МАНУФАКТУ́РА (позналац. manufactura ад лац. manus рука + factura выраб),

прадпрыемства, заснаванае на падзеле працы і ручной рамеснай тэхніцы; стадыя развіцця прам-сці, якая гістарычна папярэднічала буйной машыннай індустрыі. Узнікненне М. падрыхтавана развіццём рамесніцтва, таварнай вытв-сці, унутр. і знешняга гандлю, маёмасным расслаеннем сялян і рамеснікаў, паскорана першапачатковым накапленнем капіталу, вял. геагр. адкрыццямі, стварэннем рынку свабоднай рабочай сілы. Развілася з простай кааперацыі, фарміравалася пераважна двума шляхамі — аб’яднаннем у адной майстэрні рабочых розных спецыяльнасцей, калі гатовы прадукт атрымлівалі мех. злучэннем самаст. частковых прадуктаў (гетэрагенная М.), ці аб’яднаннем у адной майстэрні рамеснікаў адной спецыяльнасці з наступным раздзяленнем аднародных работ на больш дэталёвыя аперацыі, замацаваныя за асобнымі рабочымі (арганічная М.). З сярэдзіны 16 ст. М. ў Зах. Еўропе стала пануючай формай капіталіст. вытв-сці, у Расіі пашырылася ў 18 ст. У Беларусі першае прадпрыемства мануфактурнага тыпу — Налібоцкая шкляная мануфактура, пабудаваная ў пач. 1720-х г. Дзейнічала Урэцкая шкляная мануфактура, прадпрыемствы, на якіх выраблялі сукно і інш. тавары. У 2-й пал. 18 ст. сярод М. на Беларусі вылучаліся Гродзенскія каралеўскія мануфактуры (21 М.), заснаваныя па ініцыятыве гродзенскага старосты А.​Тызенгаўза, якія выраблялі палатно, шоўк, сукно, дываны, габелены, паясы, металаапрацоўчую і інш. прадукцыю. Многія М. існавалі ў буйных феад. маёнтках. Новы этап у развіцці М. на Беларусі пачаўся пасля далучэння яе да Расіі; павялічылася іх колькасць, удасканальвалася тэхніка вытв-сці, больш шырока пачалі ўжывацца капіталіст. формы працы, з’явіліся новыя галіны прам-сці. У 1811 былі 33 М., на якіх працавала 1529 рабочых; у 1825 адпаведна 40 і 2880; у 1859—66 і 5740. Некат. М. былі вял. прадпрыемствамі, напр., на суконнай М. ў Хомску працавала больш як 500, на металургічнай у Налібаках — 600, на металургічнай і металаапрацоўчай у Старынцы — каля 900 рабочых. У канцы 1820-х г. М. Беларусі давалі больш за 10% тонкага сукна, 8% парусінавага палатна, больш за 50% аптэкарскага посуду ад агульнарас. вытв-сці. З развіццём М. падрыхтоўваўся прамысловы пераварот, М. выцясняліся фабрыкамі. Але многія прадпрыемствы мануфактурнага тыпу на Беларусі захаваліся і дзейнічалі на працягу 2-й пал. 19 і пач. 20 ст.

Літ.:

Романовский Н.Т. Развитие мануфактурной промышленности в Белоруссии (вторая половина XVIII — первая половина XIX в.). Мн., 1966.

т. 10, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКІРО́ЎКА (ад франц. masquer рабіць непрыкметным, нябачным для каго-небудзь),

1) (ваен.) комплекс мерапрыемстваў па ўвядзенні праціўніка ў зман аб наяўнасці, размяшчэнні, колькасці і складзе войск, іх дзеяннях і намерах.

