СЯКЕ́РА (ад слав. сікіра, сакіра),

універсальная традыц. прылада для апрацоўкі дрэва і інш. матэрыялаў; шырокі прадаўгаваты металічны клін з лязом і абухом, насаджаны на тапарышча. Выкарыстоўвалася і як зброя.

Прымітыўная крамянёвая прылада, вядома з палеаліту (выраблялі з граніту, дыярыту і інш.). Груба абабітыя авальныя або трапецападобныя С. з’явіліся ў мезаліце. У неаліце С. набыла больш дасканалыя формы, яе лязо зашліхтоўвалася. У бронзавым веку пашыраны каменныя свідраваныя С. (выкарыстоўваліся як зброя і для выканання рытуалаў) і С.-кліны, якімі апрацоўвалі дрэва; рабілі іх і з бронзы. У жалезным веку ўжываліся каменныя, бронзавыя і жалезныя С. У 1-м тыс. н.э. ў зах. частцы Беларусі былі пашыраны баявыя вузкалязовыя С. (іх найчасцей знаходзяць у курганах усходне-літ. тыпу). С. як зброю славяне пачалі выкарыстоўваць у 7—8 ст. (баявыя С. знаходзяць у раннесярэдневяковых пахаваннях і на гарадзішчах). С. баявога прызначэння былі чаканы, але колькасна пераважалі лопасцевыя ўзоры С. з лязом, моцна адцягнутым да тронка, і шчакавіцамі на абушку. У 11—12 ст. баявыя С. мелі па 2 пары бакавых шчакавіц і зрэзанае вастрыё ляза, што дазваляла рабіць сякучае і рэжучае дзеянне. У 14—15 ст. ў зах. Беларусі пашыраны шырокалязовыя С., больш масіўныя і без шчакавіц. Маса С. павялічылася ў 15—16 ст., калі яны страцілі ролю зброі. З 17 ст. формы С. наблізіліся да сучасных. Тыповая баявая С. была з шырокім лязом у форме паўмесяца і абухом для насадкі на тапарышча. Часам на абуху знаходзіўся кручок, якім пехацінцы сцягвалі кавалерыстаў з коней. У Зах. Еўропе да 16 ст. С. выцеснена алебардай, у Расіі бердышом. У адрозненне ад алебарды С. была без кап’я, карацейшая за бярдыш, мела разнастайныя формы ляза. Жалезныя С. 11—13 ст. знойдзены ў Браславе, Ваўкавыску, Заслаўі, Лагойску, Лукомлі, Мінску і інш., узоры 15—17 ст. — у Брэсце, Віцебску, Мінску, Лідскім і Мірскім замках і інш.

Літ.:

Казакявичюс В.К. Оружие балтских племен II—VIII вв. на территории Литвы. Вильнюс, 1988.

Да арт. Сякера. Сякеры-кліны: каменныя (1, 5), крамянёвыя (2, 4, 7), цёслы (3, 6), 2—1,5 тыс. г. да н.э. Жалезныя сякеры: з гарадзішча Старое Краснае Рэчыцкага раёна (8), 6 ст. да н.э.; баявая сякера (9).

т. 15, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)