ГРО́ДЗЕНСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

на З Гродзенскай вобл.; зах. ч. Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады. На Пн і У мяжуе з Нёманскай ніз., ад Ваўкавыскага узв. аддзелена далінай Свіслачы, на З заходзіць на тэр. Польшчы (Сакольскае узв.). Пл. 1,4 тыс. км², з Пн на Пд працягнулася на 60 км, з З на У — да 40 км. Найб. выш. 247 м (паблізу в. Капцёўка, за 12 км на Пд ад Гродна), над урэзам Нёмана прыўзнята на 157 км.

У тэктанічных адносінах Гродзенскае ўзвышша прымеркавана да зах. ч. Беларускай антэклізы. Магутнасць асадкавага покрыва 400 м. У антрапагене ўвесь асадкавы чахол падвяргаўся магутнаму ўплыву ледавікоў. Уздзеянне бярэзінскага ледавіка на подсцільныя пароды прывяло да ўзнікнення каля Гродна вял. ледавіковых лагчын з адзнакамі днішча да -167,5 м, магутных мелавых гляцыядыяпіраў і буйных адорвеняў. Канчатковае фарміраванне канцова-марэнных град (Капцёўскай, Магілянскай, Кулеўскай, Дуброўскай і інш.) адбылося ў сярэднім антрапагене ў час дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Паўн. і паўн.-зах. часткі ўзвышша — маламагутныя краявыя ўтварэнні (камы) паазерскага ледавіка. Града мае пераважна хвалістую паверхню з невял. ўзгоркамі-астанцамі. На ўскраінах пашыраны буйны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф з амплітудай вышынь да 20—25 м. Гродзенскае ўзвышша прарэзана шырокай далінай Нёмана і яго прытока Ласосны, да якой з У каля Гродна падыходзіць больш вузкая даліна прарыву Нёмана (шыр. рэчышча 50—100 м), што ўтварылася на ўчастку марэннага завалу ледавіковай лагчыны і прадаліны Нёмана стараж. ледавікамі. Па берагах даліны глыбокія яры (равы), адзін з якіх — Калодзежны Роў аб’яўлены помнікам прыроды. Будова даліны Нёмана складаная, вылучаюцца верхняя і 8 лакальных тэрас, 3 поймавыя ўзроўні. Карысныя выкапні: мел, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Гродзенскае ўзвышша дрэніруюць Нёман з прытокамі Гожка, Ласосна (з Татаркай і Каменкай), Горніца. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя супясчаныя і пясчаныя на канцова-марэнных градах, дзярнова-падзолістыя сугліністыя на другасных марэнных раўнінах, поймавыя ў далінах рэк. Прыродная расліннасць моцна зрэджаная. Пад лесам 9% тэр. Лясы хваёвыя са значнымі дамешкамі шыракалістых парод (дуб, клён, ясень, ліпа). У даліне Нёмана на схілах буйных яроў пашыраны барбарыс, глог, шыпшына, брызгліна. У поймах рэк вярба, бяроза, вольха, крушына, чаромха. Лугі пазапоймавыя са злакавых, разнатраўных, асаковых асацыяцый, на сухадолах пераважае сівец. Балоты пераважна нізінныя. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі.

Гродзенскае ўзвышша каля в. Копцеўка Гродзенскага раёна.

т. 5, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШЧА́НЕ (ад польскага mieszczanin гараджанін),

гарадское падатковае саслоўе ў ВКЛ у 14—18 ст. (у Расіі ў 1775—1917), якое ўключала розныя катэгорыі гараджан: рамеснікаў, дробных гандляроў і домаўладальнікаў, купецтва і інш. У Беларусі тэрмін «М.» замацаваўся ў 15 ст. Да М. залічвалі тую частку рамеснікаў, у т. л. цэхавых, купцоў, дробных гандляроў, якая падпарадкоўвалася магдэбургскаму праву. У некаторых гарадах Беларусі (Віцебск, Полацк) у склад М. уваходзіла і землеўласніцкая частка гараджан, якая выконвала вайсковы абавязак — конныя, путныя, пасельскія М. Яны былі вызвалены ад падаткаў і складалі прывілеяваную групу гараджан. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі на М. бел. гарадоў пашырана рас. заканадаўства. У Расіі першапачаткова М. называлі гараджан ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэтая назва захоўвалася і за гараджанамі Смаленшчыны пасля яе далучэння да Расіі (1667). У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Маскве існавала Мяшчанская слабада, населеная бел. рамеснікамі, вывезенымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1775 М. — назва асобнага гар. саслоўя Рас. імперыі. Акты 1775 і 1785 залічылі да М. пасадскіх людзей з капіталам менш за 500 руб., у т. л. частку купцоў, і некаторыя інш. катэгорыі гараджан, якія не ўваходзілі ў купецкія гільдыі і рамесныя цэхі. М. выконвалі рэкруцкую павіннасць, былі абмежаваны ў праве перамяшчацца, да 1863 на іх пашыраліся цялесныя пакаранні. Званне М. было спадчынным, аднак іх склад папаўняўся за кошт збяднелых купцоў, прыватнаўласніцкіх сялян, якія выкупіліся на волю або былі адпушчаны памешчыкамі. М., што разбагацелі, маглі перайсці ў гільдзейскае купецтва. М. кожнага горада, пасада, або мястэчка ўтваралі асобую мяшчанскую грамаду, якой кіравалі мяшчанскі стараста і яго памочнікі. У выніку рэформ 1860-х г. многія М. атрымалі доступ да дзярж. службы, сталі людзьмі «вольных прафесій». У 1897 у Расіі было 7449,3 тыс. М. (44,3% гар. насельніцтва). У бел. губернях, паводле перапісу 1897, М. і купцоў было 1800,1 тыс. чал. — 22,4% насельніцтва, а ў гарадах (без мястэчак) 69,5% насельніцтва. Мяшчанскае саслоўе і інш. саслоўі Расіі скасаваны дэкрэтам ЦВК ад 23.11.1917.

