старажытнае індзейскае племя моўнай групы кечуа. У 11—13 ст. жыло на тэр. сучаснага Перу, потым склала пануючы слой у дзяржаве Таўантысую са сталіцай у г. Куска, створанай у 1439 саюзам плямён, больш вядомай пад назвай «Імперыя І.». І. бралі даніну з пакораных плямён, выкарыстоўвалі працу сялян-абшчыннікаў, рамеснікаў і рабоў. Асноўнай сац.-эканам. адзінкай дзяржавы была суседская абшчына. Неабмежаваная, акружаная сакральным арэолам улада належала правіцелю — Вярхоўнаму Інку, ён жа лічыўся ўласнікам усёй зямлі. Першы міфічны правіцель І. — Манка Капак шанаваўся як сын сонца. І. выкарыстоўвалі ірыгацыю, будавалі палацы, храмы, умацаваныя гарады і цытадэлі, вынайшлі сістэму перадачы звестак у выглядзе т. зв. вузельчыкавага пісьма — кіпу, а таксама, верагодна, зачаткавую пісьменнасць, наладзілі хуткую сувязь паміж рознымі часткамі імперыі з дапамогаю скараходаў. Як і інш. плямёны дакалумбавай Амерыкі, І. не ўмелі вырабляць жалезныя прылады і не ведалі агнястрэльнай зброі. У 1532—36 ісп. заваёўнікі на чале з Ф.Пісара захапілі і знішчылі дзяржаву І. разам з яе багатай культурай, забілі апошняга Вялікага Інку Атаўальпу. Пакораныя іспанцамі І. увайшлі ў склад народнасці кечуа.
Архітэктура І. вядома па літ. і шматлікіх археал. крыніцах (рэшткі храмаў, палацаў, абсерваторый, амфітэатраў, крэпасцей). Першапачаткова ўзводзілі цыклапічныя пабудовы 3 агромністых камянёў (крэпасць Саксаўаман каля Куска), пазней — пабудовы з абчасаных блокаў граніту (крэпасці Пісак каля Куска, Мачу-Пікчу). Іх дойлідства вылучалася геам. прастатой прысадзістых форм, трываласцю, амаль поўнай адсутнасцю дэкору. Асн. віды мастацтва — размаляваная і фігурная кераміка з бліскучай чорнай паверхняй, у т. л. пасудзіны з рэаліст. партрэтнымі выявамі («тваравыя пасудзіны»), Вял. майстэрствам вылучаліся творы ювелірнага мастацтва («залаты сад» у храме Сонца «Карыканча» ў Куска з раслінамі, птушкамі, матылькамі, фігурамі з золата і серабра), якія амаль не захаваліся.
Літ.:
Гарсиласо де ла Вега. История государства инков: Пер. с исп. Л., 1974;
Березкин Ю.Е. Инки: Ист. опыт империи. Л., 1991;
Галич М. История доколумбовых цивилизаций: Пер. с исп. М., 1990.
Понча інкаў. 1350—1532.Рытуальны нож інкаў — тумі. Золата, інкрустацыя.Да арт.Інкі. Сцены (злева) і платформы Мачу-Пікчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬ,
горад, цэнтр Капыльскага р-на Мінскай вобл., на р. Мажа. За 120 км ад Мінска, 9 км ад чыг. ст. Цімкавічы на лініі Баранавічы—Асіповічы. 10,8 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца пад 1274 у Галіцка-Валынскім летапісе. З 1320-х г. у складзе ВКЛ. У 1395 утворана Капыльскае княства з цэнтрам у К., уладанне кн. Уладзіміра Альгердавіча, з пач. 15 ст. рэзідэнцыя князёў Алелькавічаў. У жн. 1506 слуцкія і капыльскія баяры разбілі каля К. рэшткі войска крымскіх татар. 25.11.1595 у час Налівайкі паўстання 1594—96 каля К. адбыўся бой казацкага атрада на чале з палкоўнікам Марцінкам з войскам К.Радзівіла. З 1612 К. перайшоў да Радзівілаў. У 1652 К. атрымаў прывілей на магдэбургскае права, меў герб — на залатым полі выява паляўнічага рога. З канца 16 ст. ў К. былі кальвінскі збор і царква. У 17 ст. К. славіўся рамёствамі; было 6 цэхаў. З 1791 у складзе Случарэцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі — мястэчка Слуцкага пав. Мінскай губ. З 1832 прыватнаўладальніцкае мястэчка кн. Вітгенштэйна. У 1880-я г. ў К. створана група народнікаў. У 1897—4463 ж., піваварны завод, 2 млыны, 6 крам, 3 школы, царква, касцёл, кальвінскі збор, 2 яўр. малітоўныя дамы. У 1903 створана група, у 1905 арг-цыяРСДРП. У лют.—снеж. 1918 акупіраваны герм., у жн. 1919 — ліп. 1920 — польскімі войскамі. З ліп. 1924 цэнтр раёна, У 1926—4 тыс.ж., сыраварны і цагельны з-ды, ганчарная, шавецкая арцелі. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 29.6.1941 да 1.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 2915 жыхароў, адбыліся капыльскія баі 1942, 1944 партызан з гітлераўцамі. У 1977—5,7 тыс.ж. З 29.4.1984 горад.
