ПАЛЯКО́Ў Юрый Міхайлавіч (н. 12.11.1954, Масква),

рускі пісьменнік. Канд. філал. н. (1981). Скончыў пед. ін-т імя Н.​К.​Крупскай (1976). Працаваў настаўнікам, інструктарам райкома камсамола, журналістам. У 1979—86 гал. рэдактар газ. «Московский литератор». Друкуецца з 1974. У паэт. зб-ках «Час прыбыцця» (1980), «Размова з сябрам» (1981), «Гісторыя кахання» (1985), «Асабісты вопыт» (1987) тэмы мінулай вайны, дзяцінства, кахання, роздум пра лёс людзей і краіны. Аповесці «ЧП раённага маштабу» (1985, аднайм. фільм 1988), «Апафегей» (1989) пра амаральнасць і інтрыгі ў колах парт.-камсамольскага апарату, аповесць «Сто дзён да загаду» (1987, аднайм. фільм 1988) пра нестатутныя адносіны ў арміі. Аўтар кнігі пра франтавую паэзію «Паміж двух мораў» (1983), рамана-эпіграмы «Казляня ў малацэ» (1996), аповесцей «Работа над памылкамі» (1986, аднайм. фільм 1987), «Парыжскае каханне Косці Гуманкова» (1991), п’ес, эсэ, публіцыстычных артыкулаў і інш. Прозе П. ўласцівы актуальнасць праблем, псіхалагізм, метафарычнасць мовы, іронія, гумар, сатыра.

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. М., 1994;

Небо падших. М., 1998;

Замыслил я побег... М., 1999.

А.​В.​Спрынчан.

т. 12, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА Засн. ў 1872 у г. Пінск на базе мужчынскай гімназіі; першае рэальнае вучылішча на Беларусі. Уваходзіла ў Віленскую навучальную акругу. Мела 7 класаў. На чале з дырэктарам працавалі 16 выкладчыкаў, 3 законанастаўнікі, інспектар. Выкладаліся рус., польск., ням. і франц. мовы, геаграфія, хімія, гісторыя, матэматыка, законазнаўства, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, пач. ваен. навука, музыка, рамёствы, гімнастыка і інш. Выпускнікі мелі перавагу пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г. навуч. ўстановы, на фіз.-матэм. ф-ты ун-таў. Сярод выкладчыкаў былі выхаванцы вучылішча, выпускнікі Мінскай духоўнай семінарыі, Віленскага настаўніцкага ін-та, ун-таў Масквы, Юр’ева, Кіева, Лейпцыгскай філал. семінарыі і інш. У 1785 вучылася 185 юнакоў, у 1911—368. У 1915 вучылішча пераведзена ў Мазыр. У 1918 скасавана.

Літ.:

Краткий список учреждений и учебных заведений Виленского учебного округа на 1917 г. Могилев, 1917;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1911/1912 учеб. г. Вильна, 1912;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРО́Н (Pirenne) Анры (23.12.1862, г. Верв’е, Бельгія — 24.10.1935),

бельгійскі гісторык-медыявіст. Чл. Бельгійскай каралеўскай акадэміі навук, л-ры і прыгожых мастацтваў. У 1886—1930 праф. Генцкага ун-та (у 1919—21 рэктар). Даследаваў сац.-эканам. гісторыю зах.-еўрап. сярэднявечча, узнікненне і развіццё горада і яго інстытутаў; развіваў тэорыю паходжання горада з купецкіх паселішчаў (кн. «Гарады сярэднявечча», 1927). У асн. працы «Гісторыя Бельгіі» (т. 1—7, 1900—32), зыходзячы з тэзіса пра адзінства сац.-эканам. развіцця асобных бельг. абласцей, даказваў гіст. адзінства бельг. нацыі і гіст. заканамернасць існавання бельг. дзяржавы. Стварыў канцэпцыю пераходу ад антычнасці да сярэдніх вякоў, у якой гал. ролю ў гіст. працэсе аддаваў знешняму гандлю. Паводле П. пераломны момант у сац. жыцці Зах. Еўропы звязаны з араб. заваяваннямі 7—8 ст., якія паклалі канец міжземнаморскаму гандлю паміж еўрап. Захадам і Усходам; у выніку з 8 ст. асновай эканам. жыцця становіцца натуральная гаспадарка, гар. жыццё замірае. З выцясненнем арабаў з Міжземнамор’я ў 11 ст. аднаўляюцца гандаль і гарады.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛАЦКА-ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́»

