КАБЗА́Р,

украінскі нар. пясняр і музыкант, які акампануе сабе на кобзе (бандуры). Першыя звесткі пра К. (бандурыстаў) як музыкантаў з Украіны пры дварах польск. каралёў ёсць у польскіх хроніках 15—16 ст. Асабліва былі папулярныя ў Запарожскай Сечы, куды ўцякалі і бел. сяляне, якія пасля прыносілі дадому рэпертуар К., асабліва гіст. песні (напр., «Ой, Марозе, Маразеньку»), У сваіх творах К. выказвалі сац. спадзяванні прац. народа, заклікалі да барацьбы з прыгнятальнікамі. Бралі ўдзел у казацкіх вайск. паходах, бітвах, славілі ў сваіх думах, гіст., быт., жартоўных і сатыр. песнях герояў нар. барацьбы з захопнікамі. Росквіту мастацтва К. дасягнула ў 16—17 ст. Вядомымі гайдамацкімі К. (бандурыстамі) у 18 ст. былі Г.​Кабзар, Д.​Бандурка, В.​Варчанка, П.​Скрага. Вядомыя К. 19 ст.: А.​Шут, І.​Краўчанка-Крукоўскі, А.​Верасай, Ф.​Халодны, М.​Краўчанка і інш. Песні на сучасную тэматыку стваралі І.​Кучугура-Кучарэнка, Ф.​Кушнерык, П.​Носач, Я.​Моўчан, П.​Цішчанка і інш. У 1918 у Кіеве была створана Укр. маст. капэла кабзароў, у 1935 аб’яднаная з Палтаўскай капэлай бандурыстаў (пазней Дзярж. капэла бандурыстаў Украіны). К. выконвалі часам бел. нар. песні. У бел. традыцыі да К. блізкі гусляр.

Літ.:

Лавров Ф. Кобзарі. Київ, 1980;

Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972. С. 192—203;Лисенко М.В. Характеристика музичних особливостей українських дум і пісень у выконанні кобзаря Вересая. Київ, 1978; Кирдан Б.П., Омельченко А.Ф. Народні співці-музиканти на Україні. Київ, 1980.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЕ́РЫН (сапр. Зільбер) Веніямін Аляксандравіч

(19.4.1902, г. Пскоў, Расія — 2.5.1989),

рускі пісьменнік. Скончыў Ін-т усходніх моў (1923) і Ленінградскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1922. У пач. 1920-х г. уваходзіў у літ. групу «Серапіёнавы браты». Пісаў фантаст. апавяданні, дэтэктыўныя аповесці, аповесці аб рабоце вучоных. Складаныя і напружаныя сюжэты, маральна-псіхал. праблемы ў раманах «Спаўненне жаданняў» (кн. 1—2, 1934—36), «Два капітаны» (кн. 1—2, 1938—44, Дзярж. прэмія СССР 1946), трылогіі «Адкрытая кніга» (ч. 1—3, 1949—56). Аповесць «Сем пар нячыстых» (1962) пра вязняў аднаго з паўночных лагераў ГУЛАГа, пазбаўленых у першыя дні Вял. Айч. вайны права абараняць Радзіму. Аўтар кн. артыкулаў і мемуараў «Дзень добры, брат. Пісаць вельмі цяжка» (1965), кн. пра В.​І.​Сянкоўскага «Барон Брамбеус» (1929, 2-я рэд. 1966), аповесцей «Падвойны партрэт» (1966), «Школьны спектакль» (1968), «Малюнак» (1980), «Верлівока» (1982), «Загадка» (1984), раманаў «Перад люстэркам» (1971), «Двухгадзінная прагулка» (1978), «Навука расставання» (1983), кн. ўспамінаў «У старым доме» (1971), трылогіі «Асветленыя вокны» (1974—76). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі У.​Краўчанка, І.​Сакалоўскі, Л.​Салавей і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1963—66;

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1980—83;

Бел. пер. — Аблога палацу. Мн., 1930;

Наперадзе ўсіх. Мн., 1930;

Школа мужнасці: Алавяданні. Мн., 1952;

У кн.: Клятва юных. Мн., 1947;

Апавяданні ленінградскіх пісьменнікаў Мн., 1951;

Рускае савецкае апавяданне. Мн., 1988. Т. 1.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАМІ́ЙЦАВА (Таццяна Міхайлаўна) (2.8.1914, С.-Пецярбург — 28.3.1994),

