МІ́НСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у 1689—1727 пры Мінскім езуіцкім калегіуме. Захаваліся звесткі пра пастаноўкі лац. драмы «Ахвяра кахання»

(1698),

панегірычнай драмы «Працвітанне царства, якое ахоўваецца бяспекай цароў» (1713, сюжэт з гісторыі Кітая), драмы «Свяшчэнны саюз Мінервы і Марса» (1727, гал. герой К.​Астрожскі).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРО́ННАЯ ТЭРАПІ́Я,

адзін з відаў прамянёвай тэрапіі, якая ажыццяўляецца з дапамогай нейтроннага выпрамянення. Пры Н.т. ўжываюць дыстанцыйнае (з дапамогай цыклатронаў), унутрыполасцевае і ўнутрытканкавае апрамяненне (крыніца змешанага нейтроннага і гама-выпрамянення каліфорній-252). Найб. выкарыстоўваецца для лячэння пухлінных захворванняў шыйкі маткі, языка і слізістых абалонак поласці рота.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСІ́ЛАВІЧЫ,

стаянкі каменнага і бронзавага вякоў каля в. Нясілавічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Датуюцца 6—1-м тыс. да н.э. Пры даследаванні знойдзены ланцэтападобныя вастрыі, пласцінкі, разцы, нуклеусы, кераміка розных этапаў нёманскай культуры і шнуравой керамікі культуры. Выяўлены рэшткі агнішчаў-кастрышчаў і агнішчаў, выкладзеных камянямі.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЦЭЛЯ́РНАЯ ГАСПАДА́РКА,

сямейна-індывідуальная сялянская гаспадарка. Асн. форма вядзення натуральна-спажывецкай вытв-сці пры рабаўладальніцкім ладзе і феадалізме. З развіццём капіталізму П.г. ўцягнулася ў сістэму таварна-грашовых адносін і ператварылася ў дробную таварную гаспадарку. Звычайна вядзецца на невялікіх участках (парцэлах — адсюль назва) уласнай або арандаванай зямлі.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСО́Л,

кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва найб. высокага ў пратакольных адносінах узроўню; у большасці краін — вышэйшы дыпламат. ранг. Вызначаецца ў пагадненні дзяржавамі, што абменьваюцца дыпламат. прадстаўніцтвамі, шляхам выбару класа кіраўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў, прызнаных міжнар. звычаем і пацверджаных Венскай канвенцыяй аб дыпламат. зносінах 1961. П. акрэдытуецца пры кіраўніку дзяржавы.

т. 12, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІНАВА́ННЕ,

1) нанясенне тонкага слоя плаціны (таўшчынёй 1—5 мкм) на паверхню метал. вырабаў электралітычным спосабам. Павышае каразійную і зносаўстойлівасць, адбівальную здольнасць вырабаў, забяспечвае кантактную электраправоднасць.

2) Прамочванне гранул гліназёму плацінахлорыставадароднай к-той з наступным аднаўленнем плаціны; плацінавы гліназём выкарыстоўваецца як каталізатар, напр., пры перапрацоўцы нафтапрадуктаў.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧЫ АБ’ЁМ поршневага рухавіка ўнутранага згарання,

аб’ём, які вызваляецца поршнем у цыліндры пры перамяшчэнні поршня ад пункта найменшага да пункта найб. аб’ёму. Роўны здабытку плошчы поршня на даўжыню яго ходу. Выражаецца ў кубічных метрах, літрах ці кубічных сантыметрах. Сумарны Р.а. усіх цыліндраў рухавіка наз. літражом рухавіка.

т. 13, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАД,

пазасістэмная адзінка паглынутай дозы выпрамянення. Абазначаецца рад. 1 рад роўны паглынутай дозе выпрамянення, пры якой 1 кг апрамененага рэчыва паглынае энергію 0,01 Дж. Найменне адзінкі «рад» (англ. rad) паходзіць ад пачатковых літар выразу Radiation absorbed dose — паглынутая доза выпрамянення. 1 рад = 0,01 Гр (гл. Грэй).

т. 13, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВОРАЗМЯША́ЛЬНІК,

стацыянарная або перасоўная ўстаноўка для прыгатавання будаўнічых раствораў, што выкарыстоўваюцца пры каменнай муроўцы, тынкавальных работах і інш. Мае барабан, у які загружаюцца кампаненты раствораў (цэмент, пясок, вада) і перамешваюцца вінтавымі лопасцямі, ўстаноўленымі на вале з электрапрыводам.

Перасоўны растворазмяшальнік: 1 — электрарухавік; 2 — змяшальны барабан; 3 — лопасць.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙНДЖЭР (Ranger),

уранавае радовішча на Пн Аўстраліі ў бас. р. Іст — Алігейтар (Паўн. тэрыторыя). Адкрыта ў 1969—70. Распрацоўваецца з 1981. Запасы 90 тыс. т аксіду урану (U3O8) пры 0,32% аксіду урану ў рудзе. Гідратэрмальнае. Выяўлена 5 рудных цел у ніжнепратэразойскім складкавым фундаменце. Здабыча адкрытым спосабам.

т. 13, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)