Літ.:

Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;

Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯКЕ́РА (ад слав. сікіра, сакіра),

універсальная традыц. прылада для апрацоўкі дрэва і інш. матэрыялаў; шырокі прадаўгаваты металічны клін з лязом і абухом, насаджаны на тапарышча. Выкарыстоўвалася і як зброя.

Прымітыўная крамянёвая прылада, вядома з палеаліту (выраблялі з граніту, дыярыту і інш.). Груба абабітыя авальныя або трапецападобныя С. з’явіліся ў мезаліце. У неаліце С. набыла больш дасканалыя формы, яе лязо зашліхтоўвалася. У бронзавым веку пашыраны каменныя свідраваныя С. (выкарыстоўваліся як зброя і для выканання рытуалаў) і С.-кліны, якімі апрацоўвалі дрэва; рабілі іх і з бронзы. У жалезным веку ўжываліся каменныя, бронзавыя і жалезныя С. У 1-м тыс. н.э. ў зах. частцы Беларусі былі пашыраны баявыя вузкалязовыя С. (іх найчасцей знаходзяць у курганах усходне-літ. тыпу). С. як зброю славяне пачалі выкарыстоўваць у 7—8 ст. (баявыя С. знаходзяць у раннесярэдневяковых пахаваннях і на гарадзішчах). С. баявога прызначэння былі чаканы, але колькасна пераважалі лопасцевыя ўзоры С. з лязом, моцна адцягнутым да тронка, і шчакавіцамі на абушку. У 11—12 ст. баявыя С. мелі па 2 пары бакавых шчакавіц і зрэзанае вастрыё ляза, што дазваляла рабіць сякучае і рэжучае дзеянне. У 14—15 ст. ў зах. Беларусі пашыраны шырокалязовыя С., больш масіўныя і без шчакавіц. Маса С. павялічылася ў 15—16 ст., калі яны страцілі ролю зброі. З 17 ст. формы С. наблізіліся да сучасных. Тыповая баявая С. была з шырокім лязом у форме паўмесяца і абухом для насадкі на тапарышча. Часам на абуху знаходзіўся кручок, якім пехацінцы сцягвалі кавалерыстаў з коней. У Зах. Еўропе да 16 ст. С. выцеснена алебардай, у Расіі бердышом. У адрозненне ад алебарды С. была без кап’я, карацейшая за бярдыш, мела разнастайныя формы ляза. Жалезныя С. 11—13 ст. знойдзены ў Браславе, Ваўкавыску, Заслаўі, Лагойску, Лукомлі, Мінску і інш., узоры 15—17 ст. — у Брэсце, Віцебску, Мінску, Лідскім і Мірскім замках і інш.

Літ.:

Казакявичюс В.К. Оружие балтских племен II—VIII вв. на территории Литвы. Вильнюс, 1988.

Да арт. Сякера. Сякеры-кліны: каменныя (1, 5), крамянёвыя (2, 4, 7), цёслы (3, 6), 2—1,5 тыс. г. да н.э. Жалезныя сякеры: з гарадзішча Старое Краснае Рэчыцкага раёна (8), 6 ст. да н.э.; баявая сякера (9).

