд дзярнова-падзолістыя. 80% тэрыторыі пад таежнымі лясамі (хвоя, елка, лістоўніца, піхта). Гал.прамысл. звяры: вавёрка, зайцы русак і бяляк, куніца, ліс; з птушак — рабчык, цецярук, глушэц.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — лясная і дрэваапр. (нарыхтоўка драўніны, лесапілаванне, мэблевая і бандарная вытв-сць, лесахімія). Вытв-сць дзелавой драўніны 667 тыс. шчыльных м³, піламатэрыялаў 56 тыс.м³ (1996). Металаапр. (электрапрыборны, чыгуналіцейны, рамонтна-мех. з-ды ў г. Кудымкар), харч. і лёгкая прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. С.-г. ўгоддзі займаюць 362 тыс.га, у т. л. ворных зямель каля 70%. Вырошчваюць (тыс.т, 1995): збожжавыя (авёс, жыта, яравая пшаніца) — 55,1, бульбу — 103,4, агародніну — 29,5, кармавыя культуры. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Гадуюць (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 70,3, свіней — 21,3, авечак. Пушны промысел. Транспарт пераважна аўтамаб. і рачны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,2 тыс.км. Гал. аўтадарога Кудымкар—Гайны. Суднаходства па р. Кама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАПО́ЛЬШЧА (Małopolska),
гістарычная вобласць Польшчы ў бас. верхняй і сярэдняй Віслы, у межах сучаснага Малапольскага ваяводства. У 9 ст. месца рассялення віслян і інш. плямён.
У 9—10 ст. землі М. ўваходзілі ў Вялікамараўскую дзяржаву і Чэшскае княства, з канца 10 ст. ў складзе стараж.-польскай дзяржавы Пястаў. Назва «М.» ўзнікла ў 14—15 ст. у адрозненне ад Вялікай (Старой) Польшчы (гл.Велікапольшча). У 11 ст. на тэр. М. існавалі 2 зямлі (правінцыі): Кракаўская з г. Кракаў (з 1040 сталіца Польшчы) і Сандамірская. У выніку распаду дзяржавы на ўдзелы абедзве зямлі ператварыліся ў княствы (пераважна належалі аднаму князю і ўтваралі ўдзел М.). Пасля ўз’яднання Польскай дзяржавы ў пач. 14 ст. з абодвух княстваў утвораны ваяводствы. У 1474 з Сандамірскага ваяв. вылучана Люблінскае ваяв., у 1564 да Кракаўскага ваяв. далучаны Асвенцімскае і Заорскае княствы. Пры падзеле Польшчы на правінцыі ў 1589 да М. далучаны ўкр. землі (ваяводствы Рускае, Валынскае, Падольскае, Брацлаўскае і Кіеўскае). У 14—16 ст. М. адна з найб. эканамічна развітых абласцей Польшчы, адыгрывала дамінуючую паліт. ролю ў дзяржаве. У 15 ст. шляхце М. і Велікапольшчы надаваліся асобныя прывілеі, існавалі 2 асобныя генеральныя сеймікі (для М. ў Новым-Корчыне). У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай б.ч. М. далучана да Аўстрыі, ваяводствы Кіеўскае, Брацлаўскае і Падольскае — да Расіі. З 1809 паўн.ч. М. ў складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Каралеўства Польскага. У 1815—46 на тэр. Кракава з акругай існавала Кракаўская рэспубліка, у 1846 уключаная ў склад Аўстрыі. З 1918 уласна М. ў складзе адноўленай Польскай дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́НЕЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА.
У складзе Архангельскай вобл.Рас. Федэрацыі. Утворана 15.7.1929 як Ненецкая нац. акруга, з 1977 сучасная назва. Размешчана на крайнім ПнУеўрап.ч. Расіі. Большая ч. тэрыторыі знаходзіцца за Паўн. палярным кругам. Абмываецца водамі Белага, Баранцава і Карскага мораў. Уключае а-вы Калгуеў і Вайгач. Пл. 176,7 тыс.км². Нас. 46 тыс.чал. (1997), гарадскога 61%. Цэнтр — г.Нар’ян-Мар. Гар. пасёлкі: Амдэрма, Іскацеляў (гл. карту да арт.Архангельская вобласць).
Паверхня нізінная з невял. павышэннямі. На Пн Малазямельская тундра, з Пн на Пд цягнецца Ціманскі краж, на У Вяліказямельская тундра і хр. Пай-Хой (выш. да 467 м). Карысныя выкапні: нафта, газ, торф, флюарыт, буд. матэрыялы; крыніцы мінер. вод. Клімат субарктычны з доўгай халоднай зімой і кароткім летам. Сярэднія т-ры студз. ад -12 °C на ПдЗ да -22 °C на ПнУ, ліп. ад 6 °C на Пн да 13 °C на Пд. Ападкаў 250—400 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Асн. рака — Пячора. Шмат невял. рэк і азёр. Глебы тундрава-глеевыя і тарфяна-глеевыя. Пераважае расліннасць хмызнякова-мохавай і травяна-мохавай тундры. На Пд і ПдЗ — лесатундра з ялова-бярозавымі рэдкалессямі.
Асн. галіны — аленегадоўля, рыбалоўства, паляванне; клетачная зверагадоўля (блакітны пясец, серабрыста-чорны ліс, норка). Мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць бульбу, агародніну, турнэпс. Вядучыя галіны прам-сці — лесапілаванне (драўніна з леспрамгасаў Рэспублікі Комі) і харч. (рыбакансервавая, мясная, масларобная). Здабыча нафты. Вытв-сць сувеніраў з футра, скуры і сукна. Суднаходства па р. Пячора. Важнае значэнне мае Паўночны марскі шлях. Марскія парты: Нар’ян-Мар і Амдэрма. Аэрапорт у г. Нар’ян-Мар. Газаправод Васілкава—Нар’ян-Мар.