найбольш ранні перыяд у гісторыі чалавецтва, калі прылады рабілі з каменю, дрэва, косці і рогу. Пачаўся 3—2,5 млн.г. назад у Афрыцы і закончыўся ў Еўропе 2,5—1,8 тыс.г. да н.э. Адрозніваюць старажытны К.в. — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт. Палеаліт працягваўся больш за 2 млн. гадоў. Традыц. перыядызацыя палеаліту на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) у апошнія дзесяцігоддзі значна змянілася. У раннім палеаліце вылучаюць алдувайскую (2,6 млн. — 700 тыс.г. назад) і ашэльскую (гл.Ашэль, 700 тыс. — 100 тыс.г. назад) эпохі. Ашэльскую ў сваю чаргу падзяляюць на стараж., сярэднюю і познюю. У ніжнім палеаліце найстаражытнейшыя людзі — архантрапы (пітэкантрапы, сінантрапы, гейдэльбергскі чалавек і інш.) карысталіся грубааббітымі галечнымі прыладамі (чоперамі і чопінгамі), займаліся збіральніцтвам і паляваннем. Да сярэдняга палеаліту адносіцца эпоха мусцье (70—35 тыс.г. назад), якая з’яўляецца заключным этапам фарміравання чалавека — палеаантрапа (стараж. чалавек), неандэртальца. Гэтыя людзі ўжо ўмелі будаваць прымітыўнае жыллё, здабываць агонь, вырабляць да 60 тыпаў прылад працы, займаліся паляваннем, выкарыстоўвалі скуры жывёл, каб засцерагчыся ад холаду. Позні палеаліт пачаўся 40—35 тыс.г. назад. Да яго пачатку сфарміраваўся чалавек сучаснага віду — краманьёнец. У гэты час паступова ўдасканальвалася апрацоўка крэменю, значна пашырыўся асартымент прылад працы (да 100 тыпаў), пачалі шырока ўжывацца вырабы з косці, удасканалілася паляўнічая зброя, адбыліся змены ў фарміраванні радавога ладу, значна павялічылася колькасць насельніцтва, акрамя вял. калектыўных з’явіліся жытлы малых памераў для парных сем’яў. Узніклі прымітыўныя рэлігійныя ўяўленні, рытуал пахавання, развівалася першабытнае мастацтва. Заключная фаза палеаліту прыпадае на канец ледавіковай эпохі (14—11 тыс.г. назад), т.зв. фінальны палеаліт. У гэты час у Еўропе ад Ютландыі да вярхоўяў Дняпра распаўсюдзіліся супольнасці паляўнічых, асновай існавання якіх было паляванне пераважна на паўн. аленя. Пераходны перыяд ад палеаліту да неаліту — мезаліт — у залежнасці ад кліматычных зон працягваўся з 11 тыс.г. да 7 тыс.г. назад. Крамянёвая індустрыя мезаліту адметная наяўнасцю мікралітаў і прылад працы на пласцінах, з’яўляюцца і масіўныя прылады — макраліты. Людзі сталі асвойваць паўн.прасторы, што вызваляліся ад ледавіка. Значную ролю ў жыцці чалавека пачало адыгрываць рыбалоўства, павялічылася колькасць стаянак на берагах рэк. У мезаліце шырока выкарыстоўваліся лук і стрэлы, быў прыручаны сабака, склалася племянная арганізацыя. З 8-га тыс. да н.э. пачынаецца неаліт, спачатку на Блізкім Усходзе, потым у Індакітаі, а з 6-га тыс. да н.э. — у Еўропе. Людзі пачалі займацца земляробствам, вырабляць ляпны посуд, прыручаць буйную рагатую жывёлу, свіней і інш., карыстацца драўлянымі чаўнамі, удасканалілі вытворчасць каменных прылад. У гэты час узніклі прадзенне і ткацтва, больш разнастайнымі сталі вопратка чалавека і ўпрыгожанні, развіваліся шмат якія галіны першабытнага мастацтва (арнаментаванне, аздабленне, гравіроўка на косці, рогу і абпаленай гліне, аб’ёмная скульптура), з’явіліся музычныя інструменты. Пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі і аселасці. Мацярынска-радавы лад дасягнуў свайго апагею.
