найстаражытнейшыя тоўшчы зямной кары і час, адпаведны іх утварэнню. Папярэднічаў кембрыйскай сістэме (перыяду). Ахоплівае 6/7геал. гісторыі Зямлі. Працягласць фарміравання слаёў Д. — ад узнікнення найстаражытнейшых парод з радыеметрычным узростам (больш за 3,9 млрд. гадоў назад) да пачатку кембрыю (каля 540—530 млн. гадоў назад).
Падзяляецца на архей, які ўключае глыбокаметамарфізаваныя і гранітызаваныя пароды (гнейсы, мігматыты, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, мармуры і інш.), і пратэразой, што аб’ядноўвае менш змененыя асадкавыя і вулканагенныя тоўшчы. Мяжа паміж імі праходзіла прыкладна 2,5 млрд. гадоў назад. З 1990 прынята больш дэталёвае стратыграфічнае расчляненне Д.: архей падзелены на ніжні і верхні (з раздзелам каля 3150 млн. гадоў); ніжні пратэразой — на ніжні і верхні (з раздзелам каля 1900 млн. гадоў); верхні пратэразой — на рыфей (ніжні, сярэдні, верхні) і венд (ніжні і верхні) з раздзелам каля 650 млн. гадоў. Адклады ранняга Д. (архей і ніжні пратэразой) складаюць фундамент стараж. платформаў. Яны выходзяць на паверхню шчытоў (Балтыйскага, Украінскага, Паўд.-Афрыканскага, Канадскага і інш.), а таксама знаходзяцца ў ядрах складкавых утварэнняў геасінклінальных абласцей. Д. — час павышанай тэктанічнай актыўнасці (гл.Дакембрыйская складкавасць). Мяркуюць, што з Д. звязаны пачатак працэсаў тэктонікі пліт, утварэнне асн. аб’ёму (60—80%) кантынентальнай зямной кары, узнікненне кіслароднай атмасферы, гідрасферы і зараджэнне жыцця, аб чым сведчаць шматлікія рэшткі блакітна-зялёных водарасцей, страматаліты, а таксама прыкметы існавання бесшкілетных жывёл. З Д. звязаны буйнейшыя радовішчы жалезных, уранавых, марганцавых, хромавых, сульфідных нікелевых, кобальтавых і інш. руд, радовішчы алюм. сыравіны, золата, поліметалаў. У верхніх слаях Д. трапляюцца паклады нафты.
На тэр. Беларусі ўтварэнні Д. развіты ўсюды. Тоўшчы ранняга Д. падзяляюцца на серыі, шчучынскую і кулажынскую (архей); аколаўскую і жыткавіцкую (ранні пратэразой) і складаюць крышт. фундамент, у якім выяўлены радовішчы рэдкіх металаў, 2 радовішчы буд. каменю, 2 праяўленні жалеза (Аколаўскае і Навасёлкаўскае) і шэраг дробных — жалеза, каляровых і рэдкіх металаў, валастаніту, графіту. У верхнім Д. выяўлены вял. запасы падземных вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НКА (Віктар Антонавіч) (н. 21.7.1929, в. Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл),
бел. крытык і літ.-знавец, празаік. Акад.Нац.АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1984), д-рфілал.н. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1953). Настаўнічаў. З 1958 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі (у 1982—97 дырэктар). Друкуецца з 1952. Даследаваў творчасць З.Бядулі («Пошукі і здзяйсненні», 1963), І.Шамякіна («Іван Шамякін», 1980), гуманіст. традыцыі ў бел. л-ры («Голас чалавечнасці», 1970), працэс паскоранасці ў развіцці бел. л-ры 19—20 ст., ролю ў гэтым працэсе нац.-самабытных вытокаў і ўплываў суседніх л-р («Вытокі. Уплывы. Паскоранасць», 1975), сувязь міфа-паэт. матываў з літ. творчасцю, іх значэнне для ўмацавання нац.пачатку, традыцый народнасці ў бел. л-ры («Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры», 1981). Тэарэт. асэнсаванню крытыкі як спецыфічнай галіны літ. дзейнасці і яе развіццю на Беларусі прысвяціў кн. «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1977). Сучасны літ. працэс разглядае ў кн. «З пазіцый сучаснасці» (2-е выд. 1982). Як крытыку яму ўласціва ўвага да праблем духоўнасці л-ры, яе барацьбы за праўдзівасць адлюстравання рэчаіснасці, сац. глыбіню, грамадз. актыўнасць, гуманіст. страснасць. Працы К. вызначаюцца канцэптуальнасцю, глыбінёй і арыгінальнасцю думкі, палемічнай завостранасцю. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1, 1965), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972) і інш. У рамане «Падвышанае неба» (1975) адлюстраваў жыццё ў Зах. Беларусі напярэдадні яе ўз’яднання з БССР. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