бел. дырыжор. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1936). У 1937—39 дырыжор-асістэнт Дзярж. сімф. аркестра СССР. У 1944—46 і 1952—93 дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1946—52 — сімф. аркестра Бел. філармоніі. Творчасць К.-дырыжора адметная высокім прафесіяналізмам, тэмпераментам і артыстызмам, спалучэннем яснай закончанай формы з найтанчэйшай нюансіроўкай, глыбока прадуманай канцэпцыяй з эмацыянальнай раскаванасцю. Муз. кіраўнік пастановак опер і балетаў бел. кампазітараў: «Аповесць пра каханне» (1953) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.​Залатарова, «Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера (1958), «Алеся» Я Цікоцкага (1967), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969) і «Тыль Уленшпігель» (1974) Я.​Глебава; класічных і сучасных твораў рус. і замежных аўтараў — «Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1944), «Арлекінада» Р.​Дрыга (1945), «Фауст» Ш.​Гуно (1950), «Жызэль» А.​Адана (1953), «Фра-Д’ябала» Ф.​Абера (1955), «Пікавая дама» (1960, 1972), «Шчаўкунок» (1956) і «Лебядзінае возера» (1967) П.​Чайкоўскага, «Сцежкаю грому» К.​Караева (1960), «Кето і Катэ» В.​Далідзе (1962), «Заручыны ў манастыры» (1962) і «Папялушка» (1965) С.​Пракоф’ева, «Арэстэя» С.​Танеева (першая паст. на сав. сцэне) і «Рафаэль* А.​Арэнскага (абедзве 1963), «Трубадур» Дж.​Вердзі (1964), «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці (1965), «Багема» Дж.​Пучыні (1968), «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1973), «Лаэнгрын» Р.​Вагнера (1977), «Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха (1983) і інш.

Літ.:

Нісневіч І. Таццяна Каламійцава // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Глушакоў І. Бачыць музыку // Мастацтва Беларусі. 1984. № 8.

Г.​Р.​Куляшова.

Т.М.Каламійцава.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (КІМ),

міжнароднае аб’яднанне камуніст. маладзёжных арг-цый у 1919—43. Быў секцыяй Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). Засн. на 1-м устаноўчым кангрэсе ў Берліне па ініцыятыве Камінтэрна прадстаўнікамі левых маладзёжных арг-цый 13 краін (Расіі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Чэхаславакіі), якія раней уваходзілі пераважна ў Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі. Сярод іх былі прадстаўнікі камсамольскіх арг-цый Літвы і Беларусі. На апошнім, 6-м кангрэсе КІМ (1935) аб’ядноўваў 56 асобных арг-цый (секцый) з 52 краін (3773 тыс. чл., у т. л. 3500 тыс. чл. ВЛКСМ). Бел. камуніст. моладзь прадстаўлялі секцыі ВЛКСМ, а ў 1924—38 і Камуністычнага саюза моладзі Польшчы, у склад якога ўваходзіў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Меў на мэце аб’яднаць моладзь для барацьбы за эканам., паліт. і культ. правы моладзі, выхаванне яе ў духу марксізму-ленінізму, супраць пагрозы сусв. вайны і інш. З 1935 пал уплывам рашэнняў 7-га кангрэса Камінтэрна праводзіў тактыку яднання рабочай моладзі ў адзіным антыфаш. фронце, што дазволіла склікаць міжнар. кангрэсы моладзі ў Жэневе (1936) і ЗША (1938), далучыць да руху за мір каля 40 млн. маладых людзей розных краін. Вышэйшы орган — кангрэс (акрамя 1-га, усе адбыліся ў Маскве ў 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т (знаходзіўся ў Маскве), які выбіраў прэзідыум і сакратарыят. У сувязі з роспускам Камінтэрна Выканком КІМ прыняў рашэнне аб самароспуску.

Літ.:

Привалов В.В. Коммунистический интернационал молодежи: Страницы истории. 2 изд М., 1979.