На Беларусі стаянкі чалавека ўпершыню з’явіліся ў познім палеаліце (Бердыж і Юравічы). Мезаліт тут пачаўся ў 9-м тыс. да н.э. У гэты час у асноўным заселена ўся тэр. сучаснай Беларусі. Фарміраваліся грэнская культура (Грэнск, Дальняе Ляда), днепра-дзяснінская культура (Берагавая Слабада, Краснаўка, Міхайлаўка), сожская культура (Журавель, Горкі Чэрыкаўскага р-на), свідэрская культура (Бабровічы, Опаль, Нобель, Заазер’е), Кунда культура (Замошша, Крумплева), яніславіцкая культура (Беліца-2, Нясілавічы-1), кудлаеўская культура (Азярное-1), помнікі нарачанскага тыпу (Стугалапы, Кусеўшчына). У неаліце (5—2-е тыс. да н.э.) тэр. Беларусі засялялі плямёны днепраданецкай культуры (Юравічы-3—6, Пхоў, Слабодка), верхнедняпроўскай культуры (Лоша-1,2, Цітаў Бугор), нарвенскай культуры (Асавец-2,4; Зацэнне, Сосенка), нёманскай культуры (Добры Бор, Лысая Гара, Русакова-2, Камень-2), тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры (Скема-1,2), шарападобных амфар культуры (Краснасельскі, Малыя Ёдкавічы), культуры помнікаў тыпу Бабінавічаў (Бабінавічы-2, Лаўкі, Мяжа-1).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ МЕХА́НІКА, хвалевая механіка,
тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.
Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл.Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл.Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.
К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл.Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл.Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл.Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл.Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл.Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння
, то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл.Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.
Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі для фіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл.Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл.Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл.Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл.Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.
На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.І.Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ.Вып. 8—9. М., 1966—67;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМО́Е КІНО́,
умоўная назва кінематографа ад яго ўзнікнення (1895) да 1930-х г., які характарызаваўся спецыфічнай сістэмай выразных сродкаў, найб. адметным з якіх была адсутнасць гуку — «немата». Гэта кампенсавалася цітрамі, ігрой тапёраў, павышанымі мімікай і жэстыкуляцыяй акцёраў, падкрэсленым грымам. Узнаўленне выявы з хуткасцю 16 кадраў за секунду (цяпер 24) рабіла дзеянне больш рухомым. Чорна-белы колер часам спалучаўся з афарбоўкай, вірыраваннем стужкі. У 1930-я г. паступова саступіла месца гукавому кіно.
Гісторыя Н.к. пачалася ў 1890-я г. з тэхн. атракцыёна і была цесна звязана з развіццём кінатэхнікі: вынаходніцтвам «жывых карцінак» (Т.Эдысан), «кінематографа» (браты Люм’ер), «вайтаскопа» (Т.Армат і Эдысан) і «баёграфа» (Э.Лост і У.Дзіксан). У пач. 20 ст. пачалося наследаванне традыц. відам мастацтва — тэатру і літаратуры. У канцы 1910-х г. становіцца самаст. мастацтвам са сваёй сістэмай выразных сродкаў (гл.Кінамастацтва). Спецыфіка кінамовы (экранны рух, сістэма планаў, ракурсаў, кампазіцый, асвятлення, мантаж як аўтарская канцэпцыя фільма) былі тэарэтычна вызначаны як «фотагенія» (Л.Дэлюк), «рэабілітацыя фізічнай рэальнасці» (З.Кракаўэр), «фатаграфічная дакументальнасць» (А.Базен), «Мантаж атракцыёнаў» (С.Эйзенштэйн). Паэтыку Н.к. развіваў яго эксперым. авангард, кіно сімвалаў і метафар. Ням. экспрэсіянізм стварыў экранны свет дэфармаванай прасторы, фантасмагорыі, адчування пагрозы («Кабінет доктара Калігары», рэж. Р.Віне, 1919; «Нібелунгі», 1924, «Метраполіс», 1926, абодва рэж. Ф.Ланг). Франц. імпрэсіянізм матэрыялізаваў у вобразах падсвядомасць, летуценні, патаемныя жаданні («Антракт», рэж Р.Клер, «Механічны балет», рэж. Ф.Лежэ, абодва 1924; «Андалузсхі сабака», 1928, «Залаты век», 1930, абодва рэж. Л.Буньюэль). У эпоху Н.к. пачалі фарміравацца віды і жанры кіно (гл.Дакументальнае кіно, Мастацкае кіно). Усталявалася сістэма кіназорак пэўнага амплуа: «Папялушка» — М.Пікфард, Л.Гіш у ЗША, «ахвяра року» — В.Халодная ў Расіі, Г.Гарба ў ЗША, «вамп» — А.Нільсен у Даніі, «рамантычныя палюбоўнікі» — Р.Валентына, Г.Лойд, Д.Фэрбенкс у ЗША, І.Мазжухін, А.Ктораў у Расіі, комікі — Б.Кітан у ЗША, М.Ліндэр у Францыі і інш.Маст. мову Н.к., яго міміку і пантаміму геніяльна выкарыстаў Ч.Чаплін для стварэння вобраза-маскі чалавечнага і вынаходлівага бадзягі («Малыш», 1921; «Залатая ліхаманка». 1925; «Цырк», 1928; «Агні вялікага горада», 1931). Нац. кінематографы ўвасобілі на экранах гісторыю народаў у розных жанравых формах: гісторыка-манумент. «баевікі» Дж.Пастроне ў Італіі («Падзенне Троі», 1910; «Кабірыя», 1914), кінапрытча пра гісторыю чалавецтва Д.Грыфіта ў ЗША («Нецярпімасць», 1916), кінатрагедыя пра сярэднявечча К.Т.Дрэера ў Францыі («Страсці Жанны д’Арк», 1927) і інш. У Расіі развівалася гіст.-рэв. кіно ў паэт.-метафарычным кірунку кінаэпапеі Эйзенштэйна з «героем-масай» і «тыпажамі» замест акцёраў («Стачка», 1925; «Браняносец Пацёмкін», 1925), кінадрамы У.Пудоўкіна («Маці», 1926), лірыка-эпічныя кінапаэмы А.Даўжэнкі («Звянігара», 1928; «Зямля», 1930).
