ДЗІДРО́ (Diderot) Дэні (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),
французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп. формы праўлення.
У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтва гал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.В.Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФУ́ЦЫЙ, Кун-цзы (каля 551 да н. э., цяпер г. Цюйфу правінцыі Шаньдун, Кітай — 479 да н. э.),
старажытнакітайскі мысліцель, заснавальнікканфуцыянства. Паходзіў са збяднелага знатнага роду. Каля 530 да н. э. пачаў актыўную настаўніцкую дзейнасць, каля 510 запрошаны да двара правіцеля Лу. У 502—497 займаў шэраг дзярж. пасад, у т. л.найвыш. суддзі царства Лу. Прымушаны да адстаўкі, 14 гадоў вандраваў амаль па ўсіх тагачасных кіт. царствах. У 484 вярнуўся і прысвяціў сябе заняткам з вучнямі, рэдагаванню помнікаў стараж.-кіт. пісьменства, збіранню нар. і прыдворнай паэзіі, апрацоўцы хронікі царства Лу. Дзейнасць К. супала з перыядам заняпаду ўлады дынастыі Чжоў і распаду традыц. грамадскіх сувязей. Імкненне да аднаўлення парушанага грамадскага ладу лягло ў аснову яго маральнага і сац. вучэння, у якім ён ідэалізаваў раннефеад. мінулае часоў панавання першых уладароў з дынастыі Зах. Чжоў. К. прыпісваюць рэдагаванне або аўтарства (частковае) Пяцікніжжа канфуцыянскага канона («Кніга перамен», «Кніга песень», «Кніга дакументаў», «Запіскі пра звычаі», «Вёсны і восені» — хроніка царства Лу). Асн. погляды К. выкладзены ў кн.: «Гутаркі і меркаванні» (напісана яго вучнямі і паслядоўнікамі), «Вялікае вучэнне» і «Дактрына сярэдзіны» (апрацаваны ўнукам К.), у трактаце «Мэн-цзы», напісаным яго паслядоўнікам Мэн-цзы. Гэтыя кнігі разам складаюць Чатырохкніжжа канфуцыянскага канона.
Літ.:
Семененко И.И. Афоризмы Конфуция. М., 1987;
Переломов Л.С. Конфуций: жизнь, учение, судьба. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРБЭ́ (Courbet) Жан Дэзірэ Гюстаў (10.6.1819, г. Арнан, Францыя — 31.12.1877),
французскі жывапісец; заснавальнікрэалізму. З 1837 вучыўся ў рысавальнай школе Ш.А.Флажуло ў Безансоне, з 1839 у прыватных атэлье ў Парыжы. Зазнаў уплывы ісп. і галандскага жывапісу 17 ст. У ранні перыяд творчасці блізкі да рамантызму: «Лот з дочкамі», «Вальпургіева ноч» (абодва 1841), «Аўтапартрэт з чорным сабакам» (1842), «Закаханыя ў вёсцы» (1844) і інш. Пасля паездкі ў Галандыю ў 1846 супрацьпаставіў рамантызму і акад. класіцызму мастацтва новага тыпу, якое сцвярджала матэрыяльную каштоўнасць свету і адвяргала маст. каштоўнасць таго, што нельга ўвасобіць адчувальна-прадметна. Імкнуўся да перадачы натуральнай прыгажосці колераў, святлоценявых эфектаў, градацый тонаў, жывапіснай пластыкі, да раскрыцця значнасці і паэтычнасці паўсядзённага жыцця, фіз. працы. У шматфігурных манум. палотнах «Пахаванне ў Арнане» (1849—50), «У майстэрні мастака» (1855) стварыў партрэт франц. грамадства. Сярод інш. твораў: «Каменячосы», «Вячэра ў Арнане» (абодва 1849), «Купальшчыцы» (1853), «Сустрэча (Добры дзень, пан Курбэ!)» (1854), «Веяльшчыцы» (1855), «Жанчыны на беразе Сены» (1857), «Каменяломня ў Аптэво» (каля 1865), «Хваля» (1870). У 1855 у сваім каталогу да Сусв. выстаўкі ў Парыжы апублікаваў «Маніфест рэалізму». Удзельнік Парыжскай камуны 1871, пасля яе падзення абвінавачаны ў разбурэнні Вандомскай калоны і прыгавораны да выгнання. У 1873 эмігрыраваў у Швейцарыю, дзе яго творчасць прыйшла ў заняпад.
