ЛЮ́ДЗІ,

юрыдычны тэрмін у прававых дакументах ВКЛ 15—18 ст. (у 18 ст. ўжываўся рэдка), якім абазначаліся некалькі дзесяткаў розных катэгорый насельніцтва, часам вельмі вузкія групы. Найб. пашыраныя тэрміны: Л. народу хрысціянскага, пенежныя, простага стану, прыказныя, свавольныя, лёзныя.

Л. народу хрысціянскага — грамадзяне (абывацелі) хрысціянскай веры; насельніцтва ВКЛ, якое поўнасцю карысталася палажэннямі Статутаў 1529, 1566 і 1588. Спец. артыкул ва ўсіх Статутах забараняў нехрысціянам мець нявольнікаў-хрысціян. Купля хрысціяніна ці хрысціянкі ў няволю яўрэем, татарынам і «кождым бесурмяниным» лічылася незаконнай. Перавод з хрысціянства ў інш. рэлігію забараняўся і караўся аж да спалення на кастры.

Л. пенежныя (Л. «в пенязех») — катэгорыя сялян у 15—1-й пал. 16 ст., якія, пераходзячы да новых феадалаў, бралі ў іх пазыку і абавязваліся выконваць сял. службу да моманту яе выплаты. «Л. пенежнымі» наз. таксама і жаўнераў, наёмных салдат у войску ВКЛ у 15—16 ст., якія атрымлівалі за сваю службу грашовае жалаванне (пенязі). Тэрміны «Л. пенежныя» і «Л. служэбныя» сустракаюцца ў шматлікіх дакументах Літоўскай метрыкі. Л. служэбныя падзяляліся на Л. езных (конніцу) і Л. пешых (пяхоту).

Л. простага стану — мяшчане і сяляне ў ВКЛ. Тэрмін сустракаецца ўжо ў Статуце ВКЛ 1529. У Статуце ВКЛ 1566 у 1-м артыкуле 12-га раздзела ўпамінаюцца панцырныя і путныя слугі, бортнікі, цяглыя сяляне, парабкі. Часцей тэрмін «Л. простага стану» сустракаецца ў Статуце ВКЛ 1588, дзе пералічаны іх катэгорыі: «бояре панцерные, путные, мещане, або люди тяглые». 12-ы раздзел Статута ў загалоўку мае тэрмін «людзі простыя». Гэты тэрмін часта ўжываўся і ў інш. афіц. актах 16 ст.

Л. прыказныя (слугі прыказныя) служылі па вольным найме ці былі аддадзены на службу вотчыннікам. Юрыдычна былі ўраўнаваныя з Людзьмі «пахожымі» вольнымі. Таму ўжываўся і тэрмін «Л. вольныя, прыказныя, пахожыя».

Л. свавольныя — разбойнікі, якія хаваліся ў стэпах паўд. часткі ВКЛ, рабавалі маёнткі магнатаў і шляхты, нападалі на пагранічнае насельніцтва суседніх краін. Законы ВКЛ абавязвалі старостаў і гетманаў лавіць іх і караць смерцю. У дакументах 16—17 ст. тэрмін ужываўся і для абазначэння людзей лёзных, а таксама казакоў-паўстанцаў.

Л. лёзныя, люзныя, гультаі — сацыяльная і юрыдычная катэгорыя насельніцтва, якая існавала ў ВКЛ у 16—17 ст. Паходзілі пераважна з вольных сялян, людзей «пахожых», якія страцілі сваю гаспадарку і ў пошуках заробку пераходзілі з вёскі ў вёску, а ў канцы 16—17 ст. — з горада ў горад. Яны папаўнялі гарадскі плебс, выконвалі часовыя работы ў рамеснікаў ці гандляроў, наймаліся матросамі на гандл. судны. На перыяд жніва і сенакосу ці ў час вайны Л. лёзныя прымусова выкарыстоўваліся на с.-г. работах. У 1-й пал. 17 ст. Л. лёзныя складалі ў некат. гарадах Беларусі каля 10—13% насельніцтва (Слонім, Мінск, Чавусы, Слуцк, Магілёў, Віцебск, Полацк). Па меры запрыгоньвання сялянства катэгорыя Л. лёзных у 2-й пал. 17 ст. знікае.