т. 7, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. conservo захоўваю) у выяўленчым мастацтве і архітэктуры, сукупнасць мер, накіраваных на працяглае захаванне аблічча (першапачатковага або на момант К.), мех. трываласці і хім. інертнасці помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар. мастацтва, кніг, рукапісаў і інш.). Непасрэдна звязана з рэстаўрацыяй. У музеях, б-ках, архівах і інш. дзякуючы рэжыму ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра прадметам забяспечваюцца аптымальныя ўмовы захавання (пастаянная тэмпература, вільготнасць, састаў паветра, ахова ад уздзеяння прамога святла, пылу, шкодных рэчываў, насякомых і інш.). Пры спец. рэжыме захоўвання ў музеях выкарыстоўваюць вітрыны з фільтрамі для ачысткі паветра, акантоўку пад шкло для экспанавання, укладанне ў паспарту і захаванне ў адмысловых папках і шафах, апрацоўку спец. сродкамі. Пры К. арх. збудаванняў і помнікаў манум. мастацтва ўмацоўваюць грунт, сцены, скляпенні, узводзяць агароджы, навесы, ахоўныя павільёны. Драўляныя пабудовы прамочваюць бясколернымі воданепрымальнымі сінт. злучэннямі.

Адрозніваюць 2 віды К. помнікаў: часовую (забяспечвае захаванне ў некранутым выглядзе і дае магчымасць даследаваць помнік, вывучаць прычыны яго разбурэння) і пастаянную (прадугледжвае стварэнне ўмоў для працяглага яго захавання і экспанавання). Пастаянная К. цалкам або часткова праводзіцца разам з рэстаўрацыйнымі работамі. Распрацоўку метадаў К. ажыццяўляюць спец лабараторыі і рэстаўрац. майстэрні, на Беларусі — Камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў Мін-ва культуры і друку.

На Беларусі К. помнікаў праводзяць з канца 19 ст. (Барысаглебская царква 12 ст. ў Гродне, у 1898 і 1910).

Літ.:

Marconi B. O sztuce konserwacji. Warszawa, 1982;

Ślesiński W. Konserwacja zabytków sztuki. Warszawa, 1989.

В.​В.​Калнін, І.​Л.​Чэбан.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФУ́ЦЫЙ, Кун-цзы (каля 551 да н. э., цяпер г. Цюйфу правінцыі Шаньдун, Кітай — 479 да н. э.),

старажытнакітайскі мысліцель, заснавальнік канфуцыянства. Паходзіў са збяднелага знатнага роду. Каля 530 да н. э. пачаў актыўную настаўніцкую дзейнасць, каля 510 запрошаны да двара правіцеля Лу. У 502—497 займаў шэраг дзярж. пасад, у т. л. найвыш. суддзі царства Лу. Прымушаны да адстаўкі, 14 гадоў вандраваў амаль па ўсіх тагачасных кіт. царствах. У 484 вярнуўся і прысвяціў сябе заняткам з вучнямі, рэдагаванню помнікаў стараж.-кіт. пісьменства, збіранню нар. і прыдворнай паэзіі, апрацоўцы хронікі царства Лу. Дзейнасць К. супала з перыядам заняпаду ўлады дынастыі Чжоў і распаду традыц. грамадскіх сувязей. Імкненне да аднаўлення парушанага грамадскага ладу лягло ў аснову яго маральнага і сац. вучэння, у якім ён ідэалізаваў раннефеад. мінулае часоў панавання першых уладароў з дынастыі Зах. Чжоў. К. прыпісваюць рэдагаванне або аўтарства (частковае) Пяцікніжжа канфуцыянскага канона («Кніга перамен», «Кніга песень», «Кніга дакументаў», «Запіскі пра звычаі», «Вёсны і восені» — хроніка царства Лу). Асн. погляды К. выкладзены ў кн.: «Гутаркі і меркаванні» (напісана яго вучнямі і паслядоўнікамі), «Вялікае вучэнне» і «Дактрына сярэдзіны» (апрацаваны ўнукам К.), у трактаце «Мэн-цзы», напісаным яго паслядоўнікам Мэн-цзы. Гэтыя кнігі разам складаюць Чатырохкніжжа канфуцыянскага канона.

Літ.:

Семененко И.И. Афоризмы Конфуция. М., 1987;

Переломов Л.С. Конфуций: жизнь, учение, судьба. М., 1993;

Зороастр. Будда. Конфуций. Магомет. Киев, 1991;

Будда Шакьямуни. Конфуций. Мухаммед. Франциск Ассизский: Биогр. повествования. Челябинск, 1995.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́СТА (Brassica),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Найважнейшыя віды К. вырошчваюць ва ўсім свеце (культывуюць з ранняга неаліту). На Беларусі 6 відаў: К. агародная (B. oleracea), бручка, гарчыца, рапс, рэпа, свірэпіца.

