Катало́г ’каталог’ (ТСБМ). Рус. катало́г, укр. катало́г. У ст.-бел. мове лексема ў формах каталогъ, каталіогъ адзначаецца ў помніках з XVII ст. (гл. Булыка, Запазыч., 142). Ст.-бел. каталогъ, магчыма, адлюстроўвае грэч. κατάλογος, але форма каталіогъ хутчэй перадае польск. katalog (< лац.). Сучасны націск у бел. катало́г адпавядае рус. катало́г ’тс’. Гэта ўплыў франц. catalogue ’тс’. Першакрыніцай з’яўляецца грэч. κατάλογος ’пералік, спісак’. Упершыню запазычанае слова адзначаецца ў Генадзіеўскай бібліі 1499 г. у гіперкарэктнай форме каѳалогосъ. Гл. Шанскі, 2, К, 91–92.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Квіт ’пісьмовае пасведчанне аб чым-небудзь, квітанцыя, білет’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Жд. 3, КЭС, лаг., Касп.), ’хопіць, канец’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк.), ’вокліч незадавальнення чыім-небудзь нецярпеннем’ (Нар. лекс., Янк. БП). Апошняе ў выразе квіт тваёй міласці. Ст.-бел. квитъ ’квіт’ (з 1529 г.). Са ст.-польск. kwit ’тс’ (Булыка, Запазыч., 146). Польск. kwit у сваю чаргу з с.-лац. quitus ’вольны ад абавязкаў’ (магчыма, праз с.-в.-ням. quit ’вольны, аплачаны’) (Слаўскі, 3, 496).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Афіцэ́р, дыял. ахвіцэ́р. Ст.-бел. официеръ (з першай палавіны XVII ст., гл. Булыка, Запазыч.) адпавядае графічна ням. Officier, што з франц. officier ад лац. officiārius ’афіцыйная асоба, службовец’, параўн. officium ’служба’. Можна дапусціць непасрэднае запазычанне з нямецкай мовы (Гіст. лекс., 114) або праз польскае пасрэдніцтва, дзе былі вядомы абедзве формы — oficer і oficyer, параўн. Рыхардт, Poln., 84; Фасмер, 3, 174; форма афіцэр замацавалася ў літаратурнай мове пад уплывам рус. офицер, гл. Баханькоў, БЛ, 1972, 2, 44–45; Крукоўскі, Уплыў, 82.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Блакі́тны. Ст.-бел. блакитний, блекитный, бленкитный і г. д. (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Укр. блаки́тний (з XVI ст.). Запазычанне з польск. błękitny ’тс’ (а гэта з чэш. blankytný; першакрыніцай лічаць с.-в.-ням. blancheit ’белы, сталёвабліскучы колер’; Слаўскі, 1, 36; Зарэмба, JP, XXX, 21–22; дакладней, першакрыніцай з’яўляецца с.-лац. blanketus, blanchetus, blanquetus, гл. Гебаўэр, Sl. stč., 1, 60; Махэк₂, 55, гл. далей Бернекер, 58; Рыхардт, Poln., 34; Кюнэ, Poln., 45; Шалудзька, Нім., 22; Рудніцкі, 142–143; Брукнер, 31).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Маля́р ’рабочы, які беліць, фарбуе дамы, памяшканні’ (ТСБМ, Касп., Бяльк.), ’дрэнны мастак’, ’мастак’ (Грыг., Нас.), маляровая, маляровачка, маляры́ха ’жонка мастака’, маляроўна ’дачка мастака’, маля́рня ’майстэрня’ (Нас.), ст.-бел. маляръ, маларъ, малеръ, малерь, молеръ ’жывапісец’ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. malarz, malerz ’тс’, якое з с.-в.-ням. mālaere, mālaer (Булыка, Лекс. запазыч., 160; Карскі, Труды, 312; Кюнэ, 75; Чартко, Бел. лінгв. зб., 151). Параўн. таксама польск. malarzowa, malarka ’жонка мастака’, malarnia ’майстэрня’, malarz pokojowy ’маляр’ (Варш. сл., 2, 856).