На Беларусі Н.к. развівалася з 2-й пал. 1920-х г. З 1925 у «Белдзяржкіно» кінааператар М.Лявонцьеў здымаў святы, урачыстасці, жыццё вёскі і горада. Першы бел.маст. фільм «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч) спалучае авантурна-прыгодніцкі жанр з рысамі дакументалізму (здымкі на месцы рэальных гіст. падзей сялян, удзельнікаў вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі). Авантурна-прыгодніцкі жанр дамінаваў у бел. фільмах на гіст. тэмы: «Кастусь Каліноўскі» (1927, рэж. У.Гардзін), «Хвоі гамоняць» (1929, рэж. Л.Малчанаў) і інш. Фільм У.Корш-Сабліна «У агні народжаная» (1929) спалучае фальклорную афарбоўку з традыцыямі агітплаката. У канцы 1920 — пач. 1930-х г.бел. Н.к. актыўна звяргалася да тагачаснай тэматыкі: фільмы «Чатырыста мільёнаў» (рэж. Гардзін), «Да заўтра» (абодва 1929), «Нянавісць» (1930, рэж. абодвух Тарыч), «Шчасце» (рэж. А.Файкцымер), «Жанчына» (рэж. Я.Дзіган, абодва 1932) і інш. Па стылістыцы яны блізкія да агітпрапфільмаў. У 1930-я г.бел. Н.к. звяргалася да эстэтыкі жывапісна-мантажнага кіно, што падкрэслівала нац. каларыт фільмаў. Апошні бел. «нямы» фільм — «Палескія рабінзоны» (1935, рэж. І.Бахар і П.Малчанаў).
Літ.:
История белорусского кино. Мн., 1969;
Клер Р. Кино вчера, кино сегодня: Пер. с фр.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
праз, прыназ.зВ.
Спалучэнне з прыназоўнікам «праз» выражае:
Прасторавыя адносіны
1. Ужываецца пры назвах прадмета, асяроддзя, прасторы, цераз якія хто‑, што‑н. праходзіць, пранікае. Глядзець праз акно. □ Праз вароты, праз тыя Уз’ехала елка на двор.Куляшоў.Праз дзіравы дах свіцілася зорнае неба.Чорны.А потым — зярняты ў зямлі Напоўняцца сілы вялізнай, Праз чорныя грудзі праб’юцца, Каб моцна пад сонцам Стаяць.Броўка.// Ужываецца пры ўказанні на адлегласць, якая пераадольваецца. Полька разгубіўся: праз квартал ім трэба разыходзіцца — Надзі направа, а маме налева — к самай Дзвіне.Грахоўскі.Яшчэ праз некалькі кіламетраў Андрэй убачыў такі цянёк, што мінуць яго было амаль немагчыма.Кулакоўскі.// Ужываецца пры ўказанні на акалічнасці, з’явы, падзеі, якія пераадольваюцца. Праз дажджы ляцяць, праз буры, быццам тыя галубкі, не залежацца на пошце нецярплівыя радкі.Куляшоў.Прабіцца праз рачны туман Патрэбна плытагонам...Кляўко.Праз пекла, праз люты боль Я б поўз, раздзіраючы рукі ў кроў, Праз смерць я б ішоў да сваёй зямлі.Кірэенка.// Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. на тых або іншых прамежках прасторы. Як чаруюць і вабяць да сябе акуратненька і клапатліва пастаўленыя праз пэўную адлегласць лаўкі каля дарогі!Колас.
