ПАЛУБЕ́С (сапр.Іванаў) Сцяпан, цаніннік 2-й пал. 17 ст. Выхадзец з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Майстар паліхромных маёлікавых рэльефаў. З 1654 (?) працаваў у Маскве ў кн. Трубяцкога, у 1660—66 аздабляў Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры. З 1666 майстар Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля. Аўтар кафляных фрызаў царквы Грыгорыя Неакесарыйскага (да 1672) і Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве (да 1674, паводле інш. крыніц 1671—79; абодва з І.Максімавым), маёлікавай аздобы «Церамка» над брамай Круціцкага падвор’я (1693—94). Мяркуюць, што ўдзельнічаў у аздабленні Церамнога палаца, царквы Спаса за залатой рашоткай і Аптэкарскага прыказа ў Крамлі. Найб. значны твор — маёлікавыя рэльефы апосталаў для царквы Успення ў Ганчарах (1691). Іл.гл. ў арт.Кераміка.
С.Палубес і І.Максімаў. Фрагмент дэкору Пакроўскага сабора ў Ізмайлаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ БАЯ́РЫ, панцырныя паны—баяры,
ваеннаслужылыя людзі ў ВКЛ у 1-й пал. 15—18 ст. Рэкрутаваліся з зямян, сельскіх мяшчан і вольных людзей, якія атрымлівалі ад вял. князя за службу зямлю (у асноўным на Віцебскім, Полацкім і Смаленскім памежжы). На ўмовах бясплатнага карыстання зямлёй і інш. правамі неслі вайсковую службу (памежную варту), падпарадкоўваліся ўраду мясц. замка. Мелі прывілеі: судзіць іх мог толькі суд; захоўвалі маёнткі, падараваныя папярэднімі каралямі; забаранялася браць у П.б. падводы, коней і выкарыстоўваць на інш. службе, акрамя ваеннай; дазвалялася займацца рамёствамі, промысламі і гандлем нароўні з купцамі і мяшчанамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Сенат Рас. імперыі ў 1780 залічыў П.б. у разрад сялян дварцовай канцылярыі і пакінуў за імі ўсе землі і льготы казакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРФО́РМАНС, перфоманс (ад англ. performanse выступленне, выкананне, прадстаўленне),
форма сучаснага мастацтва, у аснове якога знаходзіцца дзеянне. У адрозненне ад хэпенінга будуецца па разлічанаму сцэнарыю, аўтарам і выканальнікам якога з’яўляецца сам мастак або група мастакоў. П. можа ажыццяўляцца як непасрэдна перад гледачом, так і ў выглядзе відэа- або кіназапісу. Узнік у авангардысцкіх кірунках 1960-х г. У 1970-я г. пашырыў межы выяўленчага мастацтва. Дазваляе мастакам вобразна рэагаваць на актуальныя сац. ці культ. праблемы, уключаць рэальную прастору ў працэс фарміравання вобразных задум, непасрэдна ўздзейнічаць на свядомасць і паводзіны гледача, часта як састаўны элемент акцыі. На Беларусі П. вядомы з 2-й пал. 1970-х г., сярод бел. перформераў найб. вядомыя А.Вараб’ёў, І.Кашкурэвіч, В.Пятроў, Л.Русава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАМО́ВА РУСІ́НА»
(«Concio Ruthena»),
бел. ананімны сатырычны твор 1-й пал. 18 ст.антырэліг. накіраванасці. Уваходзіла ў рукапісны зборнік твораў на бел., лац. і польскай мовах (нап. 1711—41). Напісана лацінкай на бел. гутарковай мове. У аснове твора апавяданне пра будову Сусвету, які ўяўляецца аўтару ў выглядзе жорнаў, дзе бог «перамолвае» людзей. У «Прамове» крытыкуюцца тагачасная рэчаіснасць, несправядлівы падзел матэрыяльных даброт, выкрываюцца рэліг. догмы і вера ў боскую справядлівасць. У творы адчуваецца рэліг. вальнадумства, выкарыстана барочная алегорыя. Належыць, відаць, аўтару «Другой прамовы Русіна аб нараджэнні Хрыста».
Публ.: Прамова Русіна... // Полымя. 1965. №9.
Літ.:
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн.,1968;
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАНЧЫ́НСКІ Мацей, танцоўшчык і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Нарадзіўся ў г. Беласток (Польшча). Вучань А.Пуціні. У 1765—72 танцоўшчык прыдворнага т-ра гетмана Браніцкага ў Беластоку, у 1774—76 у Варшаўскім т-ры балета. Як балетмайстар пераклаў для Варшаўскай сцэны балеты «Дыяна і Эндыміён», «Сідней і Сілы», «Паляванне Генрыха IV». У 1777 выступаў у Слонімскім тэатры Агінскага. У 1780—85 танцоўшчык і балетмайстар прыдворных т-раў Сапегаў у Ружанах (у 1784 паставіў балет «Літасцівасць Ціта») і Дзярэчыне. У 1794—95 дырэктар трупы ў Вільні. У 1795—98 выступаў у прыдворным Шклоўскім тэатры Зорыча.
