«СОВРЕМЕ́ННИК»,
рускі літаратурны і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1836—66 у Пецярбургу; да 1843 4 разы ў год, потым штомесячна. Рэдактар і заснавальнік А.Пушкін. Ён залучыў да ўдзелу ў часопісе У.Адоеўскага, П.Вяземскага, М.Гогаля, В.Жукоўскага, А.Кальцова, Ф.Цютчава.
Пасля смерці Пушкіна «С.» выдавалі Вяземскі, Жукоўскі і інш. У 1838 належаў П.Плятнёву. З 1847 (выдаўцы М.Някрасаў і І.Панаеў, ідэйны кіраўнік В.Бялінскі) «С.» набыў рэв.-дэмакр. кірунак. Выступаў супраць прыгонніцтва, прапагандаваў ідэі утапічнага сацыялізму, адстойваў метад крытычнага рэалізму ў л-ры. У ім супрацоўнічалі М.Агароў, А.Герцэн, Дз.Грыгаровіч. А.Майкаў, Л.Талстой, І.Тургенеў і інш. З прыходам М.Чарнышэўскага (1853) і М.Дабралюбава (1856) «С.» стаў цэнтрам прапаганды ідэй рэв. дэмакратыі. У чэрв. 1853—55 у «С.» друкаваліся нарысы П.Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі», якія асвятлялі жыццё бел. народа, яго гісторыю.
«С.» палемізаваў са славянафіламі, у т. л. газ. «День» І.Аксакава, якая нібыта абараняла беларусаў ад паланізацыі і акаталічвання, але рабіла гэта з пазіцый самадзяржаўя. З крытыкай славянафілаў выступіў Чарнышэўскі ў арт. «Нацыянальная бестактоўнасць», М.Салтыкоў-Шчадрын у арт. «Наша грамадскае жыццё», Дабралюбаў у арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя». Яны адстойвалі правы на развіццё бел. нац. культуры, указвалі на неабходнасць вывучэння жыцця і побыту бел. народа. Закрыты ва ўмовах паліт. рэакцыі.
Літ.:
История русской журналистики XVIII—XIX вв. 3 изд. М., 1973;
Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979.
Н.А.Сніцарава.
т. 15, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)