кампанент клеткі нуклеапратэіднай прыроды, які ўтвараецца пры яе дзяленні і забяспечвае разыходжанне храмасом у мітозе і меёзе. Уяўляе сабой сістэму мікратрубачак з двайным праменепраламленнем, што фарміруецца ў праметафазе і распадаецца ў целафазе. Складаецца з апорных, або безупынных ніцей, арыентаваных ад аднаго полюса клеткі да другога (полюсных), і цягнучых, або храмасомных. Цягнучыя ніці злучаюць полюсы клеткі з цэнтрамі храмасом, якія ёсць на экватарыяльнай пласцінцы. Скарачэнне даўжыні цягнучых ніцей лічыцца гал. фактарам анафазнага руху храмасом да полюсаў клеткі. Верацяно дзяленне бывае прамога і непрамога тыпаў (у залежнасці ад характару сувязі храмасом з полюсамі), астральным (з выяўленымі полюсамі, напр. у шматклетачных жывёл) ці анастральным (без выразных полюсаў, напр. у кветкавых раслін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ГЕНАФО́НДУ,
комплекс мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні ўсёй сукупнасці відаў жывых арганізмаў з іх выяўленымі і патэнцыяльнымі спадчыннымі задаткамі. Кожны жывы арганізм на Зямлі — унікальны і непаўторны феномен эвалюцыі, у якім ёсць генет. інфармацыя (генет. рэсурс) навук. і прыкладнога значэння. Ахова генафонду — адна з формаў аховы прыроды і пашыраецца на ўсе віды жывых арганізмаў, акрамя асабліва небяспечных хваробатворных. Уключае мерапрыемствы па ахове раслін і жывёл, прапаганду унікальнасці ўсяго жывога і неабходнасці зберажэння ўсёй генет. разнастайнасці арганізмаў. Ахова генафонду неабходная для гасп., навук., экалагічных, этычных і эстэт. мэтаў. Значную ролю ў ахове генафонду адыгрываюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, генет. рэзерваты і генет. калекцыі (бат. сады, дэндрарыі, гадавальнікі, заапаркі, калекцыі насення, спораў, пылку, спермы, зародкаў і тканак арганізмаў, калекцыі мікраарганізмаў, спец. сховішча разнастайнага генет. матэрыялу і гэтак далей). Гл. таксама Ахоўныя расліны і Ахоўныя жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭНСКАЯ ШКО́ЛА, фрайбургская школа, гейдэльбергская школа,
кірунак у неакантыянстве канца 19 — пач. 20 ст. Мела значны ўплыў у Германіі. Гал. прадстаўнікі В.Віндэльбанд, Г.Рыкерт, Р.Кронер, Э.Ласк, Г.Мюнстэрберг і інш. Паводле вучэння прадстаўнікоў гэтай школы, у свеце неабходнасці і ўсеагульных абсалютных каштоўнасцяў існуе надіндывідуальная абстрактная дасканалая свядомасць, вышэйшая ступень існавання якой ідэал. Але ідэалы не заўсёды здзяйсняюцца. Адсюль і кантаўская супярэчнасць паміж быццём і неабходнасцю, павіннасцю. Асн. ідэя Бадэнскай школы ў тым, што філасофія — гэта навука пра ідэальныя нормы і абсалютныя каштоўнасці, а эмпірычныя навукі вывучаюць тое, што існуе заўсёды, устанаўліваюць агульныя заканамернасці з’яў прыроды; у адрозненне ад гэтых навук гіст. навука — ідэаграфічная (апісвае і ацэньвае грамадскія з’явы).
Літ.:
Ситковский Е. Неокантианство // Из истории философии XIX века: Сб. ст.М., 1933;
Григорьян Б. Неокантианство: Критич. очерк. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД БДУ.