Капыльскі завод гумава-тэхнічных вырабаў, прадпрыемствы харч. прам-сці. Капыльскі краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.). Помнікі археалогіі — гарадзішча і курганныя могільнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),
аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯТО́ЎСКІ (Poniatowski) Юзаф Антон (7.5.1763, Вена — 19.10.1813),
ваенны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, князь, ген.-лейт. польскай арміі (1792), маршал Францыі (1813). З роду Панятоўскіх, пляменнік караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З 1780 служыў у аўстр. арміі, з 1788 палкоўнік, ад’ютант імператара Іосіфа П. У 1789 пераехаў у Рэч Паспалітую, удзельнічаў у рэарганізацыі польскай арміі, з 1788 камандаваў дывізіяй. У 1792 камандаваў польскай арміяй, якая абараняла ад рас. войск лінію Дняпра і Днястра. Пасля бою пад Зелянцамі 18.6.1792 адступіў да Ізяслава, потым вывеў войскі за р. Буг. У знак пратэсту супраць змовы караля з Таргавіцкай канфедэрацыяй падаў у адстаўку і выехаў у Вену. У час паўстання 1794 вярнуўся, удзельнічаў у абароне Варшавы. Пасля капітуляцыі зноў выехаў у Вену. Адмовіўся ад прапаноў Кацярыны II і Паўла I паступіць на рас. службу. З 1798 жыў у сваім маёнтку пад Варшавай. У 1806, калі франц. войска падышло да Варшавы, а прускае пакінула горад, П. стаў на чале мясц. міліцыі і падтрымаў Напалеона. Са снеж. 1806 камандаваў адноўленым польск. войскам, са студз. 1807 ваен. міністр Варшаўскага княства. У час аўстра-французскай вайны 1809 паспяхова дзейнічаў супраць аўстр. войск у Галіцыі. У 1811 зноў адмовіўся паступіць на рас. службу. У час паходу Напалеона ў Расію 1812 камандаваў 5-м польскім корпусам «Вял. арміі». У пачатку кампаніі праследаваў 2-ю Зах. армію і рухаўся праз Гродна, Нясвіж, Ігумен да Магілёва. Удзельнічаў у бітвах пад Смаленскам і Барадзіном. У час адступлення рэшткі корпуса П. ўдзельнічалі ў бітвах пад Вязьмай і на р. Бярэзіна. Пасля вываду польск. войск у Саксонію сфарміраваў 8-ы корпус. У Лейпцыгскай бітве 1813 па даручэнні Напалеона, які ў час гэтай бітвы ўзвёў П. ў маршалы, прыкрываў адыход франц. войск. У час пераправы праз р. Эльстэр быў цяжка паранены і патануў. У 1814 прах П. перанесены ў Варшаву, у 1819 перапахаваны ў Кракаве на Вавелі. У 1826—32 зроблены помнік П. (скульпт. Б.Торвальдсен), які з 1840 знаходзіўся ў Гомелі перад палацам І.Ф.Паскевіча, з 1922 — у Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЗА (Pisa),
горад у Цэнтр. Італіі, на р. Арна, у вобл. Таскана. Адм. цэнтр прав. Піза. Каля 120 тыс.ж. (2000). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Злучаны суднаходным каналам з портам Ліворна. Прам-сць: маш.-буд., хім., фармацэўтычная, шкляная, керамічная, тэкст., гарбарна-абутковая. Ун-т (з 1343), у якім вучыўся Г.Галілей. Нац. музей Сан-Матэа.
