адна з італійскіх моў. Мёртвая. Мова каталіцкай царквы, афіц. мова (разам з італьян.) Ватыкана.
У фанетыцы — доўгія і кароткія галосныя, націск на 2-м або 3-м складзе ад канца слова; у марфалогіі — выкарыстанне флексіі як асн. сродку формаўтварэння, 6 склонаў, 3 лады (індыкатыў, кан’юнктыў і імператыў), 2 станы (актыўны і медыяльна-пасіўны); у лексіцы — уплыў сабінскай, этрускай і пераважна грэч. моў. Паводле паходжання — мова племені лацінаў. Пісьмовыя помнікі з 6 ст. да н.э. З павелічэннем тэр. Рымскай імперыі Л.м. пашырылася на ўвесь Апенінскі п-аў, пазней — на паўн. Афрыку, Галію, Брытанію, Дакію і інш.
У гісторыі Л.м. ант. часу вылучаюць некалькі перыядаў. Архаічны перыяд, ад якога захавалася некалькі надпісаў 6—4 ст. да н.э., фрагменты стараж. законаў, урыўкі з сакральнага гімна сакліяў і інш.Дакласічны перыяд (3—2 ст. да н.э.) — час станаўлення літ. Л.м., у аснове якой дыялект Рыма; захаваліся камедыі Плаўта і Тэрэнцыя, фрагменты твораў інш. аўтараў. Класічная, ці «залатая», латынь (1 ст. да н.э.) — мова з багатай лексікай, развітой навук.-філас., паліт. і тэхн. тэрміналогіяй, разнастайнасцю сінтакс. сродкаў. Найб. развіцця дасягнула л-ра (Цыцэрон, Вергілій, Гарацый, Авідзій). Паслякласічная, ці «сярэбраная», латынь (1 ст.), калі канчаткова склаліся фанет. і марфал. нормы літ. мовы, устаноўлены правілы арфаграфіі, якімі кіруюцца і пры сучасным выданні лац. тэкстаў. Позняя латынь (2—6 ст.) характарызуецца развіццём нар.-размоўнай мовы. Пасля заняпаду Рымскай імперыі (5 ст.) з дыялектаў Л.м. пачалі развівацца раманскія мовы. Л.м. ў сярэднія вякі стала міжнар. мовай навукі, школы, філасофіі, дыпламатыі, часткова л-ры. На ёй пісалі Т.Мор, Эразм Ратэрдамскі, М.Капернік, Ф.Бэкан, І.Ньютан. Дзякуючы Л.м. культура Рыма і ўспрынятая ім грэч. культура сталі набыткам чалавецтва. Еўрап. мовы адчулі на сабе ўплыў Л.м. як крыніцы лексічнага ўзбагачэння і папаўнення паліт., навук. і тэхн. тэрміналогіі. Лац. алфавіт абслугоўвае многія мовы свету (гл.Лацінскае пісьмо).
У 16—18 ст. на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі, Л.м. выкладалася ў навуч. установах, выкарыстоўвалася ў справаводстве, дыпламат. перапісцы, пры напісанні навук. трактатаў і літ. твораў. Яе добра ведалі і на ёй пісалі бел. асветнікі Мікола Гусоўскі, С.Будны, Сімяон Полацкі і інш. Многія запазычанні з Л.м. ўвайшлі ў бел. мову (гл.Лацінізм).
Літ.:
Тронский И.М. Очерки по истории латинского языка. М.; Л., 1953;
Яго ж. Историческая грамматика латинского языка. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ РАЁН.
На Пд Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 25,6 тыс.чал. (1998, без г. Лепель). Сярэдняя шчыльн. 14 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Лепель. Уключае 232 сельскія нас. пункты, 12 сельсаветаў: Баброўскі, Бароўскі, Валосавіцкі, Горскі, Домжарыцкі, Заазерскі, Каменскі, Лепельскі, Пышнянскі, Слабадскі, Стайскі, Сушанскі.