К. агародная вызначаецца незвычайнай марфал. зменлівасцю, мае мноства разнавіднасцей і форм. Найб. вядомыя ў культуры: К. белакачанная — лісце качана буйное, простае, лірападобнае або суцэльнае, светла- або інтэнсіўна-зялёнае з фіялетавым адценнем. У лісцях К. чырвонакачаннай ёсць пігмент антацыян. Савойская К. мае рыхлы качан з пухіравата-маршчакаватага лісця. Брусельская К. ўтварае сцябло выш. да 1 м, у пазухах лісця развіваюцца дробныя качанчыкі. Лісцевая К. мае тоўстае сцябло да 1,5 м выш. з буйным мясістым лірападобным або суцэльным лісцем. У кальрабі клубнепадобна патоўшчанае сцябло (сцеблаплод); лісце чаранковае, перыста-лопасцевае або лірападобнае. Пекінская К. мае разетку буйнога (да 60 см даўж.) лісця, сабранага ў рыхлы качан. Цвятная К. ўтварае цыліндрычнае сцябло выш. да 70 см, на якім шматлікія зрослыя кветаносныя парасткі. Усе К. — святлалюбныя і холадаўстойлівыя. Верагодны зыходны від — К. дзікая (B. sylvestris). Амаль усе К. (акрамя цвятной і пекінскай) — двухгадовыя расліны. У 1-ы год фарміруюць вегетатыўныя органы (качан, разетку лісця, сцеблаплод), на 2-і — цвітуць і даюць насенне. Агароднінная, кармавая і алейная расліна.

Літ.:

Чулкова Е.И., Переднев В.П., Городилов Н.А. Капуста. Мн., 1973;

Советы огородникам. 2 изд., Мн., 1989.

У.​П.​Пярэднеў.

Капуста: 1 — кармавая; 2 — пекінская; 3 — кальрабі; 4 — брусельская; 5 — белакачанная; 6 — цвятная; 7 — чырвонакачанная.

т. 8, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЁЎ (Сяргей Паўлавіч) (12.1.1907, г. Жытомір, Украіна — 14.1.1966),

савецкі вучоны і канструктар у галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. 1953). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1961). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1930) і адначасова Маскоўскую школу лётчыкаў. З 1927 працаваў у авіяц. прам-сці. Адзін з арганізатараў, з 1932 нач. Групы вывучэння рэактыўнага руху, дзе ствараліся першыя сав. вадкасныя ракеты і праводзіліся іх выпрабаванні. З 1933 нам. дырэктара Рэактыўнага НДІ, з 1934 кіраўнік аддзела ракетных лятальных апаратаў. У 1942—46 нам. гал. канструктара па рэактыўных устаноўках для баявых самалётаў. Канструктар першых сав. шматступеньчатых балістычных ракет і ракетна-касм. сістэм, з дапамогай якіх запушчаны першы ў свеце ШСЗ, аўтам. міжпланетныя станцыі «Месяц», «Венера», «Марс», «Зонд». Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны і запушчаны арбітальныя касм. караблі «Усход» і «Узыход», ажыццёўлены першы ў свеце касм. палёт чалавека (12.4.1961, Ю.​А.​Гагарын) і выхад чалавека ў космас (18.3.1965, А.​А.​Лявонаў), вывад на арбіту спадарожнікаў рознага прызначэння ( «Электрон», «Маланка-1», «Космас», «Зонд» і інш.). Рэпрэсіраваны ў 1938—44; знаходзіўся ў зняволенні на Калыме (1938-40); потым працаваў у КБ у Маскве (1940—42) і Казані (1942—44). Ленінская прэмія 1957. Імем К. названа буйное ўтварэнне (таласоід) на адваротным баку Месяца.

Тв.:

Творческое наследие академика С.П. Королева: Избр. тр. и док. М., 1980.

Літ.:

Голованов Я К. Королев: Хроника. Кн. 1. М., 1973. Яго ж. Королев: Факты и мифы. М., 1994.