Літ.:

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв. Мн., 1975. С. 221—223;

Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1975. С. 57—61.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯХА́НАЎ (Георгій Валянцінавіч) (112.1856, с. Гудалаўка, цяпер Краснінскі р-н Ліпецкай вобл., Расія —30.5.1918),

расійскі паліт. дзеяч, тэарэтык сацыялізму, заснавальнік рас. сацыял-дэмакратыі. Вучыўся ў Горным ін-це (С.-Пецярбург, 1874—76). У 1876 чл. народніцкага гуртка «бунтароў» (паслядоўнікаў М.А.Бакуніна). З ліп. 1877 чл. кіраўніцтва «Зямлі і волі». вёў працу сярод рабочых. Пасля расколу «Зямлі і волі» (1879) лідэр «Чорнага перадзелу». У 1879 наведаў Мінск, дзе выдаваліся падп. чорнаперадзельскія газеты «Черный передел», «Зерно» і пракламацыі. З 1880 у эміграцыі; у сваіх ідэйных пошуках паступова схіляўся да марксізму. У 1883 засн. групу «Вызваленне працы», якая набыла ў Жэневе друкарню А.Трусава, прапагандавала марксізм на тэр. Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. У працах «Сацыялізм і палітычная барацьба» (1883) і «Нашы рознагалоссі» (1885) П. з марксісцкіх пазіцый крытыкаваў тэорыю і практыку народніцтва. Тэарэт. распрацоўкі П. высока цаніў Ф.Энгельс. Працы «Анархізм і сацыялізм» (1894), «Да пытання аб развіцці маністычнага погляду на гісторыю» (1895) і «Да пытання аб ролі асобы ў гісторыі» (1898) былі ўкладам у тэорыю гістарычнага матэрыялізму. П. — удзельнік устаноўчага кангрэсу Інтэрнацыянала 2-га (1889, Парыж), чл. Міжнароднага сацыялістычнага бюро (з 1900). У палеміцы з Э.Бернштэйнам адстойваў неабходнасць сацыяліст. рэвалюцыі і магчымасць навук. сацыялізму, але пагаджаўся з ім у тым, што «на блізкае ажыццяўленне сацыялістычнага ідэалу... нельга разлічваць». З 1900 адзін з арганізатараў і чл. рэдакцыі газ. «Искра», актыўны ўдзельнік распрацоўкі праграмы Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), змагаўся супраць «эканамізму». На 2-м з’ездзе РСДРП (1903) абраны чл. рэдакцыі газ. «Искра» (Цэнтр. органа партыі) і старшынёй Савета партыі. Пасля з’езду адзін з лідэраў меншавікоў. У час рэвалюцыі 1905—07 палемізаваў з бальшавікамі, якія лічылі буржуазію і лібералаў рэакцыйнай сілай, крытыкаваў іх за Снежаньскае ўзбр. паўстанне 1905, якое лічыў непадрыхтаваным, за байкот выбараў у 1-ю Дзярж. думу, адстойваў праграму муніцыпалізацыі зямлі. У час існавання трэццячэрвеньскага палітычнага рэжыму прадказваў паўтарэнне рэвалюцыі ў недалёкім будучым, крытыкаваў «ліквідатараў» (прыхільнікаў ператварэння РСДРП ў легальную рэфармісцкую партыю). У працах «Асноўныя пытанні марксізму» і «Ваяўнічы матэрыялізм» (1908) дапоўніў тэорыю гіст. матэрыялізму палажэннем аб сац.-псіхал. кампаненце грамадскай свядомасці як звяне паміж сац.-паліт. ладам і ідэалаг. надбудовай, адстойваў філас. матэрыялізм, крытыкаваў прыхільнікаў эмпірыякрытыцызму ў кіраўніцтве РСДРП. У 1-ю сусв. вайну стаяў на пазіцыях абаронніцтва і сац.-патрыятызму. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. Выступіў супраць абвешчанага У.І.Леніным у крас. 1917 курсу на сацыяліст. рэвалюцыю. Зыходзячы з марксісцкай тэорыі эканам. эвалюцыі, П. лічыў, што «сацыялістычны лад мае на ўвазе па меншай меры дзве перадумовы: 1) высокую ступень развіцця прадукцыйных сіл...; 2) вельмі высокі ўзровень свядомасці ў працоўным насельніцтве краіны» і таму называў ленінскія планы сацыяліст. пераўладкавання тагачаснай Расіі «несумненнай і вельмі шкоднай утопіяй». Прыхільнік захавання тэр. цэласнасці Расіі і вядзення вайны да пераможнага канца. Цяжка хворы П. узначальваў с.-д. арг-цыю «Адзінства», выступаў як публіцыст у яе газ. «Единство». Кастр. рэвалюцыю 1917 успрыняў адмоўна.