т. 15, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРА́КТАР (ад грэч. charaktēr адзнака, асаблівасць) у псіхалогіі, сукупнасць устойлівых рыс асобы, якія характарызуюць яе адносіны да навакольнай рэчаіснасці і выяўляюцца ў яе паводзінах і ўчынках. Фізіял. аснову Х. складаюць выпрацаваныя ў працэсе жыцця і выхавання сістэмы часавых нерв. сувязей — дынамічныя стэрэатыпы, што фарміруюцца на аснове прыроджанага тыпу нерв. сістэмы (генатыпу) і ўтвараюць з ім своеасаблівы «сплаў» — фенатып. Індывід уключаны ў сістэму разнастайных узаемаадносін, якія праходзяць праз яго суб’ектыўнае светаўспрыманне і аказваюць непасрэднае ўздзеянне на яго ўласныя адносіны да грамадства, інш. людзей, да самога сябе. Пры развіцці і частым паўтарэнні такія адносіны становяцца ўстойлівымі, звыклымі для чалавека і ўтвараюць адносна пастаянныя, пэўныя рысы яго Х. (дабрыня, спагадлівасць, ветлівасць, шчырасць, сціпласць. добрасумленнасць, працавітасць або бяздушнасць, абыякавасць, грубасць, ілжывасць, лянота). Фундаментам Х. выступае воля. Людзям моцнай волі ўласцівы такія якасці Х. як цэльнасць, настойлівасць, рашучасць, мэтанакіраванасць, высокая дысцыплінаванасць; слабавольныя людзі несамастойныя, непаслядоўныя, супярэчлівыя ў сваіх паводзінах. Істотнае ўздзеянне на Х. чалавека аказваюць эмацыянальныя і інтэлектуальныя якасці яго псіхікі (цікаўнасць і разважлівасць, гонар і годнасць, практычны або тэарэт. склад розуму). Х. індывіда залежыць ад яго тэмпераменту, які звязаны з тыпам вышэйшай нерв. дзейнасці і накладвае адбітак на знешняе выяўленне пэўных рыс Х. Празмерная акцэнтацыя любых рыс Х. можа прывесці да негатыўных вынікаў, таму важна разумнае спалучэнне некат. процілеглых рыс (напр., ашчаднасці са шчодрасцю, смеласці з асцярожнасцю, самакрытычнасці з упэўненасцю ў сабе і да т.п.). Адрозніваюць 4 асн. тыпы акцэнтуіраваных Х.: узбудлівы (схільнасць да рызыкоўных дзеянняў, правапарушэнняў, алкагалізму, наркаманіі і інш.): афектыўны (хуткая змена настрою, мітуслівасць, канфліктнасць, нізкая самакрытычнасць і інш.); няўстойлівы (падазронасць, недаверлівасць, крыўдлівасць, азлобленасць і інш.); трывожны (павышаная ўражлівасць, сарамлівасць, баязлівасць, замкнёнасць, пачуццё ўласнай непаўнацэннасці). Шматлікія рысы Х. выяўляюць не толькі тыповыя спосабы паводзін чалавека, але і матывы, закладзеныя ў перакананнях, ідэалах і каштоўнасных арыентацыях асобы або звязаныя з асаблівасцямі яе этн., нац. самасвядомасці (гл. Нацыянальны характар). Х. чалавека — прадмет вывучэння характаралогіі.

Літ.:

Коломинский Я.Л. Человек среди людей. Мн., 1987;

Кречмер Э. Строение тела и характер: Пер. с нем. М., 2001;

Бурно М.Е. О характерах людей. 2 изд. М., 1998;

Лазурский А.Ф. Избранные труды по психологии. М., 1997;

Юнг К.Г. Психологические типы: Пер. с нем. Мн., 1998;

Леонгард К. Акцентуированные личности: Пер. с нем. М., 2001;

Рубинштейн С.А. Основы общей психологии. СПб. 2002.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫЧАГО́Ў (Чычагаў) Павел Васілевіч