С.П.Каралёў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАМА́ЗАЎ (Віктар Філімонавіч) (н. 27.6.1934, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у раённых газетах. З 1964 у газ. «Звязда», з 1969 у «Літаратуры і мастацтве». З 1971 заг. аддзела маст. фільмаў Бел. дзярж. к-та па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1982—86 літкансультант СП Беларусі. Друкуецца з 1957. Першы зб. апавяданняў «Падранак» (1968). У зб-ках «Па талым снезе» (1973), «Спіраль» (1974) сцвярджае дабрыню, духоўную годнасць чалавека. У эпічным, лірыка-публіцыстычным рамане «Пушча» (1978, экранізаваны ў 1988) на прыкладзе Ліменскай пушчы на Чэрыкаўшчыне маст. сродкамі паказаў бядотны лёс лясоў на Беларусі. Аповесць «Дзень Барыса і Глеба» (1980) пра сучасную вёску. Падзеям Вял. Айч. вайны прысвечаны раман «Бежанцы» (1990). Аповесць «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991) пра мастака В.​Бялыніцкага-Бірулю. У аповесці «Краем Белага шляху» (1992) тэма чарнобыльскай трагедыі. Аўтар нарысаў (зб. «Вясёлка сярод зімы», 1978), сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў. За кнігу публіцыстычнай прозы і эсэ «Проста ўспомніў я цябе...» (1989) Дзярж. прэмія Беларусі імя К.​Каліноўскага 1990.

Тв.:

Дома: Аповесці, апавяданні. Мн., 1984;

Дзяльба кабанчыка: Выбранае. Мн., 1988;

Глядзіце ў вочы лемуру. Мн., 1989;

Аброчны крыж. Мн., 1994. Выбр. тв. Т. 1. Мн., 1997.

Літ.:

Навуменка І. Кніга адкрывае свет. Мн., 1978. С. 216—219;

Дзюбайла П.К. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982. С. 33—46;

Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн.,1984. С. 45—51.

А.​П.​Траяноўскі.

В.Ф.Карамазаў.

т. 8, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЦКІЯ ШПАЛЕ́РЫ,

вырабы ткацкай мануфактуры Радзівілаў у г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл. ў 2-й пал. 17—1-й пал. 19 ст. Ткалі шпалеры пераважна жонкі прыдворных па кардонах прыдворных мастакоў К.Д. і Ю.​К.​Гескіх, Скажыцкага, Андрэя і Канстанціна (прозвішчы не вядомы). Сюжэты і кампазіцыі пераносілі з карцін А. ван Вестэрфельда, Дэль Бенэ, дэ Воза і інш. Мануфактура дасягнула росквіту ў сярэдзіне 18 ст. Найб. вядома серыя высокамаст. шпалер, выкананых паводле загаду (1752) М.​К.​Радзівіла Рыбанькі для ўслаўлення свайго роду: «Мікалай Радзівіл Чорны ў 1560 годзе прымае ад імя караля Жыгімонта Аўгуста пашану ад цэсарскіх паслоў», «Прысяга на вернасць каралю Жыгімонту Аўгусту і яго шлюб з Барбарай Радзівіл», «Наданне тытула князя Свяшчэннай Рымскай імперыі Мікалаю Радзівілу Чорнаму імператарам Карлам V у 1547 годзе», «Каранацыя Барбары Радзівіл», «Пацвярджэнне княжацкага тытула Радзівілаў на сейме ў Петрыкаве», «Бітва князя Януша Радзівіла пад Кіевам», «Баталія з Турцыяй пад Хоцімам Міхаіла Казіміра, польнага гетмана», «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам», «Агляд войск пад Заблудавам», «Узяцце ў палон Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе». Былі вытканы партрэты Радзівілаў: Януша, Крыштофа і інш. К.ш. вызначаліся мяккімі колеравымі спалучэннямі і высокай тэхнікай выканання, даволі вял. памерамі (349 × 329 см і падобныя). На некат. выяўлены меткі — прозвішчы ткачых Настассі Маркевіч і Марыі Кулакоўскай. Упрыгожвалі парадныя залы Нясвіжскага палаца.

Літ.:

Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.

Дз.​С.​Трызна.

Да арт. Карэліцкія шпалеры. Фрагмент шпалеры «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам». 2-я пал. 18 ст.

т. 8, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)