Лы́сы, лы́сый, лэ́сы ’які мае лысіну, белую пляму на лбе’, ’голы, пазбаўлены расліннасці’ (Нас., Багд., Булг., Шат., Касп., Бяльк., ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. лысый ’тс’, драг. лэ́сы ’назва танца’ (Нар. словатв.), лысько ’лысы чалавек’ (ТС). Укр. ли́сий, рус. лы́сый, польск. łysy, луж. łysy, чэш., славац. lysý, славен. lȋs, серб.-харв. ли̑с, макед. лис ’тс’, балг. лис ’тс’, ’светлаваты’. Прасл. lysъ ’пазбаўлены валасоў, голы’, ’без расліннасці’, ’светлы, ясны, бліскучы, з белай плямай’ (Слаўскі, 5, 431–433), якому адпавядаюць: літ. lū́šis, лат. lũsis, ст.-прус. luysis ’рысь’, ст.-грэч. λύγξ, ст.-в.-ням. luhs ’тс’, ст.-інд. rúśan, rúśant‑ ’светлы, белы’, арм. lois ’святло’, lusin ’месяц’, lusn ’бяльмо’, — і.-е. *leu̯kʼ‑ (паралельнае да leuk‑ ’свяціць’, ’светлы’), якое пад уплывам экспрэсіўнасці (Махэк₂, 345) падоўжыла карэнную галосную ў ‑ū‑ > ‑y‑. Такім чынам, першасным было значэнне ’белая пляма’, а ’голы’ — другаснае. Роднаснае да луч, лучына, луна (гл.) (Фасмер, 2, 542; БЕР, 3, 418–419; Шустар-Шэўц, 11, 793; Бязлай, 2, 143). Сюды ж лысаты, лысаваты ’чалавек з лысінай’, ’жывёла з белай плямай’ (Нас., ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лёгкі, лёхкі, лёккі, лёкі, лёгкый ’няцяжкі, лёгкі вагою’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Бяльк., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., ТС), ’тс’, ’негарачы (дух)’ (Ян.), ’немарозны, адліжны’, вільн., драг., воран. ’рухавы, імклівы’, в.-дзв., драг. ’свежы (пра паветра)’, чыж. ’немудрагелісты, нескладаны’ (Сл. паўн.-зах.), лёгка ’спакваля, патроху, паступова’, лігусенькі, легутэнькі, лёгенькі (Нас.), драг. лёхка зымня́ ’глеба на нізкіх, балотных мясцінах’ (Клім.), сувалк. lgniusce ’грузкі луг’. Укр. легкий, рус. лёгкий, лёккой, ст.-рус. льгъкый, легкыи, польск. lekki (lejki, letki, lehki, lefki), малапольск. lęki, палаб. lʼåtʼȇ, н.-луж. lažki, ležki, устар. letki, leki, в.-луж. lochki, lohki, lóžki, чэш. lehký, lechký, lefký, lʼevký, славац. ľahký, ľächkí, ľėki, славен. láhek, lahèk, lahāk і lágek, lagȃk, legák, серб.-харв. ла̏к, чак. ла̏гак, ла̏јк, кайк. legek, lehkek, макед. лек, лʼек, лък, балг. лек, лък, лечок ж. і н. р. ленка, ленко, ст.-слав. льгъкъ, лькъкъ, ц.-слав. льхъкъ. Прасл. lъgъkъ ’лёгкі, з малой вагой’, ’няцяжкі’, роднаснае з лац. levis, літ. leñgvas, лат. liêgs, ст.-інд. laghuṣ, raghúṣ, авест. raɣu‑, пракельц. *lag‑i̯os. Спіс літаратуры гл. Слаўскі, 4, 129–132; Фасмер, 2, 473–474. Сюды ж лёгкота, легкота́ ’лёгкасць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Габ ’вяз, Ulmus’ (Весці, 1969, 4, 125), габіна ’вяз гладкі, звычайны, Ulmus laevis L.’ (Гродз. Ан.; Кіс.) — Кіс., 135. Польск. gab, gabina ’тс’. Раней лічылі, што гэтыя слав. словы роднасныя з літ. guobà, gúobas ’тс’, лат. guôba (і далей з слав. назвамі дрэў *gabrъ, *grabrъ, *grabъ). Параўн. Буга (Rinkt., 1, 604), які параўноўвае слав. *gabrъ, польск. gab, gabina з балт. словамі і аддзяляе *grabъ (II, 104, 340; Фрэнкель, 1, 176–177). Непакупны (Лекс. балтызмы, 29) указвае, што польск. словы лакалізуюцца ў гаворках Аўгустоўскага павета па суседству з Гродзеншчынай. Польск. і