Паўд.-зах.ч. раёна размешчана ў межах Верхнебярэзінскай нізіны, паўн.зах. — Пышнагорскага ўзвышша, паўд.-ўсх. — Лукомскага ўзвышша. Паверхня пласкахвалістая. Пераважаюць выш. 150—170 м, найвыш. пункт 279 м (за 6 км на ПнУ ад в. Новыя Валосавічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровыя сумесі, гліны, мінер. вада. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 638 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. На тэр. раёна часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Найб. рэкі: Эса з прытокамі Байна, Свядзіца і Бярэшча; Ула, Зеха; на мяжы з Докшыцкім р-нам цячэ Бярэзіна з прытокам Сергуч. У Л.р. 137 азёр з назвамі і 70 без назваў, найбольшыя: Лепельскае, Окана, Бярэшча, Ворань, Домжарыцкае, Бобрыца, Тэкліц, Астроўна. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23%), тарфяна-балотныя (13,2%) і інш. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Найб. лясістасць на З і ПдЗ у межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Балоты займаюць 10% тэрыторыі, найб.Домжарыцкае балота. Заказнікі гідралагічныя мясц. значэння: Жабінка, Плінтаўка, Пунькі, Слабадское, Вольны Бор П, Какісіна, Кляцішча. Помнікі прыроды: рэсп. значэння Цар-дуб (400 гадоў) у в. Тадуліна, мясц. значэння парк «Фатынь» каля в. Радунь.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 62,3 тыс.га, з іх асушаных 15,9 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, Віцебская сортавыпрабавальная станцыя, 15 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочнамясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (цэгла), першаснай апрацоўцы лёну і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Орша—Лепель, аўтадарогі Мінск—Віцебск, Мінск—Полацк, Орша—Лепель, Лепель—Ула, Лепель—Докшыцы і інш. У раёне 21 сярэдняя, 3 базавыя, 7 пач., 6 муз., 3 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, школа алімп. рэзерву па веславанні, Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, ПТВ, 34 дашкольныя ўстановы, 27 дамоў культуры і клубаў, 27 б-к, 6 бальніц, ваенны шпіталь, 2 паліклінікі, 7 амбулаторый, 19 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі (ваенны і дзіцячы), будуецца дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр. Помнік гідратэхн. буд-ваБярэзінская водная сістэма. Выдаецца газ. «Лепельскі край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАНАРЫХТО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, па нарыхтоўцы, вывазцы і транспартаванні драўніны. Забяспечвае сыравінай і лесаматэрыяламі лесапільную вытв-сць, дрэваапрацоўчую, цэлюлозна-папяровую, гідролізную, гарнарудную, лесахім. прам-сць, буд-ва, аўта- і вагонабудаванне і інш. галіны нар. гаспадаркі (гл. адпаведныя артыкулы). Эксплуатацыйны фонд — пераважна хвоя, бяроза, елка, вольха, дуб, асіна. Драўнінныя матэрыялы выкарыстоўваюць на вытв. і буд. патрэбы (дзелавая драўніна), паліва (дровы), часткова экспартуюцца. Нарыхтоўка драўніны праводзіцца ў час высечак галоўнага, прамежкавага (санітарныя, пры ўпарадкаванні лесу) карыстання і інш. высечак (напр., квартальныя прасекі, трасы каналаў, газа- і нафтаправодаў, дарогі, расчыстка зямельных участкаў пры перадачы іх для мэт, не звязаных з лясной гаспадаркай). Валка лесу ажыццяўляецца бензапіламі, валачна-тралёвачнымі машынамі, тралёўка — трактарамі, абрэзка сукоў — бензапіламі і сукарэзнымі машынамі, пагрузка — сківічнымі пагрузчыкамі і гідраманіпулятарамі, вываз лесу ў хлыстах на ніжнія склады і спажыўцам — лесавозамі. З дробнатаварнай драўніны і адходаў робяць тэхнал. трэскі. Л.п. найб. развіта ў ЗША, Расіі, Канадзе, Швецыі, Фінляндыі, Бразіліі, некаторых краінах трапічнай Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі.
