МАКАВЕ́ЛЬСКІ Аляксандр Восіпавіч (10.7.1884, г. Гродна — 16.12.1969),

філосаф. Чл.-кар. АН СССР (1946), чл.кар. АН Азерб. ССР (1949). Засл. дз. нав. Азербайджана (1930). Скончыў Казанскі ун-т (1907) і працаваў там. З 1918 праф. У 1913—18 у навук. камандзіроўцы (Берлін, Мюнхен). З 1920 у Бакінскіх ун-це і пед. ін-це. З 1945 дырэктар, з 1950 навук. супрацоўнік Ін-та філасофіі і права АН Азерб. ССР. Асн. навук. працы па гісторыі ант. філасофіі (атамісты, сафісты), філасофіі народаў Б. Усходу, логіцы і псіхалогіі, па гісторыі філас. думкі Азербайджана, у т. л. літ. помнікаў (Авеста) і спадчыны Нізамі Ганджэві. У перакладзе М. і з яго каментарыямі выдадзены шэраг прац стараж.-грэч. філосафаў.

Тв.:

Понятие о душе в Древней Греции. Варшава, 1913;

Досократики. Ч. 1—3. Казань, 1914—1919;

Введение в философию. Ч. 1—5. Казань, 1915—1917;

Софисты. Вып. 1—2. Баку, 1940—41;

Древнегреческие атомисты. Баку, 1946;

Авеста. Баку, 1960;

История логики. М., 1967.

Літ.:

А.​О.​Маковельский: Библиогр. Баку, 1964.

А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЯ ГІМНА́СТЫКА,

від спорту; спаборніцтвы жанчын у выкананні пад музыку камбінацый розных пластычных і дынамічных гімнастычных і танцавальных практыкаванняў з прадметам (абруч, булава, мяч, скакалка, стужка) і без яго. Праграма міжнар. спаборніцтваў уключае мнагабор’е (1 абавязковае і 3 адвольныя практыкаванні з прадметам) і групавое адвольнае практыкаванне з прадметам. Пераможцы вызначаюцца ў мнагаборстве, у асобных і групавым практыкаваннях. Выступленні ацэньваюцца па 10-бальнай шкале.

Як від спорту М.г. ўзнікла ў СССР у 1940-я г. 1-ы чэмпіянат СССР адбыўся ў 1949. У пач. 1960-х г. прызнана Міжнар. федэрацыяй гімнастыкі. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1964 па няцотных гадах.

На Беларусі 1-ы чэмпіянат адбыўся ў 1951. Сярод бел. гімнастак — чэмпіёнка Алімп. гульняў М.Лобач, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы ў розныя гады — Г.Крыленка, Л.Лук’яненка, Т.​Агрызка, В.​Ваткіна, В.​Гантар, І.​Лісоўская, В.​Рабіновіч, Ю.​Раскіна і інш. З 1993 на міжнар. спаборніцтвах выступае нац. зборная каманда М.г. У 1994 бел. каманда (Гантар, Лук’яненка, В.​Перапяліца) — чэмпіён клубнага чэмпіянату свету, на чэмпіянаце Еўропы заняла 2-е месца (Агрызка, Гантар, Лук’яненка).

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НКУС (Minkus) Людвіг Фёдаравіч (сапр. імя Алаізій Людвіг; 23.3.1826, Вена — 7.12.1917),