Літ.:
Барышаў Г.І. Маёнткавыя прыгонныя тэатры // Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да кастрычніка 1917 г.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ГА (стараж.-сканд. saga ад segia казаць, гаварыць),
старажытна-ісландскія празаічныя апавяданні. Захаваліся ў запісах 2-й пал. 12—14 ст. Адрозніваюць 3 віды С. Найб. своеасаблівыя з іх т.зв. родавыя С., ці «сагі аб ісландцах». Для іх характэрны гіст. і быт. рэалізм, эпічная прастата, глыбокі псіхалагізм. Асн. сюжэт — родавыя разлады. Аўтарства гэтых С. не выяўлена. Захаваліся С. пра каралёў Нарвегіі, сярод іх аўтараў — С.Стурлусан і С.Тордарсан. Крыніцамі для іх паслужылі легенды, паэзія скальдаў, апавяданні сведкаў падзей, дакументы. С. пра епіскапаў, правадыроў Ісландыі падобны да хронік і напісаны сведкамі тагачасных падзей. У іх заўважаюцца рэліг.-маралістычныя тэндэнцыі. Рыцарскімі С. наз. празаічныя пераклады рыцарскіх раманаў. Слова «С.» выкарыстоўваецца таксама ў бел. і рус. перакладзе ў дачыненні да ірл. эпасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМО́КІШ (Мікалай Сямёнавіч) (25.10.1860, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 18.1.1944),
расійскі жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Расіі (1937). Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1913). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1879—85; яе пенсіянер у Парыжы ў 1886—89), выкладаў у ёй з 1912 (у 1913—18 праф., кіраўнік батальнага класа). З 1923 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Развіваў традыцыі рус. батальнага жывапісу 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.: «Бой Максіма Крываноса з Іераміяй Вішнявецкім» (1934), «Пераход Чырвонай Арміі праз Сіваш» (1935) і інш. На бел. тэматыку напісаў карціну «Подзвіг салдат Раеўскага пад Салтанаўкай». Працаваў таксама ў галіне анімалістычнага жанру і кніжнай графікі. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Літ.:
Ткаченко В.Я. Н.С.Самокиш: Жизнь и творчество, 1860—1944. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ХАСЭ́ (San José),
горад, сталіца Коста-Рыкі. Знаходзіцца на міжгорным вулканічным плато на выш. каля 1100 м, паблізу дзеючых вулканаў Ірасу і Поас. Каля 1,3 млн.ж. з прыгарадамі (2000). На Панамерыканскай шашы, вузел аўтадарог, чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Паліт., культ. і прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., металаапр., гарбарна-абутковая, тэкст., тытунёвая. 2 ун-ты. Акадэмія гісторыі і мовы. Нац.тэатр. Музеі: Нац., Туземны. Арх. помнікі калан. перыяду. Частыя землетрасенні.
Засн. ў 1738 іспанцамі. У 1755 сюды прымусова перасялілі жыхароў далін Асеры і Эрэдыя. У 1813 атрымаў гар. правы. У 2-й пал. 18 ст. ў сувязі з ростам плантацый тытуню стаў цэнтрам тытунёвай вытв-сці. З 1823 сталіца Коста-Рыкі (разам з г. Картага, амаль поўнасцю разбураным вывяржэннем вулкана Ірасу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКА́М (Secam, скар. ад Sequential Couleur Avec Memoire паслядоўная перадача колераў з запамінаннем),
сістэма каляровага тэлебачання з пачарговай (праз радок) перадачай 2 колерарознасных сігналаў пры неперарыўнай перадачы сігналу яркасці. Асаблівасці — магчыма перадача сігналаў на вял. адлегласці пры малым узроўні колеравых скажэнняў, неадчувальнасць да фазавых скажэнняў. Прапанавана франц. інжынерам А. дэ Франсам (1954), для вяшчання прынята ў 1967.
Абодва колерарознасныя сігналы перадаюцца на дапаможных паднясучых частотах, трэці сігнал колернасці (зялёны) фарміруецца ў тэлевізійным прыёмніку прапарцыянальным складаннем (у спец. матрычным прыстасаванні) частак першых двух сігналаў. Для яго фарміравання прыёмнік мае лінію затрымкі на працягласць перадачы аднаго радка (64 мс) з мэтай адначасовага паступлення сігналаў у матрычнае прыстасаванне. Прынята ў 56 краінах, мае 7 версій (1990). Гл. таксама НТСЦ, ПАЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМКАВА,
вёска ў Папярнянскім с/с Мінскага р-на, на паўн.-ўсх. беразе Заслаўскага вадасховішча. Цэнтр саўгаса. За 16 км на ПнЗ ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Беларусь. 1461 ж., 482 двары (2001). Прадпрыемства па вытв-сці дзіцячых цацак «Метэор». Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (2-я пал. 18 ст.).
Вядома з 1567 як сяло, уласнасць Станіслававічаў, Саламярэцкіх, Рэкуцяў, Хмараў. У 1800 пры панскім двары на правым беразе Вячы мост, грэбля, млын, мураваны панскі дом, драўляная каталіцкая капліца, на левым беразе ракі — цагельны з-д. У 1897 у вёсцы 419 ж., 67 двароў, хлебазапасны магазін, карчма, у маёнтку 92 ж., 8 двароў. У 1917 у вёсцы 489 ж., у маёнтку — 115 жыхароў.