Княства Манака (Principauté de Monaco), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр. Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Манака. Падзяляецца на 4 адм.гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).
Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.
Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш. да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс.чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.
Гісторыя. У 10—9 ст. да н.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст. да н.э.тэр. М. належала Стараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст.н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.Л.Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.
У 1911 пры кн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2-ю сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн.паліт.арг-цыя — Нац.дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс.дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн.дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
За́яц1 ’звярок сямейства Leporidae’, заю́к, за́йка (Нас.). Рус.заяц, зайка, дыял.пск.зай, укр.заєць, польск.zając, в.-луж.zajac, н.-луж.zajec, палаб.zojąc, чэш.zajíc, славак. zajac, славен.zȃjec, серб.-харв.зе̑ц, за̏јко, балг.за́ек, дыял.за́як, за́енц, за̀ец, зайц, заяц, зек, зак, зо́ек, зайо, зае́, макед.зајак, дыял.заек. Ст.-слав.заѩць ’заяц’. Ст.-рус.заяць, заець (XI ст.) ’заяц’. Прасл. аснова *zaj‑, да якой дадаваліся розныя суфіксы: ‑ęcь (як у месяц) > ‑яц, ‑ukъ, ‑ьk‑a і інш. Шанскі, 2, З, 75. Махэк₂, 709 (за ім Голуб-Копечны, 430; Скок, 3, 647–648), звязваў гэту аснову з ззяць2 (гл.) паводле адкрытых (ззяючых) вачэй, што недастаткова абгрунтавана. Верагодна роднаснае літ.zuĩkis, лат.zaķis ’заяц’ бел.зайка. Фрэнкель, 1281. Праз першапачатковае значэнне ’скакун’ звязваюць з і.-е.*gʼhei‑ ’жвава рухацца’ (Покарны, 1, 424–425, без слав. прыкладаў): літ.žáidžiu, žáisti ’скакаць’, ст.-інд.háyaḥ, арм.ji ’конь’. Праабражэнскі, 1, 244; Фасмер, 2, 84; Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 336. Агляд іншых гіпотэз гл. у Фасмера. Канчатковага этымалагічнага рашэння яшчэ няма.
За́яц2 ’безбілетны пасажыр’. Рус.заяц, укр.заєць ’тс’. Згадка ў трылогіі Коласа: «зайцаў», як іх там называлі (чыгуначнікі), як і аналагічнае ўжыванне ў Чэхава, указвае, што перанос назвы жывёлы (гл. за́яц1) на безбілетніка замацаваўся каля пералому XIX–XX стст. Паводле Фасмера (2, 84), па прымеце жвавасці, а магчыма, і па прызнаку палахлівасці (да рэчы абедзве гэтыя прыметы сталі асновай для пераносу сонечны зайчык у бел., рус., укр., польск.). Наогул перанос назвы заяц на чалавека вядомы ў розных мовах, але не ў значэнні, ’безбілетны пасажыр, наведвальнік’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сту́па ‘драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што-небудзь таўкачом’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Бес., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Уладз., ТС; панёс., З нар. сл.), ‘прэс для выціскання алею’, ‘калода каля кузні для акоўвання колаў’, ‘прылада для збівання сукна’, ‘тоўстая жанчына’ (ТС), ‘пастка’ (ТС, Пятк. 1), ‘ход у гульні ў каменьчыкі’ (ТС, Рам. 8), ‘міска’ (гом., Рам. 8), сту́пка, памянш. да ступа (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Федар. 6), ‘кубак, кружка’ (Жд. 1; слуп., староб., люб., ДАБМ, камент., 815), ‘сальніца’, ‘адтуліна ў жорнах’ (Мат. Гом.), сюды ж сту́піца ‘пастка на ласёў’ (Пятк. 1). Параўн. укр., рус.сту́па, стараж.-рус.ступа, ц.-слав. (XIV ст.) стѫпа, польск.stępa, в.-луж., н.-луж.stupa, чэш.stoupa, серб.-харв.сту̏па, славен.stọ́pa, балг.стъ́па, макед.стапица ‘пастка’. Прасл.*stǫpa запазычанне з германскіх моў, параўн. с.-н.-ням.stampe ‘ступа, трамбоўка’, англасакс.stampe, ст.-в.-ням.stampf (Кіпарскі, Gemeinslav., 266; Фасмер, 3, 788; тая ж крыніца паходжання ў Брукнера, 515; Бязлая, 3, 321; Трубачова, Ремесл. терм., 68–69). Мартынаў (Лекс. взаим., 75–76) лічыць запазычаннем сярэдняй ступені надзейнасці. Спрадвечнаславянскае паходжанне слова дапускаюць Праабражэнскі (2, 408), Младэнаў (616), Махэк₂ (580), ад ступаць. Гл. таксама агляд версій: Шустар-Шэўц, 1371; ЕСУМ, 5, 458–459.
