вышэйшая таксанамічная адзінка ў сістэматыцы жывёл, якая аб’ядноўвае розныя класы. Адлюстроўвае асн. галіны філагенет. дрэва жывёл. Тэрмін прапанаваў у 1825 франц. вучоны А.Бленвіль, які назваў Т. 4 «галіны» жывёл, вылучаныя ў 1812 Ж.Кюўе. Увесь жывёльны свет па розных сістэмах падзяляюць на 10—33 Т. Выкапнёвая і сучасная фауна Беларусі прадстаўлена 15—19 Т.; 5—9 Т. прасцейшых, губкі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, кольчатыя чэрві, малюскі, першаснаполасцевыя чэрві, плечаногія, плоскія чэрві, хордавыя, членістаногія. Аб’ём розных Т. неаднолькавы (напр., у губак каля 5 тыс. відаў, а ў малюскаў каля 130 тыс.). Паміж Т. і класам часта ўводзяць прамежкавыя катэгорыі: падтып, надклас. Напр., Т. хордавых падзяляюць на 3 падтыпы: абалоннікаў, ці лічынкавахордавых, бесчарапных і чарапных, ціпазваночных. Усе арганізмы аднаго Т. характарызуюцца адзіным планам будовы. У сістэматыцы раслін Т. адпавядае аддзел.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАМЕХАНІ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ, эфект фантанавання,
узнікненне ў звышцякучай вадкасці рознасці ціску, абумоўленай рознасцю тэмператур.
Выяўляецца ў розніцы ўзроўняў вадкасці ў двух сазлучаных цераз вузкую шчыліну ці капіляр сасудах, якія знаходзяцца пры розных т-рах. Другі наглядны спосаб дэманстрацыі Т.э.: трубку з дробным чорным парашком апускаюць адным канцом у звышцякучы гелій; пры асвятленні парашок хутка награваецца і з прычыны рознасці ціску ў пасудзіне і па-за ёй вадкі гелій фантанам выкідваецца з верхняга канца капіляра. Т.э. тлумачыцца на аснове тэорыі звышцякучасці. Адваротная з’ява (ахаладжэнне звышцякучага гелію пры працяканні яго праз вузкія шчыліны ці капіляры) наз.механакаларычным эфектам.
Тэрмамеханічны эфект: 1 — узровень вадкасці ў пасудзіне з награвальнікам Н вышэйшы, чым у сазлучанай з ім пасудзіне; 2 — фантанаванне гелію пры асвятленні і нагрэве парашку П, які знаходзіцца ў пасудзіне са звышцякучым геліем (В — гіграскапічная вата).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗА́ЛІС, махунка (Physalis),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, пераважна ў Амерыцы. У культуры 3 віды Ф.: мексіканскі тамат, або ліпкаплодны (P. ixocarpa), перуанскі, ці перуанская вішня (P. peruviana), і сунічны, або апушаны (P. pubescens). На Беларусі 1 заносны від — Ф. звычайны (P. alkekengi), што трапляецца на звалках, каля жылля. Некат. віды культывуюцца як дэкар. і агароднінныя расліны (напр., Ф. мексіканскі, сунічны).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі або распасцёртымі сцёбламі выш. 20—100 см. Лісце яйцападобна-авальнае, суцэльнае. Кветкі белыя ці жаўтаватыя, з цёмна-фіялетавымі плямамі, дробныя, на паніклых кветаножках, у суквецці звіліна. Плод — ягада, замкнёная ў пухірападобную чашачку (ліхтарык). Плады культ. відаў спажываюць у ежу. Харч., лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛО́Н АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ (Philōn Alexandreus; 21 ці 28 да н.э., г. Александрыя — 41 ці 49 н.э.),
іудзейска-эліністычны філосаф. Сінтэзаваў догматы іудаізму і стараж.-грэч. філасофію (Платон, стаіцызм, Піфагор). У аснове яго філасофіі прынцып абсалютнай трансцэндэнтнасці Бога і стоіка-платонаўскае вучэнне пра ідэі. Разглядаў Бога як сапраўдна існае, пра якое чалавеку вядома толькі тое, што яно існуе, але невядома, якое яно. На аснове канцэпцыі эманацыі распрацаваў вучэнне пра логас (вярхоўнага архангела) як самае высокае і дасканалае божае тварэнне, дзякуючы якому Бог стварыў спачатку больш блізкіх да сябе істот (анёлаў), а потым свет рэчаў і чалавека. Задачай чалавека лічыў прытрымліванне логасу і набліжэнне да Бога шляхам экстазу. Шэраг яго ідэй развіваліся ў патрыстыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРАКІ́РЫ (ад яп. хара — жывот + кіры — рэзаць),
у Японіі самазабойства ўспорваннем жывата; таксама наз.капуку, тафуку, сэпуку. Было пашырана ў абарыгенаў яп. астравоў як ахвярапрынашэнне; пасля каланізацыі перанята японцамі. Вядома з сярэдневякоўя, у 1500 афіцыйна замацавана як прывілея саслоўя воінаў — самураяў. Х. рабілася паводле прыгавору ці добраахвотна: пры нежаданні здавацца ў палон ці не трапіць пад суд, каб загладзіць сваю віну перад гаспадаром, у выніку смерці гаспадара і інш. Х. ратавала самураю яго гонар. Жанчынам Х. не дазвалялася, яны маглі пераразаць горла (дзігай). Х. афіцыйна адменена яп. заканадаўствам у 1868, але яшчэ доўга захоўвалася сярод ваенных.