аўстрыйскі скрыпач, кампазітар, педагог. Па нацыянальнасці чэх (паводле інш. звестак — паляк). Муз. адукацыю атрымаў у Вене. Працаваў пераважна ў Расіі. У 1853—55 капельмайстар хатняга аркестра кн. М.​Б.​Юсупава ў Пецярбургу, у 1861—72 саліст аркестра Вял. т-ра ў Маскве, з 1862 адначасова інспектар балетнай музыкі маскоўскіх т-раў, у 1872—90 кампазітар балетнай музыкі пры Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу. У 1866—72 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Пасля 1890 жыў у Вене. Аўтар каля 20 балетаў, у т. л. «Фіямета, або Перамога кахання» (паст. 1864), «Пахіта» (паст. 1864, разам з Э.​Дэльдэвезам), «Ручай» (паст. 1866, з Л.​Дэлібам), «Дон Кіхот» (паст. 1869), «Камарго» (паст. 1872), «Баядэрка» (паст. 1877), «Млада» і «Дачка снягоў» (паст. абодва 1879), «12 эцюдаў» і інш. п’ес для скрыпкі. Яго лепшыя балеты вызначаюцца меладычнай, яскрава танцавальнай, рытмічнай музыкай. «Вялікае класічнае па» з «Пахіты», «Дон Кіхот», «Баядэрка» і класічны акт «Цені» з яе неаднаразова ставіліся ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў кастр. 1952 у г. Слуцк. Лл. экспазіцыі 280 м², 5 залаў, б-ка, 22,5 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Сярод экспанатаў стараж. прылады працы, жан. ўпрыгожанні з гарадзішча Івань, касцяныя і драўляныя шахматныя фігуры, каменныя і бурштынавыя крыжыкі 12 ст., керамічны посуд, скураны абутак з гарадзішча стараж. Слуцка, кафля 17 ст. з выявай герба Слуцка, фрагменты слуцкіх паясоў, вырабы з урэцкага шкла, габелены «Паляванне на дзіка» (18 ст.), «На водную прагулку» (19 ст.), старадрукі 18 ст., дакументы і матэрыялы пра вайну 1812, паўстанне 1863—64, рэв. рух 19 — пач. 20 ст., Слуцкае паўстанне 1920, падзеі часоў грамадз. вайны, партыз. рух і падполле ў Вял. Айч. вайну, слуцкі лагер смерці. У калекцыях музея творы бел. прафесійных і самадзейных мясц. мастакоў, вырабы мясц. майстроў ткацтва, вышыўкі, лозапляцення, разьбы па дрэве, рогу і інш. Музей выпускае брашуры і буклеты па гісторыі Случчыны, пра помнікі архітэктуры, слуцкія паясы і інш. З 2001 працуе філіял «Побыт сялян. 19 — пач. 20 ст.».

В.​С.​Відлога.

т. 15, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСФЕ́РТ (франц. transfert ад лац. transferre пераносіць, пераводзіць),

1) перадача права валодання імяннымі каштоўнымі паперамі (акцыі, вэксалі, аблігацыі, чэкі) адной асобай другой, перанос аплаты па здзелцы з аднаго рахунка на другі. Перадача права валодання ажыццяўляецца, як правіла, пры дапамозе перадатачнага надпісу — індасаменту.

2) Перавод замежнай валюты або золата з адной краіны ў другую; банкаўскія аперацыі па сустрэчных пераводах валют дзвюх або некалькіх краін (валютны Т.).

3) Перавод бюджэтных сродкаў для фінансавання абавязковых выплат насельніцтву: пенсіі, стыпендыі, кампенсацыі, інш. сац. выплаты, якія ўстаноўлены заканадаўствам (сацыяльны Т.).

4) Перадача права ўласнасці на рэальны тавар пакупніку без фіз. перамяшчэння тавару (кніжны Т.).

5) Пераезд грамадзян з адной краіны ў другую на аснове міжнар. пагаднення, аўтаматычнае змяненне грамадзянства; перавозка турыстаў з аэрапорта ў гасцініцу або паміж гарадамі. Т. называюць таксама перадачу тэхналогій. перавод грашовых сум, гуманіт. і тэхн. дапамогі. Напр., у 2000 аб’ём Т. у Рэспубліку Беларусь склаў 54,7 млн. дол., у т. л. з краін СНД — 1,2 млн. дол., Расіі — 1 млн. дол., інш. краін — 53,5 млн. дол.

І.​А.​Кліноўская.