Тв.:

Соч. Т. 1—24. М.; Л., 1923—27;

Философско-литературное наследие Г.В. Плеханова. Т. 1—3. М., 1973—74.

Літ.:

Тютюкин С.В. Г.​В.​Плеханов: Судьба рус. марксиста. М., 1997.

А.​М.​Сідарэвіч.

Г.В.Пляханаў.

т. 12, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Та́лька 1 ’маток пражы або нітак рознай велічыні’ (ТСБМ), ’маток нітак для вышывання’ (лях., Янк. Мат.; кобр., Жыв. сл.), ’тонка спрадзеныя ніткі’ (Нас., Касп.; чэрв., Нар. лекс.), ’самая тонкая пража’ (ТС, ЛА, 4), ’танюсенькая нітка, што пралі ў часы прыгону для двара’ (Варл.), ’фабрычныя ніткі’ (Сл. ПЗБ, Шат.; ЛА, 4), ’патаўшчэнне і патанчэнне на нітцы’ (баран., пух., івац., ЛА, 4), ’маленькі маточак вышывальных нітак’ (лях., Янк. Мат.), ’няроўна спрадзеныя ніткі’ (Сл. ПЗБ, Жд. 1), ’стоненая частка ніткі’ (івац., Нар. сл.), ’матавіла’ (Жд. 1), ’кужэльнае палатно’ (бых., слаўг., мсцісл., краснап., узд., клец., ЛА, 4), ’маток з дваццаці пасмаў тонкіх нітак’ (Сл. ПЗБ), ’маток нітак пэўнай меры’ (Ласт., Стан.), сюды ж ста́лька ’тонкая пража’ (пін., ЛА, 4). Укр. та́лька ’маток пражы, нітак’, дыял. ’шэрая нітка, з якой вырабляюць невад’, рус. та́лька ’матавіла; 10 пучкоў пражы’, польск. talka, tala, tal(e)k ’маток пражы’, каш. tal ’тс’. Паводле Фалінскай (Бел.-польск. ізал., 138, 141), запазычана з ням. прус. Tall ’маток пражы’, што, мажліва, з с.-н.-ням. tallige ’мера льняной пражы’ < іт. taglia ’зарубка; падатак’ (Фасмер, 4, 16; Трубачоў, Ремесл. терм., 104). Памылкова Горбач (Зах.-пол. гов., 55) выводзіць з (мо)талька, відаць, ад мотатні ’матаць’.

Та́лька 2 ’кароткая жаночая вопратка з саматканага сукна’ (Ян.). Гл. талік.

