МІРТЭМІ́Р (сапр. Турсунаў Міртэмір Умарбекавіч; 10.6.1910, с. Ікан Паўднёва-Казахстанскай вобл., Казахстан — 23.1.1978),

узбекскі паэт. Нар. паэт Узбекістана (1971). Скончыў Пед. акадэмію ў Самаркандзе (1932). Друкаваўся з 1926. У зб-ках лірыкі «У абдымках промняў» (1928), «Усхваляванасць» (1931), «Камуна» (1932), «Новыя вершы» (1947), «За перавалам перавал» (1978) і інш. паэтызацыя сацыяліст. перамен у краіне, багацце духоўнага свету чалавека-творцы. Вершы адметныя ўсхваляванасцю інтанацый, экспрэсіўнасцю вобразаў, грамадз. пафасам. Пісаў для дзяцей. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.​Купалы на ўзб. мову. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў С.​Грахоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1976.

т. 10, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАІ́Л АЛЯКСА́НДРАВІЧ (1333, г. Пскоў, Расія — 26.8.1399),

вялікі князь Цвярскога княства [1365—99, з перапынкамі]. Сын вял. цвярскога кн. Аляксандра Міхайлавіча. Двойчы (1368 і 1370) быў скінуты з прастола вял. маскоўскім кн. Дзмітрыем Іванавічам Данскім і хаваўся ў ВКЛ (яго сястра была жонкай вял. князя літоўскага Альгерда). У 1372 пры дапамозе войск ВКЛ вярнуў сабе цвярскі прастол. МА. — апошні вял. цвярскі князь, які змагаўся з Масквой за Уладзімірскае вял. княжанне, валоданне якім фармальна азначала паліт. панаванне ў Паўн.-Усх. Русі. У 1370—71 і 1375 атрымліваў вялікакняжацкія ярлыкі ў Залатой Ардзе, але замацавацца на Уладзімірскім прастоле не здолеў.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДА,

1) у тэорыі імавернасцей — любы пункт максімуму размеркавання шчыльнасці імавернасцей выпадковай велічыні. Размеркаванні з адной ці некалькімі М. наз. адпаведна унімадальнымі (аднавяршыннымі) і мультымадальнымі. Для унімадальнага сіметрычнага адносна пункта а размеркавання М. роўная a і супадае з медыянай і матэматычным чаканнем (калі яно існуе).

2) У фізіцы — тып ваганняў (нармальныя ваганні) у размеркаваных вагальных сістэмах (гл. Аб’ёмны рэзанатар, Аптычны рэзанатар); тып хваль (нармальныя хвалі) у хваляводных сістэмах і хвалевых пучках (гл. Радыёхвалявод, Квазіоптыка). Тэрмін «М.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да любога хвалевага поля (па-за межамі яго крыніцы), якое мае пэўную прасторавую структуру, напр., М. лазернага выпрамянення.

т. 10, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУГІ́РЫНА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 27 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,48 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб 26,2 м, даўж. берагавой лініі 7,3 км Пл. вадазбору 2,9 км². Схілы катлавіны на З і Пн выш. 15—20 м (на Пд да 10 м), параслі хмызняком, на У невыразныя, забалочаныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, на У забалочаныя. Дно да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Вада ў возеры высокай празрыстасці. Злучана канавай з воз. Паўазер’е.

т. 11, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА (Анцінея Рыгораўна) (н. 15.10.1924, в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1959). Скончыла БДУ (1948). З 1950 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1963—93 у БДУ. Навук. працы па бел. дыялекталогіі, пытаннях узаемадзеяння бел. мовы з суседнімі слав. і неслав. мовамі. Сааўтар «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1969), падручніка «Сучасная руская мова» (ч. 1—2, 1979—81). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ (Людвік Тэадоравіч) (7.9.1832, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.5.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі і Літве. Сын Т.Нарбута. У 1850 за рэв. дзейнасць сасланы радавым на Каўказ. Пасля на радзіме, афіцэр у адстаўцы. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных». У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав., адзін з першых у Беларусі сфарміраваў атрад, на чале якога 3 месяцы (люты—крас.) вёў барацьбу супраць урадавых войск. У атрадзе Н., які падтрымлівалі сяляне, былі мастак М.Андрыёлі і, магчыма, Ф.​Багушэвіч. Паўстанцкія ўлады прысвоілі Н. званне палкоўніка. Загінуў у баі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНЫ ЗВОН»,

газета, орган Цэнтральнага саюза беларускіх культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза). Выдавалася з 10.10 да 16.12.1930 у Вільні на бел. мове. Апублікавала адозву гал. выбарчага к-та Цэнтрасаюза да выбаршчыкаў у сувязі з выбарамі ў польск. сейм і сенат восенню 1930, «Наказ» кандыдатам у дэпутаты як праграму дзеянняў. Акцэнтавала ўвагу на барацьбе за паляпшэнне сац.-эканам. становішча насельніцтва і бел. асветы ў Зах. Беларусі ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму ў Польшчы. Змясціла інфармацыю пра арышты дэфензівай вучняў Клецкай бел. гімназіі, пратэст Цэнтрасаюза супраць арыштаў работнікаў навукі і культуры ў БССР. Выйшла 7 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСО́Ў у геалогіі,

разрыўное парушэнне ў заляганні горных парод, пры якім адны масы горных парод насунуты на другія па паката нахіленай (45—60°) паверхні тэктанічнага разрыву. Утвараецца ў працэсе тэктанічных рухаў, ва ўмовах гарызантальнага сціскання, з пластычным пераразмеркаваннем горных парод. Мае вісячы (узняты і насунуты) і ляжачы блокі, паверхню зрушэння. У залежнасці ад вугла нахілу паверхні Н. падзяляюць на пакатыя і стромкія. Н. з амаль гарызантальнай паверхняй змяшчэння і вял. адлегласцю перамяшчэння парод утвараюць тэктанічныя покрывы або шар’яжы. Н. са стромкай паверхняй разрыву (вугал большы за 60°) наз. ўскідам.

І.​В.​Клімовіч.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́КАЛАЧ,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 15 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,55 км², даўж. каля 1,4 км, найб. шыр. 690 м, найб. глыб. 10,5 м, даўж. берагавой лініі 5 км. Пл. вадазбору 2,35 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 5—8 м, спадзістыя, на ПнЗ і З стромкія, разараныя. Шэраг заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, у асобных месцах зліваюцца са схіламі, пад хмызняком. Мелкаводдзе вузкае (шыр. да 25 м), стромкае, пясчанае. Глыбакаводная ч. ўскладнена ўпадзінамі і падняццямі, ілістая. Зарастае. Злучана ручаём з воз. Валасна.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НІПО́Н СТЫЛ»

(«Nippon Steel Corp.»),

буйнейшы металургічны канцэрн у Японіі, другі па велічыні ў свеце. Знаходзіцца ў Токіо. Засн. ў 1970 у выніку аб’яднання кампаній «Явата айран энд стыл» (засн. ў 1901) і «Фудзі айран энд стыл» (засн. ў 1934). Вырабляе чорныя металы, увесь асартымент стальной прадукцыі, алюміній, нафтахім. прадукцыю; дае інжынерынг па праектаванні і будаванні металургічных аб’ектаў. Мае 9 металургічных і металаапр. з-даў, каля 60 даччыных і асацыіраваных фірм, у сферу ўплыву ўваходзіць каля 200 кампаній, з якіх больш за 20 металургічныя. У 1992 абарот склаў 25,5 млрд. дол., у вытв-сці занята 50,5 тыс. чал.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)