бел. словы ўтвараюць пэўны арэал каля паўднёвай граніцы Літвы і з’яўляюцца запазычаннем з літ. мовы. Застаецца няясным пытанне пра шлях запазычання ў бел. мову (прама з літ. мовы ці праз польск.). Таксама няясна, як утварылася вытворнае габіна самастойна (ад габ) ці гэта запазычанне з польск. gabina? Формы габ могуць адлюстроўваць літ. gúobas, а габіна, gabina (< *gaba?), магчыма, узыходзяць да літ. guobà (для тыпу габіна гэта меркаванне не абавязковае: габіна можа быць утворана прама ад габ, а не ад габа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нос1 ’нос, дзюба, завостраная частка прадмета’ (Бяльк., Шатал., Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ, ТС), укр. ніс ’тс’, рус. нос, польск., чэш., славац., н.-луж. nos ’тс’, в.-луж. nós, славен. nós ’тс’, серб.-харв. но̑с ’тс’, макед., балг. нос ’тс’. Прасл. *nosъ: адпавядае літ. nósis, лат. nãss, ст.-прус. nozy, ст.-інд. nāsā, лац. nāsus, ст.-в.-ням. nasa (Фасмер, 3, 84; Бязлай, 2, 228; Шустар-Шэўц, 14, 1022). У аснове матывацыі сувязь з ’рэзаць’ (’выступаць’), параўн. асец. nos ’шрам’, суадносіцца з нож, заноза (Макоўскі, Мир слов и значений, 139).

Нос2, звычайна ў спалучэннях: на но́се ’вельмі скора, у самы блізкі час’ (Сл. ЦРБ), на носу́ ’пра хуткае з’яўленне’: Ужэ весна на носу́ (ТС). Магчыма, першапачаткова аддзеяслоўны назоўнік ад насіць ’быць цяжарным’, параўн. тураўск.: У ее ужэ трое дзецей і чэцвёртое на носу́ (ТС), брасл. носная ’цяжарная’ (Сл. ПЗБ), рус. носить ’нараджаць’, носы ’перыяд цяжарнасці’ і пад. Развіццё значэння ад ’напярэдадні родаў’ (параўн. рус. на сносях) да ’вельмі хутка, вельмі блізка’, магчыма, у выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з нос1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нямы́ і не́мы ’пазбаўлены здольнасці гаварыць’ (Нас., Яруш., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), часам нямы́ ’тс’, але не́мы ’страшны, замагільны’ (Некр.), параўн., аднак, раве́ нямы́м голасам (Багд. 63), не́мы, нему́ ’няздольны гаварыць; знямелы, нерухомы’, немы́м го́ласам (духом) ’страшна, дзіка’ (ТС), укр. німи́й ’нямы, безгалосы’, рус. немо́й, польск. niemy, чэш. němý, славац. nemý, в.- і н.-луж. němy, славен. nȇm, серб.-харв. не̑м, макед. нем, балг. ням. Выводзяць на аснове дысіміляцыі з першапачатковага *měmъ ’які заікаецца, невыразна гаворыць’, што суадносіцца з лат. mēms ’нямы’, męmulis ’заіка’, хец. memaƕƕi ’гавару’, параўн. таксама ням. mummeln ’заікацца’, швед. mimra ’варухаць губамі’ і пад. (Фасмер, 3, 63; Бязлай, 2, 219); у аснове — гукаперайманне, як і ў славац. nemtať, чэш. mumlali, польск. momotać ’невыразна гаварыць, бурчаць і пад.’ (Махэк₂, 395). Значэнне ’дзікі, замагільны (голас)’ выводзіцца з ’незразумелы, неартыкуляваны’. Малаверагодна вывядзенне рус. немой ад кораня *nem‑ ’гнуць’, што звязваецца з рэлігійнымі дзеяннямі, адкуль лац. nemuš ’святы гай’, грэч. νεμος ’гай, лес’ і пад. (Макоўскі, Мир сл. и знач., 134). Гл. таксама Улашын, ZfSlPh, 6, 368–372.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арэ́х1, орі́х, горі́х ’выпадкова не ўзараны ўчастак зямлі’ (Выг. дыс., 6) з огрэх ’тс’, у выніку выпадзення г.