Тв.:
Давер. Мн., 1967;
Прага духоўнасці. Мн., 1975;
Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;
Общность судеб и сердец: Бел. проза о Великой Отечественной войне в контексте рус. и других лит. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАКО́СМАС І МІКРАКО́СМАС,
адна з найб. старажытных філас. канцэпцый пра існаванне прыроднай сувязі паміж космасам, навакольным асяроддзем і чалавекам. У аснове М. і м. як вучэння ляжыць палажэнне аб паралельным існаванні і зменах у Сусвеце і чалавеку. Першай вядомай формай выражэння гэтай канцэпцыі з’яўляецца міфалагема аб прачалавеку, якая знайшла адлюстраванне ў літ. і рэліг. творах стараж. Індыі, Егіпта, Кітая, Грэцыі і інш.Напр., паводле адной з стараж.грэч. міфалагем, стварэнне свету пачалося з пэўнага хаатычнага стану, у якім з’явілася багіня Гея і нарадзіла Урана (неба), Понта (мора), горы; потым з’явіліся інш. багі і людзі. Адносіны паміж багамі капіравалі адносіны ў грамадстве людзей; калі ж багі пераносіліся на неба, то забіралі з сабою і зямныя ўяўленні аб свеце. Адсутнасць яснага размежавання паміж М. і м. мае адным з сваіх важных наступстваў і частыя шматлікія пераходы аднаго пачатку ў другі, і іх пэўную палярызацыю: вялікі свет — космас — або паглынае ў сабе малы свет — чалавека, або чалавек становіцца рухаючай сілай, душой космасу. Філас. тлумачэнне М. і м. дасягнула высокага ўзроўню ў ант. цывілізацыях (Анаксімен, Геракліт, Дэмакрыт, Платон, Сенека). Напр., Геракліт лічыў, што пазнанне свету і божаства ёсць самапазнанне чалавека. У наступныя гіст. перыяды асэнсаванне М. і м. адбывалася ў розных кірунках — ад класічнага да містычнага. Свой росквіт ідэя М. і м. перажывала ў эпоху Адраджэння (Т.Кампанела і Дж.Бруна, Мікалай Кузанскі, Я.Бёме і інш.). У перыяд панавання механіцызму ідэя М. і м. ўступіла ў канфлікт з рацыяналістычнымі ідэямі пабудовы Сусвету і апынулася па-за межамі навукі. З канца 18 і да пач. 20 ст. назіралася ажыўленне цікавасці да ідэі М. і м., якая знайшла свой адбітак у ням. неагуманізме (І.Гердэр, І.В.Гётэ), рамантызме, філас. поглядах А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, а таксама ў тэасофскіх канцэпцыях свету і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛА ПЛАН, Праграма аднаўлення Еўропы,
канцэпцыя эканам. дапамогі, якую ЗША аказвалі краінам Еўропы і Турцыі пасля 2-й сусв. вайны. Прапанаваны як ідэя 5.6.1947 дзярж. сакратаром ЗША Дж.К.Маршалам (адсюль назва) у яго выступленні ў Гарвардскім ун-це, папярэдне абмяркоўваўся на Парыжскай нарадзе міністраў замежных спраў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і СССР (чэрв.—ліп. 1947). Згоду на атрыманне амер. дапамогі далі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Аўстрыя, Швейцарыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Партугалія, Грэцыя, Турцыя, якія ў ліп. 1947 заключылі канвенцыю аб стварэнні Арг-цыі (спачатку К-т) еўрап.эканам. супрацоўніцтва. План садзейнічаў умацаванню пазіцый ЗША у Еўропе. Ад прапаноў амер.