На Беларусі лесанарыхтоўкі вяліся са стараж. часоў, калі драўніна выкарыстоўвалася на паліва, для буд-ва жылля, абарончых збудаванняў, прылад працы, зброі, посуду, пазней — для будавання ваенных і гандл. суднаў. У 14—16 ст. з’явіліся першыя прававыя акты па рэгуляванні лесанарыхтовак. У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырэнне лесанарыхтовак было абумоўлена спрыяльным у гандл. адносінах геагр. размяшчэннем Беларусі, з яе зручнымі для сплаву на Пд і З рэкамі, сеткай чыгунак. З 1900 да 1913 штогод вывозілася ням. і англ. фірмамі 4,2 млн.м³ драўніны. У Вял.Айч. вайну было высечана больш за 500 тыс.га каштоўных лясных насаджэнняў, лясістасць знізілася да 19,7% (найменшая за ўсю гісторыю). Аб’ёмы лесанарыхтовак у пасляваенныя гады (1945—50) склалі 68,8 млн.м³, у т. л. галоўнага карыстання 73,5%. У 1990-я г. нарыхтоўку драўніны галоўнага карыстання ажыццяўляюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (57% ад усяго аб’ёму высечак, 18 вытв. аб’яднанняў і 5 леспрамгасаў), Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (20%) і інш. нарыхтоўшчыкі. Аб’ёмы лесанарыхтовак у 1997 склалі: вываз драўніны (тыс. шчыльных м³) — 5686, у т. л. дзелавой драўніны — 4860. У 1998 для патрэб цэлюлозна-папяровай прам-сці адгружана 130 тыс.м³ хвойных балансаў і для патрэб гідролізнай прам-сці — 120 тыс.м³ трэсак і пілавіння.
Буйнейшыя лесанарыхтоўчыя прадпрыемствы: ААТ «Лунінецлес», ЗАТ «Мазырскі леспрамгас», ААТ «Віцебсклес», ААТ «Полацклес», ААТ «Маладзечналес». Прадукцыя Л.п. экспартуецца ў Расію, Украіну, Казахстан.
Н.Ю.Пабірушка, П.І.Кавалёнак.
Да арт.Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Валка лесу ў Барысаўскім леспрамгасе.Да арт.Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Вывазка хлыстоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫ́НЫ,
княжацкі род герба «Агінец» у ВКЛ, Польшчы, Рас. імперыі. Паходзяць ад Рурыкавічаў, з 16 ст. выводзілі сябе ад чарнігаўскіх князёў, уладальнікаў Казельска каля Калугі, аднак дакументальна гэта не пацвярджаецца. Родапачынальнік Васіль Глушонак выслужыў у вял. князя ВКЛ Казіміра землі на Смаленшчыне, у пач. 1480-х г. перайшоў да вял. князя маскоўскага Івана III. Яго нашчадкі засталіся ў ВКЛ. Найб. вядомыя: Алехна Васілевіч (мянушка Глазына; ?—1500?). У 1450-х г. вызначыўся ў вайне з чэшскім правіцелем Іржы Подзебрадам. Акольнічы смаленскі ў 1486—1500, намеснік лучынскі ў 1494—1500. Іван Васілевіч (мянушкі Глазыніч, Пузынін). У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—94 перайшоў да Івана III. Яго сыны Міхаіл, Дзмітрый, Іван, Леў, Андрэй, Юрый засталіся ў ВКЛ. Дзмітрый Іванавіч (мянушка Глушонак; ?—1510?). Ад яго сына Багдана пайшоў род Агінскіх. Багдан Цімафеевіч (?—1571), унук Івана Іванавіча. Маршалак гаспадарскі з 1567. Аляксандр (у манастве Афанасій; ?—1650), сын Юрыя. Паборца валынскі ў 1613, пасол на сеймы 1616, 1618, 1632. Змагаўся супраць увядзення уніяцтва. У 1632 абраны праваслаўным епіскапам луцкім і астрожскім, з 1633 архімандрыт жыдычаўскі. Геранім (?—1657), сын Яна. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на сеймы. У 1640—50-я г. адзін з найб. актыўных абаронцаў кальвінізму ў ВКЛ. Андрэй (?—1701), сын Гераніма. Староста упіцкі, кашталян мінскі з 1697. Міхал (?—1723), сын Андрэя. Рэгент меншай канцылярыі ў ВКЛ у 1699—1717, харунжы надворны ў 1712—17, пісар вялікі ВКЛ з 1717. Пасол на сейм 1697. У 1712 і 1720 пасол да цара Пятра I. Крыштоф Дамінік (1—2.11.1731), сын Андрэя. Падстолі упіцкі ў 1695 і староста ў 1696—1720, мсціслаўскі кашталян з 1720 (або 1722) і ваявода з 1730. Пасол на сеймы 1696, 1697, 1712—13, 1718, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1727. Стафан Міхаіл (21.12.1667, г. Упіта — 5.3.1738), сын Андрэя. Д-р філасофіі (1705), тэалогіі (1734). З 1685 езуіт. Пётр (21.7.1664—1.3.1717), сын Яна Казіміра. З 1677 езуіт. У 1709—13 рэктар Нясвіжскага калегіума. Антоні Міхал (?—24.3.1752). Харунжы упіцкі з 1717 і староста ў 1724—32, харунжы надворны з 1728, кашталян мсціслаўскі з 1746. Юзаф Эдвард (24.9.1878—20.1.1949). З 1919 працаваў у мін-ве замежных спраў Польшчы. Аўтар лірычных і сатыр. вершаў (зб. «Даўней», 1905), патрыят. паэм, гімнаў, паэт. драм (зб. «Па дарозе», 1922), аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх паліт. ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар працы «Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга» (часткова апублікавана ў 1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКІ РАЁН Размешчаны на ПдЗ Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 25,2 тыс.чал. (2001), гарадскога 36.5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Свіслач. Уключае г.п.Поразава, 151 сельскі нас. пункт, Поразаўскі пасялковы Савет, 6 сельсаветаў: Вердаміцкі, Дабравольскі, Навадворскі, Нязбодзіцкі, Свіслацкі, Ханявіцкі.
Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Прыбугскай раўніны, на ПнУ — Ваўкавыскага ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пашыраны лагчыны сцёку ледавіковых вод і скразныя даліны. Цэнтр.ч. раёна — водападзел паміж басейнамі рэк Нёман і Нараў. Пераважаюць выш. 160—200 м (95%), найвыш. пункт 242 м (за 5 км на З ад г.п. Поразава). Глыбіня расчлянення рэльефу ў межах узвышша — 20 м/км². Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 585 мм за год. Вегетац. перыяд 199 сут. Найб. рэкі Нараў з Калонкай і Рудаўкай, Рось з Харужаўкай, Свіслач, Зальвянка. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (68,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,5%). Пад лесам 48,8% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пд раёна, на ПдЗ амаль палавіна ляснога масіву Белавежская пушча. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя; трапляюцца грабавыя, асінавыя, ясянёвыя і інш. Пад балотамі 6,2% тэрыторыі. Найб. балотныя масівы Зальвянка і Глыбокае балота. На тэр. раёна ч.нац. парку Белавежская пушча, гідралагічны заказнік рэсп. значэння — Дзікае (часткова); заказнік мясц. значэння — біялагічны Поразаўскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк «Вердамічы» ў в. Вердамічы.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 55,5 тыс.га, з іх асушаных 12,5 тыс.га. На 1.1.2001 у раёне 9 калгасаў, 6 саўгасаў, 14 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну-даўгунцу, бульбы. Прадпрыемствы кааператыўнай (каўбасныя, хлебабулачныя і макаронныя вырабы) і мэблевай (мэбля з лазы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Гайнаўка (Польшча) — Свіслач—Ваўкавыск, аўтадарогамі г. Свіслач звязаны з гарадамі Гродна, Ваўкавыск, г.п. Поразава. У раёне 16 сярэдніх, 7 базавых, 1 пач., 1 муз., 1 спарт., 2 маст. школы, спецшкола-інтэрнат, Цэнтр пазашкольнай працы, 15 дашкольных устаноў, 24 дамы культуры і клубы, 37 б-к, 2 бальніцы, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 16 фельч.-ак. пунктаў. Раённы гіст.-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (19 ст.) у в. Гарнастаевічы, царква (пабудавана ў 1792 як касцёл францысканцаў, з 1870 правасл. царква, захаваліся фрагменты мураванай агароджы і брама 18 ст.) у в. Грынявічы, царква Іаана Хрысціцеля (1840) у в. Дабраволя. Выдаецца «Свіслацкая газета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕУ́Л,
горад, сталіца Рэспублікі Карэя (Паўд. Карэя). Вылучаны ў самастойную адм. адзінку, прыраўнаваную да правінцыі. Адзін з найбуйн. гарадоў свету. 9888 тыс.ж., з прыгарадамі і суседнімі гарадамі 19,85 млн.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Ханган, за 90 км ад зал. Канхваман Жоўтага м. (аванпорт С. — г.Інчхон). 2 міжнар. аэрапорты. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Разам з Інчхонам дае каля 50% прамысл. вытв-сці Паўд. Карэі. У С. знаходзяцца асн. фінансавыя і прамысл. аб’яднанні, страхавыя і гандл. кампаніі, банкі, філіялы замежных банкаў і фірм. Прам-сць: металургічная, аўтамабілебудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная, хім., тэкст. (пераважна баваўняная), харч., буд. матэрыялаў, гумавая, гарбарная, паліграф., папяровая, керамічная. Буйныя ЦЭС. Метрапалітэн (больш за 1 млрд. пасажыраў штогод). 18 ун-таў. Нац.АН.