Арэ́х2, гарэ́х. Рус. орех, укр. горіх, оріх, польск. orzech, чэш. ořech, славац. orech, с.-луж. worjech, палаб. vrex, славен. ôreh, серб.-харв. о̀рак, мак. орев, балг. орех (значэнне ў асноўным супадае з беларускім, апрача сербскахарвацкага, македонскага, балгарскага, дзе гэта слова абазначае толькі ’грэцкі арэх — Juglans’); ц.-слав. ст.-рус. орѣхъ (Сразн.). Параўн. літ. ríešas, ríešutas (з памянш. ‑ut‑), лат. riẽksts ’тс’, ст.-пруск. buccareisis ’Buchecker’; праводзяць паралелі таксама з грэч. ἄρυα, алб. ar̄e ’арэх’ (гл. Фасмер, 3, 151–152; Фрэнкель, 731, і літаратуру, якая там прыводзіцца), прычым часта імкнуцца тлумачыць яго як не і.-е. вандроўнае слова (Махэк₂, 418). Малаверагодна тлумачэнне Ільінскага ад дзеяслова rěšiti (ИОРЯС, 20, 4, 153), Голуб-Копечны (257) суадносяць слова арэх з балта-слав. *rēks‑ ’лупіць’ (?) — прасл. *o‑rěši‑ti (?). Ці не трэба звязаць арэх, літ. ríešas, з літ. ríešas сустаў (рукі, нагі)’, якое звязваецца з і.-е. *u̯reikʼǒ‑ тое, што верціцца’ (Фрэнкель, 731).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аса́ (БРС), асва (Гарэц., Нас., Др.-Падб., Яруш., Мядзв., Касп., Жд., Янк. БФ), асі́ны (БРС, Яруш.), асвінае (Жд.), асаед‑асвейнік (Інстр. II). Рус., укр., балг. оса, польск., славац., чэш. дыял., славен. osa, серб.-харв. о̀са, чэш. vosa, в.-луж. wosa, палаб. vȧsă. Ст.-рус., ст.-бел. оса, рус. дыял. осва ’тс’. Літ. vapsà, vapsvà, лат. wapsene, прус. wobse, ням. Wespe, лац. vespa (з метатэзай). Словы ўзыходзяць да і.-е. *u̯obhsā ’тс’, якое лічаць роднасным з коранем *u̯ebh‑ ’ткаць’. На агульнаславянскі характар беларускага слова ўказваў Булахаў, Курс суч., 144. Для этымалогіі гл. Фасмер, 3, 156; Траўтман, 342; Покарны, 117 а. Пачатковае v страчана ў сувязі з разуменнем яго як прыстаўнога ці па аналогіі з *ostr‑; выпадзенне ‑p‑ (Аткупшчыкоў, Из истории, 63) адносна ранняе, але так ці іначай звязана з тэндэнцыяй узыходзячай гучнасці. Беларускія, рускія і літоўскія формы з канчатковым ‑va старажытныя (Фрэнкель, 1196–1197), паводле Герца (Брян. гов., 1, 55), адлюстроўваюць стары суфікс; калі ўлічыць паралелі ўкр. мурашва, мушва, можна пагадзіцца з Атрэмбскім, 2, 89, у тым, што першапачаткова асва і пад. былі зборнымі назоўнікамі, параўн., аднак, вутва ’качка’ (КСТ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баразна́ (адносна семантыкі гл. Яшкін.). Рус. борозда́ (дыял. зах. борозна́), укр. борозна́ (дыял. зах. борозда́), польск. brózda, чэш. brázda, в.-луж. brózda, н.-луж. brozda, ст.-слав. бразда, балг. бразда́ (дыял. бразна́, брезна́, гл. БЕР, 1, 73), серб.-харв. бра́зда, славен. brázda. Прасл. borzda (суф. ‑zda, параўн. Слаўскі, 1, 45); тып *borzna другасны, вытворны ад *borzda (гл. Рудніцкі, 175). Аснова *bor‑ тая ж, што і ў *bor‑na (гл. барана́). Параўноўваюць з ст.-інд. bhr̥ṣṭíṣ ’вастрыё, зубец, край’, ірл. barr ’верхавіна’, ст.-в.-ням. burst ’шчаціна’ (гл. Бернекер, 75; Фасмер, 1, 196); далей з лац. forāre і г. д. Корань *bor‑ (і.