т. 15, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВА́РАЎ Уладзімір Паўлавіч (25.5.1925, г. Уварава Тамбоўскай вобл., Расія — 3.7.1983),

бел. вучоны-эканаміст, мовазнавец, журналіст. Бацька Г.У.Уваравай. Д-р эканам. н. (1977), праф. (1977). Скончыў Ваен. ін-т замежных моў (1949). З 1949 у газ. «Osterreichische Zeitung» («Аўстрыйская газета»). У 1956—58 у Мінскім пед. ін-це замежных моў, з 1960 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі (у 1960—64 заг. кафедры, у 1964—65 і 1974—78 дэкан ф-та). З 1978 заг. кафедры ў Ін-це павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ, у 1978—79 адначасова ў Вышэйшай эканам. школе ў Празе. Навук. працы па праблемах паліт. эканоміі, гісторыі эканам. вучэнняў, па сістэме вывучэння паліт. эканоміі і эканам. гісторыі вучэнняў з выкарыстаннем ЭВМ, тэорыі і практыкі разумення і перакладу замежнага тэксту.

Тв.:

Как научиться понимать и переводить иностранный текст. Мн., 1968 (у сааўт.);

Идеология современного реформизма. Мн., 1970;

Семинары по политической экономии с применением ЭВМ: (Исслед. пробл. управления учеб. процессом). Мн., 1982;

История экономических учений. М., 1983 (у сааўт.);

Экономическое соуправление: Политэкон. анализ соц.-демокр. теории и буржуаз. практики. Мн., 1985 (разам з Л.​Ф.​Заікам).

т. 16, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЫТО́Н Юлій Барысавіч (27.2.1904, С.-Пецярбург — 19.12.1996),

расійскі фізік і фізікахімік, заснавальнік навук. школы па фізіцы гарэння і выбуху. Акад. Рас. АН (1953, чл.-кар. 1946). Тройчы Герой Сац. Працы (1949, 1951, 1954). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1925). У 1921—31 у Фізіка-тэхн. ін-це АН СССР. У 1926—28 стажыраваўся ў Кавендышскай лабараторыі ў Э.​Рэзерфарда. З 1931 у Ін-це хім. фізікі АН СССР. З 1946 у ядз. цэнтры КБ-11 (г. Арзамас-16, цяпер г. Сароў). Навук. працы па тэорыі выбуховых рэчываў. даследаванні крытычнай т-ры кандэнсацыі пары металаў, узаемадзеянні малекул з паверхняй цвёрдых цел, праблемах тэрмаядз. лазернага сінтэзу і ядз. энергетыкі. Разам з Я.Б.Зяльдовічам упершыню правёў разлік ланцуговай рэакцыі дзялення урану (1939). Адзін з удзельнікаў стварэння і ўдасканалення савецкай ядз. зброі. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1953. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1983).

Літ.:

Человек столетия Ю.​Б.​Харитон. М., 1999;

Ю.​Б.​Харитон: Путь длиною в век. М., 1999.

Ф.​Дз.​Папоў.

Ю.Б.Харытон.

т. 16, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ЗІЙ (лац. Caesium),

Cs, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 55, ат. м. 132,905; адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны Ц. — стабільны нуклід ​133Cs. У зямной кары 3,7∙10​−4% па масе, асн. мінерал — палуцыт. Адкрыты ў 1860 Р.В.Бунзенам і Р.Р.Кірхгофам, назва ад лац. caesium — блакітны (па ярка-сініх лініях у спектры).

Вельмі мяккі, легкаплаўкі (tпл 28,44 °C) серабрыста-белы метал, шчыльн. 1904 кг/м³ (20 °C). Хімічна найб. актыўны шчолачны метал. На паветры імгненна акісляецца з узгараннем (утвараецца надпераксід CsO2 з прымессю пераксіду CS2O3). З вадой, галагенамі і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам. Захоўваюць у ампулах са шкла пірэкс у атмасферы аргону або ў стальных герметычных пасудзінах пад слоем абязводжанага вазелінавага масла. Выкарыстоўваюць метал. Ц. як кампанент матэрыялаў катодаў для фотаэлементаў і фотаэлектронных памнажальнікаў, змазачных матэрыялаў для касм. тэхнікі, у вакуумных электронных прыборах; па́ру — як рабочае цела ў магнітагідрадынамічных генератарах, газавых лазерах, іонных ракетных рухавіках. Прадукты ядз. рэакцыі дзялення маюць значную колькасць розных радыенуклідаў Ц., найб. небяспечны з іх ​137Cs (перыяд паўраспаду 30 гадоў).