У старажытнасці горад этрускаў, з 180 да н.э.рым. калонія. З 4 ст.н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 9—11 ст. буйны гандл.цэнтр. У пач. 11 ст. жыхары П. вялі паспяховую барацьбу з арабамі, авалодалі Корсікай і Сардзініяй, удзельнічалі ў 1-м крыжовым паходзе (1096—99), атрымалі вял. прывілеі на Усходзе, мелі факторыі ў Сірыі, Палесціне і Канстанцінопалі. Паспяховы паход у 1113—14 супраць араб. панавання на Балеарскіх а-вах забяспечыў П. ўплыў у Зах. Міжземнамор’і. Канкурэнцыя Генуі і Венецыі, разгром генуэзцамі пізанскага флоту (1284) прывялі да заняпаду ў П. марскога гандлю, да страты Сардзініі. У сярэдзіне 11 ст. ў П. консульскае праўленне, у сярэдзіне 12 ст. камуна, у 14 п. ўсталявана тыранія. У 1406 П. заваявана Фларэнцыяй. З 1569 у складзе Вял. герцагства Тасканскага, разам з якім у 1861 увайшла ў аб’яднанае Італьян. каралеўства.
Ад рым. часоў захаваліся рэшткі тэрмаў (2 ст.н.э.), амфітэатра, форума. Раманскія пабудовы ў П. паўплывалі на развіццё сярэдневяковага дойлідства Італіі. Яны адметныя багатай пластыкай фасадаў, ажурнасцю арх. дэкору (шмат’ярусныя аркатуры), арыгінальнай колеравай кампазіцыяй (чаргаванне белага і чорнага мармуру): ансамбль саборнай плошчы («Плошчы цудаў») з саборам (1063—1160, 5-нефавая базіліка, у інтэр’еры амбон работы Дж.Пізана); кампаніла, ці т. зв. «Падаючая вежа» (1174—1372); баптыстэрый (пачаты ў 1153, скульпт. вонкавы дэкор і амбон — Н.Пізана); крытыя могілкі Кампасанта (з 1278 арх. Дж. ды Сімоне). Сярод інш. помнікаў: касцёл Сан-Паала а Рыпа д’Арна (1148), Палацца дэі Кавальеры (перабудова, 1562), касцёл Сан-Стэфана дэі Кавальеры (1565—69. абодва арх. Дж.Вазары). Нац. музей Сан-Матэа (тасканскі жывапіс і скульптура 12—15 ст.). Ансамбль саборнай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РЫ,
прыродныя поласці ў верхняй тоўшчы зямной кары, злучаныя з паверхняй адной або некалькімі ўваходнымі адтулінамі. Запоўнены паветрам або інш. газам, вадой, часткова цвёрдымі адкладамі. Паводле паходжання падзяляюцца на першасныя (сінгенетычныя з горнымі пародамі: газавыя пузыры і тунэлі ў лавах, поласці ў рыфах, вапняковых туфах, гіпсаангідрытах) і другасныя (узніклі ў сфарміраванай пародзе ці ледавіку: П. выветрывання, вышчалочвання, выдзімання, суфазійныя, абразійныя на берагах мораў, карставыя, гідратэрмальныя, гляцыяльныя ў ледавіках). Найб. пашыраны карставыя П. (гл.Карст).