-е. *bhor‑) у спецыяльным тэрміналагічным значэнні ’рабіць барозны і да т. п.’ толькі ў слав. мовах і ў грэч. (Машынскі, Pierw., 74). Параўн. грэч. φαρᾶν ’араць’, φάρος ’саха’. Няпэўнымі з’яўляюцца версіі: Махэк₂, 65 (роднаснасць з літ. bir̃žis, лат. birze ’баразна і г. д.’; слав. borz‑ (< *bhorg̑‑) пад уплывам gręda зрабілася *borzda); Голуб-Копечны, 76 (*borzda < *bord‑da, роднаснае з ст.-в.-ням. bart ’край’); Атупшчыкоў, ЭИРЯ, IV, 87–96 (< *borg̑(i)da, да лац. frangere ’ламаць, разбіваць’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́лкі, ме́лкій, ме́ленькі, віл. мялкі́ ’які мае невялікую глыбіню’, ’невысокі, з нізкімі краямі’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. мѣлкий ’дробны’, ’неглыбокі’, ’неістотны, малазначны’ (Булахаў, Гіст., 128); укр. мілки́й, рус. ме́лкий, ст.-рус. мѣлкий ’невялікі’, ’неглыбокі’, ’нязначны паводле колькасці’, ’бедны’, ’дробны’, польск. miałki, н.-луж. mjałki, měłki, в.-луж. niłki, чэш. mělký, славац. melký ’неглыбокі’, славен. mȋwka, mȋlka ’дробны рачны пясок’, ст.-серб.-харв. миоки ’плыткі’ (Бернекер, 2, 48). Прасл. mělъkъ. Далей няясна. Магчыма, ад melti ’малоць’ з падаўжэннем вакалізму асновы (Бернекер, там жа; Брандт, РФВ, 22, 356) і з дадаваннем фарманта і.-е. *‑qo‑, параўн. ст.-ісл. melr ’мель’ < mala ’малоць’. Буга (Rinkt, 1, 464; 2, 405), Мацэнаўэр (LF, 11, 169), Траўтман (165) і іншыя параўноўваюць прасл. mělъkъ з літ. maíla, maĩlius ’маляўкі’, лат. maĩle ’рыба ялец, Alburnus lucidus’, mailens ’сетка для малькоў’, ст.-ісл. mjór ’тонкі, дробны, вузкі, цесны’ і з прасл. mьnʼjь ’меншы’, — у чым Фасмер (2, 596) і Махэк₂ (359) сумняваюцца. Сюды ж віл. мелкаводзь ’мелкаводдзе’ (Сл. ПЗБ), мелкаслоіна, мелкаслойка ’драўніна з павівастым слоем’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мень, мянёк, менёк, мінёк, менюх ’мянтуз, Lota lota’ (ТСБМ, Жук., Бір. Дзярж., Янк. 3., Шат., Бяльк., ТС, Дразд., Яруш., Касп., Дэмб. 1, Нас., Мат. Гом., Ян.; бых., Рам. 8), ’тоўсты, непаваротлівы маўклівы чалавек’ (Растарг.). Укр. мень, мнюх, рус. мень, мен, мёнух, ментю́к, польск. mień, mieniek, н.-луж. méńk, в.-луж. mjenk, чэш. meň, mník, mík, славац. mień, славен. menȅk, mének, menjek. Прасл. mьnь (Фасмер, 2, 599; Бязлай, 2, 177). Апошні падае яшчэ форму menь, а Махэк₂ (370) — толькі meńь. Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. ménkė ’траска, лат. menca, англ. minnow ’дробная рыба’, с.-н.-ням. möne, галан. meun, ст.-в.-ням. muniwa, ст.-грэч. μαίνη, μαινίς, μαινίδιον ’акунь’ (Сольмсен, KZ, 37, 585; Фрэнкель, 436; Фасмер, там жа). Аб адпаведнасці ст.-грэч. μαίνη і ст.-інд. mináḥ гл. Шарпанцье, KZ, 47, 181; Майргофер, 2, 643. Махэк₂ (370) дапускае, што прасл. слова паходзіць з угра-фінскіх моў, параўн. чараміск. men, венг. meny‑hal, фін. monni ’мянтуз’. Голуб-Копечны звязваюць лексему мень з ме́ншы (Трубачоў, Дополн.). Аб пашырэнні мень у рус. гаворках гл. УЗЛІЛІ, 825, 1968, 145–155. Параўн. таксама мянту́з.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)