БУЛАВАНО́СЕЦ

(Corynephorus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 5 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я: На Беларусі трапляецца атлантычна-еўрап. від — булаваносец сіваваты (С. canescens;). Расце на пясчаных мясцінах, узлесках сухіх хваёвых лясоў у паўд. і зах. раёнах на паўн.-ўсх. мяжы арэалу.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі полымі сцёбламі (саломінамі) выш. 10—35 см і каранёвым валасніком. Лісце сівое, шчацінкападобнае, згорнутае, тонказавостранае, цвёрдае, шурпатае, у прыкаранёвай разетцы. Кветкі дробныя ў кароткай раскідзістай або сціснутай мяцёлцы з нешматлікіх маленькіх каласкоў. Ніжняя кветкавая лускавінка з членістым булавападобным асцюком (адсюль назва). Плод — зярняўка. Дэкар. і кармавыя расліны, замацавальнікі пяскоў (утвараюць шчыльную дзярніну).

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)