П. складаюцца з расшыраных участкаў (галерэі, гроты, залы) і вузкіх (праходы, хады, адвержкі). Часта ўтвараюць складаныя шматпавярховыя сістэмы. Найб. працяглыя П. (карставыя); Флінт-Мамантава (гл.Мамантава пячора, ЗША) — каля 560 км, Хёлах (Швейцарыя) — 133 км, Аптымістычная пячора — 157 км і Азёрная пячора — 107,3 км (Украіна). Найб. глыбокія П. свету (карставыя); Вароння (Абхазія) — 1720 м, Жан-Бернар (Францыя) — 1494 м, В.Панцюхіна — 1465 м і Снежная (Абхазія) — 1370 м, Ільяміна (Іспанія) —1342 м, П’ер-Сен-Мартэн (Францыя, Іспанія) — 1342 м. Для мікраклімату П. характэрны адсутнасць сонечнага святла, пастаянства т-р, высокая вільготнасць, павышаная канцэнтрацыя вуглякіслага газу. У халодных П. намнажаецца шматгадовы лёд. Часта П. ўпрыгожаны рознымі нацечнымі ўтварэннямі, у т. л.сталагмітамі і сталактытамі. Фауна бедная, пераважна беспазваночныя жывёлы, таксама земнаводныя, рыбы. У некат. П. жывуць калоніі лятучых мышэй. Для пастаянных насельнікаў П. характэрны дэпігментацыя, слепата, часам гігантызм, запаволены абмен рэчываў. У П. назіраецца да 90 відаў новаўтвораных мінералаў са слабамінералізаваных пячорных вод, часам з рудаўтваральных і гідратэрмальных раствораў. Найб. пашыраны карбанаты (арганіт, кальцыт, даламіт, магнезіт і інш.) і сульфаты (барыт, цэлесцін, гіпс, мірабіліт і інш.). Муміё П. — прыродная мед. сыравіна. П. выкарыстоўваюцца чалавекам са стараж. часоў. У іх захаваліся касцявыя рэшткі, прылады працы, быту, скульптурныя і наскальныя выявы (напр., П.Альтаміра і Ласко, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, Капава пячора). Найб. выкарыстоўваюцца П. для падземнага турызму, у некат. з іх пабудаваны навук. лабараторыі, санаторыі, чыгункі, канцэртныя залы, кафэ і інш. П. вывучае спелеалогія.
Літ.:
Дублянский В.Н., Илюхин В.В. Крупнейшие карстовые пещеры и шахты СССР. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЯ́НСКІ ЗА́МАК,
помнік архітэктуры 1-й чвэрці 17 ст. на паўн.-зах. ускраіне в.Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Вядомы таксама пад назвамі «Белы Ковель» ці «Малы Ковель». Займаў прамавугольную ў плане пляцоўку (100 × 200 м) на правым беразе р. Дзярноўка. Пабудаваны да 1626 кн. С.А.Сангушкам-Ковельскім. Змураваны з буйной цэглы (29 × 13 × 8 см) і палявога каменю. Меў выгляд замкнутага прамавугольніка з унутр. дваром, вуглавымі 3-яруснымі вежамі і 5-яруснай 5-граннай вежай на паўн.-ўсх. фасаднай сцяне. 3-павярховы корпус палаца па перыметры двара меў сцены таўшчынёй 1,2—1,7 м. Муроўка замка паводле тыпу найбольш блізкая да т.зв. галандскай. 5-ярусная вежа вылучаецца вытанчаным рэльефным дэкорам, які мякка кантраставаў з гладкай паверхняй сцен. Арнамент аконных праёмаў і плоская ордэрная раскрапоўка вежаў сведчаць пра стылістычную сувязь з зах.-еўрап. архітэктурай. У матывах складанага рэнесансавага абрамлення рамкі-картуша прасочваюцца галандскія ўплывы. Захаваліся сляды вітых усходаў, што ішлі па ўнутр. перыметры вежы, шмат ніш рознага памеру, арачны пераход з гал. корпуса ў вежу, дэталі камінаў. Ёсць звесткі, што на схіле жыцця гаспадар замка кн. Сангушка-Ковельскі загадаў размаляваць пакоі карцінамі на рэліг. сюжэты, тэмы смерці і забыцця. З інвентароў замка за 1739 і 1742, калі ён належаў маршалку ВКЛ П.Л.Сангушку, вынікае, што «... замак мураваны на капцы» быў наўкола «вадою абвіты». Перад ім знаходзіўся стаў з мостам. Пры ўваходзе на дзядзінец, злева, быў вял. склеп. У пакоях стаялі печы з белай кафлі з гербам «Пагоня». Дапаможныя гасп. службы размяшчаліся не ў замку, а за ставам. Замак быў разбураны ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайну 1700—21. Заняпад С.з. пачаўся з канца 18 ст. і завяршыўся ў сярэдзіне 19 ст. (новы гаспадар Смалян сенатар Сямёнаў прадаў замак на цэглу). Захаваліся 5-ярусная вежа і рэшткі сцен.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977. С. 58—59;
Баравы Р.В. Да гісторыі замка ў Смалянах // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3.