Сродкі і прыёмы М. сталі актыўна ўдасканальваецца разам са з’яўленнем наразной агнястрэльнай зброі. М. асабліва шырока выкарыстоўвалася ў 2-ю сусв. вайну, у т. л. пры падрыхтоўцы Беларускай аперацыі 1944. Сав. камандаванне скрытна рыхтавала войскі 1, 2, 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў для наступлення, адначасова імітавала канцэнтрацыю сав. войск у паласе 3-га Укр. фронту (тэр. Украіны). Гэтыя дзеянні стварылі ў ням. камандавання ілюзію падрыхтоўкі дапаможных удараў Чырв. Арміі на тэр. Беларусі. У выніку з 30 танк. і матарызаваных ням. дывізій, якія знаходзіліся на сав.-герм. фронце, 24 былі дыслацыраваны на Пд ад Прыпяці, што стала адной з прычын катастрафічнага паражэння ням. войск летам 1944 на тэр. Беларусі. М. была найважнейшай умовай, спосабам і сродкам арганізацыі масавага партыз. руху і дзеяння сав. падполля ў гады Вял. Айч. вайны. Важную ролю ў М., размяшчэнні, манеўрах, баях і аперацыях бел. партызан адыграў лес.

У сувязі са з’яўленнем высокадакладнай зброі, інш. навейшых відаў узбраення і сродкаў разведкі роля М. вырасла, і М. стала важным відам забеспячэння баявых дзеянняў войск. У сучасных умовах паводле маштабу выкарыстання і характару задач М. падзяляецца на стратэгічную, аператыўную і тактычную. Спосабы М.: скрыванне, імітацыя, дэзінфармацыя і дэманстратыўныя дзеянні. Асн. віды М.: аптычная, цеплавая, радыёлакацыйная, радыётэхн., гідраакустычная і інш. Сродкамі М. з’яўляюцца: маскі-макеты, табельныя камплекты, прыстасаванні дымапуску, маскіравальныя адзенне, афарбоўка, расліннасць і інш. Найб. эфект дасягаецца пры адначасовым выкарыстанні М. супраць усіх сродкаў разведкі праціўніка.

2) Змена аблічча пры дапамозе маскі або інш. сродкаў.

3) (Пераноснае) паводзіны людзей, якія хаваюць ад іншых свае дзеянні, погляды, учынкі. У час войнаў або вял. сац.-эканам. і паліт. зрухаў М. была адным са сродкаў барацьбы за выжыванне людзей і этнасу, у т. л. ў бел. грамадстве.

Літ.:

Толочков М.И. Маскировка в современном бою. 2 изд. М., 1975;

Мацуленко В.А. Оперативная маскировка войск: (По опыту Великой Отеч. войны). М., 1975;

Степанов Ю.Г. Противорадиолокационная маскировка. М., 1968.

У.​І.​Грынюк, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ у вайну 1812, баявыя дзеянні ўзброеных сялян, апалчэнцаў і атрадаў рас. арміі ў тыле напалеонаўскіх войск. Супраціўленне сялян чужынцам пачалося стыхійна як пратэст супраць гвалту, рабаванняў і марадзёрства. Ужо ў ліп. 1812 некат. сяляне Беларусі і Літвы з сем’ямі і маёмасцю ўцякалі ў лясы, дзе частка з іх аб’ядноўвалася ў партыз. атрады і выступала супраць франц. рабаўнікоў і марадзёраў. Больш шырока П.р. разгарнуўся ў канцы лета ў Смаленскай, Калужскай і Маскоўскай губ., дзе дзейнічалі атрады Е.​Чацвертака, Г.​Курына, Самуся (Ф.​Патапава), старасціхі В.​Кожынай і інш. Толькі за 5 тыдняў пасля Барадзінскай бітвы 1812 у сутычках з партызанамі захопнікі страцілі каля 30 тыс. чал. Вял. значэнне П.р. надаваў галоўнакаманд. рас. арміяй М.І.Кутузаў, па ініцыятыве якога ў тыле ворага створаны спец. армейскія партыз. атрады. У вер. 1812 у іх складзе дзейнічала 36 казацкіх, 7 кав. і 5 пях. палкоў, 5 эскадронаў і 3 батальёны. Атрадамі камандавалі генералы і афіцэры Дз.Давыдаў, І.Дорахаў, А.Сяславін, А.Фігнер і інш. Пры садзеянні партызан-сялян яны раптоўна нападалі на акупантаў, знішчалі жывую сілу, парушалі сувязь з тылам, збіралі і перадавалі камандаванню звесткі разведкі. На тэр. Беларусі найб. значны П.р. быў ва ўсх. раёнах. Прыкладам эфектыўнай дзейнасці партызан, якія дапамагалі рас. войску, можа быць атрад сялян в. Жарцы (Полацкі пав.) на чале з М.​Маркавым. Гэта вёска апынулася паміж 2 корпусамі — франц. маршала Н.Ш.Удзіно і рас. ген. П.Х.Вітгенштэйна. Усё дарослае насельніцтва сяла разам з казакамі ўдзельнічала ў 2 бітвах з захопнікамі, разам з дружыннікамі пецярбургскага і наўгародскага апалчэння вызваляла Полацк. 22 чал. з іх былі ўзнагароджаны крыжамі і «Пахвальнымі граматамі». Сяляне некаторых вёсак Барысаўскага, Ігуменскага і інш. пав. нападалі на хлебазапасныя магазіны, рабавалі памешчыкаў, палілі іх маёнткі. П.р. і народнае апалчэнне ў вайне 1812 садзейнічалі разгрому арміі Напалеона, выгнанню яго з Расіі.