Першыя паселішчы на тэр. сучаснага С. вядомы з часоў 3 царстваў — Кагуро, Пэкчэ, Сіла (1—7 ст.). У 554 заваяваны Сілай і названы Хансон (ужываецца і цяпер як другая назва С.). З 1068 адзін з каралеўскіх гарадоў-рэзідэнцый. Пры дынастыі Лі [1392—1910] стаў сталіцай Карэі (1393), пераназваны С. (з карэйскай — сталіца) і пачаў хутка развівацца. У час Імдзінскай вайны 1592—98 акупіраваны (1592—93) яп. войскамі. Пасля анексіі Карэі Японіяй С. — рэзідэнцыя яп. ген.-губернатара (1910—45; наз. Кёнджо), адзін з цэнтраў нац.-вызв. руху. Тут пачалося антыяп. Сакавіцкае паўстанне 1919. З 1948 сталіца Рэспублікі Карэя. Моцна разбураны ў час карэйскай вайны 1950—53, адбудаваны. У 1988 месца правядзення XXIV Алімп. гульняў.
Аблічча С. вызначаецца спалучэннем традыц. забудовы з сучаснымі вышыннымі будынкамі і арх. комплексамі. Цэнтр мае рэгулярную планіроўку, забудаваны шматпавярховымі дамамі, у паўд. і ўсх. частках пераважаюць кварталы з вузкімі крывымі вуліцамі. У С. існаваў вял. ансамбль палаца Кёнбакун са шматлікімі параднымі і жылымі будынкамі, адасобленымі дварамі і паркамі (1395, зруйнаваны ў 1592, адноўлены ў 19 ст., у 1950—53 зноў разбураны; захаваўся фрагментарна). Помнікі архітэктуры: пагады 3-ярусная Ханмётхап храма Папчонса (1085) і храма Вангакса (1464), крапасная сцяна Ханьянсон (1392—1446, захавалася часткова) з варотамі Намдэмун (1395) і Тандэмун (1396), палацы Чхандок (1404, зруйнаваны ў 1592, адноўлены ў 17 ст.), Чангён (15—17 ст.), Даксу (16 ст.), у ансамблі якога палац Сакджаджон (1901—11; цяпер будынак Нац. музея) і інш. Сярод сучасных збудаванняў спарт. комплекс, пабудаваны да XXIV Алімп. гульняў. У С. шмат паркаў, садоў, у т. л.заал. і бат., 15 мастоў. Музеі: выяўл. мастацтваў, кар. мастацтва, фальклору, тэхнікі фірмы «Самсунг», скансэн. Тэатры: оперы, народны, Усходу; сімф. аркестры.
В.У.Адзярыха (гісторыя).
Сеул. Палацава-паркавы ансамбль Кёнбакун. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Па1 — прыіменная прыстаўка. Вытворныя з гэтай прыстаўкай маюць значэнне ’прадмет, падобны да таго, што названа ўтваральным словам, але які не з’яўляецца ім у поўнай меры’ (Сцяцко, Белар. словаўтв., 227), параўн. пазара́нак, паве́ка, па́сын і г. д. У канфіксальных утварэннях магчымы і іншыя значэнні: ’месца, прастора, дзе было тое, што названа ўтваральным словам’, ’меншая мера праяўлення з’яў, якія названы ва ўтваральным слове’ і г. д. (гл. Сцяцко, там жа, 241 і наст.). Агульнаслав., параўн. рус., укр.па‑, ст.-слав.па‑, польск., чэш., славац.pa‑, серб.-харв.па̏‑ і г. д. (гл. Мейе, Études, 161). Прасл.pa‑; у дзеясловах ёй адпаведнае po‑, суадносна як і pra‑ : pro‑, par‑ : por‑. Аналагічная дваістасць у балт. мовах: літ.po‑ (у імёнах), pa‑ (у дзеясловах), ст.-прус.pa : pa; у авесц.pa : pa (гл. Траўтман, 203; Фасмер, 3, 181; ESSJ, 1, 160 і наст.). Параўноўваецца са ст.-прус.pa : pa ’под, пасля, суадносна’, літ.po ’пасля, под’, авесц.pa‑, pa‑ і г. д., (Траўтман, BSW, 203; Фасмер, 3, 181; у Фасмера гл. і інш. літ-ру).
