ваенны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, князь, ген.-лейт. польскай арміі (1792), маршал Францыі (1813). З роду Панятоўскіх, пляменнік караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З 1780 служыў у аўстр. арміі, з 1788 палкоўнік, ад’ютант імператара Іосіфа П. У 1789 пераехаў у Рэч Паспалітую, удзельнічаў у рэарганізацыі польскай арміі, з 1788 камандаваў дывізіяй. У 1792 камандаваў польскай арміяй, якая абараняла ад рас. войск лінію Дняпра і Днястра. Пасля бою пад Зелянцамі 18.6.1792 адступіў да Ізяслава, потым вывеў войскі за р. Буг. У знак пратэсту супраць змовы караля з Таргавіцкай канфедэрацыяй падаў у адстаўку і выехаў у Вену. У час паўстання 1794 вярнуўся, удзельнічаў у абароне Варшавы. Пасля капітуляцыі зноў выехаў у Вену. Адмовіўся ад прапаноў Кацярыны II і Паўла I паступіць на рас. службу. З 1798 жыў у сваім маёнтку пад Варшавай. У 1806, калі франц. войска падышло да Варшавы, а прускае пакінула горад, П. стаў на чале мясц. міліцыі і падтрымаў Напалеона. Са снеж. 1806 камандаваў адноўленым польск. войскам, са студз. 1807 ваен. міністр Варшаўскага княства. У час аўстра-французскай вайны 1809 паспяхова дзейнічаў супраць аўстр. войск у Галіцыі. У 1811 зноў адмовіўся паступіць на рас. службу. У час паходу Напалеона ў Расію 1812 камандаваў 5-м польскім корпусам «Вял. арміі». У пачатку кампаніі праследаваў 2-ю Зах. армію і рухаўся праз Гродна, Нясвіж, Ігумен да Магілёва. Удзельнічаў у бітвах пад Смаленскам і Барадзіном. У час адступлення рэшткі корпуса П. ўдзельнічалі ў бітвах пад Вязьмай і на р. Бярэзіна. Пасля вываду польск. войск у Саксонію сфарміраваў 8-ы корпус. У Лейпцыгскай бітве 1813 па даручэнні Напалеона, які ў час гэтай бітвы ўзвёў П. ў маршалы, прыкрываў адыход франц. войск. У час пераправы праз р. Эльстэр быў цяжка паранены і патануў. У 1814 прах П. перанесены ў Варшаву, у 1819 перапахаваны ў Кракаве на Вавелі. У 1826—32 зроблены помнік П. (скульпт. Б.Торвальдсен), які з 1840 знаходзіўся ў Гомелі перад палацам І.Ф.Паскевіча, з 1922 — у Варшаве.