ЗАХО́ДНІЯ КАРПА́ТЫ,

найбольш высокая і шырокая ч. горнай сістэмы Карпат на тэр. Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Венгрыі. Даўж. каля 400 км, шыр. больш за 200 км. Хрыбты і ізаляваныя масівы накіраваны з ПдЗ на ПнУ. На Пн вылучаюць сярэдневышынныя хр. Зах. Бяскідаў, у цэнтр. частцы — высока- і сярэднягорныя масівы Татры (найб. выш. 2655 м, г. Герлахоўскі-Шціт), Нізкія Татры, Вял. Фатра, на Пд — сярэдневышынныя масівы з плоскімі вяршынямі Славацкіх Рудных гор, Шцяўніцкіх гор, Бюк, Матра і інш. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў, на Пд таксама і вулканічных парод. Мяшаныя і хваёвыя лясы, горныя лугі. Татранскі нац. парк, запаведнікі, курорты, турызм, зімовыя віды спорту.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСКАЯ РЭФО́РМА ІВА́НА IV,

рэформа мясц. кіравання ў Рус. дзяржаве. Праведзена ў пач. 1550-х г. у асобных землях, у 1555—56 — у агульнадзярж. маштабе. Замест намеснікаў і валасцеляў, якія «карміліся» непасрэдна за кошт насельніца, з ліку найб. заможных пасадскіх людзей і сялян выбіраліся на 1—2 гады адпаведна земскія старасты і земскія цалавальнікі, а ў дапамогу ім — земскія судзейкі (суддзі), дзячкі, соцкія і пяцідзесяцкія. Земскія старасты ўзначальвалі земскія ізбы, пад кантролем дзярж. адміністрацыі кіравалі цяглым насельніцтвам і зборам падаткаў з яго, разам з судзейкамі карысталіся абмежаванай суд. уладай. Рэформа завяршыла фарміраванне мясц. кіравання на саслоўна-прадстаўнічых пачатках і ўзмацніла цэнтралізацыю дзяржавы.

т. 7, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ВЕСЬ,

возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 36 км на У ад г. Глыбокае. Пл. 0,55 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 26 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 12,4 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, разараныя, на ПнЗ парослыя лесам. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на У і ПнЗ месцамі абразійныя ці зліваюцца са схіламі. Пойма забалочаная, пад хмызняком, шыр. да 200 м. Дно з упадзінамі і мелямі. Мелкаводная зона пясчаная, глыбакаводная сапрапелістая. Востраў пл. 1 га. Упадаюць ручаі з азёр Молена і Белае, на З выцякае ручай у воз. Шо.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КА́ЛЕВАЛА»

(«Kalevala»),

карэла-фінскі нар. эпас. Складаецца з карэльскіх, фін. і іжорскіх нар. песень (рунаў), якія сабраў і запісаў у 1-й пал. 19 ст. фінскі фалькларыст Э.​Лёнрат. Упершыню апубл. ў 1835 (1-я кампазіцыя, 32 руны), у 1849—2-я кампазіцыя (50 рунаў).

«К.» паэтызуе подзвігі і прыгоды герояў казачнай краіны Калевала. Яе героі — чарадзей Вяйнямёйнен, каваль Ільмарынен, які выкаваў цудоўны млын сампа, што забяспечвае багацце. Сюжэт, які аб’ядноўвае руны — барацьба за млын з чараўніцай Лоўхі, гаспадыняй змрочнай паўн. краіны Пох’ялы. На бел. мову «К.» пераклаў М.​Машара, асобныя вершы з 1-й руны — Я.​Сіпакоў.

Публ.: Бел. пер. — Калевала. Мн., 1956.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДКА (Лукаш Сямёнавіч) (31.10.1887, в. Лесуны Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 16.5.1966),

дзеяч бел. нац. руху пач. 20 ст. Ген.-маёр інтэнданцкай службы (1940). Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1904—07). У 1907 за распаўсюджванне рэв. л-ры арыштаваны, у 1909 апраўданы. З 1910 у арміі. З 1917 эсэр, чл. Савета салдацкіх дэпутатаў 12-й арміі, выканкома Усерас. Савета сял. дэпутатаў, Цэнтр. бел. вайсковай рады, Бел. абл. к-та, дэлегат Усебел. з’езда 1917. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1921—22 ад’ютант М.​Фрунзе ў Турцыі, у 1941—51 нач. кватэрна-эксплуатац. ўпраўлення Узбр. СІД СССР.

