заваяваныя Рымам па-за межамі Італіі тэрыторыі, якімі кіравалі рымскія намеснікі. Пасля 1-й Пунічнай вайны першымі Р.п. сталі Сіцылія (з 241 да н.э.), Корсіка і Сардзінія (з 227 да н.э.). У канцы эпохі рэспублікі іх было каля 20, у эпоху імперыі — каля 50. У эпоху рэспублікі Р.п. лічыліся ўласнасцю рым. народа. Значная ч. зямлі адбіралася ў мясц. насельніцтва і перадавалася ў надзелы рым. каланістам (гл.Агер публікус). Жыхары Р.п. павінны былі ўтрымліваць рым. намеснікаў і войска. Кіравалі правінцыямі былыя консулы (праконсулы) і б. прэтары (прапрэтары). У 27 да н.э.Р.п. падзелены на сенацкія і імператарскія. Сенацкую звычайна ўзначальваў праконсул са штогадовым тэрмінам замяшчэння, імператарскую, дзе знаходзіліся рым. войскі, — легат консульскага (Р.п. з 2 і больш легіёнамі) ці прэтарскага рангу, а таксама прэфект з коннікаў (пазней, акрамя Егіпта, наз. пракуратар). З сярэдзіны 2 ст.н.э. неафіцыйна ўзнік тытул «прэзес» (praeses), які на працягу 3 ст. ператварыўся ў афіц. тытул намесніка Р.п. з коннікаў ці сенатараў. Даходы з Р.п. складалі асн. крыніцу багацця рым. дзяржавы. Іх спагнанне ў перыяд рэспублікі знаходзілася ў руках прыватных адкупшчыкаў (публіканаў), ад якіх вельмі пакутавала насельніцтва Р.п. У імператарскую эпоху ўведзена дзярж. кіраванне фінансамі, што крыху палегчыла становішча насельніцтва. У 212 большасць жыхароў Р.п. атрымала правы рым. грамадзян. Паводле рэформ Дыяклектыяна і Канстанціна IР.п. былі разбуйнены, іх колькасць патроілася, асобныя правінцыі былі аб’яднаны па 12—15 у дыяцэзы пад уладай аднаго вікарыя. Межы новага адм.-тэр. падзелу не супадалі з межамі Р.п.
Літ.:
Кудрявцев О.В. Эллинские провинции Балканского полуострова во 11 в.н. э. М., 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКТЫФІКА́ЦЫЯ (позналац. rectificatio выпрамленне ад лац. rectus прамы, правільны + facio раблю),
раздзяленне гамагенных вадкіх сумесей на састаўныя часткі. Засн. на дыфузійным абмене кампанентаў паміж паравой і вадкай фазамі (гл.Дыстыляцыя). Суправаджаецца міжфазавым цеплаабменам. Адрозніваюць Р. двух- і шматкампанентных сумесей; ажыццяўляюць бесперапынна ці перыядычна.
Для Р. выкарыстоўваюць калонныя апараты (рэктыфікацыйныя калоны), у якіх адбываецца шматразовы кантакт паміж патокамі вадкай і паравой фаз, што рухаюцца проціцёкам. Пры бесперапыннай Р. нагрэтая зыходная сумесь бесперапынна падаецца ў сярэднюю частку калоны, дзе з яе выпарваюцца нізкакіпячыя кампаненты. Пара падымаецца ўверх па калоне, на рэктыфікацыйных талерках яна кантактуе з вадкасцю (флегмай), якая паступае зверху ўніз, узбагачаецца нізкакіпячымі кампанентамі і паступае ў дэфлегматар (кандэнсатар). Частка дыстыляту з дэфлегматара (флегма) вяртаецца ў калону на арашэнне, астатні дыстылят праз халадзільнік адпампоўваецца ў ёмістасці гатовай прадукцыі. Пры Р. шматкампанентных сумесей гатовыя прадукты адбіраюць на рознай вышыні верхняй паловы калоны (напр., пры Р. нафты зверху адбіраюць бензін, ніжэй газу і яшчэ ніжэй дызельнае паліва). Вадкая фаза сумесі, што паступае ў калону, сцякае з рэктыфікацыйных талерак уніз, пры гэтым яна ўзбагачаецца высокакіпячымі кампанентамі з пары (лёгкакіпячыя кампаненты паступаюць у пару), якая падымаецца з куба-выпаральніка, і адводзіцца з калоны (частка вадкасці ў выглядзе пары зноў паступае ў калону). Выкарыстоўваюць пераважна ў хім. і нафтаперапрацоўчай прам-сці.
Літ.:
Жаров В.Т. Серафимов Л.А. Физико-химические основы дистилляции и ректификации. Л., 1975;
Петлюк Ф Б., Серафимов Л.А. Многокомпонентная ректификация: Теория и расчет. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЯХ-КАЧА́НСКІ (Вячаслаў Антонавіч) (24.12.1885, г.Лагойск Мінскай вобл. — 8.8.1976),
бел. і рас. спявак, хар. і тэатр. дзеяч, педагог. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905) і Пецярбургскую кансерваторыю (1915). У 1905—10 працаваў настаўнікам на Віленшчыне і інш. З 1915 у трупе Марыінскага імператарскага т-ра, адначасова ў 1916—18 у Александрынскім драм. т-ры. У 1923—25 выкладаў у Муз.драм. ін-це ў Петраградзе. За 1915—23 выканаў больш за 20 вядучых партый, некат. разам з Ф.Шаляпіным. З 1924 выкладаў у оперным і хар. класах Мінскага муз. тэхнікума і кіраваў муз. падсекцыяй Інбелкульта, арганізаваў пры ёй бел.хар. студыйны калектыў (у 1927 паставіў першую на бел. мове оперу «Русалка» А.Даргамыжскага). З 1927 дырэктар БДТ-1, з 1930 заг.Бел.драм. курсаў, дырэктар Бел.тэатр. тэхнікума і Бел. тэхнікума сцэн. мастацтва. З 1933 на Украіне і ў Расіі. З 1943 узначальваў Мінскі гар.т-р, кіраваў аддзелам культуры і мастацтва Бел.нар. самапомачы і аддзелам мастацтва ў Бел.цэнтр. радзе. З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША, дзе займаўся арганізацыяй хароў і тэатр. груп, ладзіў канцэрты і спектаклі. Аўтар зб. песень «Спеўнік беларускага жаўнера» (1975).
