ПЕРСІЯ́НІНАЎ (Леанід Сямёнавіч) (18.8.1908, с. Старое Сяло Смаленскай вобл., Расія — 27.12.1978),
бел. і расійскі вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Акад.АМНСССР (1965, чл.-кар. 1960). Герой Сац. Працы (1977). Засл. дз. нав.Беларусі (1958). Скончыў 2-і Ленінградскі мед.ін-т (1931). З 1951 заг. кафедры Мінскага, з 1958—2-га і з 1967—1-га Маскоўскіх мед. ін-таў, адначасова ў 1967—78 дырэктар Усесаюзнага НДІ акушэрства і гінекалогіі. Навук. працы па родавай дзейнасці і траўматызме, абязбольванні ў акушэрска-гінекалагічнай практыцы, прафілактыцы і лячэнні тэрмінальнага стану, антэнатальнай ахове плода, прафілактыцы перынатальнай смяротнасці. Дзярж. прэмія СССР 1968.
Тв.:
Дыхательная функция крови плода в акушерской клинике. М., 1971;
Оперативная гинекология. М., 1971;
Амниоскопия в акушерской практике. М., 1973 (разам з І.В.Ільіным, Б.А.Красіным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАБЫ́ТНЫ БЫК, тур (Bos primigenius),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных; продак еўрап. свойскай буйн. раг. жывёлы. Быў пашыраны ў лесастэпах і стэпах Усх. паўшар’я ў 2-й пал. антрапагенавага перыяду. На Беларусі трапляўся да пач. 17 ст. ў Белавежскай пушчы, лясах Панямоння і Прыбужжа. Апошні тур (самка) у прыродных умовах забіты ў Польшчы ў 1627, на тэр.Зах. Сібіры дажыў да 18 ст.
Выш. ў карку да 2 м, маса да 1,5 т. Падобны да сучасных свойскіх быкоў, за выключэннем пераважна чорнай афарбоўкі цела і белай паласы ўздоўж спіны. У канцы антрапагену П.б. распаліся на буйную і дробную расы. Лічыцца, што буйная засталася ў дзікім стане (была аб’ектам палявання), а дробная прыручана ў Грэцыі каля 4 тыс.г. назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ МІЖНАРО́ДНЫ КАНГРЭ́С БЕЛАРУСІ́СТАЎ (Адбыўся 25—27.5.1991 у Мінску; удзельнічалі даследчыкі беларусістыкі) (гл.Беларусазнаўства) больш чым з 10 краін свету. Падрыхтаваны на працягу года Арганізац. к-там пад кіраўніцтвам праф. А.Мальдзіса пры ўдзеле АНБССР, Мін-ва культуры БССР, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рэсп. асацыяцыі беларусістаў. Распачаў дзейнасць Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (прыняты яе статут і выбраны кіруючыя органы). Навук. праца кангрэса праходзіла на пленарных і секцыйных пасяджэннях па кірунках; «Гісторыя і культура» (секцыя характарызавалася разнастайнай тэматыкай выступленняў),
«Мовазнаўства» (шмат часу прысвечана пытанням рэфармавання сучаснай бел. мовы; усяго каля 30 выступленняў), «Л-ра, маст. пераклад і фальклор» (каля 20 паведамленняў пра найноўшыя здабыткі ў галіне перакладу і апрацоўкі літ. спадчыны). У заключны дзень працы адбыўся «круглы стол» (агульнакангрэсавая нарада) «Бел. дыяспара».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЎЧЫЯ ПТУ́ШКІ, пеўчыя вераб’іныя (Oscines, або Passeres),
падатрад птушак атр.вераб’інападобных. Прадстаўнікі сучасных відаў вядомы з ранняга алігацэну (каля 35 млн.г. назад). 33—56 сям. (2 вымерлыя), 761—1017 родаў, больш за 4200 відаў (каля палавіны ўсіх відаў птушак на Зямлі). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у разнастайных ландшафтах усіх кліматычных зон, большасць відаў — у тропіках. На Беларусі ўсе П.п. належаць да вераб’інападобных.