2. Ужываецца пры абазначэнні месца або прадмета і інш., паверх якіх накіравана дзеянне, рух. [Дзед Талаш] надзеў праз плячо паляўнічую раменную торбу на шырокім пасе.Колас.Алёшка праз верх акуляраў зірнуў на.. [Кольку] доўгім дакорлівым поглядам.Грахоўскі.
Часавыя адносіны
3. Ужываецца пры ўказанні на адрэзак часу, на тэрмін, пасля якога што‑н. адбываецца або наступае. [Леў Раманавіч:] — Праз пяць год мы здолеем.. ператварыць усе малаўраджайныя сенакосы і пашы ў культурныя палі.Асіпенка.Праз месяц з дапамогай шэфаў Васіль набыў для калгаса трохтонку.Шамякін.// Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. у тыя або іншыя прамежкі часу. — Аўтобусы ідуць праз кожныя дзесяць хвілін.Грахоўскі.[Птушка] падавала свой голас не часцей, як праз паўгадзіны кожны раз.Чорны.
4. Ужываецца пры ўказанні на адрэзак часу, на працягу якога што‑н. існуе ці адбываецца. І хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і пілося, добра працавалася і слаўна дыхалася цудоўным скіп’ёўскім паветрам.Чорны.Тою восенню рабочы Па краіне ўсёй паўстаў, Тою восенню праз ночы Мудры Ленін працаваў.Броўка.
Аб’ектныя адносіны
5. Ужываецца пры ўказанні на асобу або прадмет, з дапамогай якіх, пры пасрэдніцтве якіх што‑н. адбываецца. Пакуль гітлераўцы не пачалі абіраць нашы вёскі падрад, пагалоўна, — яны спрабавалі ўладжвацца спакайней: смактаць з народа пот і кроў праз сваіх памагатых.Брыль.І хоць твор гэты друкавацца не можа, аднак праз яго можна зацікавіцца аўтарам.Чорны.// Паказвае на выкарыстанне чаго‑н., якога‑н. спосабу. Пісаць праз злучок. □ — Насілу праз суд свайго дамагліся...Галавач.
Прычынныя адносіны
6. Ужываецца пры ўказанні на таго, хто з’яўляецца віноўнікам, прычынай чаго‑н. — Я два разы гарэў — усё праз суседз[яў] — два разы будаваўся.Брыль.
7. Ужываецца для ўказання на прычыну чаго‑н. Значна пазней прыйшла горкая думка, што вось і яшчэ адзін талент, праз беднасць і цемру, не стаў вядомы мільёнам людзей.Брыль.Пазняк, можа, праз свой узрост, а можа, і проста ад прыроды, быў больш павольны, нетаропка разважлівы.Шахавец.— Бабка! А твой Міхалка мог бы і памерці праз гэта? — Гэ, панічыку мілы: чуць-чуць не памёр! Насілу, насілу адхаялі! — І падумаць толькі: праз якое глупства можа памерці чалавек!Колас.
Акалічнасныя адносіны
8. Ужываецца для ўказання на акалічнасці, якія суправаджаюць якое‑н. дзеянне. Усміхнуцца праз слёзы. □ — А мне, думаеш... не шкада? — насілу выгаварыў.. [Якуб] праз плач.Крапіва.І мроіцца яму [рыбаку], нібы праз сон, Як ён спаймаў асілка-акуня.Броўка.
9.(успалучэннізназ. «мера», «сіла», «край» і інш.). Ужываецца пры абазначэнні перабольшання чаго‑н. (нормы, меры). [Люда] палівала з вялікай меднай конаўкі,.. а Толя праз меру доўга пырхаў і ўсё прасіў ліць цэлай конаўкай на галаву.Брыль.Усе надзеі за апошнія некалькі месяцаў, усе.. думкі [Зоські] раптам у адну ноч перарваліся, нібы праз меру нацягнутая струна.Бядуля.Ёй [Марыне] сумна ў хаце і няміла, І жаласць плёскае праз край.Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Рухаючыся па крузе, прайсці вакол каго‑, чаго‑н. Стаў клікаць Дубяга бацькоў і сям’ю. Кругом абышоў ён сялібу сваю. Ніхто не азваўся.Танк.Абыдзе Ян камень навокал, нават абмацае яго рукою і плюне.Пестрак.// Абкружыць, абступіць. Кінь вокам на увесь абшар зямлі: Вось хату шчыльна абышлі Парканы з вострымі цвікамі.Багдановіч.
