краязнавец, археолаг, калекцыянер. З роду Плятэраў. Скончыў Віленскі ун-т (1817). Куратар школ Дынабургскага пав. Віцебскай губ., з 1836 маршалак Дынабургскага пав.Чл.Віленскай археалагічнай камісіі (1856). У выніку падарожжаў па Зах. Дзвіне апісаў помнікі архітэктуры, археалогіі, гіст. мясціны, Барысавы камяні. Вывучаў пахаванні на балцка-славянскім сумежжы. Друкаваўся ў час.«Атэнэум», «Рубон», «Przyjaciel ludu» («Сябар народу») і інш. Пісаў пра самабытнасць краю, мясц. абрады, вераванні. Цікавіўся бел. фальклорам.У сваім доме ў Краславе стварыў музей, б-ку, архіў. Сабраў шмат матэрыялаў з Падзвіння, частку якіх перадаў у Віленскі музей старажытнасцей. Рукапісы П. захоўваюцца ў б-цы Вільнюскага ун-та.
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЗЕРН (Барыс Паўлавіч) (19.7.1882, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 25.2.1939),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу на Беларусі. Вучыўся ў Маск. ун-це. З 1903 на падп. рабоце ў Ніжнім Ноўгарадзе, Самары, Казані, Волагдзе, Маскве, Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 першы старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў (да ліп. 1917). Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 на Пскоўшчыне, чл. Пскоўскага ВРК, камісар Паўн. фронту. У 1918 камісар Петраградскай ваен. акругі, адначасова член Рэўваенсавета Балт. флоту. Удзельнік грамадз. вайны, чл.РВС 5-й і 7-й армій, Зах. і Усх. франтоў. З 1922 сакратар Паўн.-Зах. бюро ЦК РКП(б), з 1926 рэктар Ленінградскага камуніст. ун-та, з 1930 сакратар Ленінградскага абкома ВКП(б), з 1937 пракурор Ленінградскай вобл.Чл.ВЦВК і ЦВКСССР. Рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАГА САФІ́ЙСКАГА САБО́РА БІБЛІЯТЭ́КА,
самая стараж.б-каБеларусі. Існавала з сярэдзіны 11 ст. да 1579. У 12 ст. папаўненню яе фондаў садзейнічала асветніца Ефрасіння Полацкая. У б-цы зберагаліся рукапісныя кнігі пераважна рэліг. зместу, арыгінальныя помнікі стараж.-рус. л-ры, у т. л. творы мясц. паходжання (летапісы, «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і інш.). У час Лівонскай вайны (1558—83) разрабавана. 10 рукапісаў на слав. мове з б-кі зберагаюцца ў Нац. б-цы ў Варшаве, у т. л. «Зборнік» 1500—01, спіс Пскоўскага 1-га летапісу 1548, «Евангелле вучыцельнае» сярэдзіны 16 ст. і інш.; адзін — у б-цы Львоўскага ун-та.
Літ.:
Слуховский М.И. Библиотечное дело в России до XVIII в. М., 1968;
Щапов Я.Н. О судьбе библиотеки Полоцкого Софийского собора // Вопр. истории. 1974. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДЗІ́ЛЬНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г. расліны, якія вырошчваюць для атрымання валокнаў. Належаць да розных сям., вырошчваюць ва ўмераных, субтрапічных і трапічных зонах. Валокны ўтвараюцца ў сцёблах (лён, каноплі і інш.лубяныя культуры), у лісці (тэкст. агава — сізаль, тэкст. банан — абака), на насенні (бавоўнік), у пладах (какосавая пальма). Колькасць валакна ў П.к.: лён-даўгунец 20—28%, каноплі да 25%, джут 20—25%, бавоўна-сырэц 25—40%. Валокны П.к. — сыравіна для тэкст. і інш. прам-сці, з іх вырабляюць тканіны, трыкатаж, дываны, ніткі, вату, канаты, вяроўкі і інш. Выкарыстоўваюцца пабочныя прадукты вытв-сці валокнаў (алей, макуха, кастрыца і інш.). П.к. вырошчваюць ва ўсіх земляробчых раёнах свету, найб. плошчу займаюць бавоўнік, джут, каноплі, лён. На Беларусі культывуюць лён-даўгунец (у 2000 пасяўная плошча 78,8 тыс.га).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́ШЫН (Валерый Іванавіч) (н. 12.8.1939, г. Ветка Гомельскай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1961), дзе і працаваў. З 1974 у аддзеле навукі і навуч. устаноў ЦККПБ. З 1990 рэктар Рэсп. міжгаліновага ін-та павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў. З 1994 нач. упраўлення Дзярж.к-та па навуцы і тэхналогіях Беларусі. З 2000 нам. дырэктара Бел.рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў. Навук. працы па фіз. матэрыялазнаўстве, паўправадніковым прыладабудаванні. Распрацаваў тэарэт. асновы фізікі гальвана- і тэнзарэзістыўных працэсаў у паўметалах і сплавах на іх аснове.