Маса ад 4 да 1500 г. Знешні выгляд, паводзіны, афарбоўка вельмі разнастайныя. Маюць спецыфічную будову галасавога апарату: ніжнія кольцы трахеі зрасліся і ўтварылі ніжнюю гартань; добра развіты 5—7 пар галасавых мышцаў, вонкавая і ўнутраная галасавыя перапонкі, што дае магчымасць П.п. выдаваць больш разнастайныя гукі, чым у інш. птушак. Пры дапамозе песні П.п. забяспечваюць камунікатыўныя функцыі. Кожнаму віду характэрны свая песня або набор гукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ШКУР (Іван Іванавіч) (21.12.1921, в. Вострава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 12.10.1980),
бел. мастак тэатра, жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1939). У 1944—57, 1970—80 мастак Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, у 1957—70 у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача (з 1962 гал. мастак). Аформіў спектаклі «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1953), «Русалка» А.Даргамыжскага (1955), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1956), «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела, «За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля, «Не верце цішыні» І.Шамякіна (абодва 1958), «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (1964), «Чырвоная шапачка» Я.Шварца (1967), «Мядовы месяц» К.Губарэвіча (1970) і інш. Сярод жывапісных работ «Бярозы» (1960), «Крыжоўка» (1971), «Заслаўе», «Курган Славы» (абедзве 1972), «Рака Вяча» (1973), «Зімовыя далі» (1974) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭ́ТРУМ,
рамоначнік (Pyrethrum), род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 еўрасібірскі рэліктавы від П. шчытковы (P. corymbosum), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў асветленых лісцевых лясах, сухадольных астэпаваных лугах. Трапляецца здзічэлы П. вялікі, або бальзамічны кануфер (P. majus), які культывуюць як прыпраўную расліну, як інсектыцыдную — культывуюць П. цынерарыялісты, або далмацкі рамонак (P. cinerariifolium). Інтрадукаваны 2 віды П.: чырвоны, або каўказскі рамонак (P.coccineum) і дзявочы (P.parthenium).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—150 см. Сцёблы апушаныя, прамыя і ўзыходныя. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае, радзей суцэльнае. Кветкі дробныя, ў адзіночных або сабраных у агульнае шчыткападобнае суквецце кошыках. Плод — сямянка. Некат. віды маюць пірэтрыны. Род П. часта аб’ядноўваюць з родам піжма і хрызантэма. Інсектыцыдныя, лек., харч., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́САРАВА (Людміла Іванаўна) (н. 29.5.1939, г.п. Руба Віцебскага гарсавета),
бел. актрыса. Засл. арт.Беларусі (1976). Скончыла студыю пры Бел. т-ры імя Я.Коласа (1964), працуе ў гэтым т-ры. Характарная актрыса. Створаныя вобразы вызначаюцца псіхал. абгрунтаванасцю, выразным пластычным малюнкам, дакладнай моўнай характарыстыкай. У камед. ролях ужывае прыёмы гратэску, сатыр. завостранасць, буфанаду. Лепшыя ролі ў бел. і класічным рэпертуары: Казюра («Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Ульяна («Трывога» А.Петрашкевіча), Маці («Парог» А.Дударава, «...Таму, што люблю...» А.Паповай паводле п’есы «Дзень карабля»), Цвяткова («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Матруна («Улада цемры» Л.Талстога), Кісельнікава («Багна» А.Астроўскага), Далгова («Касатка» А.Талстога), Інеса («Каханне не жарты» П.Кальдэрона), пані Конці («Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка). Знялася ў кіна- і тэлефільмах «Нядзельная ноч», «Паводка», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІШЧУ́ХАВЫЯ, пішчухі,
сенастаўкі (Ochotonidae, або Lagomyidae),
сямейства млекакормячых атр. зайцападобных. 1 род (Ochotona), 20 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі, на ПдЗПаўн. Амерыкі. Жывуць пераважна калоніямі ў норах на адкрытых мясцінах раўнін і высакагор’я. На Беларусі жылі ў познім антрапагене. Знаходкі вядомы з перыгляцыяльных адкладаў каля вёсак Койтава Віцебскага і Пашына Аршанскага р-наў і каля г. Гродна. Некат. віды — носьбіты ўзбуджальніка чумы.
Даўж. да 28 см, маса да 240 г. Вушы круглыя, кароткія. Вібрысы доўгія. Хвост вельмі кароткі. Афарбоўка бура-карычневых адценняў. Моцна свішчуць і пішчаць (адсюль назва). Расліннаедныя. На зіму назапашваюць сухую траву (адсюль другая назва). Нараджаюць да 7 дзіцянят 2—3 разы за год.
Э.Р.Самусенка.
Да арт.Пішчухавыя. Пішчухі: 1 — велікавухая; 2 — алтайская; 3 — паўночная; 4 — стэпавая, або малая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАКЕ́ТКА (франц. plaquette памяншальнае ад plaque пласцінка, дошчачка),
1) твор медальернага мастацтва, які адрозніваецца ад звычайнага медаля прамавугольнай або блізкай да яе формай. Паводле зместу шырэйшая за медаль, можа мець разгорнуты сюжэт, што набліжае яе да скульптуры. Бываюць керамічныя, метал., фарфоравыя, шкляныя і інш. Паводле правіл Міжнар. федэрацыі медальераў не павінны быць даўжэй за 180 мм па большаму боку. Пашырыліся ў 19—20 ст. На Беларусі П. рабілі і робяць Г.Асташонак, Э.Астаф’еў, Л.Багданаў, В.Буціна, С.Гарбунова, А.Дзятлава, У.Жохаў, А.Зіменка, С.Ларчанка, В.Леантовіч, Ю.Любімаў, У.Мелехаў, У.Мурахвер, В.Прыешкін, Л.Талбузін, В.Янушкевіч і інш. 2) Пласцінка (метал., керамічная і інш.) з рэльефнай выявай, прызначаная для ўпрыгожання мэблі, хатняга начыння і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТУ́Н (Антон Мартынавіч) (13.11.1896, в. Амлынцы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 1938),
дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. Акадэмік АНБССР (1931). Вучыўся ў Нясвіжскім гар. вучылішчы. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1920—27 на парт. і сав. рабоце ў Мазыры, Барысаве, Слуцку. З 1927 старшыня Цэнтр. праўлення прафсаюза працаўнікоў асветы БССР і рэдактар час. «Прафесійны рух Беларусі». У 1929—33 нарком асветы БССР, 7.3.1933 зняты з пасады. З 1933 на парт. рабоце ў Зах. Сібіры. Чл.ЦККП(б)Б у 1927—33. Чл.ЦВКБССР у 1927—33, Прэзідыума ЦВК у 1931—33. Неабгрунтавана асуджаны ў 1937. Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў БССР. Мн., 1930;
За культурную рэвалюцыю. Мн., 1931;
Итоги культурного строительства в БССР за 10 лет. М.; Л.;