2. У ваеннай справе — зайсці ворагу з тылу або з фланга, каб акружыць яго. Па горадзе хадзілі розныя чуткі: адны казалі, што нашы войскі занялі Кенігсберг, другія, што нямецка-фашысцкія войскі абышлі Брэсцкую крэпасць, хоць гарнізон не здаўся і вядзе гераічную барацьбу.Гурскі.
3. Прайсці бокам, мінуўшы каго‑, што‑н.; абагнуць каго‑, што‑н. Абысці вёску. □ Батальён потайкам уначы абышоў Прымакі і Вепры і хаваўся ў лесе, выставіўшы варту і рассыпаўшы дазоры.Колас.//перан. Мінуць, не закрануць каго‑, што‑н. [Волька:] — Людзей неяк мінае, а мяне ні адна бяда не абыдзе.Васілевіч.//перан. Знарок пазбегнуць, не закрануць чаго‑н. (у размове, апавяданні і пад.). І той выпадак недарэчны — Аб ім так прыкра ўспамінаць — Ён [Гедвіла] абышоў лагодна, «гжэчна», Бо ж людзям трэба меру знаць.Колас.//перан. Не палічыцца з чым‑н., не прыняць пад увагу, не ўлічыць чаго‑н. Абысці закон, загад.//перан. Пакінуць без павышэння, узнагароды і пад.
4. Прайсці па ўсёй прасторы чаго‑н., наведаць розныя месцы. Сёння з песняй абыду я Уваскросшую з руінаў Залатую, маладую Нашу родную краіну.Панчанка.Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася.Колас.// Падысці да кожнага па чарзе. Нецярпліва прычакаў.. [Гушка] пачатку работы і абышоў усіх рабочых, шукаючы Адася.Чорны.// Пашырыцца, стаць усюды вядомым. Навіна абышла ўвесь раён.
5. Падмануць, ашукаць. Вер людзям, ды не будзь занадта прасцяком, Бо іншы дабрадзея носіць маску, Каб пры выпадку абысці цябе цішком...Валасевіч.Міхайлаў быў добры канцылярыст, ён умеў абысці паперкаю начальства.Шынклер.
6. Перамагчы, узяць верх; выперадзіць. Доўгі і тонкі, як вудзільна, Стась Рудніцкі рыўком абышоў Віктара, а потым і Васіля.Шашкоў.
•••
За вярсту абысці — не мець жадання сустракацца, бачыцца з кім‑н.; пазбягаць каго‑, чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Схапіўшы або абхапіўшы рукамі, падняць, падтрымаць. — Ну, а ты, сын? — бацька падхапіў на рукі Даніка. — Чым жа добрым ты парадуеш сям’ю?Даніленка.Ускрыкнула, пахіснулася маці. Падхапілі яе дзеці, пасадзілі на лаўку.Місько.
2. Схапіць у момант палёту, падзення; злавіць. Я, кінуўшы вудзільна, хацеў падхапіць .. [рыбіну] рукамі, але паслізнуўся і потырч паляцеў у ваду.Ляўданскі.Аксана адвярнулася, пазіраючы нібыта ў бок вёскі, слязу няпрошаную хуценька падхапіла хусткай.Кавалёў.
3. Рэзкім, паспешлівым рухам узяць, прыхапіць мімаходам з сабой. Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Мікіта з парогу падхапіў дзяўчыну, закруціўся.Дуброўскі.І калі побач упаў, скошаны варожай куляй таварыш, Павел падхапіў яго вінтоўку і пабег наперад...Кухараў.//перан.Разм. Узяць з сабой у якасці падарожнага. [Мужчына:] — Нідзе не чуваць было, каб хлапчук такі загінуў.. Я ж усё яго шукаў, жывога ці мёртвага. Ёсць яшчэ надзея, што яго маглі падхапіць на сваю машыну чырвонаармейцы.Чорны.// Захапіць сілай руху і пад. Снегавы пыл заблішчаў на сонцы, вецер падхапіў яго, закруціў над платформай і памчаў за вагоны...Савіцкі.Імклівыя воды ракі падхапілі.. [човен] і шпарка панеслі ўніз па цячэнню.Федасеенка.
4.Разм. Набыць, знайсці, займець. Станіслаў дастаў з клунка некалькі кавалкаў беконнай свініны, з прораззю, завэнджанай.. — Дзе ты гэтулькі падхапіў бекону? — здзівіўся Юрчанка.Гурскі.Эміль Клебер.. падхапіў сабе жонку, маладую асобу, але даволі практычную ў справах хатняй гаспадаркі.Чорны.// Атрымаць, схапіць якую‑н. хваробу. — Ну, а ты, навабранец, дзе жаўтуху падхапіў? — звярнуўся .. [доктар] да мяне.С. Александровіч.Паслухаўшы маё цяжкае дыханне,.. [фельчар] здзіўлена запытаўся, дзе я мог падхапіць двухбаковае запаленне лёгкіх.Рамановіч.
