МАЦВЕ́ЕВА (Навела Мікалаеўна) (н. 7.10.1934, г. Пушкін Ленінградскай вобл.),
расійская паэтэса. Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1963). Друкуецца з 1957. У паэт. зб-ках «Лірыка» (1961), «Караблік» (1963), «Душа рэчаў» (1966), «Ластаўчына школа» (1973), «Рака» (1978), «Закон песень», «Краіна прыбою» (абодва 1983), «Непарушны круг» (1991), «Менуэт» (1994), «Санеты» (1998), паэмах «Пітэр Брэйгель Старэйшы» (1969), «Шпалы» (1973), «Золата праектаў» (1983) і інш. спалучэнне рамантыкі, фантазіі з паэтызацыяй штодзённага, спроба спасціжэння тайнаў быцця і сусвету, гіст.-культ. рэмінісцэнцыі, метафарычнасць. Аўтар аповесці «Дама-бадзяга» (1998), п’ес «Прадказанне Эгля» (паводле А.Грына, паст. 1984), «Карчма «Чацвярэнькі» (1998), аўтабіягр. эсэ, успамінаў, артыкулаў па актуальных праблемах мастацтва, паэзіі, песеннага жанру. Піша для дзяцей. Выканаўца ўласных песень, выпусціла некалькі дыскаў і кампакт-дыскаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВЫ КАМІТЭ́Т ПА ПРАБЛЕ́МАХ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ (Scientific Committee on Problems of the Environment; СКОПЕ),
адзін з камітэтаў Міжнароднага савета навуковых саюзаў. Засн. ў 1969 з мэтай аб’яднання і каардынацыі міжнар. дзейнасці па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. Займаецца зборам, апрацоўкай і распаўсюджваннем інфармацыі па зменах у навакольным асяроддзі пад уплывам дзейнасці чалавека і вывучае ўплыў гэтых змен на чалавека; распрацоўвае метадалогію ацэнкі параметраў навакольнага асяроддзя; забяспечвае аператыўнай інфармацыяй навук. цэнтры і арг-цыі па вывучэнні навакольнага асяроддзя і інш. У рабоце к-та прымаюць удзел 35 краін-членаў, 22 саюзы, навук. к-ты і асацыяцыі. Вышэйшы орган СКОПЕ — Ген. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады, паміж сесіямі асамблеі яго дзейнасцю кіруе выканаўчы к-т з прадстаўнікоў розных краін. У 1981 у Мінску адбыўся міжнар. семінар СКОПЕ—ЮНЕП паводле праекта «Дынаміка экасістэм пераўвільготненых зямель і малых прэснаводных вадаёмаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ А́НГЛІІ 1066,
уварванне ў Англію нармандскага і франц. рыцарства на чале з герцагам Нармандыі Вільгельмам, які прэтэндаваў на англ. прастол пасля смерці англасаксонскага караля Эдуарда Спаведніка (1066). Войскі Вільгельма пераплылі на парусніках Ла-Манш і высадзіліся на Паўд. узбярэжжы Англіі. У вырашальнай бітве паміж войскамі Вільгельма і новага англасаксонскага караля Гаральда II 14 кастр. каля Гастынгса нармандская конніца перамагла пешых англасаксаў. Гаральд загінуў. Вільгельм стаў каралём Англіі (гл.Вільгельм I Заваёўнік). У выніку Н.з.А. англасаксонская знаць была пазбаўлена б.ч. зямель і адхілена ад улады, яе месца заняло дваранства нарманафранц. паходжання. Вільгельм стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, якая ўключала вял. тэрыторыі і ў Англіі, і на мацерыку. Усе землеўладальнікі павінны былі прынесці каралю васальную прысягу вернасці («Салсберыйская прысяга»), У 1086 паводле загаду Вільгельма быў складзены кадастр усіх зямель Англіі — т. зв. «Кніга страшнага суда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЫН,
машына для здрабнення (памолу) розных матэрыялаў. Ад драбілак адрозніваецца больш тонкім памолам (да часцінак менш за 5 мм, часам да 0,001 мм). Выкарыстоўваюцца ў горнай, хім., металургічнай, фармацэўтычнай і харч. прам-сці, у вытв-сці буд. матэрыялаў і інш.
У М. матэрыялы трапляюць пад удары рухомых рабочых органаў або здрабняльных цел, пераціраюцца, расціскаюцца, саўдараюцца. Паводле формы і віду рабочага органа адрозніваюць М.: барабанныя (шаравыя, стрыжнёвыя, галечныя, самаздрабнення); ролікавыя, валковыя, кальцавыя, фрыкцыйна-шаравыя і бегуны; малатковыя, пальцавыя (дэзінтэгратары); вібрацыйныя з хістальным корпусам; струменныя і аэрадынамічныя (без здрабняльных цел). Пры неабходнасці барабанныя М. аб’ядноўваюць з класіфікатарамі або з паветр.сепаратарамі. Найб. пашыраны барабанныя М. значных памераў (дыяметрам да 5 м і больш, даўж. да 15 м). Гл. таксама Мукамольны млын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДАЎСКІ ПАЛА́Ц.
Існаваў з канца 18 ст. да 1940-х г. у в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1798 паводле праекта арх. Ван-Гроса; меў рысы стылю ампір. Належаў Скірмунтам. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане на высокім цокалі будынак з 3 рызалітамі, накрыты вальмавым дахам. Сцены, аздобленыя рустам, завяршаліся антаблементам і карнізам на сухарыках. Цэнтр. рызаліт на гал. фасадзе вылучаны дарычным порцікам з 2 парамі калон і трохвугольным франтонам, на фасадзе, што выходзіў у парк, — 3-граннай галерэйкай з вальмавым пакрыццём. Бакавыя рызаліты на гал. і паркавым фасадах вылучаны 4-калоннымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы з франтончыкамі ў завяршэнні і скульпт. ўстаўкамі пад карнізамі. Каля палаца стаяў прамавугольны ў плане флігель з порцікамі на гал. фасадзе. Недалёка ад палаца размешчана Моладаўская капліца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.
