ХІ́ПІ (англ. адз. лік hippie),

групы моладзі, якія адмаўляюць некат. каштоўнасці і нормы паводзін сучаснай цывілізацыі ў духу контркультуры. Рух Х. ўзнік у 2-й пал. 1960-х г. у ЗША як мірна-пасіўны пратэст супраць грамадства матэрыяльнага дабрабыту і спажывання, прагматычных каштоўнасцей. Сімвалам руху стала кветка. Х. выступалі за свабоднае, натуральнае жыццё, аб’ядноўваліся ў абшчыны (адна з іх і цяпер дзейнічае ў Капенгагене). У пераносным сэнсе Х. — чалавек, які экстравагантна сябе паводзіць, разбэшчаны і неахайна апрануты. Ужо ў 1960-я г. пачалася камерцыялізацыя контркультуры Х., найперш у модзе.

Літ.:

Забриски Пойнт: [О движении хиппи 60-х гг.: Альманах]. М., 1993;

Рожанский Ф.И. Сленг хиппи: Материалы к словарю. СПб.;

Париж, 1992.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 17, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛЫСТЫ́ (скажонае ад «хрысты», саманазва «людзі божыя»),

рэлігійная секта. Узнікла ў Расіі ў канцы 17 ст. сярод сялян нечарназёмнай паласы. Заснавальнік кастрамскі селянін Д.​Філіповіч. Аснова веравызнання Х. — уяўленне пра магчымасць прамой сувязі чалавека са «святым духам» і ўвасаблення «духа» ў пэўных людзях, якія становяцца для Х. «хрыстамі» і «багародзіцамі». Гал. месца ў ідэалогіі займае пропаведзь аскетызму. Х. не прызнаюць святароў і пакланення святым, адхіляюць свяшчэнныя і царк. кнігі, аднак дапускаюць наведванне правасл. цэркваў. Сходы Х. праходзяць у форме «радзенняў» (малітвы са скокамі). У Расіі ў пач. 20 ст. было каля 40 тыс. Х. У СССР іх колькасць рэзка скарацілася. Невял. абшчыны Х. захаваліся ў Тамбоўскай, Самарскай, Арэнбургскай абл. Расіі, Паўн. Каўказе і на Украіне.

т. 17, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́РЫ (ад грэч. choros хор) у архітэктуры, верхняя (на ўзроўні 2-га яруса) адкрытая галерэя ў інтэр’ерах храмаў, парадных залаў і інш. Размешчаны звычайна з зах. боку храма ці апяразваюць неф з паўд., зах. і паўн. бакоў. У сярэдневякоўі Х. прызначаліся для прадстаўнікоў вышэйшых слаёў грамадства, пазней на іх размяшчаліся музыканты, пеўчыя, арган. У хрысц. базіліках, раманскіх і гатычных храмах 13—15 ст. Х. — агароджаная балюстрадай галерэя паміж нефам і прэсбітэрыем насупраць гал. алтара. З сярэдзіны 15 ст. Х. размяшчалі пры ўваходзе ў храм, у правасл. храмах — над бабінцам. У пабудовах стылю класіцызму Х. мелі выгляд каланады, завершанай антаблементам і атыкавай сцяной.

Хоры Сафійскага сабора ў г. Полацк Віцебскай вобл.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЁРН, сліва калючая (Prunus spinosa),

кветкавая расліна сям. ружавых. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца на палянах, узлесках і ярах; занесены ў Чырв. кнігу.

Калючы куст, радзей дрэўца выш. 4—8 м. Лісце прадаўгавата-авальнае, зубчаста-пальчатае, цёмна-зялёнае, матавае, скурыстае. Кветкі белыя, дыям. да 2 см, адзіночныя, распускаюцца да паяўлення лісця. Плод — чорна-сіняя, з шызым налётам касцянка. Плады з глыбокай старажытнасці ўжываліся ў ежу, маюць 5,5—8,8% цукроў (глюкоза і фруктоза), 0,8—2,8% арган. к-т. Выкарыстоўваюцца ў сушаным і перапрацаваным (варэнне) выглядзе, з іх атрымліваюць (як і з каранёў) фарбу. Драўніна прыдатная для дробных вырабаў. Культывуюць як прышчэпу (зіма- і засухаўстойлівы). Меданосная, дэкар. расліна.

т. 17, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯ́ЖКІЯ МІНЕРА́ЛЫ,

мінералы, якія маюць шчыльнасць больш за 2,8 г/см³. Складаюць невял. частку абломкавых горных парод, але вельмі разнастайныя (некалькі дзесяткаў мінер. відаў) і маюць рознае паходжанне. Асн. маса Ц.м. мае шчыльнасць 2,8—5 г/см³.

Паводле распаўсюджанасці ў зямной кары падзяляюцца на 3 групы: вельмі пашыраныя (амфіболы, гранаты, ільменіт, цыркон, эпідот — доля кожнага з іх 10—20% ад цяжкай фракцыі абломкавых парод); умерана пашыраныя (біятыт, ліманіт, магнетыт, турмалін, апатыт, піраксены, рутыл, стаўраліт, 1—10%); рэдкія — менш за 1% і ў выглядзе адзінкавых зерняў (дыстэн, сфен, лейкаксен, сіліманіт, мускавіт, тапаз, манацыт, глаўканіт і інш.). Аналіз колькасці Ц.м. у пародах праводзіцца пры пошукавых работах і палеарэканструкцыях.

У.​Я.​Бардон.