Літ.:
Гюстав Курбе: Письма, док., воспоминания современников: Пер. с фр.М., 1970;
Шури М. Здравствуйте, господин Курбе!: Пер. с фр.М., 1977;
Калитина Н. Г.Курбе: Очерк жизни и творчества. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТРімя І.Мележа.
Створаны ў 1990 у г. Мазыр Гомельскай вобл. на базе нар.т-рагар. Дома культуры; да 1994 наз.Бел. эксперыментальны т-р «Верасень». Заснавальнік і першы кіраўнік М.Колас. З 1992 дырэктар і маст. кіраўнік С.Кліменка, з 1994 маст. кіраўнік В.Ласоўскі. Т-р працуе ў будынку б. Дома культуры, мае вял. і малую сцэны.
У рэпертуары пераважаюць спектаклі камед. жанру. Т-р плённа працуе з бел. драматургамі, эксперыментуе ў галіне муз. відовішча: «Несцерка» В.Вольскага, «Welcome ў нашу вёску» Г.Марчука, «Хачу быць мільянерам» А.Дзялендзіка, «Шкірдзюкі займаюць абарону» В.Ткачова, «Мар’я» А.Кудраўцава, «Купальская ноч» і «Гуляць дык гуляць» («Вяртаецца муж з камандзіроўкі») Ю.Куліка, «Трышчан ды Іжота» С.Кавалёва і інш. Значнае месца ў рэпертуары займаюць творы класічнай і сучаснай замежнай драматургіі: «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Пад адным дахам» Л.Разумоўскай, «Ехай» Н.Садур, «Стваральніца цуда» і «Утаймаванне тырана» У.Гібсана, «Як пазнаёміцца з бацькам» («Хачу здымацца ў кіно») паводле Н.Саймана і інш. Сярод пастановак для дзяцей: «Прыгоды Люстрынкі, ці Несусветнае зладзейства» І.Сідарука, «Прынцэса і Янка» У.Ягоўдзіка, «Беласнежка і сем гномаў» Л.Усцінава і А.Табакова, «Птушка, што забыла сваю песню» паводле Г.Пракопа і інш. Лепшыя спектаклі т-ра вызначаюцца музычнасцю, дынамічным рытмам, сакавітым гумарам і рэжысёрскай фантазіяй. Тэатр — лаўрэат Міжнар.тэатр. фестывалю «Студыйныя каляды» ў Мінску (1991).
В.А.Грыбайла.
Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Сцэна са спектакля «Утаймаванне тырана».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «СУЧА́СНІК».