Літ.:

Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г. Мн., 1962;

Жилин П.А. Гибель наполеоновской армии в России. М., 1968;

Троицкий Н.А. 1812. Великий год России. М., 1988;

Кузьмичев А.П., Аверченков И.А. «Я зашел на дорогу Бонапартьеву». Смоленск, 2000.

Да арт. Партызанскі рух у вайну 1812. Напад сялян на французскіх фуражыраў. Мастак М.​Дамашчанка.
Да арт. Партызанскі рух у вайну 1812. Партызаны. Невядомы мастак пач. 19 ст.

т. 12, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ТЧА,

павучальна-алегарычны жанр сімвалічнага зместу, які не мае адасобленага бытавання і ўзнікае ў пэўным кантэксце. У адрозненне ад байкі ці навелы ў П. можа быць толькі фабула ці разгорнутае параўнанне, а развіты сюжэт адсутнічаць. У сучаснай маст. творчасці П. — жанравая мадыфікацыя, дыдактычны архетып (напр., апавяданне-П., аповесць-П., раман-П., фільм-П. і інш.). П. ўзнімае спосабы існавання сваіх герояў, што выступаюць суб’ектамі этычнага выбару, да універсалій чалавечага быцця; стварае ўнутрана адзіную, замкнутую, пазачасавую, тэлеалагічную карціну свету, у якой пануе заканамернасць лёсу. Аўтары маст. твораў звяртаюцца да П. ў пошуках этычных першаасноў чалавечага існавання.

П. — універсальная з’ява маст. творчасці. Шырока прадстаўлена ў сусв. л-ры і фальклоры самастойна і ў тлумачэнні з інш. жанрамі стараж., сярэдневяковай і новай л-ры. Найстараж. П. сабраны ў кнігах Старога запавету. У раннехрысц. л-ры (кананічныя евангеллі. творы царк. дзеячаў) П. выкарыстоўвалася ў павучаннях. пропаведзях і разглядалася як агульназразумелая форма папулярызацыі ведаў і хрысц. догмаў. З 12 ст. вядомы П. Кірылы Тураўскага. П. ўвайшлі ў перакладны зб. «Пчала» (13 ст.), «Ізмарагд» (14 ст.). Шмат П. змешчана ў перакладных зб-ках «Вялікае зярцала», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Рымскія дзяянні». Ф.​Скарына адзін з першых звярнуў увагу на глыбокі сімвалічны сэнс П. і яе ролю ў папулярызацыі маральна-філас. ведаў. Сімяон Полацкі на сюжэт папулярнай П. напісаў «Камедыю прытчы пра блуднага сына». З канца 19 ст. эканомнасць, змястоўнасць, этычны дыдактызм П. з’яўляецца ўзорам для творчасці шэрагу пісьменнікаў (Ж.​П.​Сартра, А.​Камю, Б.​Брэхта, У.​Фолкнера і інш.). У 20 ст. П. паўплывала на творчасць пісьменнікаў (Ф.​Кафка, М.​Булгакаў, Ч.​Айтматаў і інш.), кінарэжысёраў (М.​Антаніёні, А.​Д.​Іаселіяні, А.​Таркоўскі, Ф.​Феліні і інш.).

