ПАРТЫНА́РЫ ((Portinari) Кандыда) (29.12.1903, г. Брадоскі, Бразілія — 7.2.1962),
бразільскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Нац.маст. школе ў Рыо-дэ-Жанейра (1918—28). У 1936—39 праф. ун-та ў Рыо-дэ-Жанейра. Зазнаў уплывы экспрэсіянізму, сюррэалізму, П.Пікасо. З сярэдзіны 1930-х г. у рэаліст. манеры адлюстроўваў жыццё простага народа (батракоў, індзейцаў, неграў), часта надаваў персанажам узнёсла-гераічны характар. Творам уласціва абагульненне форм, мяккасць святлоценявой распрацоўкі, дакладнасць малюнка. Аўтар манум. размалёвак у будынках Мін-ва адукацыі Бразіліі ў Рыо-дэ-Жанейра (1936—45), Б-кі кангрэса ЗША у Вашынгтоне (1941), каледжа ў г. Катагуазіс (1948—49), пано «Вайна і мір» у будынку ААН у Нью-Йорку (1955), партрэта Р.Ралана (1936), карцін «Мёртвае дзіця» (1944), серыі «Бежанцы» (1945) і інш.Міжнар. прэмія Міру 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗАНАЎ (Сяргей Рыгоравіч) (29.9.1894, Масква — 9.1.1957),
рускі пісьменнік, рэжысёр, педагог. Займаўся тэорыяй і практыкай маст. выхавання дзяцей (кн. «Тэатр для дзяцей», 1925, з Н.Сац, і інш.). Аўтар п’ес «Будзь гатоў» (паст. 1924), «Негрыцяня і малпа» (паст. 1927, з Сац), аповесцей «Прыгоды Траўкі» (1928), «Неспакойны характар» і «Ізумрудныя берагі» (1942) і інш. У 1928—30 маст. кіраўнік БДТ-2 і педагог студыі пры т-ры. Зрабіў значны ўплыў на развіццё т-ра ў перыяд яго станаўлення, паставіў спектаклі: «Разлом» Б.Лаўранёва (1928), «Рэйкі гудуць» (1929, з Саннікавым), «Горад вятроў» (1930, з М.Міцкевічам), «Цудоўны сплаў» (1934) У.Кіршона, а таксама «Авангард» В.Катаева (1930, з Саннікавым), «Гонар» А.Траецкага і Р. (1934); у БДТ-3 — «Рыкашэт» У.Галубка (1935).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАЛО́ЎНЫ СПОРТ, спартыўнае рыбалоўства,
здабыча рыб з вадаёмаў рыбалоўнымі прыладамі, выкарыстанне якіх патрабуе непасрэднага ўдзелу рыбалова ў працэсе лоўлі і выключае масавы адлоў рыбы; адзін з відаў рыбалоўства і рэкрэацыйнай дзейнасці. Найб. развіты: кастынг (кіданне грузіла і мушкі на далёкасць і трапнасць з дапамогай вудзільна, аснашчанага мультыплікатарнай або безынерцыйнай катушкай з тормазам), лоўля на вуду і на спінінг, лоўля на блешню і мармышку.
Спаборніцтвы (сусв., міжнар. і клубныя турніры) праводзяцца сярод прафесіяналаў і аматараў. Пераможца вызначаецца па сумарнай масе ўлову. Лоўля вядзецца адной вудай на адзін кручок, дазваляецца прыкормка. Рыбу пасля ўзважвання выпускаюць. Кубкавыя спаборніцтвы звычайна маюць камерцыйны характар (напр., па лоўлі меч-рыбы на Кубак Хемінгуэя).
На Беларусі Р.с. культывуецца т-вамі рыбаловаў і спарт. т-вамі. Рэсп.т-ва паляўнічых і рыбаловаў штогод праводзіць турнірныя спаборніцтвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́НКЦЫІ (ад лац. sanctio строгая пастанова) у праве, меры ўздзеяння і рашэнні, якія маюць канчатковы характар (як правіла) і не падлягаюць перагляду. Маюць 4 асн. значэнні: 1) крымінальныя, адм., дысцыплінарныя ці маёмасныя меры, якія ўжываюцца да правапарушальніка і цягнуць для яго неспрыяльныя вынікі. Крымін. С. (пазбаўленне волі і інш.) прымяняюцца толькі судом, адм. С. (штраф, адм. арышт) — міліцыяй, дзярж. інспекцыяй і да т.п., дысцыплінарныя С. — службовымі асобамі і адміністрацыяй, маёмасныя С. — судом у спалучэнні з інш. мерамі.
2) Структурная частка агульнай нормы права, якая паказвае на магчымыя меры ўздзеяння на парушальніка дадзенай нормы.
3) Пастанова пракурора, якая дазваляе прымусовыя меры да асобы, што падазраецца ў злачынстве (узяцце пад варту, вобыск і інш.).
4) У міжнар. праве — меры ўздзеяння на дзяржаву, якая парушыла нормы гэтага права ці свае міжнар. абавязацельствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАБРАКО́ВА (Зінаіда Яўгенаўна) (12.12.1884, с. Няскучнае Курскай вобл., Расія — 19.9.1967),
рускі жывапісец. Дачка Я.А.Лансерэ. Вучылася ў Пецярбургу ў школе-майстэрні кн. М.К.Ценішавай (з 1902) і ў майстэрні В.Э.Браза (1903—05). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». З 1924 жыла ў Парыжы. Аўтар партрэтаў ню, кампазіцый, прысвечаных жыццю рус. вёскі, у якіх імкнулася да стварэння ідэальна прыгожых, гарманічных жаночых вобразаў. Жывапіснай манеры ўласцівы дэкаратыўнасць, ураўнаважанасць кампазіцыі, дакладнасць малюнка, лаканічны характар пісьма: «За туалетам. Аўтапартрэт» (1909), «У лазні» (1913), «За сняданкам» (1914), «Жніво» (1915), «Бяленне палатна» (1917), аўтапартрэт (1922), «Калівур. Каця на тэрасе» (1930) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ВІЧАК (Slaviček),
сям’я чэшскіх жывапісцаў, бацька і сын; прадстаўнікі чэш.нац. школы рэаліст. пейзажа. Нарадзіліся ў Празе.
Антанін (16.5.1870—1.2.1910). Вучыўся ў Пражскай АМ (1887—91 і 1894—97). У 1907 наведаў Германію і Францыю, у 1909 Югаславію. Пейзажам уласцівы лірыка-эпічны характар: «Дарога ў час дажджу» (1895), «Восень у тумане» (1897), «Чэрвеньскі дзень» (1898), «У нас у Каменічках» (1904), «Элішкін мост» (1906), «Сабор св. Віта ў Празе» (1908—09), «Овенецкая вуліца ў раёне Бубенеч» (1909). Ян (22.1.1900—5.4.1970). Вучыўся ў Пражскай АМ (1916—25) у Я.Прэйслера, М.Швабінскага. У 1920—50 наведваў Францыю, Італію, Іспанію, Грэцыю. Член т-ва мастакоў «Манес» (з 1925). Працаваў у жанрах пейзажа і нацюрморта: «Нацюрморт каля акна» (1934), «Зімовая Прага» (1944—46), «Гераічная Прага» (1953), «Летняя Прага» (1953).