ТУНІ́С,

горад, сталіца Туніса. Адм. ц. аднайм. вілаета. Каля 1 млн. ж. з прыгарадамі (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт (з аванпортам Хальк-эль-Уэд). Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая, металаапр., тэкст., хім., цэм.; каляровая металургія. Маст. рамёствы. Ун-т.

Як ант. паселішча вядомы за некалькі стагоддзяў да н.э. У 7—2 ст. да н.э. пад уладай Карфагена, з 2 ст. да н.э. — Рыма. У 5 ст. н.э. заваяваны вандаламі, у 6 ст. — візантыйцамі, у 669 — арабамі (наз. Тунус) і ўваходзіў у склад араб. дзяржаў Паўн. Афрыкі. З 13 ст. сталіца ўсходнемагрыбскай дзяржавы Хафсідаў; буйны цэнтр рамесніцтва, гандлю і араб. навукі. У 1535 захоплены і разрабаваны іспанцамі. З 1574 пад уладай Асманскай імперыі, гал. горад яе туніскай правінцыі. Перасяленне ў пач. 17 ст. з Іспаніі маўраў садзейнічала далейшаму росквіту ў Т. гандлю і рамесніцтва. У 18 ст. Т. — рэзідэнцыя правіцеляў дынастыі Хусейнідаў. У 1881 захоплены франц. войскамі, адм. цэнтр франц. пратэктарату Туніс (1883—1956). У 1942—43 акупіраваны італа-герм. войскамі. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр нац.-вызв. руху. З 1956 сталіца незалежнай дзяржавы Туніс.

Ад гар. сцен (9 ст., 13—14 ст.) захаваліся каменныя вароты Баб аль-Джадыд (1276), Баб аль-Менара (13 ст.), рэшткі сцен касбы (цытадэлі). У Старым горадзе (медына) знаходзяцца: мячэці Вялікая («Мячэць аліў», 732. перабудавана ў 9 ст.), аль-Ксар (каля 1106, мінарэт 1647), аль-Хаўа, ці Таўфік (13 ст.), аль-Халік (1375), Меласін (1435), Юсуф Дэя (1616, медрэсэ 1677); маўзалей-куба Бені Харасан (1093); рынкі 13 і 14 ст.; палацы 18—19 ст. Вакол сярэдневяковага горада кварталы пазнейшай забудовы: паштамт (1893, арх. А.​Саладэн), дзелавыя будынкі, жылыя дамы. вілы; комплекс ун-та (арх. Б.​Зерфюс. В.​Гропіус), Нац. тэхн. ін-т (арх. В.​Папоў, А.​Мачалаў), атэль «Афрыка» (усе 1960-я г.; арх. А.​Какуб., Ж.​Кірыякапулос). Музеі: Нац. Бардо (Музей Алауі). ісламскага мастацтва; муніцыпальны т-р. Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 16, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)