5. Прадоўжыць, падтрымаць пачатае другім. Падхапіць пачын. □ Маці параіла зрабіць з савы чучала, і дзеці з радасцю падхапілі гэтую прапанову.Пальчэўскі.Спярша працавалі моўчкі, потым нехта кінуў жарт, яго падхапілі, засмяяліся.Хадкевіч.//Разм. Пераняць, запазычыць што‑н. чужое. [Маладога] слухаюць і патураюць яму.. Нават ужо і слова яго падхапілі, якое ён часта гаворыць.Чорны.[Цэйта] дзесьці падхапіла раманс, якога, здаецца, у мястэчку ніхто не ведаў.Сташэўскі.
6. Пачаць падпяваць. Калі ўваходзілі ў пасёлак, Ніна зноў заспявала.. Мы весела падхапілі песню, і яна паляцела, нібы птушка, у дажджліва-туманныя прасторы.Бяганская.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паласа́, ‑ы; мн. палосы, палос і палосаў; ж.
1. Тонкі доўгі кавалак якога‑н. матэрыялу (металу, тканіны, паперы і пад.). Доўгая паласа паперы звесілася ў акне рэдакцыі.Гартны.Там было поле са старой прысадзістай арабінай, у якой была адарвана разам з паласой кары да самай зямлі тоўстая галіна.Чорны.
2. Доўгая, параўнальна вузкая частка якой‑н. прасторы, паверхні, якая вылучаецца чым‑н. Дрэвы пачалі радзець, між стваламі зашарэла паласа берага.Мележ.Уздоўж лесу вузкай паласой цягнецца гнілое балота.Гамолка./ Аб чым‑н. такім, што набыло выцягнутую прадаўгаватую форму. Закурылі. У шызых палосах дыму .. лямпа гойдалася, як на хвалях.М. Стральцоў.// Доўгая вузкая рыса, лінія. На кошыку была шырокая рознакаляровая паласа.Мяжэвіч.Праз усю Мінскую вобласць, праз Палессе, праз Піншчыну і далей, на Баранавічы, працягнулася па карце цэлая паласа чырвоных флажкоў — шлях партызанскага рэйду.Лынькоў.// Вузкі, доўгі след ад чаго‑н. Гімнасцёрку на плячах перакрыжавалі дзве вільготныя паласы ад лямак парашута.Алешка.
3. Раён, пояс, зона, якія адрозніваюцца ад суседніх з імі раёнаў, паясоў, зон. Чарназёмная паласа. Паласа стэпаў. □ Хто з вас з сярэдняй паласы, той ведае апошнія зімовыя завірухі.Шамякін.// Участак, тэрыторыя, дзе што‑н. адбываецца, якія ахоплены чым‑н. у адрозненне ад акаляючай мясцовасці. Прыфрантавая паласа. Пагранічная паласа. □ Гэты палкоўніцкі маёнтак быў у паласе вайны, але ад фронту даволі яшчэ далёка.Чорны.[Васіль і Аксана] трапілі ў паласу абстрэлу...Кавалёў.
4. Нешырокі ўчастак ворнай зямлі. Раней кожны з нас паасобку калупаўся на сваёй паласе.Брыль.
5.перан. Прамежак часу, перыяд, які адрозніваецца чым‑н. ад папярэдняга і наступнага. [Валя] была ўзбуджана сваімі маладымі гадамі, пачаткам новай паласы ў сваім жыцці.Чорны.// Перыяд у настроі, унутраным стане чалавека. Мастак.. перажыў паласу змрочнага адчаю.«Беларусь».
6. Набраная або аддрукаваная старонка газеты, кнігі, часопіса. Рэдактар чытаў толькі што прынесеныя з друкарні палосы заўтрашняга нумару газеты — гэта была яго штовячэрняя работа.Хадкевіч.
•••
Паласа адчужэння — участак пэўнай шырыні ўздоўж чыгункі або шашы, які знаходзіцца ў падпарадкаванні дарожных упраўленняў.
Узлётна-пасадачная паласа (на аэрадромах) — доўгі ўчастак пэўнай шырыні, дзе адбываецца ўзлёт і пасадка самалётаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сла́цца1, шлецца; незак.
Зал.да слаць 1.