(«Полоцко-Витебская старина»),

выданне Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Выйшла 3 т. (т. 1, 1911; т. 2, 1912; т. 3, 1916; усе ў Віцебску). Асн. тэматыка — гісторыя Полацка-Віцебскага краю 9—19 ст. і дакументы аб вайне 1812. Надрукаваны артыкулы А.П.Сапунова «Гістарычны нарыс Віцебскай Беларусі» (т. 1), «Сказанні ісландскіх ці скандынаўскіх саг аб Полацку, князях полацкіх і р. Заходняй Дзвіне» (т. 3), Дз.С.Леанардава «Полацкі князь Усяслаў і яго час» (т. 2, 3), П.​М.​Красавіцкага «Помнікі царкоўнай даўніны Полацка-Віцебскага краю і іх захаванне» (т. 1), І.​Я.​Мітрошанкі «Езуіты ва ўсходняй частцы Беларусі з 1579 да 1772 года» (т. 2) і інш. Пра падзеі вайны 1812 на Віцебшчыне змяшчаліся матэрыялы, якія захоўваліся ў Віцебскім губ. архіве, асабістых архівах нашчадкаў удзельнікаў тых падзей і з інш. крыніц. У выданні асвятляліся падзеі навук., культ. і грамадскага жыцця Віцебшчыны. Рэгулярна змяшчаліся справаздачы пра дзейнасць мясц. архіўнай камісіі.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 12, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у 1585—1819 у г. Полацк Віцебскай вобл. пры езуіцкім калегіуме. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты, міраклі. Паказы адбываліся пераважна на лац., зрэдку на польскай, часам на бел. (1603) мовах, звычайна яны суправаджаліся інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Паказы былі прымеркаваны да масленіцы, некат. свят, перад летнімі канікуламі і пасля завяршэння навуч. года. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Звесткі пра рэпертуар у канцы 16 ст. амаль не захаваліся. Сярод пастановак: «Аталія» (1593), «Вясёлае пасля хмар сонца» (1669), «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» (1693), «Крушэнне карабля на сушы», «Вянок з каштоўных камянёў, што ператварыліся ў лаўры» (абедзве 1723), «Вогненнае жала і вобраз вагнядышнага льва» (1724), «Язон па-за Калхідай» (1728), «Зрэнка Польшчы» (1730), «Пасол з сэрца Сарматыі» (1731), «Вянок з імён і вучоных галоў» (1737), «Час абеду, які працягваўся дзвесце гадоў» (1740) і інш.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т.1. С. 131—133.

т. 12, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ЗІКАЎ Віктар Мітрафанавіч (н. 7.9.1928, в. Балотнікі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф і культуролаг. Канд. філас. н. (1958), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1975). Скончыў БДУ (1953). З 1957 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі (у 1960—72 і ў 1987—96 заг. кафедры, у 1968—79 прарэктар). У 1979—87 рэктар Мінскага ін-та культуры. З 1987 у Бел. эканам. ун-це (у 1987—96 заг. кафедры). Навук. працы па гісторыі філасофіі і сацыялогіі, асветы і культуры Беларусі.

Тв.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973 (у сааўт.);

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985 (у сааўт.);

Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1993 (разам з У.​У.​Качаноўскім);

Кароткі філасофскі слоўнік. Мн., 1994 (у сааўт.);

Философия: Курс лекций. Мн., 1995 (у сааўт.);

Методологические и методические аспекты философской подготовки магистров. Мн., 1998.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Удальрык Крыштоф (28.1.1712, г. Дзятлава Гродзенскай вобл. — 21.7.1770),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ, польскі і бел. паэт, гісторык. Вучыўся ў Варшаве, Лягніцы. У 1734—62 канюшы ВКЛ, у 1762 вял. пісар ВКЛ, у 1739—46 староста мінскі; пасол на сеймы 1730, 1733, 1736, 1746, 1764, 1767. Служыў у войску ВКЛ, ген.-маёр (1743), ген.-лейтэнант (1748). У 1749 узначальваў паход супраць укр. гайдамакаў, які апісаў у надрукаваным «Дыярыушы». Аўтар твораў «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Універсальная гісторыя» (у 1758 надрук. першыя 14 арк.), «Крытыкі свету, або Сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе», гісторыі роду Радзівілаў, панегірыкаў, элегій, од. Выдаў кн. «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў» (1741), тэхн. трактаты, некат. вершаваныя творы. Перакладаў на польскую мову творы Сафокла, П.​Карнеля, Ж.​Расіна. Спрабаваў увесці ў спектаклі прыдворных т-раў бел. мову. Па-беларуску гаворыць адзін з персанажаў пераробкі Р. твора Э.​Бурселя «Камедыя Эзопа» (захаваліся 5 радкоў яго ўступнага маналога).