Адкрыты ў 1995 у в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.Засн. ў 1993 на базе створанага ў 1982 аматарам П.Пташыцам калгаснага музея. Пл. экспазіцыі каля 1000 м², 17,1 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Аддзелы: гісторыі сял. побыту, рамёстваў, земляробства, ільноапрацоўкі, ткацтва, нар. адзення, вуснай нар. творчасці. Экспазіцыя прысвечана культуры Зах. Палесся. Сярод экспанатаў: археал., прылады працы, вырабы майстроў па дрэве, ганчароў, ткачых, калекцыі вышыўкі, бездзежскіх выкладаў і фартушкоў, маляваных, тканых, вышываных дываноў, адзення мотальскага і драгічынскага строяў, творы мастакоў У.Капшая, А.Марачкіна, У.Тоўсціка. Ёсць дыярама старадаўняга Моталя і яго ваколіц, інтэр’ер хаты пач. 20 ст., фотатэка і інш.Паводле матэрыялаў музея створаны кінастужкі «Палескія вяселлі» (1986, рэж. З.Мажэйка), «Пераблытанка» (1989, рэж. А.Мезенцаў), «Мотальскія анекдоты, жарты, байкі» (1990, рэж А.Пестаў). На базе фондаў музея праводзяцца выстаўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУА́ЎРА ФО́РМУЛА,
правіла ўзвядзення ў ступень камплекснага ліку, вызначанага ў трыганаметрычнай форме. Атрымана А.Муаўрам (1707); сучасны запіс прапанаваў Л.Эйлер (1748).
Паводле М.ф. пры ўзвядзенні ліку
у ступень n модуль ліку r узводзіцца ў гэтую ступень, а аргумент φ памнажаецца на паказчык ступені:
. З М.ф. вынікаюць таксама выражэнні для і праз ступені і :
,
, дзе — бінаміяльныя каэфіцыенты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́НАЎ (Леў Барысавіч) (н. 1.12.1930, г. Іванава, Расія),
расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар.арт. Расіі (1978). Скончыў Ін-тваен. дырыжораў у Маскве (1952). Маст. кіраўнік армейскіх ансамбляў. У 1979—88 начальнік і муз. кіраўнік Ансамбля песні і танца Бел.ваен. акругі (з 1992 Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 праф.), з 1995 кіраўнік камернага аркестра гімназіі-каледжа пры ёй. Аўтар песень («Пяюць гвардзейцы на прывале», «Беражом зямлі світанні», «Сцягоў прамяністая слава», «Мы ідзём па вуліцы» і інш.), аранжыровак твораў муз. класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. «Змрок багоў» Р.Вагнера, «Музычныя вечары» Б.Брытэна паводле Дж.Расіні, уверцюра да оперы «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Трыумфальны марш» з балета «Спартак» А.Хачатурана, сюіта на тэмы оперы «Поргі і Бес» Дж.Гершвіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ АПЕРАТЫ́ЎНАЯ ГРУ́ПА ЦК КП(б)Б.
Створана паводле пастановы ЦК КЛ(б)Б ад 20.3.1942 для кіраўніцтва патрыят. падполлем і партыз. рухам на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Складалася з парт., сав. і камсам. работнікаў на чале з сакратаром ЦККП(б)Б Р.Б.Эйдзінавым. Размяшчалася ў в. Шэйна Таропецкага р-на Калінінскай вобл. (Расія) і абапіралася на дапамогу ваен. саветаў 3-й і 4-й ударных армій, узаемадзейнічала са штабамі гэтых армій і Калінінскага фронту. Асн. задачы групы: наладжванне сувязей з падполлем і партыз. фарміраваннямі, што дзейнічалі ў Віцебскай і паўн. раёнах Мінскай і Магілёўскай абл., аказанне ім дапамогі, збор і апрацоўка разведвальнай інфармацыі аб варожым тыле. Расфарміравана ў вер. 1942 у сувязі са стварэннем Беларускага штаба партызанскага руху.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ САВЕ́Т (англ. Nordic Council),
рэгіянальная кансультатыўная міжпарламенцкая арг-цыя дзяржаў Паўн. Еўропы для садзейнічання іх супрацоўніцтву ў эканам., сац., культ. і прававой галінах; з 1990-х г. абмяркоўвае і пытанні міжнар. палітыкі. Засн. ў чэрв. 1952 паводле рашэння Паўн. міжпарламенцкага савета (створаны ў 1907, члены: Данія, Нарвегія, Швецыя). Штаб-кватэра ў г. Осла. Уваходзяць прадстаўнікі Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Ісландыі (з 1952) і Фінляндыі (з 1955) — усяго 87 чал. (з 1984), якіх на прапарцыянальнай аснове выбіраюць на 1 год нац. парламенты краін-удзельніц: 16 ад Даніі (яшчэ па 2 ад Фарэрскіх а-воў і Грэнландыі), 18 ад Фінляндыі (яшчэ 2 ад Аландскіх а-воў), 7 ад Ісландыі, па 20 ад Нарвегіі і Швецыі. П.с. выносіць рэкамендацыі ўрадам і Паўн. савету міністраў (дзейнічае з 1971). У рабоце арг-цыі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі ўрадаў дзяржаў-удзельніц з правам дарадчага голасу.