Ступа́ ‘тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок’ (ТСБМ, Гарэц., Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ‘раўнавага ў руху ў часе’ (Ласт.), ‘ступня’ (Сцяшк., ТС), (ісці, ехаць) ступо́й і ступо́ю ‘павольным крокам; самым павольным алюрам’ (ТСБМ, ТС, Бяльк.). Аддзеяслоўны дэрыват з суф. ‑а ад ступаць (гл.); у прыслоўе перайшоў Тв. скл. гэтага назоўніка. Да значэння ‘крок’ параўн. укр.ступ, балг.стъ́пка, макед.стапка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БЫ́ХАЎСКІ РАЁН,
на Пд Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,3 тыс.км². Нас. 49,2 тыс.чал. (1996), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал/км². Цэнтр — г.Быхаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Абідавіцкі, Баркалабаўскі, Верхнятошчыцкі, Гарадзецкі, Глухскі, Грудзінаўскі, Дунайкаўскі, Лудчыцкі, Навабыхаўскі, Следзюкоўскі, Трылесінскі, Холстаўскі, Чарнаборскі, Чырвонаслабодскі, Ямненскі. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) частка тэр. раёна забруджана радыеактыўнымі элементамі. Жыхары в. Александроў адселены.
Размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 150—160 м, найвыш. пункт 183,5 м (каляв. Трылесіна). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, керамічныя гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб.р. Дняпро з прытокамі Чарнаўка, Баброўка, Трасна, Ухлясць з Варонінкай, Тошчыца, Адаменка, Рдзіца, Лахва; на З — р. Друць (на ёй Чыгірынскае вадасх.) з прытокамі Грэза і Балонаўка. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 39% тэр. раёна, пераважна хваёвыя, яловыя і бярозавыя.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў складае 103,1 тыс.га, з іх асушана 23,9 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 23 калгасы, племзавод «Вараніно», адкрытае акцыянернае т-ва «Быхаўмалако». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (спірт-сырэц, масла, сухое абястлушчанае малако, крухмал, агароднінныя кансервы), лёгкай (швейныя вырабы), паліўнай (брыкет), металаапр. (бочкі), буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Магілёў—Жлобін, аўтадарогі Магілёў—Гомель, Магілёў—Бабруйск. Суднаходства па Дняпры. У раёне 23 сярэднія і 15 базавых школ, 35 дашкольных дзіцячых устаноў, 46 клубаў, 45 б-к, 7 бальніц, З амбулаторыі, 35 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі прыроды — хвоі-гіганты каляв. Барсукі. Арх. помнікі: царква 19 ст. ў в. Балонаў-Сялец; царква Казанскай Маці Божай (1904) у в. Баркалабава; палацава-паркавы ансамбль пач. 19 ст. ў в. Грудзінаўка; царква пач. 20 ст. ў в. Лубянка; Успенская царква (1865) у в. Мокрае. Мемарыял воінскай славы ў в. Лудчыцы. Выдаецца газ. «Маяк Прыдняпроўя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.
Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя I (гл.Ілжэдзмітрый I), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.Ляпуновым і тульскія на чале з І.Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс.чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каляв. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс.чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.
Кр.: Восстание И.Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.
Літ.:
Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЯ РАЎНІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, на Пн Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей. Мяжуе са Слонімскім узв. на ПнЗ, Навагрудскім узв. і Капыльскай градой на Пн і ПнУ, Клецкай раўнінай на У, Прыпяцкім Палессем на Пд і Прыбугскай раўнінай на З. Працягнулася з З на У на 85 км, з Пн на Пд на 20—40 км. Сярэдняя выш. 180—190 м над узр. мора, найб. 218 (каляв. Канюхі Ляхавіцкага р-на). Пл. 2,2 тыс.км².