Тв.:
Уласны жыцьцяпіс // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Йорк. 1999.
Літ.:
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;
Юрэвіч Л. Беларускі тэатр і драматургія на эміграцыі // Тэатр. творчасць. 1997. № 6;
1998, № 1;
Кекелева Т. Спявак Селях-Качанскі // Спадчына. 1999. № 2;
Селях С. Вядомы і забыты: Старонкі творчай біягр. Вячаслава Селяха // Мастацтва. 2001. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАКО́ЎСКІ ((Sierakowski) Зыгмунт) (Сігізмунд; псеўд.Даленга; 30.5.1826, с. Лісавое Маневіцкага р-на Валынскай вобл., Украіна — 27.6.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1845—48), скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1859). У 1848 за ўдзел у студэнцкіх гуртках высланы радавым у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Т.Р.Шаўчэнкам, Б.Залескім. У 1856 вярнуўся ў Пецярбург, падтрымліваў сувязі з М.А.Дабралюбавым, М.Г.Чарнышэўскім, супрацоўнічаў у час. «Современник». Арганізатар і кіраўнік ваен.-рэв. арг-цыі ў Пецярбургу, членамі якой былі браты В. і К.Каліноўскія. Чл. арг-цыі выступалі супраць сац., нац і рэліг. прыгнёту, за бурж.-дэмакр. пераўтварэнні ў Расіі, за свабодную і незалежную Рэч Паспалітую, узаемадзейнічалі з польскімі канспіратарамі з партыі «чырвоных», з «Зямлёй і воляй», К-там рускіх афіцэраў у Польшчы. У час замежных паездак (1860—61, 1862) сустракаўся і зблізіўся з А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым, Дж.Гарыбальдзі, наладзіў канспіратыўныя сувязі з польскай рэв. эміграцыяй. Да пач. паўстання працаваў у Генштабе. У снеж. 1862 прызначаны ваен.нач. паўстання ў Літве. Вясной 1863 на Ковеншчыне арганізаваў паўстанцкае злучэнне (2 тыс.чал.). Прыхільнік цеснай сувязі польскага паўстання з агульнарус. рухам. Імкнуўся аб’яднаць рух літ. сялян на чале з А.Мацкявічусам з бел. паўстанцкімі атрадамі К.Каліноўскага. 7—9.5.1863 паўстанцы С. разбіты пад мяст. Біржы, паранены С. ўзяты ў палон. Павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні.
Тв.:
Записка З.Сераковского «Вопрос польский» // Русско-польские революционные связи. М., 1963. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРАПА́ДСКІ (Павел Пятровіч) (16.5.1873, г. Вісбадэн, Германія — 26.4.1945),
украінскі дзярж. і паліт. дзеяч. Ген.-лейтэнант рас. арміі (1916). Паходзіў з казацкага роду нашчадкаў В.І.Скарападскага (памёр у 1727) — брата ўкр. гетмана І.І.Скарападскага. Скончыў Пажскі корпус у Пецярбургу (1893), служыў у коннай гвардыі. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. Флігель-ад’ютант імператара Мікалая II (1905—10). У 1-ю сусв. вайну на Паўд.-Зах. фронце, камандаваў кав. брыгадай, дывізіяй, 34-м армейскім корпусам, які ў жн. 1917 ператварыў у 1-ы ўкр. корпус. У кастр.—ліст. 1917 на чале корпуса падтрымаў укр.Цэнтральную раду, прызначаны кіраўніком яе ваен. фарміраванняў. У сак. 1918 ва ўмовах герм. акупацыі Украіны стварыў апазіцыйную да Цэнтр. рады «Укр. грамаду». 29.4.1918 на Усеўкр. з’ездзе хлебаробаў абвешчаны гетманам Украіны, пры падтрымцы Германіі і ч.рас. афіцэрства скінуў Цэнтр. раду і захапіў уладу. С. ўстанавіў аўтарытарную дыктатуру пераважна ў інтарэсах памешчыкаў, буржуазіі і заможнага сялянства. Пры ім адкрыты 150 укр. гімназій, 2 новыя ўкр. ун-ты (у Кіеве і Камянцы-Падольскім), Укр. акадэмія навук. Яго палітыка згодніцтва з герм. акупантамі, якія рабавалі Украіну, выклікалі масавыя выступленні рабочых і незаможных сялян, у т. л. рух пад кіраўніцтвам Н.І.Махно. Ва ўмовах паражэння Германіі ў 1-й сусв. вайне С. 14.12.1918 скінуты войскамі Украінскай дырэкторыі ўрада. Жыў у эміграцыі ў Швейцарыі і Германіі, дзе кіраваў «Укр. саюзам хлебаробаў-дзяржаўнікаў». 16.4.1945 смяротна паранены ў час адной з бамбардзіровак Германіі саюзнікамі.
Тв.:
Спогади. Київ, 1995.
Літ.:
Гетьман Павло Скоропадський (1873—1945): Матеріали до біобібліогр. Київ, 1996.