казлятнік, род кветкавых раслін сям. бабовых. 8 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах.Азіі, Усх. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны 2 каўказскія віды: галега ўсходняя, або лясная (Galega orientalis), — меданосная, кармавая расліна, і галега лекавая (Galega officinalis), выкарыстоўваецца для лячэння цукр. дыябету.
Шматгадовыя голыя або кароткаапушаныя травяністыя расліны з прамастойным трубчастым, уверсе галінастым сцяблом выш. да 120 см. Лісце складанае, няпарнаперыстае, з шырокімі прылісткамі. Кветкі двухполыя, блакітныя, сінія, фіялетавыя, сабраныя па 25—50 у густыя верхавінкавыя або пазухавыя гронкі даўж. да 25 см на доўгіх кветаносах. Плод — шматнасенны лінейны боб. Насенне пупышкападобнае, дробнае. Кармавыя, лек., дэкар. і сідэратныя расліны. Галега лекавая ядавітая для жывёлы (мае ў сабе алкалоід галегін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАДРЫ́Л (Papio hamadryas),
малпа роду павіянаў сям. мартышкавых атр. прыматаў. Пашыраны ў Афрыцы (Эфіопія, Паўн.-Усх. Судан, Паўн. Самалі) і Азіі (Паўд.-Зах. Аравія). Жыве ў адкрытай мясцовасці, у стэпах і саваннах статкамі да 100 і больш асобін.
Даўж. цела 75—80 см, хваста 53—60 см, маса 20—30 кг; самкі амаль удвая меншыя. Самцы светла-шэрыя, з доўгімі (да 25 см) валасамі на плячах і верхняй ч. тулава, якія ўтвараюць серабрыста-шэрую мантыю, на мордзе — вял. «бакенбарды», на хвасце — кутасік. Самкі цемнавата-карычневыя з аліўкавым адценнем. Сядалішчныя мазалі чырвоныя, добра развітыя. Усёедны. Дзіцяняты чорнага колеру, нараджаюцца 2 разы за год. Сродкі зносін (міміка, жэсты, позы, гукі) вельмі складаныя і выразныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЯ ПЯТРУ́ШКА (Peucedanum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 120 відаў. Пашыраны ў субтрапічных, умераных і субарктычных абласцях Еўропы, Азіі, у трапічнай і Паўд. Афрыцы. На Беларусі 3 віды: Дз.п. горная (P. oreoselinum) — расце ўсюды ў хваёвых і мяшаных лясах, на ўзлесках; аленевая (P. cervaria) — трапляецца рэдка ў паўд. і зах. частках краіны, занесена ў Чырв. кнігу; настуркавая, або цар-зелле (P. ostruthium) — у наваколлі Мінска, Гродна і Магілёва.
Шматгадовыя травяністыя расліны з простым або галінастым сцяблом і верацёнападобным патоўшчаным коранем. Лісце трайчастае або перыстае, прыкаранёвае чаранковае. Кветкі дробныя, белыя, жоўтыя або чырванаватыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Лек., харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЙЦЫ, даране (Dōrieis),
адно з асноўных стараж.-грэч. плямён паўн.-зах. дыялектнай групы. Першапачаткова жылі ў Паўн. і Сярэдняй Грэцыі. На працягу 12 ст. да н.э. разам з інш.паўн. плямёнамі перасяляліся ў паўд.-зах. напрамку, што прывяло да выцяснення ахейцаў і знішчэння ахейскіх цэнтраў — Мікенаў, Тырынфа, Піласа і інш. Д. занялі вобласці Лаканіка, Месенія, Кінурыя, Аргаліда, Мегарыда (п-аў Пелапанес), Карынфія (Істмійскі перашыек), потым каланізавалі а-вы Родас, Крыт, Фера, Мелас, Кос, Калімнас, узбярэжжа М.Азіі (гарады Кнід, Галікарнас і інш.). У 8—6 ст. да н.э. аформіліся іх раннерабаўладальніцкія дзярж. аб’яднанні (Спарта, Аргас, полісы Крыта) і ўзніклі іх калоніі па-за межамі Грэцыі (напр., Сіракузы). Ад імя Д. паходзіць назва арх.дарычнага ордэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕПА́РД (Acinonyx Jubatus),
млекакормячае сям. кашачых, атр. драпежных. Жыве ў Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Цэнтр.Азіі. Трапляецца ў адкрытых месцах — гліністых пустынях, травяністых саваннах. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 123—150 см, хваста 63—75 см, выш. ў карку каля 100 см. Афарбоўка гладкай кароткай поўсці пясочна-жоўтая з раўнамерна раскіданымі дробнымі цёмнымі плямамі. Канечнасці доўгія, тонкія, кіпцюры вял., тупыя, неўцяжныя (адзінае выключэнне ў сям.). Вушы закругленыя. Корміцца пераважна капытнымі (газелі і інш. дробныя антылопы, бараны), таксама зайцамі, грызунамі і птушкамі. Даганяючы здабычу, развівае скорасць да 110 км/гадз. У Індыі і Іране гепардаў прыручалі, дрэсіравалі і выкарыстоўвалі для палявання на антылоп. Нараджае 1—4 дзіцянят. Добра размнажаецца ў няволі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМАНІ́ХА, эхінапанакс (Oplopanax),
род кветкавых раслін сям. араліевых. 2 віды: З. высокая (O. elatus), пашырана ва Усх.Азіі, і З. страшная (O. horridus) — на З. Паўн. Амерыкі. Растуць звычайна ў вільготных горных хваёвых лясах, зрэдку ўтвараюць зараснікі. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР (1984).