Та́лька 3 ’зараснік вярбы размарыналістай’ (рэч., Расл. св.). Укр. тал, та́льник ’вярба, вербалоз’, рус. тач, тали́на, тальни́к ’вярба Salix arenaria’. Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тат., караім. tal ’вярба, вербалоз’ (Фасмер, 4, 14; ЕСУМ, 5, 506). З-за адзінкавай фіксацыі, відаць, запазычана праз украінскую або рускую мову. Спробы звязаць з талакнянка (гл.) у Штэйнгольд, Этимология–1994–1996, 139.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапо́р 1 ’сякера’, ’старадаўняя баявая зброя’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’сякера’ (Касп., Сержп. Прымхі, Бяльк., Сл. ПЗБ; рагач., Рам. 3), ’сякера з шырокім лязом’ (беласт., Ніва, 1973, 11 лістап.; ЛА, 2), ’сякера з крывым лязом, склюд’ (Нік. Очерки; ЛА, 2), топи́р ’сякера калоць дровы’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр. то́пі́р ’сякера з доўгім дзяржаннем, якая выкарыстоўвалася ў якасці зброі’, рус. топо́р ’сякера’, польск. topór ’тс’, в.-луж. toporo ’тапарышча, дзяржанне сякеры’, старое н.-луж. topor ’тс’, чэш., славац. topor, старое славен. tópor ’дзяржанне сякеры’, старое балг. топо́р ’баявая сякера’. З прасл. *toporъ ’сякера’, наконт якога няма агульнапрынятай этымалогіі. Звязваюць з прасл. *teti (< *tepti), *tepǫ ’біць, выцінаць’, адпаведна ст.-слав. тети, тепѫ (Фасмер, 4, 79; Чарных, 2, 250–251; Борысь, 638 і інш.); з укр. тепо́рити ’цягнуць з цяжкасцю’, прасл. *top‑, гл. то́паць, тапта́ць (Шустар-Шэўц, 1518–1519), што малапераканальна. Іншыя лічаць старажытным запазычаннем з іранскіх моў і параўноўваюць са ст.-перс. *tapara‑ ’баявая сякера з доўгім дзяржаннем’, перс. teber, бялудж. tapar (адкуль арм. tapar ’тс’), курд. tefer (Трубачоў, Ремесл. терм., 152; Брукнер, 573; Махэк₂, 647; Голуб-Копечны, 387 і інш.). Паводле Мартынава (Балта-слав. иссл., 1980, 26), з іран. *tapara < *tarata ’тс’, асец. faeraet ’тс’ праз скіфскую ў славянскія мовы.

Тапо́р 2 ’поле; былая надзельная сялянская зямля’ (мазыр., ГЧ). Няясна. Відавочна, нейкім чынам звязана з тапо́р 1 (гл.), параўн. ст.-бел. топорище ’адзінка вымярэння даўжыні ў цяслярскай справе’ (Ст.-бел. лексікон), якая выкарыстоўвалася таксама для вымярэння зямлі, параўн.: по два сажни и по два топорища (Скурат, Меры, 25–26). Гл. тапарышча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сте́пень в разн. знач. ступе́нь, -ні ж.;

сте́пень мастерства́ ступе́нь майстэ́рства;

учёная сте́пень вучо́ная ступе́нь;

в вы́сшей сте́пени у найвышэ́йшай ступе́ні, надзвыча́йна;

в значи́тельной сте́пени у зна́чнай ступе́ні;

в ра́вной сте́пени у ро́ўнай ме́ры, адно́лькава;

в изве́стной сте́пени у пэ́ўнай ступе́ні;

сте́пени сравне́ния грам. ступе́ні параўна́ння;

положи́тельная сте́пень грам. звыча́йная ступе́нь;

сравни́тельная сте́пень грам. вышэ́йшая ступе́нь;

превосхо́дная сте́пень грам. найвышэ́йшая ступе́нь;

возвести́ в сте́пень мат. узве́сці ў ступе́нь;

◊

до после́дней сте́пени да апо́шняй ступе́ні, да апо́шняга;

ни в мале́йшей (ни в како́й) сте́пени ні ў я́кай ступе́ні, нія́к, ніко́лькі;

до тако́й сте́пени да таго́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ВО́СЕНЬСКІЯ ПЕ́СНІ, восень,