Літ.:
Книга самурая: Пер. с яп. СПб., 1998;
Сато Х. Самураи: история и легенды...: Пер. с яп. СПб., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯКУ́ЧАСЦЬ,
уласцівасць цела пластычна ці вязка дэфармавацца пад уздзеяннем напружанняў механічных. Характарызуецца велічынёй, адваротнай вязкасці. У газападобных і вадкіх цел выяўляецца пры любых напружаннях, у цвёрдых — пры напружаннях, якія перавышаюць ліміт Ц. (гл.Паўзучасць, Пластычнасць). Вывучаецца рэалогіяй.
У газах Ц. звязана з перадачай імпульсу ад слаёў, малекулы якіх маюць пераважны рух у напрамку зададзенага цячэння, да слаёў, дзе такі рух меншы. У вадкасцей Ц. абумоўлена пераважнасцю дыфузіі ў напрамку дзеяння напружанняў. Элементарны акт Ц. пры гэтым — скачкападобнае перамяшчэнне малекул (ці сегмента макрамалекулярнага ланцужка ў высокамалекулярных рэчывах), якое суправаджаецца пераходам праз энергет. бар’ер (гл. таксама Звышцякучасць). У крышталічных цвёрдых цел Ц. звязваюць з рухам розных крышталічных дэфектаў (гл.Дэфекты ў крышталях), а таксама з двайнікаваннем пад уздзеяннем напружанняў.
Літ.:
Работнов Ю.Н. Механика деформируемого твердого тела. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НАЧНЫ ВУ́ЗЕЛ,
пункт на перасячэнні некалькіх чыг. ліній, у якім размешчаны адна ці некалькі чыгуначных станцый; іншы раз — сукупнасць чыг. станцый, падыходаў да іх і злучальных пуцей на адной чыг. лініі. Асн. збудаванні Ч.в.: сартавальныя, грузавыя і пасаж.чыг. станцыі, злучальныя пуці паміж імі, станцыйныя збудаванні для пасажыраў, дэпо і інш. Бываюць Ч.в. транзітныя, транзітныя з вял. аб’ёмам перагрузачных работ і канцавыя, а таксама прамысл. (абслугоўваюць прамысл. прадпрыемствы ці раёны) і партовыя. Ў буйных Ч.в. перасякаецца да 20 ліній. На Беларусі больш за 30 Ч.в., з іх найбуйнейшыя Мінск, Баранавічы, Орша, Брэст, Жлобін, Асіповічы, Віцебск, Маладзечна, Магілёў, Крычаў, Гомель, Калінкавічы, Ліда, Лунінец, Полацк, Гродна, Ваўкавыск, Бабруйск. Гл. схему Беларускай чыгункі пры арт.Беларуская чыгунка.