Сімволіка і маст. структура П. зрабілі ўплыў на многія жанры бел. фальклору (чарадзейныя казкі, казкі пра жывёл, балады), л-ры («нашаніўская» паэзія і проза, навелы Я.​Коласа, апавяданні М.​Багдановіча, аповесці В.​Быкава і інш.). У маст. творы П. можа арганічна ўплятацца ў тканіну ўсяго аповеду (познія творы Л.​Талстога, «Казкі жыцця» Я.​Коласа), можа быць «апавяданнем у апавяданні» («Легенда пра Вялікага інквізітара» Ф.​Дастаеўскага, «Апавяданне пра гусара-схімніка» І.​Ільфа і Я.​Пятрова).

У.​М.​Конан, С.​Ю.​Лебедзеў.

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Каламы́тка ’панос’ (Мат. Маг.). Рус. каламытка ’тс’. Статус бел. лексемы няясны. Фіксацыя, аднак, і рус. слова прадстаўлена на абмежаванай тэрыторыі і гэта не дазваляе думаць пра банальнае запазычанне або пра інфільтрацыю. Наяўнасць жа сепаратных сувязей нельга аспрэчваць, хоць і няясна, на якой тэрыторыі знаходзіўся цэнтр інавацыі. Слова, як здаецца, было ўтворана на базе больш шырока вядомага мыт ’панос’ (гл.). Паколькі гэта слова вядома і ў рус. і ва ўсх.-бел. гаворках, яно не вырашае пытання аб напрамку інавацыі. Адносна першай часткі лексемы каламытка можна выказаць наступныя меркаванні. Нельга выключыць магчымасці ўтварэння слова з пачатковым эспрэсіўным фармантам кала‑ (кола‑) няяснага паходжання (відаць, выдзяляецца як самастойная частка з складаных слоў). Існаванне такога фарманта пацвярджаецца шэрагам прыкладаў: рус. бран. коломат ’крык, шум і інш.’, укр. бук. калабусьок ’бусел’ і інш., на жаль, не вельмі ясных этымалагічна. З другога боку, нельга выключыць сувязі першай часткі слова са слав. kalъ, пэраў», бел. дыял. каліцца ’спаражняцца’. Трэба ўлічыць таксама, што другая частка разглядаемага слова суадносіцца з дзеясловам тыпу рус. мытить. Адносна значэння параўн. у Даля, 2, 956: «Хворать мытом, поносом». У такім выпадку каламытка ў большай меры нагадвае ўтварэнні тыпу бел. каламут, рус. колоброд і да т. п., аднак генезіс першай часткі слова няясны. Гл. яшчэ адносна этымалогіі другой часткі мыт, мытуха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Светаві́т, Светові́т ‘міфічная істота, што ўвасабляе сонца’: Световіт — бог Слонца і самы глаўны (маст., шчуч., Сл. ПЗБ). Няясна, параўн. све́таць ‘свяціць’: лучына светая (Сл. ПЗБ) (гл. свяціць, святло). Нягледзячы на фармальнае падабенства, няяснымі застаюцца адносіны да назвы бога ў пантэоне балтыйскіх славян Svantavit, Szventevit, Zwantevith — “единственное божество у славян, в чьем имени обнаруживается элемент svęt ‘святой’ в языческом понимании этого слова” (Тапароў, Слав. др., 1, 212), другая частка назвы сустракаецца ў іншых назвах багоў — Яравіт, Руявіт, Паравіт і рэканструюецца як *vitъ пры параўнанні з ц.-слав. домовитъ ‘галава сям’і’, ‘гаспадар’ або пры параўнанні з лац. victima як *viktъ ‘праяўленне сілы’, гл. Тапароў, Этимология 1986–1987, 38. Варыянт з канцавым звонкім *Svętovidъ Скок (3, 370–371) звязвае з культам святога Віда на Балканах, які ў часы хрысціянізацыі замяніў паганскае боства, параўн. харв. Vidova gora (тапонім на востраве Брач). Брукнер (537) атаясамлівае першую частку імені Świętowit, якая шырока вядома ў славянскіх паганскіх імёнах (Святаполк, Святаслаў і пад.; гл. святы), з *jarъ> ‘моцны’ (гл. яры), прадстаўленым таксама ў імёнах Яраслаў, Яраполк і інш.; інакш, як ‘багабойны’, трактуе першую частку імені Святаполк Фасмер, 3, 585. Параўн. таксама заўвагу Машынскага (Kultura, II, 2, 442) аб тым, што “słońce często bywa nazywane przez Słowian świętym”. Гл. Цыхун, Зб. Мальдзісу, 401–402. Гл. таксама Бел. міф.