ПРЫВІЛЕ́І (лац. privilegium ад privus асаблівы + lex закон),
заканадаўчыя акты ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.феад. дзяржавах, якімі вял. князі ці каралі давалі або пацвярджалі асаблівыя правы пануючага класа, саслоўя, пэўных сац. або этнічна-рэліг. груп, асоб. У гісторыка-прававой л-ры вылучаюць П. льготныя, даравальныя і ахоўныя. У ВКЛ былі таксама агульназемскія прывілеі (пашыраліся на ўсіх феадалаў), абласныя прывілеі, гарадскія, валасныя (на насельніцтва асобных тэрыторый). Першы агульназемскі П. — Прывілей 1387. Важнае канстытуцыйнае значэнне мелі Прывілей 1447, Прывілей 1492. Самыя стараж. абласныя П. — Полацкі і Віцебскі (прыкладна 1392—99, гл.Полацкія прывілеі, Віцебскія прывілеі). З ростам і ўмацаваннем гарадоў пачалі выдавацца П. асобным гарадам (гл.Магдэбургскае права). Вядомы П. канфесіям, яўрэям, татарам. Да выдання Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588 — асн. крыніца пісанага права на тэр. Беларусі, многія П. мелі юрыд. значэнне на працягу некалькіх стагоддзяў. Пра найб. значныя П. гл. асобныя артыкулы.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1506,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Жыгімонтам I Старым у Гродне 7.12.1506 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Складаецца з 7 артыкулаў. П. пацвердзіў «усе правы, вольнасці і граматы», выдадзеныя цэрквам, духоўным і свецкім феадалам, «гарадам, мяшчанам, жыхарам і наогул асобам усіх саслоўяў і стану». Такім чынам, былі замацаваны юрыд. нормы, запісаныя ў прывілеях асобным землям (княствам), валасцям і гарадам ВКЛ. П. 1506 пацвердзіў асн. палажэнні Прывілея 1492. Новым быў запіс аб праве падданых падаваць чалабітныя і скаргі на дзеянні адміністрацыі. Падкрэслівалася, што абранне вял. князя адбылося са згоды ўсіх падданых і жыхароў дзяржавы, хоць яно праводзілася на з’ездзе (сойме) баяр. П. адрасаваны ўсяму насельніцтву ВКЛ. Напісаны на лац. мове. Выданнем П. 1506 завяршыўся этап развіцця бел.дзярж. права ў выглядзе прывілеяў. Наступныя агульнадзярж. прывілеі 1529, 1547 і 1551 толькі паўтаралі і пацвярджалі палажэнні папярэдніх. На новым этапе развіцця бел. права адбывалася кадыфікацыя юрыд. норм у выглядзе Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́К (дзявочае Родзька) Галіна
(24.5.1930, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 14.9.2000),
мастачка, мастацтвазнаўца, грамадскі дзеяч бел. дыяспары ў ЗША, удзельніца агульнаамер. руху за правы жанчын. Праф. (1993). З 1949 жыла ў ЗША. Скончыла Ратгерскі ун-т (штат Нью-Джэрсі) са ступенямі магістра бібліятэчных навук (1956) і магістра гісторыі мастацтва (1976). Працавала дырэктарам маст. б-кі гэтага ун-та. Удзельніца маст. выставак з 1969; творы экспанаваліся ў ЗША, Канадзе, Беларусі (1992, адзіная персанальная выстаўка на радзіме). Малявала ў манеры імпрэсіянізму сродкамі жывапісу і графікі пейзажы («Курган», «Папараць—кветка шчасця», «Буслы ў палёце» і інш., 1970—80-я г.), творы, якія адлюстроўваюць постаці і падзеі бел. гісторыі, паданні і легенды, катастрофу на Чарнобыльскай АЭС («Ефрасіння Полацкая», «Пагоня», «Чужанецкія крумкачы», «Голас продкаў», «Неспрыяльныя вятры», 1990-я г.). Уваходзіла ў склад кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў. Аўтар навук. публікацый пра мастацтва жанчын, ахову гіст. спадчыны Беларусі, па гісторыі бел. архітэктуры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЎВАЕНСАВЕ́ТЫ, Рэвалюцыйныя ваенныя саветы (РВС),
вышэйшыя калегіяльныя органы ваен. улады і паліт. кіраўніцтва ў франтах, арміях, флатах і флатыліях у Сав. Расіі ў 1918—21 (на Д. Усходзе да ліст. 1922, у Сібіры да студз. 1923, на Зах. фронце да крас. 1924, у Сярэдняй Азіі да чэрв. 1926). Упершыню створаны на Усх. фронце паводле пастановы СНК ад 13.6.1918 у складзе каманд. фронтам і 2 камісараў. Прызначаліся з мэтай арганізацыі ваен. дзеянняў, кіраўніцтва, падрыхтоўкі і забеспячэння войск, парт.-паліт. і культ.-выхаваўчай работы. Мелі правы органаў сав. улады на тэр. дыслакацыі дадзенага аб’яднання; праводзіць мабілізацыю людскіх і матэрыяльных рэсурсаў на патрэбы фронту, забяспечваць рэв. парадак; у выпадку неабходнасці маглі ўмешвацца і адмяняць распараджэнні камандуючага і нават адлучаць яго ад пасады, аб чым павінны былі неадкладна рапартаваць вышэйстаячаму РВС. Непасрэдна РВС падпарадкоўваліся: штаб, рэв.ваен. трыбунал, палітаддзел, ваен. кантроль, нач. забеспячэння, нач. санітарнай службы і кіраўніцтва інспектараў родаў войск.