Тв.:
Устройства автоматики и робототехники на эффекте Холла. Мн., 1991 (разам з В.Р.Шапялевічам, В.А.Ермаловічам);
Основы фононных и электронных процессов в кристаллах. Гомель. 1999 (разам з В.М.Драко, В.Р.Шапялевічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВІКІ, радыялярыі (Radiolaria),
клас (падкл.) прасцейшых падтыпу саркодавых. 4 атр., каля 8 тыс. відаў. Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Жывуць пераважна ў цёплых морах у складзе планктону. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн.г. назад). Рэшткі П. уваходзяць у састаў геал. парод: апокі, радыялярыту, трэпелу, яшмы. На Беларусі адзначаны ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Памеры ад 0,04 да 1 мм, у некат. каланіяльных — да некалькіх сантыметраў. Унутр. шкілет — скурыстая капсула з порамі, вонкавы — мінеральны, з воднага крэменязёму (апалу) або сернакіслага стронцыю. У цытаплазме П. трапляюцца аднаклетачныя водарасці. Ад цела адыходзяць шматлікія псеўдаподыі, іх функцыя — улоўліванне корму, — інш. прасцейшых. Размнажаюцца дзяленнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВА́ЛАЎ (Мікалай Іванавіч) (3.6.1868, г. Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобл., Расія — 28.9.1928),
расійскі музыкант-этнограф, дырыжор, кампазітар. Скончыў пецярбургскія горны (1895) і археалагічны (1903) ін-ты. Ў 1896—1913 музыкант-выканаўца Велікарус. аркестра пад кіраўніцтвам В.Андрэева. Збіраў, даследаваў і рэстаўрыраваў рус.нар.муз. інструменты. Ў пач. 20 ст. ўдзельнічаў у стварэнні квартэта ўдасканаленых гусляў, кіраваў аркестрамі нар. інструментаў. Вёў выкладчыцкую і навук.-асв. работу, выступаў як выканаўца на нар. інструментах. Аўтар працы пра бел.нар.муз. інструменты (першая спроба іх апісання і класіфікацыі), гіст.-этнагр. нарысаў пра муз. інструменты рус. і інш. народаў, самавучыцеляў ігры на гуслях, балалайцы. Апрацоўваў нар. песні, пісаў муз. творы (опера «На Волзе», музыка да драм. сцэн «Ілья Мурамец» і «Скамарохава жонка»).
Тв.:
Народныя музычныя інструменты Беларусі. Мн., 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРУ́Н,
вобраз стараж. міфалогіі слав. народаў; вярхоўнае язычніцкае бажаство ўсх. славян., бог грому і маланкі. Падобны да стараж.-грэчаскага бога Зеўса і стараж.-рым.Юпітэра. У стараж. славян увасабляў навальнічную хмару, якая дае дождж і спрыяе ўрадлівасці. У «Аповесці мінулых гадоў» сярод багоў П. названы першым. У гонар П. будавалі свяцілішчы-капішчы (рэшткі некат. выяўлены на Беларусі). Ідалы П. былі пастаўлены ў Кіеве (побач з Дажбогам) і Ноўгарадзе. Пасля ўвядзення хрысціянства функцыі і рысы П. нададзены Ільі.
Паводле стараж.бел. павер’яў П. трымаў у руках велізарныя жорны, удараў каменем аб камень і выклікаў гром і маланку, асколкі жорнаў ляцелі на зямлю і паражалі, як стрэлы. Лічылі, што П. накіроўвае свае ўдары супраць дэмана Жыжаля, пазней — супраць чорта. Рэлігійнае значэнне вобраз П. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 ст. ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Упершыню згадваецца ў інвентары Радашковіч за 1549. Размяшчаўся паміж 2 ставамі, утворанымі на рэках Гуйка і Вязынка, на «капцы сыпаным», і формай нагадваў няправільны чатырохвугольнік. З усіх бакоў замак акружала вада. У замку было 5 вежаў (у т. л. вежа-брама), звязаных паміж сабой сценамі (гароднямі). Адна вежа месцілася асобна на падворку. Сярод узбраення Р.з. ў інвентары згадваюцца гарматы, гакаўніцы, ручніцы, аркебузы, кіі. Былі таксама запасы свінцу, пораху і інш. Перад замкам размяшчаліся арсенал, 2 млыны, сядзібны дом, лазня, бровар і інш.гасп. пабудовы. У інвентары адзначана, што Р.з. «добрага будованья, не гнилого». Цяпер замчышча часткова разбурана і занята сучаснай забудовай.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁФІ́ЗІКА,
галіна фізікі, што вывучае працэсы, звязаныя з узбуджэннем, узмацненнем і пераўтварэннем эл.-магн. ваганняў радыёдыяпазону (радыёхваль), а таксама працэсы іх выпрамянення, распаўсюджання і прыёму. Цесна звязана з матэм. фізікай, радыётэхнікай, электронікай і інш. З Р. вылучыліся радыёастраномія, радыёметэаралогія, радыёспектраскапія.
Радыёфіз. метады даюць магчымасць рашаць задачы аптымізацыі прыёмных, перадавальных і пераўтваральных радыёсістэм, шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне, эксперым. фізіцы, радыё- і гідралакацыі. Асн. кірункі даследаванняў: дыфракцыя і распаўсюджванне радыёхваль, узаемадзеянне радыёхваль з электроннымі патокамі, радыёгалаграфія, радыёінтраскапія, тэорыя і тэхніка антэн і інш. Значны ўклад у развіццё Р. зрабілі рас. вучоныя Л.Л.Мандэльштам, М.Дз.Папалексі і інш.
На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі і Ін-це электронікі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.