₂, 455–456.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́рак ‘лік і лічба 40’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Стан.), со́рок ‘тс’ (ТС), ст.-бел. сорок. Укр., рус. со́рок, стараж.-рус. сорокъ ‘сорак’, ‘звязка з 40 скур собаля’. Польск. sorok ‘звязка з 40 скур собаля’ (XVІ–XVІІ стст.) запазычана з рус. (Брукнер, 507). Гэтае слова замяніла больш старажытнае четыре десѧте. У старабеларускай мове яшчэ ў XVII ст. для абазначэння лічэбніка ўжывалася четыредесять і сорокъ, а ў XVI і XVII стст. сорокъ таксама шырока ўжывальнае як адзінка лічэння футравых скурак (гл. Скурат, Меры, 167–168). Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Тлумачылі (Міклашыч, 316; Брукнер, там жа і інш.) з грэч. (τε)σσαρακοντα ‘сорак’, новагрэч. σαράντα, або з грэч. τεσσαρακοστή, с.-грэч. σαρακοστή ‘саракадзённы пост’, але гэта версія не ўлічвае значэння ‘звязка футравых скурак’. Таму дапускалі сувязь з сарочка (гл.) аналагічна ст.-сканд. serkr ‘кашуля’ і ‘200 скур’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 100; Фасмер, 3, 722–723 з літ-рай. Груненталь (AfslPh, 42, 318) прыводзіць яшчэ славац. meru ‘сорак’ з венг. mérő ‘футра’. Трубачоў (у Фасмер, 3, 723) не выключае магчымасці запазычання ст.-усх.-слав. *съркъ, да якога можа ўзыходзіць сорак, з цюркскіх моў, параўн. тур. kirk ‘сорак’, з дысіміляцыяй k — k > s — k. Агляд праблематыкі гл. Жураўлёў, Язык и миф, 641–642. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 356.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́дзіць ‘стамляць, натруджваць рукі, прычыняць боль’ (ТСБМ, Гарэц.), трудзі́ць ‘мучыць, стамляць, турбаваць’ (Ласт.; докш., Бел. дыял. 2), ‘нудзіць, цягнуць на ваніты’ (Брасл. сл.), трудзі́цца ‘цяжка працаваць; пакутаваць’ (Сл. ПЗБ, ТС), ‘мучыцца’ (Гарэц., Бяльк., Барад.), ‘цярпець боль, пакутаваць’ (Варл.), ‘пакутаваць, цяжка хварэць’ (Пан.), ст.-бел. трудити ‘абцяжарваць, таміць’, ‘гнясці, прыносіць боль’, трудитися ‘знемагаць ад працы’, ‘мучыцца’, ‘турбавацца’ (ГСБМ), трудитися под солнцемъ ‘працаваць, пекліцца, гадаваць’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. труди́ти ‘стамляць, турбаваць, непакоіць’, рус. труди́ть ‘прыгнятаць, стамляць, мучыць работай; непакоіць; муляць’, польск. trudzić ‘турбаваць, непакоіць, абцяжарваць’, кашуб. truʒëc ‘турбаваць’, чэш. trudit ‘засмучаць, прыгнятаць, мучыць, прымушаць’, серб. тру́дити ‘абцяжарваць, турбаваць’, дыял. ‘раз’ятрываць (рану)’, харв. trúditi ‘ператамляць (частку цела)’, балг. тру́дя се ‘працаваць; імкнуцца’, макед. труди се ‘працаваць, прыкладаць намаганні, старацца’, ст.-слав. троудити ‘турбаваць, непакоіць; пераадольваць, прыкладаць намаганні, цярпець’, троудити сѧ ‘стамляцца, знемагаць’. Прасл. *truditi ‘змушаць да цяжкай працы, напружваць, турбаваць’, дэнамінатыўнае ўтварэнне ад прасл. *trudъ (Борысь, 644), гл. труд 1. Сюды ж трудзя́шчы ‘працавіты’ (Жд. 1, ТС, Ян., Сцяшк. Сл.), трудʼа́шчы ‘тс’ (Вруб.) — “неаславянізм” з шырока распаўсюджаным у народнай мове суфіксам (гл. Цыхун, Выбр. пр., 286), трудзя́га ‘працаўнік’ (Мат. Гом., Юрч.) з суф. ‑яга “з экспрэсіяй спачування, захаплення, ці, наадварот, асуджэння” (Сцяцко, Афікс, наз., 130), трудлі́вы, трудзя́ка ‘тс’ (Ян.), трудзі́мы ‘тс’ (ТС), трудалюбі́мы ‘тс’ (Ян.) з рэдкай суфіксацыяй (гл. любім), магчыма, адаптаванае рус. трудолюбивый ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палаві́на, ‑ы, ж.