Па2 (прасл.po, pa‑). Прыназоўнік і прыстаўка. Агульнаславянскае, параўн. рус.по, польск.po, балг.по і г. д. Іншая ступень вакалізму прыстаўкі: pa‑ — у імёнах. Адпаведнікі ў іншых і.-е. мовах: літ.pa‑, іменны прэфікс pó‑, лат.pa, ст.-прус.pa‑, po‑, лац.po‑ ў positus ’які пастаўлены’, pōnō ’стаўлю, кладу’, алб.pa ’без, зноў’, хец.pē ’туды’ (Траўтман, 203; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1), грэч.έπᾱ ’ад’, ст.-інд.ā́pa ’прэч’. З прычыны поліфункцыянальнасці і вялікага семантычнага аб’ёму слав.po ўзводзіцца часткова і да і.-е.*pos, якое прадстаўлена ў літ.pas ’пры, у’, pãstaras ’апошні’, ст.-інд.pacca ’ззаду, следам, пазней’, лац.post ’потым’ (Мейе, Études, 155; Уленбек, 167). Гл. таксама Фасмер, 3, 292 і наст.; ESSJ, 1, 178 і наст.
Па3 ’асобная фігура ў танцы’ (ТСБМ). З франц.pas ’крок’, відавочна, праз рус.па ’тс’ (Параўн. Крукоўскі, Уплыў, 84).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Матылёк ’насякомае з дзвюма парамі крылаў’ (ТСБМ, Яруш.; калінк., ЛАПП, гродз., Сл. ПЗБ), гродз., пруж., лях., беласт.маты́лка ’тс’ (Сл. ПЗБ), мату́ль, моты́ль, моті́ль ’тс’ (паўд.-гом., ЛАПП), матыль ’матылёк’, ’лічынка камара як прыманка пры лоўлі рыбы’ (ТСБМ, Бес., Дразд., Федар., Шат.; докш., Янк. Мат.), ’блешня на шнуры, якая рухаецца за лодкай і служыць прынадай драпежным рыбам’ (Крыв., Браім), мо́тыль ’шмат матылькоў’ (Нас.), маты́ль ’гліст, аскарыда’ (докш., Янк. Мат.), матылі́, мітулі́ ’лічынкі стужачных глістоў, якія выклікаюць захворванне ў авечак і коз’ (в.-дзв., шальч., паст., Сл. ПЗБ; ветк., Мат. Гом.). Укр.моти́ль, мете́лик ’матылёк’, ’лічынка камара’, рус.моты́ль ’матылёк’, ’гліст’, ’моль’, польск.motyl ’матылёк’ н.-луж.mjatel, mjatelik, в.-луж.mjetel, чэш.motýl, славац.motýľ, славен.metúlj, metílj ’тс’, серб.-харв.мѐтил, ’гліст фасцыёла’, ц.-слав.матыль. Прасл.motylь, metylь (Бязлай, 2, 181), metelь (Махэк₂, 375). Шустар-Шэўц (12, 927–928) адносіць (з надзейнасцю) луж. лексемы да асновы met‑/mot‑ (гл. мата́ць), прыводзячы ў пацвярджэнне значэнне ’сняжынка’ ў в.-луж.mjetel, гэтым самым падкрэсліваючы, што дзеяслоў з асновы met‑/mot‑ азначаў такі рух, які перадаецца ст.-грэч.πάλλω ’трэсціся, трапятаць, паднімацца уверх’ і які ўласцівы птушцы перапёлцы (пырхаючы палёт), — таму і названы ў славен. гаворцы матыль, гэтаксама — prepelica (< і.-е.*pel‑). У бел. гаворках такія рухі перадаюцца словам матыль! ’хуткі рух чым-небудзь’, ’нечаканы ўдар’ (Нас.). Міклашыч (194), Мее (MSL, 14, 333) дапускалі, што прасл. лексема першапачаткова азначала ’гнаявік’, і прыводзілі ў пацвярджэнне ст.-рус.мотыла, мотыло ’гной’, ц.-слав.