жанрава разнастайны цыкл песень каляндарна-земляробчага круга. Вызначаюцца нац. адметнасцю, якая праяўляецца: ва ўтварэнні асобага цыкла, сцвярджаючы тым самым бел. каляндарны фальклор як 4-цыклавы (у іншых славянскіх і балцкіх народаў восеньскія песні як самаст. цыкл не адзначаны, а паасобныя іх узоры працягваюць летні або папярэджваюць зімовы цыклы); у фарміраванні пазаабрадавай песеннай лірыкі больш позняга гісторыка-стылёвага пласта; у канцэнтраванні характэрных рыс бел. народнапесеннай творчасці як этнакультуры (паглыблены лірызм пры эмацыянальнай стрыманасці). У цэлым восеньскія песні на Беларусі ўтвараюць тры вял. групы: з абагульненымі тыпалагічна акрэсленымі напевамі («ярныя», «ярынныя», «яравое жніво»; «ільняныя», «пры лёне»; «аўсяныя», «авясец»), строга замацаваныя за апошнім этапам палявых работ; з абагульненымі тыпавымі і ў пэўнай меры індывідуалізаванымі напевамі (уласна «восень»); з індывідуалізаванымі напевамі, умоўна прымеркаванымі да восені (могуць спявацца і «абы-калі» — «журавіны беручы», «збіраючы грыбы» і інш.). Першыя 2 групы пашыраны на Паазер’і і Панямонні, апошняя — на ўсёй тэр. Беларусі. Пры агульнасці тэматыкі з усімі каляндарнымі песнямі (працоўнай, шлюбнай і сямейна-бытавой) у восеньскай песні дамінуе шчымлівы матыў развітання (насуперак узнёсламу матыву чакання ў веснавых песнях). Асноўная сфера іх паэтычнай вобразнасці — элегічны роздум з псіхал. паралелямі, якія асацыіруюцца з карцінамі затухаючай прыроды з тыповымі «ярыннымі» вобразамі птушак (перапёлкі, цецерука), сумам іх адлятання. Адпаведны танальны настрой выяўляюць і муз. выразныя сродкі восеньскіх песень. Іх мелодыя разгортваецца плаўна, з частым, як бы сузіральным спыненнем на адным гуку (найчасцей квінтавым тоне гукараду), з характэрнай секундавай пераменнасцю апорных тонаў, што стварае ўражанне незавершанасці, замяшання, нейкай затоенасці пачуццяў. У песнях з тыповымі восеньскімі напевамі тыпалагічна акрэслены і восеньскія сюжэты. Па нар. вызначэнні на Паазер’і восень — гэта мядзведзь: «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць / Мядзведзь рыкаіць, дзевак пужаіць». Далей гэты зачын разгортваецца ў сумна паглыбленых тонах: не мядзведзя баіцца дзяўчына, а восеньскай ночкі — «цёмнай», «доўгай», «страшнай», якая разлучыць яе з «айцом і мамкай» (па традыцыі сватаўство на Паазер’і адбывалася гал. чынам познімі восеньскімі вечарамі). На Палессі восень — гэта галкі: «Ой вы, галкі, вы чарненькія, падніміцесь ўгору / Некруцікі маладзенькія, вярніцесь дадому». Але як галкі не могуць падняцца, ахінутыя восеньскім туманам, так не могуць вярнуцца і рэкруты. Усеабдымны сум развітання (з цеплынёю лета, прыгажосцю дзявоцтва) збліжае восеньскія песні з драматызмам «абраду пераходу» ў вясельных песнях, аж да супадзення сюжэтнай і структурнай тыпізацыі, як у наступных восеньскай і вясельнай песнях: «Чаго ты, лосю, чаго, сівенькі, так к сялу прылягаеш? / Ой ці ты, лосю, ці ты, сівенькі, цяжкую зіму чуеш?», «Ляцяць галачкі ў тры радочкі, зязюлька паперэду / Усе галачкі па лугах селі, зязюлька на каліне / Усе галачкі зашчабяталі, зязюлька закувала». З усіх 4 цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга (як гукавых знакаў-сімвалаў рознай пары года) менавіта восеньскі цыкл прыцягвае самую вял. колькасць неабрадавых лірычных песень, што сведчыць аб яго найбольшай адкрытасці ў макрасістэме бел. песеннай культуры.

Публ.:

Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. Мн., 1983;

Паэзія беларускага земляробчага календара. Мн., 1992 (Бел. нар. творчасць).