адзін з кіраўнікоў Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Удзельнік і кіраўнік барацьбы сялян раёна Куаутлы за сваю зямлю супраць латыфундыстаў. З пач. рэвалюцыі выступіў на баку Ф.І.Мадэра супраць дыктатуры П.Дыяса, стварыў сял. армію, якая дзейнічала на Пд ад г. Мехіка. Калі Мадэра выявіў няздольнасць вырашыць агр. пытанне, С. прапанаваў сваю агр. праграму (т.зв. «план Аяла»), якая прадугледжвала канфіскацыю зямель латыфундыстаў і іх размеркаванне сярод беззямельных сялян. У 1913—14 на чале Вызваленчай арміі Поўдня змагаўся супраць дыктатуры В.Уэрты. Пасля таго як Уэрта быў скінуты (ліп. 1914), сумесна з Ф.Вілья выступіў супраць прэзідэнта В.Карансы, які марудзіў з вырашэннем зямельнага пытання. Іх атрады занялі г. Мехіка (снеж. 1914 — студз. 1915), але былі вымушаны пакінуць яго. Забіты адным з паплечнікаў. Імя С. носіць леварадыкальны паўстанцкі рух у мексіканскім штаце Ч’япас, які з сярэдзіны 1990-х г. вядзе ўзбр. барацьбу за правы індзейцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САР’Я́НКА,
рака ў Латвіі і Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 87 км, пл. вадазбору 1000 км² (у межах Беларусі адпаведна 38 км і 800 км²). Выцякае з воз. Броджайс у Латвіі, вусце за 1 км на ПдУ ад в. Вусце. Цячэ ў межах Латгальскага ўзв. і паўн.-зах. часткі Полацкай нізіны. Асн. прытокі: Сарыя, Чаўшыца, Асуніца (справа), Мальніца, Тур’я (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 200—350 м. Схілы ўмерана стромкія, выш. 10—15 м, парэзаныя ярамі. Пойма перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах, шыр. 150—200 м, у разводдзе затапляецца на глыб. да 1 м, у высокае разводдзе — да 1,5—2,5 м. Рэчышча звілістае і малазвілістае, неразгалінаванае, шыр. 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэнні, 15—25 м — у ніжнім. Берагі стромкія і абрывістыя. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,4 м³/с. Рака — водапрыёмнік меліярац. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТА́Я ВО́ЛЯ,
вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Івацэвічы—Целяханы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 169 км ад Брэста. 567 ж., 270 двароў (2001). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Крыжаўзвіжанская царква (1992). Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Вядома з 17 ст. як вёска ў Пінскім пав.; належала Дольскім, Вішнявецкім, Агінскім. 23.11.1724 кароль Аўгуст II надаў вёсцы правы мястэчка. З 1793 у складзе Рас. імперыі, мястэчка Пінскага пав. Мінскай губ. У 1886 цэнтр воласці, 448 ж., 44 двары, школа, царква. У 1920—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Косаўскага пав. Палескага ваяв., 615 ж. (1921). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Целяханскім р-не Пінскай, з 1954 — Брэсцкай вобл., у 1959—62 і з 1965 у Івацэвіцкім р-не, у 1962—65 у Бярозаўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯЧА́НКА, Свяча,
рака ў Сенненскім, Чашніцкім і Бешанковіцкім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р.Ула (бас.р.Зах. Дзвіна). Даўж. 84 км. Пл. вадазбору 551 км². Выцякае з воз.Вял. Святое (Сенненскі раён) за 1,6 км на У ад в. Замошша, вусце за 1,8 км на З ад в. Броды Бешанковіцкага р-на. Прытокі: р. Свінка (злева), невялікія ручаі і меліярацыйныя каналы. Цячэ праз азёры Хотлінскае, Маеўскае, Сцержань (да ўпадзення ў гэтае возера рака наз. Свяча), Слабадское; ручаямі злучана з воз. Рыбакоўскае. Даліна амаль на ўсім працягу трапецападобная, каля вытоку і воз. Сцержань V-падобная; пераважная шыр. 200—400 м, каля азёр, праз якія цячэ С., пашыраецца да 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. 100—300 м, каля в. Вярхоўе і Броды Бешанковіцкага р-на адсутнічае; на вял. працягу забалочаная і парэзаная меліярац. каналамі. Рэчышча ад вытоку на працягу 10,6 км каналізаванае. Пераважная шыр. рэчышча 5—10 м, у ніжнім цячэнні да 15 м.