В.​У.​Скалабая.

Л.С.Калядка.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНЯНО́ЖКІ (Rhizopoda),

прасцейшыя жывёлы падтыпу саркодавых. 3 атр. (амебы, ракавінныя амёбы і фарамініферы), больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды ў марскіх і прэсных вадаёмах і глебе. На Беларусі каля 40 відаў.

Памеры ад некалькіх мікраметраў да 3 см. Цела складаецца з паверхневага гамагеннага слоя — эктаплазмы і ўнутр. зярністага — эндаплазмы з ядром, вакуолямі і інш. ўключэннямі. Некат. К. маюць унутр. шкілет або ракавіну. Перамяшчаюцца і захопліваюць ежу з дапамогай часовых вырастаў (псеўдаподый). Размнажэнне бясполае і палавое. Кормяцца бактэрыямі, прасцейшымі і водарасцямі. Есць паразіты, узбуджальнікі інвазійных хвароб жывёл і чалавека.

Караняножкі: 1 — дыфлюгія грушападобная; 2 — арцэла звычайная; 3 — амадыскус; 4 — гаплафрагмоід.

т. 8, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМБЕРЛІ́Т (ад назвы г. Кімберлі ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы),

вулканічная і субвулканічная ультраасноўная шчолачнага саставу брэкчыя- або туфападобная горная парода. Складаецца з алівіну, кальцыту, піропу, піраксену, храміту, ільменіту і інш. мінералаў, уключаных у дробназярністую асн. масу (серпентын, кальцыт, флагапіт і інш.). Колер чорны, з сіняватым і зеленаватым адценнем. Запаўняе трубкі выбуху (дыятрэмы) і трапляецца ў выглядзе жыл, даек, сіл; пашырана пераважна на стараж. платформах. Вядома больш за 1500 цел К., з якіх 8—10% алмазаносныя. Асн. алмазаносныя К. ў ПАР і Расіі (Рэспубліка Саха, б. Якуція). На Беларусі праводзяцца пошукавыя работы на К.

У.​Я.​Бардон.

Да арт. Кімберліт. Алмазны крышталь у кімберліце.

т. 8, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУК (Іван Іванавіч) (н. 15.6.1954, в. Згурск Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фалькларыст. Канд. філал. н. (1985). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1975). З 1979 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, з 1998 прарэктар Бел. АМ. Даследуе бел. фальклор, нар. культуру, бел. нар. каляндар і інш. Аўтар манаграфій «Усходнеславянскія казкі пра жывёл» (1992), «Следам за сонцам: Беларускі народны каляндар: свята, абрады, паэзія» (1994), сааўтар прац «Магія слова чароўнага», «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры: Мінская вобласць» (абедзве 1995), «Народная культура і сучасная школа» (1996) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́САВА возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,91 км², даўж. каля 2,4 км, найб. шыр. 810 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Пл. вадазбору 120 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м (на ПнУ 4—5 м), разараныя, на ПдУ стромкія, парослыя лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Катлавіна складаецца з паўн. (дно плоскае, ёсць востраў пл. 0,06 км²) і паўд. плёсаў. Дно да глыб. 1 м выслана пяском і ілам, ніжэй — сапрапелем. Упадаюць р. Быстрыца (злучае яго з воз. Нявіда), на Пн злучана пратокай з воз. Забеліна.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНКЕ́ВІЧ (Аляксандр Алаізавіч) (псеўд. Ляндэр ; 1823, Гродзенская губ. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі, Літве і Польшчы. У 1840—61 у арміі, падпалкоўнік. Пасля адстаўкі жыў у сваім фальварку Панюкі Гродзенскага пав. 2.5.1863 падняў паўстанне ў Гродзенскім пав. Пасля аб’яднання з ваўкавыскімі паўстанцамі — вайсковы нач. Гродзенскага і Ваўкавыскага пав. 3.6.1863 каля в. Мілавіды (Баранавіцкі р-н) на чале аб’яднаных сіл гродзенскіх, ваўкавыскіх, слонімскіх і навагрудскіх паўстанцаў нанёс паражэнне урадавым войскам. 1.8.1863 разам з лідскімі паўстанцамі перайшоў Нёман і дзейнічаў у Аўгустоўскай губ. Паўстанцкія ўлады надалі яму званне палкоўніка. У вер. 1863 выехаў за мяжу. Завочна прыгавораны да пакарання смерцю.

Г.​В.​Кісялёў, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)