Лістападныя слабагалінастыя кусты выш. да 4 м. Ствол, галінкі, кветаносы і лісце ўкрыты ігольчастымі калючкамі. Лісце шыр. 15—35 см, простае, 5—11-лопасцевае, сабранае каля верхавінак сцёблаў. Кветкі дробныя, зеленавата-белыя ці зеленавата-жоўтыя, двухполыя і тычынкавыя, у парасоніках, сабраных у мяцёлчатыя суквецці. Плод — ярка-чырвоная мясістая ягадападобная касцянка. Маюць эфірныя алеі, сапаніны, алкалоіды, гліказіды. Лек. і дэкар. расліны. Вырошчваюцца ў культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРНІ́ЦА (Linaria),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца ўсюды З. звычайная, або лянок (L. vulgaris), у паўд. раёнах — жаўтазелялістая (L. genistifolia). Растуць на палях, лугах, у лясах, каля дарог. У культуры вырошчваюць З. мяса-чырвоную (L. incarnata), якая зрэдку трапляецца як здзічэлая.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністая расліны з прамастойным ці галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце сядзячае, чаргаванае або кальчаковае. Кветкі няправільныя з трубчастым, двухгубым вяночкам жоўтага, чырв., белага, сіняга і інш. колеру, з моцна развітым нектарнікам, сабраныя ў верхавінкавыя суквецці. Плод — шматнасенная каробачка. Лек., медапосныя і дэкар. расліны. Некат. віды (напр., З. звычайная) — пустазелле, ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНЕ́Ц (Rhinanthus),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі 6 відаў: З. летні (Rh. aestivalis), малы (Rh. minor), бяскрылы (Rh. apterus), позні (Rh. serotinus), вясенні (Rh. vernalis), чарнеючы (Rh. nigricans). Растуць на палях, лугах, каля дарог.
Аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным простым ці галінастым сцяблом выш. да 60 см. Лісце сядзячае, супраціўнае, зубчастае, без прылісткаў. Кветкі няправільныя, двухгубыя, з цыліндрычнай трубкай, на кароткіх кветаножках, звычайна жоўтыя, у гронкападобных суквеццях. Плод — 2-створкавая каробачка. Для З. характэрны сезонны дымарфізм. Паўпаразіты — утвараюць прысоскі (гаўсторыі), якімі прысмоктваюцца да каранёў злакаў. Некат. віды (напр., З. летні, З. бяскрылы) — пустазелле, ёсць лекавыя і ядавітыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРНЕБАБО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны сям. бабовых, якія вырошчваюць пераважна для атрымання харч. і кармавога зерня. Вядома больш за 60 відаў з 17 родаў — боб, віка, гарох, лубін, нут, сачавіца, соя, фасоля, чына і інш. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі найб. сеюць гарох, лубін (па ўсёй тэрыторыі), віку пераважна ў паўн. раёнах, меншыя плошчы займаюць пялюшка, эспарцэт, фасоля, боб. У сухім рэчыве зерня 25—60 % вугляводаў, 25—40% бялку, 2—7% (у соі да 37%) тлушчу, ферменты, вітаміны і інш. З зерня З.к. робяць крупы, муку, кансервы. Зерне, жамерыны, шрот, зялёная маса — корм для с.-г. жывёлы. З.к. абагачаюць глебу азотам (у севазваротах — папярэднікі для тэхн. і збожжавых культур), лубін — зялёнае ўгнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ВАЛГАзвычайная
(Oriolus oriolus),
птушка сям. івалгавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўропе, Малой, Сярэдняй і Паўд.Азіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве ў лясах, рэдкалессі, парках і садах. На Беларусі звычайны гнездавальны від; нар. назва жаўна.
Даўж. цела 23—27 см, маса 70—90 г. Апярэнне галавы і тулава ў самцоў залаціста-жоўтае; ад асновы дзюбы да вока ідзе чорная паласа, у самак верх цела жаўтавата-зялёны, ніз шаравата-белы з цёмнымі падоўжанымі стракацінамі Гнёзды ў кронах дрэў (падобныя да павіслага паўшар’я) з размачаленай бярозавай скуркі, траў, лішайнікаў, моху. Нясе 3—5 яец. Корміцца вусенямі, павукамі, хрушчамі, клапамі, мухамі, матылямі і інш. Зімуе ў Афрыцы, Індыі.
Івалга звычайная: 1 — самец, 2 — самка каля гнязда.