мотыло ’кал’. Брандт (РФВ, 22, 156) выводзіў мотыль са значэння ’кідацца туды-сюды’. Кіпарскі (ВЯ, 1966, 5, 135) узводзіць да мотать ’матаць’. Прыймальным можа быць меркаванне Махэка₂ аб сваяцтве прасл.metelь з літ.petelìškė і лат.petelīgs, калі прызнаць мену губных p/m. Трэба адзначыць яшчэ, што ў слав. гаворках існуе вялікая колькасць і варыянтнасць назваў матылькоў, таму што цяпер яны ўжо не з’яўляюцца семантычна празрыстымі для гаворачых, і што часткова гэтыя назвы — табу: ёсць вераванні, быццам матылькі, асабліва начныя, увасабляюць розных злых духаў, ведзьм, нячысцікаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АФІ́НЫ (Athēnai) Старажытныя, горад-дзяржава (поліс) у Паўд.ч.Атыкі, адзін з важнейшых эканам., паліт. і культ. цэнтраў Стараж.Грэцыі. Поліс утварыўся ў выніку аб’яднання радавых абшчын Атыкі вакол Афінскага акропаля. Унутры абшчын існаваў падзел на аўпатрыдаў, геамораў і дэміургаў. Савет знаці, арэапаг, меў вышэйшую суд., адм. і рэліг. ўладу. У 621 да нашай эры правіцель Драконт запісаў законы, якія прызнавалі прыватную ўласнасць на рухомую маёмасць. Да канца 6 ст. да нашай эры зямля лічылася абшчыннай уласнасцю, але паступова апынулася ў руках радавой знаці, а частка абшчыннікаў — у даўгавым рабстве. У 594 да нашай эры правіцель Салон Правёў рэформы, якія адмянялі даўгавое рабства, уводзілі савет 400; грамадзян падзялялі на 4 разрады ў адпаведнасці з маёмасным цэнзам; вышэйшыя пасады ў дзярж. органах маглі займаць толькі самыя багатыя людзі. Народны сход і Гелія (суд прысяжных) складаўся з усіх грамадзян. Узнікла дэмакратыя. Каля 560 да нашай эры адбыўся паліт. пераварот, у выніку якога ўстанавілася тыранія Пісістрата. Пры Пісістратыдах (560—510 да нашай эры) разгарнулася храмавае і свецкае буд-ва, праведзены водаправод; Афіны кантралявалі марскі шлях у Прычарнамор’е, пашырылі свой уплыў на шэраг а-воў Эгейскага м. Пасля падзення тыраніі і грамадз. вайны 508 да нашай эры праведзены новыя рэформы, у выніку якіх знішчаны перажыткі радавога ладу; закон аб астракізме ахоўваў дэмакратыю. Афіны сталі самай вял. дзяржавай Стараж. Грэцыі. У перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры Афіны дасягнулі найб. росквіту: некалькі разоў перамагалі персаў, узначальвалі антыперс. Дэлоскі саюз, які пазней ператварыў Афіны ў марскую дзяржаву (гл.Архе Афінская). Гады праўлення Перыкла атрымалі назву «залатога веку Перыкла». З увядзеннем аплаты дзярж. пасад дэмасу забяспечаны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Праца свабодных земляробаў і рамеснікаў спалучалася з працай рабоў, Афіны ператварыліся ў буйны гандлёва-рамесніцкі поліс. Расквітнелі філасофія, рэлігія, тэатр, л-ра, архітэктура і скульптура. Аднак шматлікія супярэчнасці ўнутры Афінскай дзяржавы з яе полісамі-саюзнікамі прывялі да Пелапанескай вайны 431—404 да нашай эры і паражэння Афін. У ходзе Карынфскай вайны 395—387 да нашай эры Афіны часткова аднавілі сваё становішча, але былой магутнасці ўжо не дасягнулі. У 338 да нашай эры Македонія ўключыла Афіны ў Элінскі саюз пад сваёй гегемоніяй. У 86 да нашай эры Афіны заваяваны Рымам. У 3 ст. нашай эры Афіны перажылі нашэсце варвараў і прыйшлі ў заняпад.