Схема чыгуначнага вузла: а — з адной станцыяй; б — з крыжападобным размяшчэннем станцый; I—XIV — злучальныя веткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПІЛЬ (галанд. spil, ням. Spille) у архітэктуры, вертыкальнае востраканцовае завяршэнне будынкаў у выглядзе моцна выцягнутых конуса ці піраміды. Часта ўвянчаны скульпт.ці разной выявай, сімвалічнай фігурай, сцягам, флюгерам і інш. У Зах. Еўропе пашыраны ў вежах гатычных збудаванняў, вядомы таксама ў архітэктуры Усходу, з 16 ст. — у Расіі (Ш. Адміралцейства ў С.-Пецярбургу). На Беларусі ў 16—17 ст. Ш. завяршалі замкавыя вежы, ратушы (Гродна, Магілёў), будынкі гасціных двароў (Віцебск), палацаў і сядзібных дамоў. З 18 ст. выкарыстоўваліся ў палацавым дойлідстве стыляў ракако і класіцызму (Гродзенскі Новы замак). Найб. пашыраны ў пабудовах стыляў псеўдарус. і несапраўднай готыкі (касцёл у в. Трабы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1950-я г. Ш. завяршалі буйныя грамадскія і жылыя будынкі (жылы дом на вул. Камуністычнай у Мінску, будынак чыг. вакзала ў Брэсце).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАПРАЙГРАВА́ЛЬНІК,
электратэхнічны апарат для прайгравання грампласцінак. У адрозненне ад электрафона не мае ўласнага ўзмацняльніка гукавой частаты і гучнагаварыцеля. Найпрасцейшы Э. складаецца з гуказдымальніка і электрарухавіка, які прыводзіць у вярчальны рух дыск з грампласцінкай. Частата вярчэння 78, 45, 33 1/3 і 16 2/3аб/мін.
Пры аднаўленні гуказапісу электрарухавік Э. падключаюць да крыніцы электрасілкавання (асвятляльная сетка ціэл. батарэя), а гуказдымальнік — да радыёпрыёмніка, тэлевізара ціінш. апарата, што мае ўзмацняльнік эл. ваганняў гукавой частаты і гучнагаварыцель. Радыёпрыёмнік з Э. наз.радыёлай. У Э. для стэрэафанічнага ўзнаўлення гуку з стэрэафанічных пласцінак іголка гуказдымальніка вагаецца ў 2 узаемаперпендыкулярных плоскасцях; ваганні раздзяляюцца і перадаюцца па 2 каналах, узмацняюцца 2 узмацняльнікамі і ўзнаўляюцца 2 гучнагаварыцелямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУМУЛЯ́ТАР,
прыстасаванне для назапашвання (акумуляцыі) энергіі з мэтай далейшага яе выкарыстання. У залежнасці ад віду энергіі адрозніваюць акумулятары: гідраўлічныя, механічныя (інерцыйныя), паравыя, пнеўматычныя, цеплавыя, электрычныя.
Гідраўлічны акумулятар назапашвае энергію рабочай вадкасці, што знаходзіцца пад ціскам. Выкарыстоўваецца для выраўноўвання ціску і расходу вадкасці ці газу з рэзкапераменнай нагрузкай. Бываюць гру́завыя, спружынныя, з пругкім корпусам, а таксама пнеўмагідраакумулятары поршневыя, мембранныя, балонныя. Інерцыйны акумулятар звычайна складаецца з масіўнага махавіка, вала, падшыпнікаў і кажуха. Мае мінім. страты энергіі на трэнне і супраціўленне паветра. Выкарыстоўваецца ў ветраэл. станцыях для выраўноўвання абаротаў генератара, прывода аўтаматрыс і аўтобусаў (гіробусаў), у прэсавым абсталяванні і інш.Паравы акумулятар — стальны бак, у якім назапашваецца адпрацаваная ў розных паравых машынах (напр., у паравым молаце) пара без змены агрэгатнага стану, якая затым расходуецца на тэхнал. мэты (напр., у сушыльных і прапарачных камерах) ці ў сан.-тэхн. прыстасаваннях (падагравальніках, цеплаабменніках і інш.). Пнеўматычны акумулятар — рэзервуар са сціснутым паветрам (ціінш. газам), падключаны да паветравода і абсталяваны засцерагальным клапанам, які рэгулюецца на зададзены гранічны ціск. Выкарыстоўваецца ў пнеўматычных сетках для выраўноўвання рабочага ціску і інш.Цеплавыя акумулятары (пастаяннага і пераменнага ціску) — пераважна паравадзяныя, назапашваюць цеплату ў цепласілавых устаноўках. Служаць для выраўноўвання цеплавых і сілавых нагрузак і недапушчэння перабояў у забеспячэнні парай прамысл. установак. Найб. пашыраны электрычны акумулятар.
Гідраўлічны акумулятар: а — гру́завы; б — балонны; 1 — рэзервуар; 2 — поршань; 3 — груз; 4 — балоны са сціснутым паветрам.