М.А.Ткачоў.
Смалянскі замак. Малюнак Ю.Пешкі канца 18 ст.Руіны вежы Смалянскага замка. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУНІ́С,
горад, сталіца Туніса. Адм. ц.аднайм. вілаета. Каля 1 млн.ж. з прыгарадамі (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт (з аванпортам Хальк-эль-Уэд). Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая, металаапр., тэкст., хім., цэм.; каляровая металургія. Маст. рамёствы. Ун-т.
Як ант. паселішча вядомы за некалькі стагоддзяў да н.э. У 7—2 ст. да н.э. пад уладай Карфагена, з 2 ст. да н.э. — Рыма. У 5 ст.н.э. заваяваны вандаламі, у 6 ст. — візантыйцамі, у 669 — арабамі (наз. Тунус) і ўваходзіў у склад араб. дзяржаў Паўн. Афрыкі. З 13 ст. сталіца ўсходнемагрыбскай дзяржавы Хафсідаў; буйны цэнтр рамесніцтва, гандлю і араб. навукі. У 1535 захоплены і разрабаваны іспанцамі. З 1574 пад уладай Асманскай імперыі, гал. горад яе туніскай правінцыі. Перасяленне ў пач. 17 ст. з Іспаніі маўраў садзейнічала далейшаму росквіту ў Т. гандлю і рамесніцтва. У 18 ст. Т. — рэзідэнцыя правіцеляў дынастыі Хусейнідаў. У 1881 захоплены франц. войскамі, адм. цэнтр франц. пратэктарату Туніс (1883—1956). У 1942—43 акупіраваны італа-герм. войскамі. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр нац.-вызв. руху. З 1956 сталіца незалежнай дзяржавы Туніс.
Ад гар. сцен (9 ст., 13—14 ст.) захаваліся каменныя вароты Баб аль-Джадыд (1276), Баб аль-Менара (13 ст.), рэшткі сцен касбы (цытадэлі). У Старым горадзе (медына) знаходзяцца: мячэці Вялікая («Мячэць аліў», 732. перабудавана ў 9 ст.), аль-Ксар (каля 1106, мінарэт 1647), аль-Хаўа, ці Таўфік (13 ст.), аль-Халік (1375), Меласін (1435), Юсуф Дэя (1616, медрэсэ 1677); маўзалей-куба Бені Харасан (1093); рынкі 13 і 14 ст.; палацы 18—19 ст. Вакол сярэдневяковага горада кварталы пазнейшай забудовы: паштамт (1893, арх. А.Саладэн), дзелавыя будынкі, жылыя дамы. вілы; комплекс ун-та (арх. Б.Зерфюс. В.Гропіус), Нац.тэхн.ін-т (арх. В.Папоў, А.Мачалаў), атэль «Афрыка» (усе 1960-я г.; арх. А.Какуб., Ж.Кірыякапулос). Музеі: Нац. Бардо (Музей Алауі). ісламскага мастацтва; муніцыпальны т-р. Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАДО́СІЯ,
горад на Пд Украіны, у Аўт. Рэспубліцы Крым. 90 тыс.ж. (2000). Порт на Чорным м.Чыг. станцыя. Прам-сць: харч. (малочная, мясная, вінаробная, тытунёвая), мэблевая; афсетная ф-ка, мех.з-д; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Кліматычны і бальнеагразевы прыморскі курорт.
Клімат пераходны ад субтрапічнага міжземнаморскага тыпу да ўмерана кантынентальнага. Лета цёплае (24 °C у жніўні). Асн.лек. фактары: клімат, мінер. воды (на пітное лячэнне, ванны), марскія купанні (чэрв.—кастр.), сульфідная глеевая гразь. Лечаць хваробы органаў дыхання, кровазвароту, стрававання, парушэнні абмену рэчываў. Санаторыі, водагразелячэбніца. Музеі: краязнаўчы (з 1811), гісторыі марскога гандл. флоту, літ.-мемарыяльны А.С.Грына, карцінная галерэя імя І.К.Айвазоўскага. Арх. помнікі: хрысц. цэрквы (13—14 ст.), рэшткі Генуэзскай крэпасці (14—15 ст.), мячэць Муфты-Джамі (16—17 ст.).