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМАВЕ́РНАСЦЕЙ ТЭО́РЫЯ,

матэматычная тэорыя, якая вывучае імавернасці выпадковых падзей і дае магчымасць вызначыць імавернасці складаных падзей праз імавернасці простых, калі вядома, як састаўлены з іх складаныя падзеі. Асн. аб’ект вывучэння І.т. — паслядоўнасці і сем’і выпадковых велічынь. І.т. будуецца на аснове мностваў тэорыі і тэорыі меры (гл. Мера мноства). Гэты падыход распрацаваны А.М.Калмагоравым. І.т. выкарыстоўваецца ў стат. фізіцы, матэм. статыстыцы, імавернаснай логіцы, а таксама ў біялогіі, ваен. справе, тэхніцы і інш.

Зыходныя паняцці І.т. — паняцці выпадковай падзеі і яе імавернасці. Падзеі рэчаіснасці бываюць: дакладныя — заўсёды адбываюцца; немагчымыя — ніколі не адбываюцца; выпадковыя — часам адбываюцца, а часам не. З двух выпадковых падзей A і B можна ўтварыць складаныя падзеі: аб’яднанне (суму) A∪B — {адбудзецца ці A, ці B}, перасячэнне (здабытак) A∩B — {адбудуцца і A і B}, рознасць A\B — {адбудзецца A, але не адбудзецца B}. Выкарыстоўваючы гэтыя аперацыі над дзвюма ці больш падзеямі, атрымліваюць складаныя падзеі. Мяркуецца, што для кожнай выпадковай падзеі A вызначана імавернасць — лік P(A), які задавальняе ўмовам: P(A)>0; калі падзеі A і B не могуць адбыцца адначасова, тады P(A∪B) = P(A) + P(B); імавернасць дакладнай падзеі роўна 1. У прасцейшых выпадках гэтыя ўмовы відавочныя; у агульным выпадку яны прымаюцца без доказу (аксіёмы). Па фармальных (матэм.) правілах атрымліваюць шэраг тэарэм пра імавернасці складаных падзей. Калі ажыццяўленне падзеі A не залежыць ад таго, адбудзецца ці не падзея B, тады A і B — незалежныя падзеі. Імавернасць P(A∩B) сумеснага ажыццяўлення дзвюх незалежных падзей A і B роўна P(A)∙P(B). Часам, калі нават дакладна можна запісаць імавернасці пэўных выпадковых падзей, вылічыць іх цяжка. Напр., імавернасць Pn(m) таго, што ў серыі з n незалежных ажыццяўленняў выпадковай падзеі A з P(A) = p(p ≠ 0,1) яна адбудзецца m разоў, роўна Cn​mp​mq​n-m, дзе Cn​m — лік спалучэнняў з n элементаў na m, q = 1 − p. Пры вялікіх n і m для вылічэння імавернасцей тыпу Pn(m) выкарыстоўваюць лімітавыя тэарэмы: 1) калі n→∞, то Pn(m) ~ 1 2πnpq e − x2 2 пры ўмове, што x = m − np npq застаецца ў межах фіксаванага інтэрвалу (лакальная тэарэма Муаўра—Лапласа); 2) пры кожных фіксаваных ліках a і b, (a<b), limP ( a ≤ m − np npq < b ) = 1 2π ∫ a b e − x2 2 dx (інтэгральная тэарэма Муаўра—Лапласа). Да лімітавых тэарэм адносіцца таксама вялікіх лікаў закон, які мае важнае значэнне для філас. асэнсавання І.т. і ў дастасаваннях. Вял. ўклад у развіццё лімітавых тэарэм зрабілі П.​Л.​Чабышоў і А.​М.​Ляпуноў. Узнікненне большасці лімітавых тэарэм звязана з тэорыяй выпадковых працэсаў. На Беларусі І.т. даследуецца ў асноўным ў БДУ (Г.​А.​Мядзведзеў, Ю.​С.​Харын і інш.).

Літ.:

Гнеденко Б.В. Курс теории вероятностей. 6 изд. М., 1988;

Колмогоров А.Н. Основные понятия теории вероятностей. М.; Л., 1936;

Лоэв М. Теория вероятностей: Пер. с англ. М., 1962;

Феллер В. Введение в теорию вероятностей и ее приложения: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Ширяев А.Н. Вероятность. М., 1980.

В.​І.​Бернік, У.​Г.​Спрынджук.