сла́цца2, сцялюся, сцелешся, сцелецца; незак.
1. Ляжаць на паверхні чаго‑н. Дыванамі слалася жоўтае лісце.Гурскі.І падаюць і сцелюцца сняжынкі на шляхі.Астрэйка.І тут [на сцежцы] снег быў некрануты, і сіняваты, і мякка, як крухмал, рыпеў пад нагамі, і зноў сляды чалавека слаліся акуратна і роўна.Кудравец./ Пра святло, цені і пад. З таго боку, адкуль чароўнай вясёлкай слаўся сонечны прамень, таксама пасыпаліся стрэлы.Кулакоўскі.Касыя, доўгія цені ад прысадаў слаліся на брук.Мурашка.// Прыпадаць, схіляцца (пра расліны). Зблытаная дажджамі трава нізка слалася па зямлі.Сергіевіч.А поруч з пшаніцай, па другі бок дарожкі, зялёнай коўдрачкаю авёс сцелецца.Колас.
2. Ляжаць, рассцілацца на вялікай прасторы. Пойдзеш ты ў свет і людзі Хадою адважнай, Прад табою слацца будзе Край наш неабсяжны.Купала.Лог зялёным дываном слаўся да рэчкі.Пташнікаў.
3. Расці, распасціраючы галіны, сцёблы, лісце па паверхні чаго‑н. У садзе былі ўжо і такія яблыні, што голлем слаліся амаль па самай зямлі.Сабаленка.Пушыста ўецца-сцелецца густая дзераза.А. Александровіч.
4. Паволі распаўсюджвацца па паверхні або над паверхняй чаго‑н. На школьным двары было яшчэ многа дыму, ён слаўся па здратаванай, уезджанай траве.Кулакоўскі.Шэрыя хмары над лесам сцелюцца, Вецер снягамі палі заносіць.Кірэенка.Над прасцягамі заросшай дрыгвы слаўся рэдкі туман.Краўчанка.Над жытам, над прыдарожным ракітнікам слаўся густы пыл.Грахоўскі.Прахалода найбольш адчувалася ля рэчкі. Лёгкі халадок слаўся па зямлі, пашчыпваў падэшвы, бадзёрыў.Хадановіч./ Пра вечар, змрок. Па полі ўжо слаўся густы змрок.Мележ./ Пра гукі. З узгорка несліся насустрач сонцу словы гімна, слаліся над сумнымі палявымі прасторамі, заклікалі.Галавач.
5. Лятаць, хутка бегчы, выцягнуўшыся ў імклівым руху. Ластаўкі неяк дзіўна сцелюцца каля самай зямлі.Гарбук.А за ворагам казакі Віхрам слаліся ў пагоні.Гаўрусёў.
6. Рыхтаваць, слаць сабе пасцель. Мы сцелемся ў халодных сенцах на нейкіх нізкіх скрынях.Чорны.
7.Зал.да слаць 2.
•••
Лістам слацца — выдыгаць перад кім‑н., падлізвацца да каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стано́вішча, ‑а, н.
1. Месца знаходжання, размяшчэння каго‑, чаго‑н. у прасторы. Геаграфічнае становішча краіны. □ З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў яму крыху аглядзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо .. [Сяргей Карага] заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці.Колас.// Знаходжанне гукаў, складоў і пад. у пэўнай пазіцыі. Галосныя а, о, у, э, ы ў становішчы пасля зычных.
2. Пастава цела або яго частак; поза. [Ленін:] — Вам, таварыш, цяжка ўвесь час стаяць у адным становішчы. Вось табурэтка, сядайце.Мяжэвіч.Парашут трымаўся ў паветры неяк вельмі доўга. І зусім не ў тое патрэбнае месца пачынала [Марыю] зносіць. Што можна зрабіць у такім вісячым становішчы?Кулакоўскі.
3. Абставіны, выкліканыя якімі‑н. умовамі. Перайсці на нелегальнае становішча. □ Алёша павінен быў знайсці выхад з гэтага надзвычай цяжкага становішча.Навуменка.Становішча .. [Машы] было надзвычай крыўднае, абраглівае.Шамякін.//Спец. Умовы, у якія аўтар ставіць герояў для раскрыцця характараў, вобразаў або сюжэта. Аўтар гвалтоўна ставіць .. [людзей] у такое становішча, якое павінна ілюстраваць яго пэўную думку.Кудраўцаў.// Суадносіны сіл пры гульні ў шахматы (або шашкі), абумоўленыя колькасцю і размяшчэннем фігур на дошцы. Нічыйнае становішча.