Арганізаваны ў 1933 па ініцыятыве У.У.Адамава на тэр. універсітэцкага гарадка ў Мінску. З 1967 у в. Шчомысліца пад Мінскам (на базе вучэбнай гаспадаркі БДУ). Пл. 25 га. Батанічны сад БДУ уключае дэндрарый (закладзены ў 1930-я г. дэндролагам І.І.Собалевым), лесапарк, участак сістэматыкі раслін (460 відаў), участкі кветкавых (400 відаў), с.-г. (харч., кармавых), тэхн. (160 відаў), лек. (150 відаў), фларыстычны ўчастак дзікарослых травяністых (350 відаў) раслін Сібіры, Д.Усходу, Крыма, Каўказа, Карпат, Сярэдняй Азіі, Паўн. Амерыкі. У калекцыях больш за 1800 відаў, формаў і сартоў раслін, у т. л. рэдкія і каштоўныя дрэўныя экзоты (328 відаў). Большасць зімаўстойлівыя, добра цвітуць, пладаносяць і даюць насенне. База для падрыхтоўкі студэнтаў-біёлагаў, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́БНАЎ (Генадзь Фёдаравіч) (н. 9.5.1945, в. Цяляткава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
рускі паэт, перакладчык, крытык, публіцыст. Скончыў Магілёўскі Маскоўскі ун-т (1972). Працаваў на Бел. радыё. З 1975 у час. «Неман» (з 1984 нам.гал. рэдактара). Друкуецца з 1965. Побыт вёскі, унутр. свет вяскоўца, яго думкі і імкненні, роздум над жыццём, узаемадачыненнямі чалавека і прыроды, грамадства, гісторыі — гал. тэмы паэт. зб-каў «Сувязная нітка» (1975), «Жытнёвы поўдзень» (1978), «Вяшчун-камень» (1987). Лірыка-філас. паэма-фантазія «Вяшчун-камень» перадае пачуцці любові аўтара да роднай зямлі, яднання з мінулым і сучаснасцю. Аўтар эсэ, крытычных і публіцыстычных артыкулаў. Пераклаў на рус. мову раманы «Янка Купала» (1982) і «Францыск Скарына» (1989) А.Лойкі, «Першую кнігу» (1984) І.Мележа, паасобныя творы Я.Купалы, Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, В.Зуёнка, К.Камейшы, Ю.Свіркі, І.Шамякіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЕ́ЎСКІ ((Wiszniewski) Міхал) (27.9.1794, с. Фірлеева Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 22.12.1865),
польскі гісторык літаратуры, філосаф, псіхолаг. Вучыўся ва ун-тах Зах. Еўропы. З 1831 праф. гісторыі, потым гісторыі л-ры Ягелонскага ун-та ў Кракаве. Асн. праца — «Гісторыя польскай літаратуры» (т. 1—10, 1840—57; даведзена да сярэдзіны 17 ст.). У ёй ёсць звесткі пра Ф.Скарыну, інш. прадстаўнікоў бел. рэнесансавай л-ры. Выдаў «Помнікі польскай гісторыі і літаратуры» (т. 1—4, 1835—37), куды ўключаны і бел. матэрыял. Вішнеўскі — апошні прадстаўнік філас. думкі польск. асветніцтва, папярэднік пазітывізму. У манаграфіі «Бэканаўскі метад тлумачэння прыроды» (1834) сфармуляваў праграму аб’яднання назірання і эксперыменту з матэматычнымі метадамі. Даследаванне «Тыпы чалавечых розумаў» (1837) — наватарская спроба тыпалагізацыі інтэлектаў, першая польск. праца ў галіне псіхалогіі.