т. 17, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАКАНО́ЎСКІ (Czekanowski) Ян (6.10.1882, в. Глухаў каля г. Груец, Польшча — 20.7.1965),

польскі антраполаг, этнограф, статыстык, дэмограф; заснавальнік т.зв. Львоўскай антрапалагічнай школы. Чл. Польск. АН (1957), д-р навук (1906). Скончыў Цюрыхскі ун-т (Швейцарыя). З 1906 працаваў у Музеі этнаграфіі ў Берліне, у 1907—09 удзельнічаў у ням. цэнтральнаафр. экспедыцыі. З 1911 хавальнік Музея антрапалогіі і этнаграфіі пры Пецярбургскай АН. У 1913—41 праф., рэктар Львоўскага ун-та, у 1945 праф. Каталіцкага ун-та ў Любліне, у 1946—60 Пазнанскага ун-та. Асн. працы па антрапалагічным складзе Еўропы і Цэнтр. Афрыкі, антрапалогіі Польшчы і Усх. Прыбалтыкі, расавым аналізе, праблеме паходжання славян (лакалізаваў месца іх першапач. рассялення на тэр. сучаснай Польшчы).

т. 17, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНАСО́ШНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

у Расіі 14—17 ст. катэгорыя феадальна залежнага, але асабіста свабоднага сельскага насельніцтва, якое жыло на дзярж. («чорных») землях і эксплуатавалася непасрэдна дзяржавай. Кіравалі імі дзярж. чыноўнікі і выбарныя органы з саміх сялян. Ворыва і частка інш. угоддзяў знаходзіліся ў прыватна-долевым уладанні сял. сем’яў; пашы, лясы і рэкі — у абшчынна-валасным карыстанні. Ч.с. мелі больш эканам. свабоды, чым прыватнаўласніцкія, займаліся разнастайнымі промысламі (солеварэнне, рыбацтва, паляванне і інш.). Сістэматычная раздача маскоўскімі вял. князямі (потым царамі) населеных дзярж. зямель памешчыкам прывяла да значнага скарачэння колькасці Ч.с. У канцы 17 ст. іх заставалася каля 50 тыс. двароў, пераважна на Еўрап. Поўначы і ў Сібіры. У пач. 18 ст. Ч.с. ўвайшлі ў катэгорыю дзяржаўных сялян.

т. 17, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРО́ТНІЦЫ (Gallinula),

род птушак сям. пастушкоў атр. жураўлепадобных. 12 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды, пераважна ў тропіках Паўд. Амерыкі і Афрыкі. Жывуць у зарасніках вакол вадаёмаў. На Беларусі 1 від — Ч. звычайная (G. chloropus), нар. назвы вадзяная курка, вял. вадзяная курачка. 2 яе падвіды (гавайскі і гуамскі) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 35 см, маса да 450 г. Цела сціснутае з бакоў. Апярэнне шыферна-чорнае або зеленавата-сіняе, падхвосце белае. Характэрна невял. налобная бляшка — чырв., блакітная, жоўтая або зеленаватая. Дзюба кароткая, вострая. Ногі і пальцы доўгія. Нясуць 4—12 яец. Кормяцца пераважна расл. кормам, радзей насякомымі і іх лічынкамі і інш. Аб’екты палявання.

Чаротніца звычайная.

т. 17, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЖУРЧЖЭ́НІ, чжулічжэнь, нюйчжэнь, нюйчжы,

плямёны тунгуска-маньчжурскай моўнай групы, якія са старажытнасці насялялі ўсх. частку сучаснага Паўн.-Усх. Кітая (Маньчжурыі). У 10—11 ст. залежалі ад кіданяў. У пач. 12 ст. іх аб’яднаў правадыр Агуда, які ў 1114 узняў супраць кіданяў паўстанне. У выніку Ч. стварылі дзяржаву і дынастыю Цзінь, да сярэдзіны 12 ст. заваявалі Паўн. Кітай. У 1234 Цзінь знішчылі манголы (гл. Мангольскія заваяванні), а Ч. вярнуліся да племяннога ладу жыцця. У канцы 16 ст. хан Нурхацы [1582—1626] аб’яднаў Ч. ў адзіную дзяржаву. У 1636 хан Абахай [1626—43] даў ёй назву Цы, а Ч. сталі называцца маньчжурамі.

Літ.:

Воробьев М.В. Чжурчжэни и государство Цзинь (X в. — 1234): Ист. очерк. М., 1975.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́СЦІК Алег Уладзіміравіч (н. 20.10.1940, в. Клімаўка Гомельскага р-на),

бел. вучоны ў галіне аграэкалогіі. Д-р с.-г. н. (1992). Скончыў БСГА (1969). З 1970 у НДІ глебазнаўства і аграхіміі. З 1992 у Міжнар. экалагічным ун-це імя А.​Дз.​Сахарава (Мінск, у 1992—2000 заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні фізіка-хім. уласцівасцей эрадзіраваных глеб, захаванні і аднаўленні іх урадлівасці; па гарызант. міграцыі радыенуклідаў у аграэкасістэмах і інш.

Тв.:

Химические проблемы охраны окружающей среды. Мн., 2000 (разам з С.​М.​Мальчанкам);

Экология. 2 изд. Мн., 2001;

Распределение ​137Cs по «гранулометрическим» фракциям почв тридцатикилометровой зоны Чернобыльской АЭС (разам з С.​М.​Рудой, І.​І.​Матвіенкам) // Изв. вузов. Ядерная энергетика. 2002. № 3.

т. 17, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)