Засн. ў 1956 як Студыя маладых акцёраў (пераважна з выпускнікоў Школы-студыі імя У.Неміровіча-Данчанкі), з 1957 тэатр-студыя «Сучаснік», з 1964 сучасная назва. Заснавальнік і гал. рэжысёр т-ра А.Яфрэмаў (да 1970), з 1972 гал. рэжысёр Г.Волчак. Першы спектакль — «Вечна жывыя» В.Розава (1956). Т-р узнік у спрэчцы з афіц. мастацтвам канца 1940 — пач. 1950-х г., выражаў настроі грамадства перыяду «адлігі». Мастацтва т-ра, заснаванае на сучаснай драматургіі, вызначалася дэмакратызмам, маральным пафасам. У далейшым т-р звярнуўся да класікі; сцэн. стыль стаў больш складаным і багатым. Сярод пастановак: «Голы кароль» Я.Шварца (1960), «Без крыжа» паводле У.Цендракова, «Назначэнне» А.Валодзіна (абедзве 1963), «Звычайная гісторыя» Розава паводле І.Ганчарова (1966), «Балалайкін і К°» С.Міхалкова паводле М.Салтыкова-Шчадрына (1973), «Эшалон» (1975) і «Валянцін і Валянціна» (1976) М.Рошчына, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра (1975), «Рэвізор» М.Гогаля (1984), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі (1985), «Кватэра Каламбіны» Л.Петрушэўскай (1986), «Круты маршрут» паводле Я.Гінзбург (1989), «Пігмаліён» Б.Шоу (1994), «Тры таварышы» А.Гетмана паводле Э.М.Рэмарка (1999) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры: Л.Ахеджакава, А.Вярцінская, В.Гафт, А.Даль, Н.Дарошына, Я.Еўсцігнееў, М.Казакоў, І.Кваша, Т.Лаўрова, А.Мягкоў, М.Няёлава, А.Табакоў, Л.Талмачова, П.Шчарбакоў і інш.; рэжысёры: Р.Вікцюк, Кваша, Г.Таўстаногаў, В.Фокін, А.Эфрас і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСАЛІ́НІ (Mussolini) Беніта Амількар Андрэа (29.7.1883, г. Прэдапіо, Італія — 28.4.1945),
заснавальнік і кіраўнік (дучэ) фаш. партыі і дзяржавы ў Італіі, журналіст. З 1900 чл.Італьян.сацыяліст. партыі (ІСП). У 1902—04 у Швейцарыі. З 1909 выдаваў штотыднёвую газ. «Lotta di Classe» («Класавая барацьба»), з 1912 гал. рэдактар цэнтр. органа ІСП газ. «Avanti!» («Наперад!»). У ліст. 1914 за заклікі да ўступлення Італіі ў 1-ю сусв. вайну выключаны з ІСП, заснаваў газ. «Popolo d’Italia» («Італьянскі народ»). У сак. 1919 заснаваў фаш. рух (з ліст. 1921 Нац.фаш. партыя). Пасля паходу на Рым 1922 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Італіі (1922—43). Падпісаў Латэранскія дагаворы 1929 з Ватыканам. Свае паліт. погляды выклаў у кн. «Дактрына фашызму» (1932). Праводзіў экспансіянісцкую знешнюю палітыку, у т. л. ініцыіраваў італа-эфіопскую вайну 1935—36, заключыў саюз з нацысцкай Германіяй, але ў 1934 спыніў спробу аншлюсу Аўстрыі. Пад націскам А.Гітлера ўцягнуў Італію ў 2-ю сусв. вайну (чэрв. 1940) на баку Германіі. Ва ўмовах паражэнняў італьян. войск (у т. л. на сав.-герм. фронце) і ўзмацнення антыфаш. руху ў краіне 25.7.1943 адхілены ад улады саветам фаш. партыі і зняволены паводле загаду караля Віктара Эмануіла III. Пасля вызвалення 12.9.1943 герм. парашутыстамі прэзідэнт (да 1945) «Італьян. сацыяльнай рэспублікі» (Рэспублікі Сало) на акупіраванай ням.-фаш. войскамі Пн Італіі. Пры спробе ўцёкаў у Швейцарыю захоплены італьян. партызанамі і расстраляны.