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. socialis грамадскі),

працэс развіцця асобы — набыцця і засваення працоўных навыкаў, ведаў, норм, каштоўнасцей, традыцый, якія дазваляюць ёй функцыянаваць у якасці паўнапраўнага члена грамадства. Набыццё вопыту, авалоданне рознымі формамі і спосабамі дзейнасці ажыццяўляецца выхаваннем, адукацыяй і ўплывамі навакольнага асяроддзя. Сродкамі перадачы вопыту з’яўляюцца мова і апрадмечаныя вынікі чалавечай дзейнасці, у т. л. прылады працы. Асн. сферай, у якой адбываецца С. асобы, з’яўляюцца сям’я, выхаваўчыя і навуч. ўстановы, прац. калектывы, грамадскія арг-цыі і інш. Змест С. вызначаецца сац.-эканам. структурай грамадства, яе стадыі і канкрэтныя механізмы прымаюць пэўныя формы на кожным этапе гіст. развіцця соцыуму. Працэс С. адбываецца больш паспяхова пры актыўным удзеле асобы ў творча-пераўтваральнай грамадскай дзейнасці. Найб. агульныя тэарэт. праблемы С. даследуе філасофія, розныя яе аспекты вывучаюць псіхалогія (механізмы дзейнасці і засваення вопыту), сац. псіхалогія (функцыі непасрэднага акружэння і міжасабовых адносін), сацыялогія (суадносіны працэсаў і ін-таў С. ў макрасістэме), гісторыя і этнаграфія (С. ў розных грамадствах і культурах), педагогіка (выхаванне).

М.​В.​Тараткевіч.

т. 14, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЬ (Staël) Ганна Луіза Жэрмена дэ (22.4.1766, Парыж — 14.7.1817),

французская пісьменніца, тэарэтык л-ры, публіцыст. Дачка Ж.​Некера Літ. дзейнасць спалучала з заняткамі палітыкай, філасофіяй, гісторыяй. Шмат падарожнічала. Погляды С. фарміраваліся пад уплывам сярэдневяковага мастацтва, творчасці У.​Шэкспіра, ням. л-ры і філасофіі. Асн. тэмы яе твораў — асоба і гісторыя, пісьменнік і грамадства, пачуццё і афіц. мараль: трагедыя «Джэйн Грэй» (1790), раманы «Дэльфіна» (1802), «Карына, або Італія» (1807). Аўтар філас.-публіцыст. і літ.-крытычных эсэ і трактатаў «Лісты пра творы і асобу Ж.​Ж.​Русо» (1788), «Пра мастацкую творчасць» (1795), «Пра ўплыў страсцей на шчасце людзей і народаў» (1796), «Аб літаратуры, разгледжанай у сувязі з грамадскімі законамі» (1800), мемуараў «Дзесяць гадоў у выгнанні» (апубл. 1821, незавершаны) і інш. Паўплывала на распрацоўку эстэтыкі ранняга рамантызму (кн. «Аб Германіі», 1810).

Тв.:

Рус. пер. — Корина, или Италия. М., 1969;

О литературе, рассмотренной в связи с общественными установлениями. М., 1989.

Літ.:

Пронин В.Н. Проблемы литературы и революции в творчестве Жермены де Сталь. М., 1974.

Е.​А.​Лявонава.

т. 15, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РАЖСКІ Васіль, бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст 2-й пал. 16 ст. Мяркуючы па прозвішчы, паходзіў з Суража, але невядома з якога — віцебскага, бранскага ці падляшскага. Пасля смерці І.​Фёдарава кіраваў да 1598 Астрожскай друкарняй. Да асобных яе выданняў напісаў прадмовы. Быў членам літ. гуртка кн. К.​Астрожскага. У гісторыю палемічнай л-ры ўвайшоў як аўтар кн. «Аб адзінай ісціннай праваслаўнай веры і святой саборнай апостальскай царкве» (Астрог, 1588), скіраванай супраць прапаганды ідэі царкоўнай уніі Б.​Гербеста і П.​Скаргі. У творы выявіў эрудыцыю ў веданні царк.-кананічнай л-ры. Цікавая зместам і некат. запазычаннямі ў інш. аўтараў кніга С. не вызначаецца літ. густам. Свае думкі ён выклаў на царк.-слав. мове і толькі зрэдку ўстаўляў словы жывой нар. мовы, таму стыль надзвычай цяжкі.

Літ.:

Памятники полемической литературы в Западной Руси. Кн. 2. СПб., 1882;

Возняк М. Історія української літератури. Т. 2, ч. 1. Львів, 1921;

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;

История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 15, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)