Вядома з 6 ст. да н.э. як стараж.-грэч. калонія, пазней — грэч.поліс. З 355 да н.э. ў складзе Баспорскай дзяржавы. У 107 да н.э.
Ф. — адзін з цэнтраў Саўмака паўстання. У 4 ст.н.э. разбурана гунамі. У 5—6 ст. Ф. — паселішча аланаў. У канцы 6 ст. пад уладай хазараў. Пасля захопу ў 1239 Крыма войскамі Батыя ўвайшла ў склад Залатой Арды. У 1270—80-я г. на яе тэр. генуэзцы заснавалі гандл. факторыю Кафа (назва захоўвалася да 1783). У пач. 14 ст. тут узнікла арм. калонія. У 1475 Кафу захапіла Турцыя і наз. Кефе (другая назва Малы Стамбул). У 16—17 ст. горад — гал. нявольніцкі рынак у Крыме. У 1616, 1628 і 1667 Кефе займалі запарожскія казакі. У рус.-тур. вайну 1768—74 Кафу ўзялі рус. войскі (1771). З 1783 у складзе Расіі (зноў наз. Ф.), з 1802 павятовы горад Таўрычаскай губерні, у 1892 злучаны з чыг. Севастопаль—Данбас. У грамадз. вайну Ф. захоплівалі аўстра-герм., англа-франц. войскі. У 1920 вызвалена Чырв. Арміяй. З 1921 у складзе Крымскай АССР. У 1941—44 акупіравана ням.-фаш. войскамі, вызвалена ў выніку Крымскай аперацыі 1944. З 1945 пасля скасавання крымскай аўтаноміі ў складзе Рас. Федэрацыі, з 1954 — Украіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕТЫШЫ́ЗМ (франц. fétichisme ад партуг. feitięo амулет),
вера ў звышнатуральныя ўласцівасці прыродных або вырабленых чалавекам неадушаўлёных прадметаў (фетышаў) і іх ушанаванне. Узнік у перыяд першабытнага грамадства; быў пашыраны ва ўсіх першабытных народаў. Характэрны, хоць і не ў аднолькавай ступені, для ўсіх рэлігій (напр., шанаванне крыжа, мошчаў, абразоў у хрысціянстве, «чорнага каменя» ў г. Мекка ў ісламе і інш.). Своеасаблівымі рэшткамі Ф. з’яўляецца вера ў амулеты, абярэгі, талісманы.
Тэрмін «фетыш» уведзены ў навуку галандскім падарожнікам В.Босманам у пач. 18 ст.Франц. асветнікі разглядалі Ф. як архаічную форму рэлігіі, звязаную з неадукаванасцю.
Г.Гегель бачыў у Ф. форму чараўніцтва, імкненне чалавека ажыццяўляць ускосную ўладу над прыродай пры дапамозе фетыша. К.Маркс лічыў Ф. з’явай не толькі рэлігійнай і ўвёў паняцце «таварнага фетышызму», пад якім разумеў грамадскі працэс надзялення прадуктаў працы звышнатуральнымі ўласцівасцямі, абумоўлены «арэчаўленнем» сац. адносін. Э.Б.Тайлар, Г.Спенсер разглядалі Ф. як адну з форм анімізму.
На бел. землях Ф. адлюстраваны ў стараж. павер’ях пра здольнасці асобных камянёў вылечваць ад цяжкіх хвароб, даваць людзям вял. энергію і магічную сілу. Паводле старадаўніх уяўленняў беларусаў, у глыбокай старажытнасці камяні былі жывымі істотамі: маглі расці, размнажацца, гаварыць, есці і піць, перамяшчацца ў прасторы і інш. Асобныя «свяшчэнныя камяні» мелі ўласныя імёны: Кравец, Сцяпан, Змяіны камень і інш. Культ камянёў быў даволі пашыраны на Беларусі: камяні ўшаноўвалі, маліліся ім, прасілі ў іх дапамогі ў паўсядзённым жыцці, рабілі ім ахвярапрынашэнні (грошы, палатно, зрэдку хатніх жывёл); рэшткі гэтага культу назіраюцца ў некат. бел. вёсках да нашага часу. Гл. таксама Прошча.
Літ.:
Афанасьев А.Н. Поэтические воззрения славян на природу: Опыт сравнит. изучения славян. преданий и верований в связи с мифич. сказаниями других родственных народов. Т. 1—3. М., 1995;