т. 7, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАГО́ГА (ад грэч. synagogē сход, месца сходу),

бет-кнесет (іўрыт, літар. — дом сходу), шул (ідыш, літар. — школа), культавы будынак у іудаізме, прызначаны для набажэнстваў і рытуальнага чытання Торы. Часам тэрмін «С.» выкарыстоўваецца для абазначэння іудзейскай абшчыны.

Дакладны час узнікнення С. не высветлены. Паводле талмудычных крыніц, у 5 ст. да н.э. ў Палесціне легендарны іудзейскі святар Ездра з мэтай адраджэння нац. самасвядомасці яўр. народа ва ўмовах іншаземнага заваявання стварыў згуртаванне вучоных і знаўцаў нар. традыцый, якое атрымала назву Вял. С. Магчыма, у гэты час узніклі і збудаванні С. Патрэбнасць у С. звязана з усталяваннем традыцыі чытання Пяцікніжжа па суботах і святочных днях. Да пач. н.э. С. існавалі ва ўсіх рэгіёнах рассялення яўр. насельніцтва. Найб. іх колькасць (480) знаходзілася ў Іерусаліме. Акрамя Палесціны С. будавалі ў г. Дамаску, Александрыі, Антыёхіі, Эфесе, Карынфе, Афінах, Рыме. Гал. месца ў С. займае святы каўчэг (арон-кадзеш), у якім захоўваюцца скруткі Торы (Сефер-Тора); ён знаходзіцца каля ўсх. сцяны. Вернікі моляцца на ўсх. напрамак С. (мізрах) — у бок Іерусаліма. Тора чытаецца са спец. ўзвышэння — бімы. У артадаксальных С. жанчынам адводзіцца асобнае месца (часта галерэя). Часам у С. і яе прыбудовах знаходзяцца ўстановы, якія адыгрываюць важную ролю ў абшчынным жыцці: школы, дабрачынныя арг-цыі, рабінскі суд, зала сходаў і інш.

На фарміраванне арх. аблічча С. паўплывалі традыцыі і прыёмы культавага дойлідства Міжземнамор’я эпохі элінізму і Рым. імперыі. Асновай першых будынкаў С. стаў базілікальны план, у аснове якога прасторнае памяшканне, падзеленае калонамі на падоўжныя нефы. З боку ўвахода і па баках рабілі порцікі з каланадай. Гал. (алтарная) сцяна арыентавалася на Іерусалім (у еўрап., у т. л. бел., яўрэяў на У), каля яе невял. ўзвышэнне (альмэ-мор). У цэнтры залы — кафедра (біма). У некат. С. меўся арган. Алтары багата ўпрыгожвалі разьбяным арнаментам, узорамі маст. кавальства і ліцця з расл. і зааморфнымі матывамі. Па меры рассялення яўрэяў па краінах Еўропы, С. набывалі стылёвыя рысы пэўных народаў і эпох.

На бел. землях С. з’явіліся ў 14 ст. Будавалі С. драўляныя і мураваныя. Архітэктура бел. С. ўвасабляе стылізаваны і пераасэнсаваны вобраз жытла, каўчэга. Усе С. складаюцца з цэласнага, значных памераў аб’ёму пад дахам, блізкім да шатровага (у гарадах Ашмяны Гродзенскай, Столін Брэсцкай абласцей, 18 ст.). Слонімская сінагога арганічна ўпісалася ў гар. арх. ансамбль стылю барока. Архітэктура некат. мураваных С. з рысамі абарончага дойлідства (Быхаўская сінагога). С. ў г. Іўе (Гродзенская вобл.) эклектычная, складаецца з 3 будынкаў для розных слаёў насельніцтва — гандляроў, рамеснікаў і купцоў. Найб. арыгінальныя драўляныя С., якім уласціва адзінства вобраза, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, у аснове якога — пераход рытуальнага памяшкання ў шатровы, часта складанай формы, дах. Формы абыходных галерэй, прыбудоў паўтараюць у мініяцюры форму асн. аб’ёму (С. ў Заблудаве, цяпер Падляскае ваяв., Польшча; не захавалася). С. былі ў гарадах Гродна, Глыбокае, Нароўля, г.п. Сапоцкін, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на і інш. Да 1917 ва ўсх. Беларусі былі 704 С. У сувязі з антырэліг. дзейнасцю сав. улад у 1936 засталася 71 С. Шмат С. знішчана ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну. У пач. 1990-х г. на Беларусі дзейнічалі 2 С., на 1.1.2001—8 С.

А.​І.​Лакотка.

Сінагога ў г. Столін Брэсцкай вобл.

т. 14, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

без, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназ. «без» выражае:

Азначальныя адносіны

1. Пры апісанні прадмета (з’явы, паняцця) для ўказання на адсутнасць у ім часовай або пастаяннай прыметы, выражанай назоўнікам роднага склону. Лес без канца і краю. Работа без прымусу. □ А што гэта за даліна ды без рэха, А зялёная ляшчына без арэхаў, Ручаіна без жывой-крутой вадзіцы, Лугавіна без духмянай медуніцы. Танк.

2. Пры словах, якія абазначаюць меру або колькасць, паказвае, колькі не хапае да поўнай меры. Без чвэрці гадзіна. Без малога год. Кілаграм без дзесяці грамаў. □ Роўна без дваццаці восем вечара.. пачуўся громкі голас. Колас.

Аб’ектныя адносіны

3. Паказвае, што дзеянне адбываецца пры адсутнасці, без удзелу каго‑, чаго‑н. Працаваць без машын. □ Найбольш складаная і адказная частка работы зроблена без Міхася. Брыль.

4. Адпавядае словам: акрамя, за выключэннем, не лічачы. Ганна хутчэй зачыніла дзверы за сабой — і без таго маркотна, хоць ты плач. Мележ.

Акалічнасныя адносіны

5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае прыслоўныя спалучэнні, якія выражаюць спосаб дзеяння і інш. акалічнасці. Завянуць без пары. Ссохнуць без вады. Прабірацца без шуму. □ Мікалай Патапавіч .. даваў парады хоць і без ахвоты, але шчыра. Кулакоўскі.

•••

Без жартаў гл. жарт.

Не без гэтага — і гэта бывае.

Не без таго — бывае і так.

Не без чаго — тое, што і з чым‑н., але з меншай ступенню сцверджання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́лькі, Р мн. столькіх, займ. і сто́лькі, прысл.

1. займ. і прысл. указальнае. Абазначае іменна такую колькасць чаго‑н.; названая, вызначаная колькасць. — Блакіціна нябесная! — крычыць Шарэйка. — Колькі неба над лугам, столькі і лугу!.. Што значыць волявольная — калгас! Брыль. І хто гэта выдумаў столькі анкет? Панчанка. / у знач. наз. сто́лькі, ‑іх. Зноў столькіх прыйшлося ўгаворваць, упрошваць, дакараць — нібы гэта грэбля не ўсім, а яму [Міканору] аднаму трэба. Мележ. / Як суадноснае слова ў галоўным сказе. На вазе не цягнула столькі, колькі на бязмене. Лобан.

2. займ. і прысл. азначальнае. Абазначае такую вялікую колькасць чаго‑н.; так многа, так доўга. [Петракоў:] Мы заўладалі чыгункай на працягу 10 кіламетраў. Столькі крыві нам каштавала... Кучар. — Дзе ты столькі забавіўся? — папракнула здзіўлена маці. Пальчэўскі. / Як суадноснае слова ў галоўным сказе. Усю зіму возяць .. [на Нёман] калоды і павязуць іх, бывала, столькі, што загрузяць увесь бераг. Колас.

3. прысл. меры і ступені. У такой ступені, настолькі, так. Столькі .. [Таццяна] перахварэла з-за яго, столькі перажыла!.. Часам і сама яна цвёрда верыла, што Віця — яе сын. Шамякін. Уперадзе таксама ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. / Як суадноснае слова ў галоўным сказе. Ён столькі ж паважаў яе, колькі любіў.

•••

Не столькі..., колькі... — не так..., як...

Столькі і столькі — ужываецца замест паўтарэння колькасці, разавасці, цаны.

Столькі..., колькі і... — як..., так і...

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)