Літ.:Dybiec J. Michał Wiszniewski: Życie i twórczošč. Wrocław etc., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙВАЗО́ЎСКІ (Гайвазоўскі) Іван Канстанцінавіч
(29.7.1817, г. Феадосія — 2.5.1900),
расійскі мастак. Марыніст. У 1833—37 вучыўся ў Пецярбургскай АМ, з 1887 яе ганаровы член. З 1845 жыў у Феадосіі. Творы Айвазоўскага вылучаюцца рамантычным бачаннем, багатай колеравай гамай, паказам складаных і эфектных з’яў прыроды, імкненнем да гераізацыі. Аўтар каля 6 тыс. карцін, малюнкаў, акварэляў, у т. л. «Дзевяты вал» (1850), «Бура на Паўночным моры» (1865), «Вясёлка» (1873), «Сярод хваляў» (1898) і інш. Пісаў таксама батальныя кампазіцыі: «Чэсменскі бой», «Наварынскі бой» (абедзве 1843); жанравыя палотны («Вяселле на Украіне», 1891); партрэты [А.М.Айвазоўская, 1882, «Развітанне Пушкіна з морам» (з І.Рэпіным), 1887] і інш. У 1880 заснаваў карцінную галерэю ў Феадосіі. У Нац. мастацкім музеі Беларусі зберагаюцца «Пётр I каля Краснай Горкі» (1846), «Ноч на востраве Родас» (1850), «Бура» (1852), «Месячны пейзаж» (1855), «Раніца на моры» (1883) і інш.
Б.А.Лазука.
І.К.Айвазоўскі.І.Айвазоўскі. Пётр I каля Краснай Горкі... 1846. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАЛО́ГІЯ (ад астра... + ...логія),
вучэнне, якое сімвалічнай мовай апісвае суперпазіцыю ўплыву планет і зорак на жыццё прыроды зямлі і яе жыхароў. Зарадзілася ў глыбокай старажытнасці. Была развіта ў Стараж. Егіпце, Міжрэччы, звязана з астральнымі культамі, з яе дапамогай рабіліся прадказанні. У сярэднявеччы ўваходзіла ў лік сямі вольных навук, выкладалася ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай кафедра астралогіі была ў Кракаўскім ун-це. Сучасная астралогія мае раздзелы: генетліялогія (вывучае ўплыў планет і інш. астралагічных аб’ектаў на характар і лёс чалавека, на дзяржавы, рэгіёны, гарады), метэаралагічная (разглядае ўплыў астралагічных аб’ектаў на надвор’е), паўсядзённая (у залежнасці ад размяшчэння астралагічных аб’ектаў вызначае найб. зручныя моманты для здзяйснення штодзённых спраў чалавека). У рамках касмабіялогіі вывучаецца сувязь Зямлі і Космасу, уплыў касмічных цыклаў на здароўе чалавека, яго біярытмічную актыўнасць.
Літ.:
Саплин А.Ю. Астрологический энциклопедический словарь. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́НЕВАЛЬД (Grünewald) Матыяс [сапр.Готгарт Нітгарт (Найтгарт); Gothart Nithart (Neithart); 1460—80, г. Вюрцбург, Германія — 1.9.1528], нямецкі жывапісец эпохі Адраджэння. У 1508—1526 (?) прыдворны жывапісец майнцкіх архіепіскапаў і курфюрстаў. Творчасць звязана з ідэалогіяй нар. нізоў і містычнымі ерасямі. У гал. творы — 9 частках Ізенгаймскага алтара (1512—15) — трагічныя сцэны страсцей Хрыстовых («Распяцце») змяняюцца карцінамі радасці, пантэістычным успрыманнем прыроды («Раство»). Містычны вобраз Хрыста, які нібыта растае ў час успышкі яркага святла («Уваскрэсенне»),
саступае месца вобразам унутрана прасветленым, прасякнутым гуманістычным пачаткам («Святы Себасцьян»). У творах пач. 1520 г. відавочнае ўздзеянне мастацтва італьян. Адраджэння («Сустрэчы св. Эразма і Маўрыкія», 1520—24), у больш позніх зноў вяртанне да тэмы Хрыста і экспрэсіўнай драм. мовы познагатычнага жывапісу («Аплакванне Хрыста», 1524—25).
Літ.:
Немилов А.Н. Грюневвальд. М., 1972.
М.Груневальд. Распяцце Галава Хрыста. Фрагмент.М.Груневальд. Распяцце. Цэнтральная частка Ізенгаймскага алтара. 1512—15.