Літ.:
Колобова К.М. Древний город Афины и его памятники. Л., 1961;
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;
Фролов Э.Д. Социально-политическая борьба в Афинах в конце V в. до нашей эры: (Материалы и документы). Л., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКО́ВЫ АБМЕ́Н,
сукупнасць хім. пераўтварэнняў бялкоў і амінакіслот у жывых арганізмаў; важнейшая частка абмену рэчываў (у спалучэнні з пераўтварэннямі інш. азотазмяшчальных рэчываў утварае сістэму азоцістага абмену). Два ўзаемазвязаныя бакі бялковага абмену ў арганізме — распад (катабалізм) і біясінтэз (анабалізм) бялкоў. Першая стадыя аднаўлення бялкоў — іх гідроліз да амінакіслот пры дапамозе ферментаў катэпсінаў (тканкавых пратэіназаў), што лакалізаваны пераважна ў лізасомах (дзейнічаюць у кіслым асяроддзі). Амінакіслоты ўтвараюцца і пры гідролізе (ператраўленні) харч. бялкоў пад уздзеяннем пратэалітычных ферментаў (пратэазаў) страўнікава-кішачнага тракту (пепсін, трыпсін, хіматрыпсін, эластаза, экзапептыдазы), якія ўсмоктваюцца ў ім і трапляюць у клетку. Толькі такім шляхам паступаюць у арганізм неабходныя яму незаменныя амінакіслоты. У клетках амінакіслоты ўтвараюць амінакіслотны фонд клеткі, выкарыстоўваюцца на сінтэз пептыдаў, бялкоў, пурынаў, пірымідзінаў, гемапратэінаў, вугляводаў, ліпідаў, нізкамалекулярных гармонаў і інш. рэчываў, уступаюць у асн. агульныя рэакцыі абмену: пераамініраванне, дэзамініраванне і дэкарбаксіліраванне.
Пры пераамініраванні (трансмініраванні) α-амінагрупа адшчапляецца ад L.-амінакіслот і пераносіцца ў асноўным на α-вуглярод α-кетаглутаравай кіслаты. Гэта рэакцыя мае асабліва вял. значэнне пры біясінтэзе амінакіслот у раслінах: нітраты і нітрыты, што трапляюць у расліны з глебы, аднаўляюцца з утварэннем аміяку, які звязваецца з α-кетаглутаравай кіслатой; утвараецца глутамінавая кіслата. Амінагрупа гэтай кіслаты ў працэсе рэакцыі пераносіцца на кетакіслоты з утварэннем інш. амінакіслот. Пры дэзамініраванні адбываецца распад амінакіслот з выдзяленнем аміяку. Найб. значэнне ў арганізме жывёл і чалавека мае акісляльнае дэзамініраванне, пры якім утвараецца кетакіслата і аміяк. Утвораныя пры пераамініраванні і акісляльным дэзамініраванні α-кетакіслоты здольныя аднаўляцца з утварэннем амінакіслот, якія ў працэсе катабалізму могуць выкарыстоўвацца на сінтэз глюкозы і ацэтонавых цел. Пры дэкарбаксіліраванні амінакіслот вылучаецца вуглякіслы газ (CO2) і ўтвараюцца аміны, а пры дэкарбаксіліраванні араматычных амінакіслот — біягенныя аміны (трыптамін, сератанін, гістамін, γ-амінамасляная кіслата). Аміяк, што ўтвараецца пры дэзамініраванні амінакіслот і амінаў, таксічны для арганізма. Абясшкоджванне яго адбываецца пры аднаўленчым амініраванні, у рэакцыях сінтэзу глутаміну і аспаргіну, у цыкле сінтэзу мачавіны ў печані (у чалавека, млекакормячых і некат. інш. жывёл) ці мачавой кіслаты (у птушак, рэптылій, насякомых). У чалавека і жывёл мачавіна выдаляецца з арганізма з мачой, часткова ў выглядзе аманійных соляў, у раслін магчыма паўторнае яе ўключэнне ў працэсы сінтэзу бялку. Збалансаваны па паступленні (у т. л. ў складзе незаменных амінакіслот) і выдаленні азоту, бялковы абмен вызначае фарміраванне ў арганізме стану азоцістай раўнавагі, калі патрэба яго ў бялках можа быць мінімальнай (гл.Бялковы мінімум). Рэгулюецца бялковы абмен ў чалавека і жывёл ферментамі, гармонамі пры ўдзеле нерв. сістэмы (гл.Нейрагумаральная рэгуляцыя, Гарманальная рэгуляцыя).
Літ.:
Строев Е.А. Биологическая химия. М., 1986;
Николаев А.Я. Биологическая химия. М., 1989;
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.