4. Сукупнасць грамадска-палітычных адносін, абставіны грамадскага жыцця. Эканамічнае становішча працоўных мас. □ XX з’езд партыі даў .. аналіз сучаснага міжнароднага і ўнутранага становішча.«Звязда».Праўда аб становішчы ў краіне пранікла ў вёску праз бальшавіцкіх агітатараў, гарадскіх рабочых і салдат.«Весці».
5. Месца ў грамадстве, роля ў грамадскім жыцці. Сацыяльнае становішча. Службовае становішча. □ На працягу некалькіх соцень год Лейпцыг займае становішча горада сусветных кірмашоў.«Маладосць».// Роля, месца ў сям’і, ва ўстанове, у якой‑н. галіне дзейнасці. [Міхась:] — Яшчэ, брат, далёка да таго, каб запоўніць у спіску графы аб сямейным становішчы.Лынькоў.Усяго тыдзень назад, працуючы энергетыкам,.. [Дзімін] быў у падначалены ў Максіма Сцяпанавіча і цяпер ніяк не мог прывыкнуць да свайго новага становішча.Карпаў.
6. Рэжым, распарадак дзяржаўнага, грамадскага жыцця, устаноўленага ўладай. Ваеннае становішча. □ [Вайскавікі] адразу перайшлі на лагернае становішча.Казлоў.Наша мясцовасць на ваенным становішчы.Жычка.
•••
Казарменнае становішча — пастаяннае знаходжанне ў воінскай часці або на прадпрыемстве людзей, пераведзеных на ваеннае становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчы́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, у якім цесна злучаны састаўныя часцінкі; які змяшчае вялікую колькасць рэчыва ў малым аб’ёме. [Дзядзя Міша:] — Што ж ён [Грышка], небарака, будзе адчуваць, калі спадарожнік пачне зніжацца, увойдзе ў шчыльныя паветраныя пласты?Паслядовіч.Урэшце, лакатары бачаць і ў больш шчыльным асяроддзі.Шыцік.Пыл шчыльным слоем накрываў.. галовы [Міколы і Дзімы].Аляхновіч.Аж па дах шчыльны снег замятае барак.А. Вольскі.// Густы, праз які не пранікае святло; непранікальны. Сонца не магло правіць шчыльную заслону.Савіцкі.З усіх бакоў насоўвалася чарната — шчыльная, злавесная.Карпаў./уперан.ужыв.Трохтонка вырвалася З цішыні шчыльнай — Прастуе па бальшаку.Барадулін.// З частым перапляценнем (пра тканіну). Вялікія вокны былі напалову заценены цяжкімі шчыльнымі барвова-чорнымі парцьерамі.Новікаў.
2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін ля другога асоб, прадметаў, частак; часты. Быў гэты гарадок: маленькі, ціхі, пусты, з вузкімі кароткімі вуліцамі, з нізкімі драўлянымі домікамі за шчыльнымі і высокімі платамі.Адамчык.Дрэвы адступаюць .. [падарожніка] шчыльнай сцяной, нібы свядома перашкаджаючы выбрацца з лесу.В. Вольскі.Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра.Смагаровіч.
3. Які мае мала прасторы, з абмежаванай прасторай; цесны. У ракавіне шчыльнай Вандроўнік сядзяць.Танк.
4.перан. Дасканалы, плённы, прадукцыйны. Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. У гэтым выпадку толькі больш шчыльным стане рэжым іх работы.«Звязда».// Насычаны, напоўнены якімі‑н. падзеямі, мерапрыемствамі і пад. У летнія месяцы спартыўны каляндар бывае асабліва шчыльным.«Беларусь».// Хуткі, безупынны. — А дзе ён сёння, Сцяпан Антонавіч? — улучае хвіліну, каб утачыцца ў шчыльную Марыніну гаворку, Зіна.Палтаран.// Моцна звязаны, з’яднаны агульнымі інтарэсамі, мэтамі, задачамі і пад. Узаемная прыязнь,.. загартаваная выпрабаваннямі ў агні, стварала шчыльную баявую сям’ю.Брыль.Такі быў склаўся шчыльны дружны гурток, засяроджаны ў прытульным пакойчыку Веры Засуліч.Зарэцкі.На шчыльную еднасць з народам нас заўсёды накіроўвае партыя.Лужанін.Трымаючы шчыльную сувязь з атрадам, .. [Лялькевіч] рабіў нешта значна большае...Шамякін.
•••
Шчыльны агонь — абстрэл, пры якім па кожны ўчастак фронту, плошчы, якая абстрэльваецца, падае вялікая колькасць мін, куль, снарадаў і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)