1. Адна з дзвюх роўных частак чаго‑н. Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак. Колас. Да палавіны [сасны] піла ішла лёгка, а далей стала заядаць. Якімовіч. [Маша:] — Добра табе, Вася, разважаць, калі ў цябе ўсё сена ў стагах ужо. А ў нас яшчэ палавіна — у пакосах. Шамякін. Налёт збіў немцаў з усякага панталыку, тым больш, што партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба. Лынькоў.

2. Сярэдзіна якой‑н. адлегласці, прамежку часу і пад. Мне стала маркотна і сцішна. На палавіне мае дарогі .. стаяў цёмны лес. Колас. У другой палавіне [сакавіка] месяца дзень з ноччу мераецца даўжынёй — дзеляць суткі папалам. «Звязда». // Момант, які адпавядае сярэдзіне якой‑н. гадзіны. Палавіна восьмай вечара.

3. Рухомая прымацаваная частка якога‑н. парнага прадмета. Палавіна варот. □ Шырока раскінуты дзвюма палавінамі чамадан з жоўтай скуры стаяў на лаве. Чорны.

4. Асобная частка жылога памяшкання. Дом быў з дзвюх палавін. Двое асобных дзвярэй з ганкамі ў двор. Арабей. Хата, як большасць хат у нашых больш-менш багатых вёсках, мела дзве палавіны: «заднюю», у якой ледзь не палову займала руская печ, і «пярэднюю» — светлую. Шамякін.

5. (звычайна са словамі «мая», «твая» і г. д.). Пра жонку ці мужа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэра́са, ‑ы, ж.

1. Гарызантальная або некалькі нахіленая пляцоўка, якая ўтварае ўступ, часам зробленая штучна (для пракладкі дарог, стварэння архітэктурнага ансамбля і пад.). Там, дзе выразна выступае высокая пясчаная рачная тэраса, пралягае паласа сасновых бароў. Гавеман.

2. звычайна мн. (тэра́сы, ‑рас). Спец. Гарызантальныя або некалькі нахіленыя ўступы паверхні зямлі (на схілах гор, рачных далін і на ўзбярэжжы азёр і мораў), размешчаныя адзін над адным. [Балотаўтварэнне] шырока распаўсюдзілася на згладжаныя бяссточныя водападзелы і надпоймавыя тэрасы. «Беларусь». Дрэмле Ялта, па крутых тэрасах Льецца вішань белы вадаспад. Танк. Рачныя даліны ў нізінах даволі шырокія і маюць тэрасы. Прырода Беларусі.

3. у знач. прысл. тэра́самі. У выглядзе ўступаў, прыступкаў, размешчаных адзін над адным. Насупраць бальніцы, на схіле ўзгорка, быў разбіты малады парк, што тэрасамі спускаўся да Першамайскай вуліцы. Карпаў. У сярэдзіне гары тэрасамі — адзін над другім — павінны былі прайсці тры тунелі. Даніленка.

4. Летняя прыбудова да дома ў выглядзе пляцоўкі са страхой на слупах. З тэрасы кафэ, куды мы падняліся па прыступках, адкрываецца цудоўны від па Карфагенскі заліў. В. Вольскі. Спіны ў хлопцаў блішчаць, і .. [Антон] вядзе сваіх сыноў за рукі да хаты, і ўзыходзіць на тэрасу, дзе ўжо накрыты стол, і на стале іх чакае сняданак, і Тося разлівае па кеартах малако... Савіцкі.

[Фр. terrasse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)