Знаходзіцца на стыку тэктанічных структур: Беларускай антэклізы, Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Магутнасць адкладаў антрапагену ад 30—40 на Пд да 140—160 м на Пн і ў ледавіковых лагчынах (Шчарская, Мышанская). Рэльеф згладжаны, сфарміраваны ледавіковымі водамі ў час дэградацыі сожскага ледавіковага покрыва. Пераважае спадзіста-хвалісты рэльеф, які месцамі пераходзіць у спадзіста-ўвалісты і буйна-ўзгоркавы (каля далін Шчары і Лахазвы) з перавышэннямі 30—40 м. Па схілах далін яры глыб. 3—4 м. На ПнУ азёрна-ледавіковая катлавіна з Калдычэўскім возерам у цэнтры, з якога бярэ пачатак р. Шчара. На памежжы з Палессем развіты дзюны, эолавыя грады і масівы выш. 3—5 м. На паверхні пашыраны водна-ледавіковыя пясчаныя, радзей супясчаныя і сугліністыя адклады асн. марэны. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, баластавыя пяскі, торф, мел і мергель (апошнія ў ледавіковых адорвенях). Сярэднія т-ры студз. ад 0,2 °C да -14,1 °C, ліп. 14—20,8 °C, ападкаў 400—760 мм за год (Баранавічы). Гідрасетка належыць да бас. Нёмана. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Грыўда, Іса, Лахазва, азёры — Калдычэўскае, Дамашэўскае, Мышачак, на р. Лахазва вадасх. Гаць. Глебы дзярнова-падзолістыя на пясках і супесках, дзярнова-падзолістыя забалочаныя (глеяватыя) на марэнных суглінках, тарфяна-балотныя і алювіяльныя. Пад лесам 31% тэрыторыі — бары, субары з прымессю шыракалістых пародаў, на левабярэжжы Шчары — дубровы; развіты чорнаалешнікі, бярозавыя і асінавыя групоўкі. Есць нізінныя і пераходныя балоты, заліўныя лугі. Пад ворывам 44% тэрыторыі. У межах Баранавіцкай раўніны біял. заказнікі: Баранавіцкі, Слонімскі, Стронга; Барэцкая дуброва, Лам’еўскія пасадкі карэльскай бярозы і пасадкі лістоўніцы еўрапейскай у Моўчадскім лясніцтве — помнікі прыроды.
Г.П.Рудава.
Баранавіцкая раўніна. Краявід у Баранавіцкім біялагічным заказніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІ́ЛЬЯ, Ангуіла (Anguilla),
уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на а-вах Ангілья і Самбрэра ў паўн. частцы М. Антыльскіх а-воў. Пл. 91 км². Нас. 8,8 тыс.чал. (1992), пераважна афр. паходжання. Афіцыйная мова — англійская. Пануючая рэлігія пратэстантызм (англіканства і метадызм). Адм. цэнтр — г. Валі. Нац. свята — Дзень Ангільі (20 мая).
Прырода. Ангілья — нізкі вапняковы востраў, акаймаваны рыфамі. Развіты карст. Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры паветра 18—24 °C. Ападкаў 700—1200 мм за год. Характэрны моцныя ўраганы ў канцы лета. Глебы чырваназёмныя, расліннасць — другасная саванна.
Гісторыя. Востраў адкрыты ў 1493 Х.Калумбам. Першыя паселішчы засн. ў 1631 галандцамі. З 1650 англ. калонія, якую ў 1745 і 1796 спрабавала захапіць Францыя. З 1882 Ангілья адміністрацыйна аб’яднана з а-вамі Сент-Кітс і Невіс; разам з імі ўваходзіла ў 1958—62 у Вест-Індскую федэрацыю; у лют. 1967 астравы набылі статус «асацыіраванай з Вялікабрытаніяй дзяржавы». Пасля заявы пра разрыў з Сент-Кітсам і Невісам (1967) Ангілья ў лют. 1969 у аднабаковым парадку абвясціла сябе незалежнай рэспублікай. У сак. 1969 Вялікабрытанія высадзіла на Ангілью свае войскі і аднавіла кантроль над востравам. У 1976 Ангілья атрымала частковае самакіраванне. Аддзяленне Ангільі ад астатніх астравоў у 1980 замацавана англ. парламентам. Дзейнічаюць Нац. альянс, Дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Аснову эканомікі складаюць турызм, вытв-сць лодак, здабыча солі і морапрадуктаў. С.-г. патэнцыял абмежаваны. Апрацоўваецца 5% тэрыторыі. Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства не перавышае 10% валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Асн. культуры — батат, гарох, сорга, кукуруза. На мясц. патрэбы гадуюць авечак, коз, свіней. Вядзецца лоўля рыбы і амараў, здабываецца соль. На турызм прыпадае 29% (1987) ВУП. Асн. транспарт — аўтамабільны. Працягласць дарог 90 км, з іх 46 км з цвёрдым пакрыццём. 2 гавані — Роўд-Бей і Блоўінг-Пойнт. Аэрапорт Уолблейк. У пач. 1990 у Ангільі зарэгістравана 45 замежных аддз. банкаў. Знешняя фін. дапамога (у асн. Вялікабрытаніі) складае каля 3 млн. долараў за год. Ангілья экспартуе соль у Трынідат і Табага, амараў на сумежныя астравы (асн. крыніца экспартных паступленняў каля 64% прыбытку ў 1987). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАВА ПАЎСТА́ННЕ,
узброенае выступленне сялян Тамбоўскай і часткова Варонежскай губ. у Расіі ў 1920—21. Асн. прычына — незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму», прымусовай працай, харчразвёрсткай. Кіраўнік паўстання — эсэр А.С.Антонаў, б.нач. міліцыі Кірсанаўскага пав. Тамбоўскай губ. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў стаў на шлях тэрору, хаваўся ў лясах, завочна прыгавораны да расстрэлу. 19.8.1920 у с. Каменка Кірсанаўскага пав. пачалося стыхійнае сял. выступленне, якое хутка пашырылася на тэр. суседніх паветаў. За некалькі месяцаў Антонаў сабраў рассеяныя сял. групы (каля 500 чал.) і сфарміраваў атрад. У 2-й пал. 1920 сфарміраваны кіруючыя органы руху — гал. аператыўны штаб партыз. арміі Тамбоўскага краю, складзены праграма і статут тамбоўскага «Саюза працоўнага сялянства» (СПС), арганізаваны к-ты СПС у паветах, валасцях і вёсках. СПС выступаў за «звяржэнне ўлады камуністаў-бальшавікоў», за ліквідацыю падзелу ўладамі грамадзян на класы, спыненне грамадз. вайны, скліканне Устаноўчага сходу, грамадз. Свабоды, правядзенне ў жыццё закону аб сацыялізацыі зямлі, частковую дэнацыяналізацыю фабрык і з-даў, развіццё кааперацыі, свабодны гандаль, устанаўленне рабочага кантролю над вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі і інш. Да канца 1921 2 арміі Антонава аб’ядноўвалі 14 тэр. палкоў, 5 асобных кав. палкоў, атрады самаабароны ў сёлах агульнай колькасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, з іх каля 8—10 тыс. узброеных. У студз. 1921 для ліквідацыі паўстання была створана спец. камісія на чале з У.А.Антонавым-Аўсеенкам. У лют. 1921 пасля няўдалых спробаў задушыць паўстанне сілай улады пайшлі на частковыя ўступкі, гал. з якіх была датэрміновая адмена харчразвёрсткі ў Тамбоўскай губ. Аднак к-ты СПС скіроўвалі паўстанцаў на працяг барацьбы са сваім паліт. праціўнікам. Больш як 50-тысячная армія пад камандаваннем М.М.Тухачэўскага, узмоцненая атрадамі спец. войскаў ВЧК, з артыл. гарматамі, браневікамі, самалётамі, да восені 1921 задушыла паўстанне. Антонаў загінуў у перастрэлцы летам 1922. Нягледзячы на паражэнне, Антонава паўстанне стала адным з фактараў, што прымусілі ўлады адмовіцца ад ваенна-камуніст. метадаў пабудовы сацыялізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі.
Літ.:
Фельдман Д. Крестьянская война // Родина. 1989. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕНЕ́З (ад антра́па... + ...генез),
1) станаўленне чалавека як біял. віду ў працэсе фарміравання супольнасці — сацыягенезу.
2) Раздзел антрапалогіі, які вывучае гэту з’яву. Тэорыя антрапагенезу дае адказы на пытанні, дзе і пры якіх абставінах з’явіўся чалавек на Зямлі. Тэорыя эвалюцыі грунтуецца на выніках біял. і грамадскіх навук. Іх узаемадзеянне па пытанні ўзнікнення чалавека і яго развіцця склала паняцце «сінтэтычная тэорыя эвалюцыі». Факты, якія пацвярджаюць роднасныя сувязі чалавека і жывёл, падзяляюцца на прамыя (касцявыя рэшткі выкапнёвага чалавека, яго бліжэйшых продкаў і блізкія да іх формаў) і ўскосныя (параўнальна-анатамічныя, фізіялагічныя, біяхімічныя, генетычныя і інш.).