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Матэрыя ’аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе незалежна ад свядомасці чалавека’, ’рэчыва, з якога складаюцца фізічныя целы прыроды’, ’тканіна, матэрыял’, ’шаўковая тканіна’ (ТСБМ, Нас.), ’кроў’, ’гной з раны, сукравіца’ (Нас.; смарг. Шатал.; шальч., Сл. ПЗБ), матэравы ’тканкавы’ (Нас.), ст.-бел. материя (матерея, матерыя, матэрыя) ’матэрыя’ (XVI ст.). Запазычаны са ст.-польск. materyja ’тс’ (Краўчук, Праблемы філал., 60; Булыка, Лекс. запазыч., 191), якое з с.-лац. māteria ’рэчыва’, першаснае значэнне ’будаўнічае дрэва’, якое лічылася «маткай» (= асновай) усяго (Жураўскі, Зб. Крапіве, 142; Голуб-Ліер, 306).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мешчані́н, мяшча́нка, мяшча́не ’карэнны жыхар мястэчка, местачковец’, ’прадстаўнік мяшчанскага саслоўя’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Янк. 2, Сцяц.), смал. ’анучнік’, ст.-бел. мещанинъ, мещанка, предмещанинъ (XV ст.). Са ст.-польск. mieszczanin, mieszczanek ’гараджанін’ (Булыка, Лекс. запазыч., 202; Кохман, 86). Значэнне ’абывацель’ бел. лексема атрымала ў савецкі перыяд з рус. мещанин ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 151), якое прыйшло ў рус. мову ў XVIII ст. (Фасмер, 2, 616) з бел. (Козыраў, Бел.-рус. ізал., 59). На Палессі ў значэнні ’абывацель’ ужываецца мешчанчу́к (ТС; драг., КЭС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мі́лта ’талакно, страва, прыгатаваная з паранай аўсянай мукі на халоднай вадзе’ (Жд. 1, Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.; КЭС, лаг.; ашм., Крачк.; ашм., вілен., Кар.; мядз., Нар. сл.), ст.-бел. мѣлта, милта. Літуанізм. Параўн. літ. шальч. mìlta ’eжа з кіслага малака і грэцкай мукі’ (Урбуціс, Baltistica, 5, 65). Гэтак жа Непакупны (Связи, 172), Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 3, 67; Лаўчутэ, Балтизмы, 39). Карскі (Труды, 393) падае ў якасці крыніцы літ. miltai ’аўсяны кісель’, Мікуцкі — miltaj ’талакно’, Булыка (Лекс. запазыч., 119) — mìltai ’мука’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мільён ’лік і лічба 1 000 000’, ’вельмі многа, мноства’ (ТСБМ, Касп., Яруш.), міліён ’тс’ (КЭС, лаг.), мільёншчык, мільянер ’уладальнік багацця’ (ТСБМ), ст.-бел. милионъ, мелионъ, миллионъ ’мільён’ (XVI ст.) запазычаны са ст.-польск. milijon ’тс’, якое з с.-лац. millio, ‑onis (Булыка, Лекс. запазыч., 154). Аднак аўтары SWO (1980, 478) мяркуюць, што у польск. мову лексема прыйшла з франц. million < італ. millione, якое з павелічальным суфіксам ад mille ’тысяча’ (так Марка Пола, апавядаючы аб кітайцах, ужыў mille + one ’тысячышчы’ («Звязда», 1.5.1987, 4)).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Абаро́г, абараг ’чатырохсхільная стрэшка для сена’ (Клім.), ст.-бел. оборогъ ’стог, сцірта’ (Гарб.), оборогъ ’сцірта’ (Нас. гіст.), обарогъ, оброгъ з 1557 (Булыка Запазыч.); укр. оборіг ’тс’, польск. bróg стрэшка на чатырох жэрдках для захоўвання сена, збожжа’, ст.-чэш. brah ’тс’. Згодна з найбольш пашыранай версіяй да берагчы (гл.). Параўн. Брукнер, 41; Слаўскі, 1, 44; Фасмер, 3, 106. Аднак лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй аб запазычанні з германскай (с.-н.-ням. barg ’хлеў на слупах’). Гл. Буга, 3, 758. Менш верагодна генетычная агульнасць з германскім словам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)