ВЕНЗАВЕ́Ц,

вёска ў Беларусі, у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на ПдЗ ад г.п. Дзятлава, 172 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня, на шашы Слонім—Ліда. 588 ж., 215 двароў (1995).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. У 16—17 ст. маёнтак Вензавец належаў кн. Ф.І.Заслаўскаму, Г.Сіняўскаму, Сапегам, Палубенскім. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка. У 18 ст. ў Слонімскім пав. Наваградскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі, у Дзятлаўскай вол. Слонімскага пав. У 1885 у Вензаўцы 718 ж., царква, школа, праводзіліся кірмашы. З 1921 у складзе Польшчы, у Дзятлаўскай гміне Слонімскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у Юравіцкім с/с Дзятлаўскага р-на Баранавіцкай вобл. У 1962—65 у Слонімскім р-не. З 1973 цэнтр сельсавета. У 1970 — 485 жыхароў.

Вензавецкае лясніцтва, лесацэх Дзятлаўскага лясніцтва, сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «Белхольц». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (19 ст.).

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)