Асн. прынцыпы навук. тэорыі антрапагенезу (роднаснасць продкаў чалавека з чалавекападобнымі малпамі шымпанзэ, гарылай, арангутангам) абгрунтавалі ў канцы 19 ст. Ч.Дарвін і Т.Гекслі. Вывучэнне выкапнёвых рэшткаў паказала, што ў чалавека і ў сучасных малпаў былі агульныя продкі, якія засялялі Афрыку, Азію, часткова Еўропу больш за 20 млн.г. назад. У біял. эвалюцыі чалавека вылучаюць паслядоўныя стадыі: пераходных істот, або аўстралапітэкаў, якія з’явіліся каля 5 млн.г. назад; архантрапаў (жылі каля 1,5 млн. — 200—150 тыс.г. назад); палеаантрапаў (жылі больш за 100—35 тыс.г. назад); сучаснага чалавека (Homo sapiens; з’явіўся больш за 50 тыс.г. назад). Найб. важныя фактары антрапагенезу — прыстасаванне (адаптацыя) да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя праз працоўную дзейнасць і пераход ад расліннай ежы да мясной. Гэтыя змены ў паводзінах былі выкліканы пагаршэннем умоў існавання ў ледавіковую эпоху.
Вылучаецца біял. адаптацыя, у ходзе якой мяняюцца марфалагічныя асаблівасці (прамахаджэнне і звязаная з ім зменлівасць верхніх і ніжніх канечнасцяў, будова таза і інш.), і адаптацыя паводзін, звязаных са зменай спосабаў жыцця (гл.Адаптацыя сацыяльная). Развіццё грамадства (сацыягенез) адбывалася разам з біял. эвалюцыяй чалавека. Першыя прылады працы з’явіліся больш за 2 млн.г. назад. Мова як сродак зносін людзей сфарміравалася на стадыі архантрапаў. На стадыі палеаантрапаў пачалі фарміравацца ідэалагічныя ўяўленні, якія працягваюць развівацца ў людзей больш позніх відаў, а таксама выявіліся культ. адрозненні — аснова сучасных этнічных асаблівасцяў.
Літ.:
Алексеев В.П. Становление человечества. М., 1984;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989;
Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДА ЗЯМЛІ́,
форма землекарыстання, пры якой уласнік зямлі перадае за плату на пэўны тэрмін зямельны ўчастак іншай асобе (арандатару) для вядзення гаспадаркі. Узнікла ў рабаўладальніцкім грамадстве і дала пачатак развіццю арэнды. У часы рабаўладальніцтва і феадалізму пераважала прадуктовая (дзеля атрымання прадуктаў), пры капіталізме набыла прадпрымальніцкі характар: арандатар укладвае ў зямлю ўласны капітал, вядзе гаспадарку з дапамогай наёмнай рабочай сілы і атрымлівае прыбытак. Пераходнымі формамі ад прадуктовай да прадпрымальніцкай арэнды зямлі былі здольшчына і адработкі. Капіталістычная арэнда зямлі найбольш пашырана ў развітых краінах (ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя). На развіццё арэндных адносін у аграрным сектары істотна ўплывае дзяржаўнае рэгуляванне — фінансавая дапамога для тэхнічнага аснашчэння сельскай гаспадаркі, падтрымка ў збыце прадукцыі і інш. З улікам гэтага асобныя землеўладальнікі самі становяцца і прадпрымальнікамі. Зямлю для прадпрымальніцкай дзейнасці і здачы ў арэнду набываюць таксама буйныя карпарацыі.
На Беларусі да 1861 пераважала дакапіталістычная арэнда зямлі. Пасля адмены прыгону сяляне атрымалі права заключаць арэндныя здзелкі, што спрыяла развіццю арэндных адносін. Патрэбу ў гэтым мелі не толькі беззямельныя сяляне, а і памешчыкі, якія не маглі ўласнымі сіламі апрацаваць сваю зямлю. Аграрны крызіс канца 19 стагоддзя паскорыў гэты працэс. У 1887 арэндны фонд складаў каля 2,5 млн. дзесяцін, а ў 2-й палове 1890-х гадоў каля 3,5 млн. дзесяцін. Пераважала сялянская арэнда зямлі. Але ў канцы 19 стагоддзя больш за 1,5 млн. дзесяцін зямлі арандавалі дваране, купцы, мяшчане, якія вялі буйныя прадпрымальніцкія гаспадаркі з выкарыстаннем вольнанаёмнай працы. Да 1917 арэндны фонд на Беларусі, паводле ацэнак спецыялістаў, дасягнуў прыкладна 5 млн. дзесяцін, у т. л. не менш як 3,3 млн. дзесяцін прыпадала на сялянскую арэнду. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана, а яе арэнда забаронена. З некаторымі абмежаваннямі адноўлена ў часы нэпа і існавала да калектывізацыі. Права на арэнду зямлі грамадзяне і арганізацыі зноў атрымалі на аснове прынятых Вярхоўным Саветам Беларусі «Кодэкса Беларускай ССР аб зямлі» і «Закона Беларускай ССР аб арэндзе» (1990). Здаваць у арэнду зямлю і іншыя прыродныя рэсурсы могуць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў.