ФЕАДО́СІЯ,
горад на Пд Украіны, у Аўт. Рэспубліцы Крым. 90 тыс. ж. (2000). Порт на Чорным м. Чыг. станцыя. Прам-сць: харч. (малочная, мясная, вінаробная, тытунёвая), мэблевая; афсетная ф-ка, мех. з-д; вытв-сць буд. матэрыялаў. Кліматычны і бальнеагразевы прыморскі курорт.
Клімат пераходны ад субтрапічнага міжземнаморскага тыпу да ўмерана кантынентальнага. Лета цёплае (24 °C у жніўні). Асн. лек. фактары: клімат, мінер. воды (на пітное лячэнне, ванны), марскія купанні (чэрв.—кастр.), сульфідная глеевая гразь. Лечаць хваробы органаў дыхання, кровазвароту, стрававання, парушэнні абмену рэчываў. Санаторыі, водагразелячэбніца. Музеі: краязнаўчы (з 1811), гісторыі марскога гандл. флоту, літ.-мемарыяльны А.С.Грына, карцінная галерэя імя І.К.Айвазоўскага. Арх. помнікі: хрысц. цэрквы (13—14 ст.), рэшткі Генуэзскай крэпасці (14—15 ст.), мячэць Муфты-Джамі (16—17 ст.).
Вядома з 6 ст. да н.э. як стараж.-грэч. калонія, пазней — грэч. поліс. З 355 да н.э. ў складзе Баспорскай дзяржавы. У 107 да н.э.
Ф. — адзін з цэнтраў Саўмака паўстання. У 4 ст. н.э. разбурана гунамі. У 5—6 ст. Ф. — паселішча аланаў. У канцы 6 ст. пад уладай хазараў. Пасля захопу ў 1239 Крыма войскамі Батыя ўвайшла ў склад Залатой Арды. У 1270—80-я г. на яе тэр. генуэзцы заснавалі гандл. факторыю Кафа (назва захоўвалася да 1783). У пач. 14 ст. тут узнікла арм. калонія. У 1475 Кафу захапіла Турцыя і наз. Кефе (другая назва Малы Стамбул). У 16—17 ст. горад — гал. нявольніцкі рынак у Крыме. У 1616, 1628 і 1667 Кефе займалі запарожскія казакі. У рус.-тур. вайну 1768—74 Кафу ўзялі рус. войскі (1771). З 1783 у складзе Расіі (зноў наз. Ф.), з 1802 павятовы горад Таўрычаскай губерні, у 1892 злучаны з чыг. Севастопаль—Данбас. У грамадз. вайну Ф. захоплівалі аўстра-герм., англа-франц. войскі. У 1920 вызвалена Чырв. Арміяй. З 1921 у складзе Крымскай АССР. У 1941—44 акупіравана ням.-фаш. войскамі, вызвалена ў выніку Крымскай аперацыі 1944. З 1945 пасля скасавання крымскай аўтаноміі ў складзе Рас. Федэрацыі, з 1954 — Украіны.
т. 16, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)