(6.7.1767, С.-Пецярбург — 1.9.1849),

расійскі адмірал (1807). Сын В.Я.Чычагова. У час рус.-швед. вайны 1788—90 камандзір лінкора, нач. экспедыцыі па высадцы дэсанта ў Галандыі (1799). З 1802 таварыш (нам.) міністра, са снеж. 1802 да 1811 (фактычна да 1809) міністр марскіх спраў. З крас. 1812 галоўнакамандуючы Дунайскай арміяй, гал. нач. Чарнаморскага флоту і ген.-губернатар Малдавіі і Валахіі. У вер. 1812 Дунайская армія ў раёне Луцка аб’яднана з 3-й арміяй пад камандаваннем Ч. Паводле плана М.І.Кутузава 3-я армія сумесна з корпусам ген. П.Х.Вітгенштэйна павінна была перакрыць шляхі адыходу арміі Напалеона на р. Бярэзіна. 13 ліст. каля в. Новы Свержань рас. войскі адцяснілі атрад Ф.​К.​Касецкага і разбілі яго ў Койданаўскім баі 1812. 16 ліст. армія Ч. авалодала Мінскам. Авангард Ч. атакаваў войскі ген. Я.Г.Дамброўскага ў Барысаве (гл. Барысаўская бітва 1812) і захапіў горад. Але 23 ліст. рас. войскі выбіты з Барысава корпусам ген. Н.​Ш.​Удзіно, які пачаў падрыхтоўку да пераправы цераз Бярэзіну асн. сіл франц. арміі. Уведзены ў зман дзеяннямі франц. войск і актывізацыяй польскіх войск каля Свіслачы і аўстр. пад Нясвіжам, Ч. 24—25 ліст. перамясціў большую частку сваіх войск з-пад Барысава на Пд да мяст. Забашавічы, а атрад Я.​І.​Чапліца — да Барысава. Гэта дазволіла французам захапіць плацдарм на правым беразе Бярэзіны, які Ч. не здолеў ліквідаваць (гл. ў арт. Студзёнка), што дало магчымасць большасці франц. войск пераправіцца цераз Бярэзіну і адысці да Вільні. Пралікі Ч. і Вітгенштэйна, няўзгодненасць дзеянняў асобных вайск. груповак не дазволілі завяршыць разгром франц. арміі (гл. таксама Чашніцкія баі 1812). Аднак грамадская думка Расіі ўсю віну за правал аперацыі ўсклала на Ч. Яго армія яшчэ некат. час праследавала праціўніка, але ў снеж. 1812 яе перадалі пад камандаванне Вітгенштэйна. У лют. 1813 Ч. звольнены ў адстаўку. Выехаў за мяжу; жыў у Італіі і Францыі. Пакінуў мемуары.

Тв.:

Архив адмирала П.​В.​Чичагова. Вып. 1. СПб., 1885;

Переправа через Березииу // Рус. архив 1869. № 7/8.

Літ.:

Мазинг Г.Ю., Ерусалимчик Л.Ф. Березина, год 1812-й. Мн., 1991;

Юлин В.А. Адмирал П.В. Чичагов // Вопр. истории. 2003. № 2.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 17, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бры́зы. Відавочна, тое ж самае, што і брыжы́ 1 ’карункі і да т. п.’ (гл.): «Oj zahrájcie, muzýki, U minié brýzy wielíki! Bo mnie tátko kupíu̯, Kab dwarák palubíu̯» (Федар. VI). Запазычанне з польск. bryzy, bryz (а гэта паралельная форма да bryże ’карункі і г. д.’ < ням., гл. Варш. сл., 1, 216).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Льнуць ’прытуляцца’ (Бяльк.). Арэал пашырэння лексемы (уключаючы і ільнуць) прылягае да рус. моўнай тэрыторыі. Этымалогію гл. пад ільнуць, аднак трэба дадаць, што Махэк₂ (337–338) адмаўляе сувязь гэтага старажытнага слова з лексемай ляпі́ць, прыводзячы ў якасці і.-е. паралелей ст.-інд. lināti, láyatē, līyatē, līyati ’прылягае, прыціскаецца, прытуляецца да чаго-небудзь’ < *lei‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́шчыць ’даводзіць да галечы’ (Нас.), ’знішчаць, зніштажаць, губіць, спусташаць, прымяншаць’ (Гарэц.), ’спусташаць’ (Яруш.), ’знішчаць’ (Шат., Бяльк.), нішчыцца ’гінуць, прападаць’ (ТС), укр. нищити ’спусташаць, знішчаць’, польск. niszczyć ’ператвараць у нішто, марнаваць, знішчаць, спусташаць’. Выводзяць з прасл. *nīsti̯‑ (гл. нішчэ́ць) (Брукнер, 364; Фасмер, 3, 77), што ўзыходзіць да *ničьto, гл. нішто (ESSJ SG, 2, 489).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каланты́ра ’сварка’ (Мат. Гом.). Аддзеяслоўны дэрыват; рэгіянальнае ўтварэнне ад калантырыць ’выклікаць сварку; сварыцца’. Рус. колотырить ’сварыцца, выклікаць сварку, рабіць, гаварыць што-н. насуперак’. Да семантыкі дзеяслова параўн. рус. дыял. колотник ’задзіра, буян і інш.’, колотня ’спрэчка, сварка’, колотиться ’біцца’, укр. колотиться ’сварыцца’, усе да колотить, гл. калаціць. Аб словаўтварэнні параўн. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абцэ́сам ’хутка, імкліва’ (Сцяшк. МГ) < лац. праз польскае obcesem. Гл. польск. obces, obcesem, obcesowy (Брукнер, 369). Запазычанне нядаўняе. Да XVIII ст. у польскай мове толькі obces < лац. obsessus ’шалёны, у якім д’ябал сядзіць’. На карысць польскага пасрэдніцтва тая ж фанетычная адаптацыя (bc < bs) і той факт, што значэнне ўзыходзіць да царкоўнай тэрміналогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)