ЦЯКУ́ЧАСЦЬ,
уласцівасць цела пластычна ці вязка дэфармавацца пад уздзеяннем напружанняў механічных. Характарызуецца велічынёй, адваротнай вязкасці. У газападобных і вадкіх цел выяўляецца пры любых напружаннях, у цвёрдых — пры напружаннях, якія перавышаюць ліміт Ц. (гл. Паўзучасць, Пластычнасць). Вывучаецца рэалогіяй.
У газах Ц. звязана з перадачай імпульсу ад слаёў, малекулы якіх маюць пераважны рух у напрамку зададзенага цячэння, да слаёў, дзе такі рух меншы. У вадкасцей Ц. абумоўлена пераважнасцю дыфузіі ў напрамку дзеяння напружанняў. Элементарны акт Ц. пры гэтым — скачкападобнае перамяшчэнне малекул (ці сегмента макрамалекулярнага ланцужка ў высокамалекулярных рэчывах), якое суправаджаецца пераходам праз энергет. бар’ер (гл. таксама Звышцякучасць). У крышталічных цвёрдых цел Ц. звязваюць з рухам розных крышталічных дэфектаў (гл. Дэфекты ў крышталях), а таксама з двайнікаваннем пад уздзеяннем напружанняў.
Літ.:
Работнов Ю.Н. Механика деформируемого твердого тела. 2 изд. М., 1988.
т. 17, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)