Літ.:
Белоусов Л.С. Муссолини: диктатура и демагогия. М., 1993;
Смит Д.М. Муссолини: Пер. с англ. [Калининград], 1995;
Хибберт К. Бенито Муссолини: Пер. с англ.М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРО́Ў Васіль Рыгоравіч (2 або 4.1.1834, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — 10.6.1882),
рускі жывапісец і графік. Чл.-заснавальнікТ-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Акад. жывапісу (1866), праф. (1870). Вучыўся ў Арзамаскай школе жывапісу (1846—49, з перапынкамі), Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1853—61) у С.К.Заранкі, з 1871 выкладчык гэтага вучылішча. На пенсію АМ быў за мяжой (1862—69). У ранніх творах выкрываў недахопы тагачаснага грамадства: «Прыезд станавога на следства» (1857), «Першы чын...» (1860). У пазнейшых творах надаваў амаль гратэскавую сац. характарыстыку носьбітам грамадскага зла ў прыгонніцкай Расіі («Пропаведзь на вёсцы», «Сельскі хрэсны ход на Вялікдзень», абодва 1861; «Чаяванне ў Мыцішчах», 1862; «Прыезд гувернанткі ў купецкі дом», 1866; «Манастырская трапеза», 1865—75). Цяжкае жыццё сялян і гар. беднаты адлюстраваў у творах «Сляпы музыка» (1864), «Праводзіны нябожчыка» (1865), «Тройка» (1866), «Тапельніца» (1867), «Апошні шынок ля заставы» (1868). Стварыў шэраг карцін, у якіх намагаўся перадаць індывідуальнасць чалавека з народа, яго здольнасць глыбока мысліць і адчуваць («Фомушка-сыч», 1868; «Вандроўнік» 1870). Аўтар партрэтаў дзеячаў рус. інтэлігенцыі, у т. л. А.Астроўскага (1871), У.Даля, Ф.Дастаеўскага, М.Пагодзіна (усе 1872). Пісаў таксама карціны на быт. («Птушкалоў», 1870; «Паляўнічыя на прывале», «Рыбалоў», абедзве 1871) і гіст. («Суд Пугачова», 1875; «Мікіта Пустасвят», 1881) тэмы.
Тв.:
Рассказы художника. М., 1960.
Літ.:
Лапунова Н.Ф. В.Г.Перов. М., 1968;
Лясковская О.А. В.Г.Перов: особенности творч. пути художника. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВІЦЦЁ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ працэс развіцця сацыяльнай сферы грамадскага жыцця або асобных яе кампанентаў — сац. адносін, сац. ін-таў, розных сац. сістэм і структур. Адлюстроўвае ўстойлівыя сувязі паміж рознымі сац. супольнасцямі, сферамі грамадскіх адносін і пэўную накіраванасць заканамернасцей і дынамікі іх развіцця. Адбываецца эвалюцыйным і рэв. шляхамі. Эвалюцыйныя працэсы разумеюцца як паступовыя, плаўныя, колькасныя пераўтварэнні сац. аб’ектаў; рэвалюцыйныя — адносна хуткія, карэнныя, якасныя змяненні, у выніку якіх адбываецца пераход ад аднаго якаснага стану сац. аб’екта да другога. Сац. эвалюцыянізм — навук. спроба асэнсавання гіст. працэсу як часткі агульнага, разнастайнага і актыўнага працэсу эвалюцыі. Яго заснавальнікангл. сацыёлаг Г.Спенсер распрацаваў спец. схему эвалюцыйнага працэсу Р.с., цэнтр. месца ў якім займае ідэя гіст. стадый развіцця чалавечага грамадства — ад простага да дыферэнцыраванага, ад традыцыйнага да рацыянальнага, ад неасветнага да асветнага і г.д. К.Маркс і Ф.Энгельс лічылі асн. рухавіком Р.с. рэвалюцыю сацыяльную, эканам. асновай якой з’яўляецца канфлікт паміж ростам прадукц. сіл грамадства і ўстарэлай сістэмай вытв. адносін. Працэсы Р.с. бываюць экстэнсіўныя і інтэнсіўныя. У экстэнсіўных працэсах Р.с. ўдзельнічаюць шырокія масы насельніцтва, істотна пашыраецца сфера грамадскіх сувязей, павялічваюцца аб’ёмы адносін за дастаткова істотны прамежак часу. Пры інтэнсіўным Р.с. значна памяншаецца часавы прамежак, усе працэсы адбываюцца больш дынамічна.
Літ.:
Социальное развитие: теория и практика. М., 1982;
Социальное развитие как предмет философско-социологического анализа. Томск, 1983;
Москвичев Л.Н. Социальные изменения и социальная стабильность // Социология. Основы общей теории. М., 1996;
Штомпка П. Социология социальных изменений: Пер. с англ.М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СОВРЕМЕ́ННИК»,
рускі літаратурны і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1836—66 у Пецярбургу; да 1843 4 разы ў год, потым штомесячна. Рэдактар і заснавальнік А.Пушкін. Ён залучыў да ўдзелу ў часопісе У.Адоеўскага, П.Вяземскага, М.Гогаля, В.Жукоўскага, А.Кальцова, Ф.Цютчава.