А.​П.​Чарнякова.

т. 17, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУПРО́Ў Аляксандр Іванавіч (18.2.1842, г. Масальск Калужскай вобл., Расія — 8.3.1908),

расійскі эканаміст, публіцыст, адзін з заснавальнікаў рас. стат. навукі, у т. л. чыг. статыстыкі і эканомікі транспарту. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1887). Скончыў Маскоўскі ун-т (1866). З 1874 выкладаў у ім. У 1869 арганізаваў Т-ва пашырэння тэхн. ведаў, у 1882 — Стат. аддз. пры Маскоўскім юрыд. т-ве (з 1883 яго старшыня). Удзельнічаў у распрацоўцы плана перапісу Масквы 1882 і ў яго ажыццяўленні. Узначальваў ліберальна-народніцкую плынь у эканам. тэорыі, прадстаўнікі якой прызнавалі неабходнасць частковых агр. пераўтварэнняў (паляпшэнне культуры земляробства, арганізацыя саматужных арцеляў і перасяленняў) разам з захаваннем памешчыцкага землеўладання і сял. абшчыны. Аўтар падручнікаў па статыстыцы, прац па палітэканоміі, агр. пытаннях, чыг. гаспадарцы («Чыгуначная гаспадарка», т. 1—2, 1875—78; «Пра характар і прычыны сучаснага прамысловага крызісу ў Заходняй Еўропе», 1889; «Пра эканамічнае значэнне адукацыйных і выхаваўчых устаноў для рабочага класа», 1898, і інш.). Адзін з рэдактараў і аўтараў зб. «Уплыў ураджаяў і хлебных цэн на некаторыя бакі рускай народнай гаспадаркі» (1897).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯНТО́ВІЧ Павел Мікалаевіч (1869, г. Віцебск — 22.1.1940),

палітычны і дзярж. дзеяч, юрыст. Скончыў юрыд. ф-т Дэрпцкага (Тартускага) ун-та (1893). Працаваў памочнікам прысяжнага паверанага пад кіраўніцтвам Ф.Н.Плявакі, адвакатам. На паліт. працэсах абараняў удзельнікаў паўстання на крэйсерах «Азоў», «Ачакаў», сялян Харкаўскай і Палтаўскай губ., чл. бальшавіцкай фракцыі Дзярж. думы і інш. З сак. 1917 чл. Выканкома к-та грамадскіх арг-цый, сябра пракурора Маскоўскай суд. палаты, нам. міністра пошт і тэлеграфа, міністр юстыцыі ў Часовым урадзе і ген.-пракурор. Чл. РСДРП, меншавік у вер.—ліст. 1917. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 арыштаваны разам з інш. чл. Часовага ўрада і зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Вызвалены па асабістым распараджэнні У.​І.​Леніна. З вер. 1921 у Маскве: юрыд. кансультант ВСНГ, адзін з заснавальнікаў сав. адвакатуры, узначальваў Маскоўскую калегію адвакатаў. У 1930 арыштаваны органамі АДПУ; пасля вызвалення займаўся адвакацкай практыкай. 1.11.1937 зноў арыштаваны па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці, у 1940 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1992.

Літ.:

Звягинцев А.Г., Орлов Ю.Г. Жизнь и деяния генерал-прокуроров России. М., 2001;

Карніловіч Э.А. Імёны з небыцця. Мн., 2003.

Э.​А.​Карніловіч.

П.М.Малянтовіч.

т. 18, кн. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)