СІНКЛІНО́РЫЙ (ад сінкліналь + грэч. oros гара),

комплекс складкавых дыслакацый слаёў зямной кары з агульнай сінклінальнай будовай, дзе люстэрка складкавасці (датычная паверхня да скляпенняў або замкоў антыкліналей) апушчана ў гал. восевай ч. структуры. Даўжыня — многія сотні кіламетраў, шырыня — дзесяткі, радзей больш за 100 км. Пашыраны ў складкавых збудаваннях і ўтвараюцца на месцы геасінкліналей або арагенных (міжгорных) прагінаў. Чаргуюцца з антыклінорыямі. Тыповыя С. — Залаірскі на Урале, Новарасійскі на Каўказе.

І.​В.​Клімовіч.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІФО́НАВЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Siphonophyceae, Bryopsidophyceae),

клас зялёных водарасцей. Каля 30 родаў, 300 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных морах ад берагавой зоны да глыб. 70 м (некат трапляюцца ў морах умераных паясоў, напр., каўлерпа). У выкапнёвым стане вядомыя з ардовікскага перыяду.

Слаявіны буйныя (выш. да 0,5 м), няклетачнай будовы (без папярочных перагародак) са шматлікімі ядрамі і дыскападобнымі хларапластамі. Маюць пігменты. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае і палавое. Ужываюцца ў ежу.

Т.​М.​Міхеева.

т. 14, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРАВІКІ́ (Sporozoa),

клас паразітычных прасцейшых. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаюцца гемаспарыдыі, ці кроваспаравікі, грэгарыны, какцыдыі, піраплазміды. Паразітуюць у клетках, тканках або поласцях жывёл і чалавека. Узбуджальнікі какцыдыёзу, малярыі, піраплазмозаў і інш.

Мікраскапічныя аднаклетачныя арганізмы. Жыццёвы цыкл характарызуецца чаргаваннем бясполага размнажэння (шызаганія), палавога працэсу (гаметаганія) і спораганіі (спорагенез) і зменай гаспадароў. Перадача паразітаў адбываецца аліментарным шляхам або пры кровасмактанні. Іл. гл. да арт. Грэгарыны, Какцыдыі, Піраплазміды.

т. 15, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІ́РЫЧУЭЛ (ад англ. spiritual song духоўная песня),

жанр амерыканскай духоўнай музыкі; някультавае песнапенне. Узнік на Пд ЗША на аснове афр. і англа-кельцкіх традыцый, быў пашыраны ў 2-й пал. 18 ст. — 1870-х г. Перадае настроі трагічнай адзіноты, вылучаецца паэт. глыбінёй. З 1930-х г. адроджаны на канцэртнай эстрадзе (П.​Робсан, Махалія Джэксан, М.​Андэрсан, Л.​Прайс, Р.​Чарлз, Р.​Тарп), з 1960-х г. развіваецца у межах поп-музыкі.

т. 15, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЛА́ХНУМ (Splachnum),

род брыевых імхоў сям. сплахнавых. 8 відаў. Пашыраны ў арктычных і субарктычных шыротах На Беларусі 1 від — С. бутэлькападобны (S. ampullaceum). Трапляецца ў сырых вярбоўніках, на вільготных пашах і балотах.

Адна- і двухдомныя лістасцябловыя расліны Утвараюць рыхлыя дзярнінкі. Сцёблы даўж. 1—9 см, з чырв. рызоідамі. Лісце шырокаяйцападобнае або ланцэтнае, суцэльнакрайняе ці зубчастае. Каробачка прамастойная, на доўгай ножцы. Каўпачок канічны.

Сплахнум: 1 — жоўты; 2 — чырвоны; 3 — бутэлькападобны.

т. 15, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУМЕ́НЬ,

форма цячэння вадкасці (газу) у асяроддзі (газе, вадкасці, плазме і інш.) з адрознымі ад яе параметрамі (скорасцю, т-рай, шчыльнасцю і інш.). Струменныя цячэнні класіфікуюць па найб. істотных прыкметах, што характарызуюць дадзены С., напр., разглядаюць С. кропельнай вадкасці, газу, плазмы і інш. Асобны іх клас — двухфазныя С. (газавыя, якія маюць вадкасныя ці цвердацельныя часціцы). Найб. пашыраны С., якія выцякаюць з сапла, трубы ці адтуліны. Гл. таксама Струменная тэхніка, Струменная плынь.

т. 15, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФІНКТРЫ́НА (Sphinctrina),

род накіпных лішайнікаў сям. каліцыевых. 14 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — С. ямістая (S. gelasinata), занесеная ў Чырв. кнігу. Селіцца на розных відах лішайнікаў з роду пертузарыя ў старых шыракалістых лясах.

Слаявіна непрыкметная, развіваецца ўнутры субстрату. Пладовыя целы (апатэцыі) на ножках або сядзячыя, акруглай формы, чорныя, бліскучыя. Споры аднаклетачныя, шарападобныя, цёмнага колеру, па 8 у сумцы. Размнажэнне аскаспорамі.

У.​У.​Галубкоў.

Сфінктрына ямістая.

т. 15, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫГНЕ́Т, сыгнець, сегніць, сігніт (ад лац. signum знак),

пярсцёнак-пячатка. У ВКЛ найб. пашыраны ў 16—17 ст. сярод шляхты і мяшчан. Меў выяву герба або знака-кляйна. Уладальнік С. трымаў яго звычайна пры сабе, насіў у кашальку ці на мезеным пальцы левай рукі. С. часта выраблялі з каштоўных металаў, аздаблялі самацветамі. Статут ВКЛ 1588 абмяжоўваў колькасць С., якія магла мець пры сабе пэўная асоба.

А.​К.​Цітоў.

т. 15, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ЙНІК (Listera),

род кветкавых раслін сям. архідных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 віды Т.: сэрцападобны (L. cordata) і яйцападобны (L. ovata), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў вільготных і забалочаных лясах, на ўскрайках балот, нізінных лугах.

Шматгадовыя карэнішчавыя травы. Лісце супраціўнае, рознай формы. Кветкі дробныя, зеленаватыя ці жаўтаватыя, у верхавінкавых гронках. Плод — каробачка. Лек. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Тайнік: 1 — сэрцападобны; 2 — яйцападобны.

т. 15, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРО́СЫ,

нагрувашчванні лёду на морах. рэках і азёрах. Утвараюцца ў выніку бакавога ціску ледзяных палёў адно на адно, пры расколванні лядовага покрыва вял. таўшчыні; выш. каля 10 м, у прыбярэжнай ч. да 20 м. Сярод форм Т. вылучаюць: бар’еры, грады, рапакі, стамухі (асобныя нагрувашчванні на мелі). Т. найб. пашыраны ва Усх.-Сібірскім і Чукоцкім м., у адкрытай ч. Паўн. Ледавітага ак. На рэках Т. ўтвараюцца ў час крыгаходу.

т. 15, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)