Пасля смерці Пушкіна «С.» выдавалі Вяземскі, Жукоўскі і інш. У 1838 належаў П.Плятнёву. З 1847 (выдаўцы М.Някрасаў і І.Панаеў, ідэйны кіраўнік В.Бялінскі) «С.» набыў рэв.-дэмакр. кірунак. Выступаў супраць прыгонніцтва, прапагандаваў ідэі утапічнага сацыялізму, адстойваў метад крытычнага рэалізму ў л-ры. У ім супрацоўнічалі М.Агароў, А.Герцэн, Дз.Грыгаровіч. А.Майкаў, Л.Талстой, І.Тургенеў і інш. З прыходам М.Чарнышэўскага (1853) і М.Дабралюбава (1856) «С.» стаў цэнтрам прапаганды ідэй рэв. дэмакратыі. У чэрв. 1853—55 у «С.» друкаваліся нарысы П.Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі», якія асвятлялі жыццё бел. народа, яго гісторыю.
«С.» палемізаваў са славянафіламі, у т. л.газ. «День» І.Аксакава, якая нібыта абараняла беларусаў ад паланізацыі і акаталічвання, але рабіла гэта з пазіцый самадзяржаўя. З крытыкай славянафілаў выступіў Чарнышэўскі ў арт. «Нацыянальная бестактоўнасць», М.Салтыкоў-Шчадрын у арт. «Наша грамадскае жыццё», Дабралюбаў у арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя». Яны адстойвалі правы на развіццё бел.нац. культуры, указвалі на неабходнасць вывучэння жыцця і побыту бел. народа. Закрыты ва ўмовах паліт. рэакцыі.
Літ.:
История русской журналистики XVIII—XIX вв. 3 изд. М., 1973;
Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫШКЕ́ВІЧ Яўстафій Піевіч (18.4.1814, г. Лагойск Мінскай вобл. — 8.9.1873),
бел. гісторык, археолаг, краязнавец, адзін з заснавальнікаў бел.навук. археалогіі. З роду Тышкевічаў, брат К.П.Тышкевіча. Ганаровы чл. Пецярбургскай і Стакгольмскай АН, Лонданскага археал. ін-та. Скончыў Мінскую гімназію (1831). З 1832 працаваў у б-ках Пецярбурга. З 1835 на службе ў губ. праўленнях Вільні, Харкава, Мінска. З 1840 ганаровы апякун школ Барысаўскага пав. У 1843 з мэтай археал. і гіст. даследаванняў наведаў Данію, Фінляндыю і Швецыю. З 1844 маршалак шляхты Барысаўскага пав. У 1847 у Мінску чл. часовай камісіі па зборы і выданні стараж. актаў, грамат і прывілеяў 16—18 ст. гарадоў Мінскай губ. З 1848 куратар Мінскай гімназіі, з 1855 папячыцель Віленскага музея старажытнасцей, які стварыў на аснове ўласных археал. калекцый. Заснавальнік і старшыня Віленскай археалагічнай камісіі. Пасля паўстання 1863—64 вызвалены ад усіх пасад. Даследаваў пахавальны інвентар крывіцкіх курганоў і першы звярнуў увагу на іх асаблівасць — скроневыя кольцы ў жанчын. Вывучаў гарадзішчы ў Гальшанах, Друцку, Заслаўі, Крэве, Лідзе, Мінску, Міры, Слуцку. У сваёй археал. дзейнасці пераймаў вопыт вучоных Зах. Еўропы. Стварыў альбом, прысвечаны роду Тышкевічаў. Аўтар кніг «Погляд на крыніцы мясцовай археалогіі, або Апісанне некаторых помнікаў старажытнасцей у заходніх губернях Рускай дзяржавы» (1842), «Апісанне Барысаўскага павета» (1847), аповесці «Нашы краі» (1871, усе на польск. мове), успамінаў пра В.Ваньковіча, Я.Рустэма, І.Ходзьку і інш.
Літ.:
Каратынскі В. Яўстафій Тышкевіч // Творы. Мн., 1981;