эканам. дапамогі адмовіліся СССР і саюзныя яму краіны Усх. Еўропы (вер. 1947), а таксама Фінляндыя. Ажыццяўляўся з 3.4.1948, калі ў ЗША набыў сілу закон аб 4-гадовай праграме «дапамогі замежным дзяржавам». Прадугледжваў папаўненне валютных запасаў еўрап. дзяржаў, стымуляванне іх эканам. аздараўлення, умацаванне эканам. і паліт. супрацоўніцтва ЗША з Еўропай, падштурхоўванне працэсу агульнаеўрап. інтэграцыі. Дапамога аказвалася на падставе двухбаковых пагадненняў паміж ЗША і кожнай з 17 краін Зах. Еўропы (падпісаны ў 1948, у 1949 далучыліся ФРГ і Югаславія; Швейцарыя не падпісала пагадненне, але атрымлівала амер. дапамогу) з федэральнага бюджэту ЗША у выглядзе бязвыплатных субсідый і пазык. З крас. 1948 да снеж. 1951 ЗША выдаткавалі паводле М.п. каля 17 млрд. долараў, прыбл. 60 % гэтай сумы атрымалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, ФРГ. Каардынацыяй і кантролем выканання М.п. займалася Адміністрацыя эканам. супрацоўніцтва (размяшчалася ў Вашынгтоне) на чале з б. прэзідэнтам кампаніі «Студэбекер» П.Гофманам. Афіцыйна дзейнічаў да 30.12.1951, заменены законам «аб узаемным забеспячэнні бяспекі» (прыняты кангрэсам ЗША 10.10.1951), які прадугледжваў адначасовае аказанне эканам. і ваен. дапамогі. М.п. садзейнічаў пачатку 25-гадовага перыяду пасляваен. эканам. росту краін Зах. Еўропы, актывізацыі працэсу іх рэгіянальнай інтэграцыі (у 1950 узнік Еўрап. плацежны саюз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР САТЫРЫ.
Засн. ў 1924. З 1984 акадэмічны. На пачатку яго рэпертуар складалі агляды, памфлеты, вадэвілі. З пач. 1930-х г. аснова рэпертуару — быт. камедыя. Спектаклі 1930 — пач. 1950-х г. былі водгукам на надзённыя праблемы грамадства: «Чужое дзіця» (1933), «Простая дзяўчына» (1937) і «Страшны суд» (1940) В.Шкваркіна, «Факір на гадзіну» У.Дыхавічнага і М.Слабадскога (1945), «Дзень адпачынку» В.Катаева (1946), «Вяселле з пасагам» М.Дзьяканава (1950). Ставілася і класічная драматургія: «Пан дэ Пурсаньяк» Мальера (1938), «Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні (1940), «Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага і М.Салаўёва (1945), «Камедыя памылак» У.Шэкспіра (1950). Этапнымі для т-ра сталі спектаклі «Лазня» (1953) і «Клоп» (1955) У.Маякоўскага. У станаўленні т-ра значную ролю адыгралі рэж. Д.Гутман, М.Гарчакоў, М.Пятроў, П.Васільеў. З 1957 гал.рэж.т-ра В.Плучак. Яго пастаноўкі «Ці быў Іван Іванавіч?» Н.Хікмета (1957), «Цёркін на тым свеце» А.Твардоўскага (1966) і інш. вызначылі публіцыстычную накіраванасць мастацтва т-ра, яркую відовішчнасць спектакляў. Т-р стварыў цыкл спектакляў, якія ўключаюць разнастайныя жанравыя элементы — ад трагедыі да фарсу: «Дон Жуан, або Любоў да геаметрыі» М.Фрыша (1966), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1969), «Рэвізор» М.Гогаля (1972), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1976), «Бег» М.Булгакава (1977), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта і К.Вейля (1980, 1996), «Самазабойца» М.Эрдмана (1982), «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1983), «Ваяўніца» М.Ляскова (1988), «Ідэальны муж» О.Уайльда (1991), «Гарачае сэрца» Астроўскага (1992), «Утаймаванне свавольніцы» Шэкспіра (1994). Спектаклі адметныя спалучэннем жыццёвай дакладнасці з яркімі, вострымі тэатр. прыёмамі, музыкальнасцю, падкрэсленай, часта гратэскава завостранай выразнасцю пластыкі. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: В.Аросева, В.Васільева, Т.Васільева, М.Дзяржавін, У.Ляпко, І.Любезнаў, А.Міронаў, С.Мішулін, Г.Мянглет, А.Папанаў, Т.Пельтцэр, Б.Рунге, Л.Сухарэўская, Г.Тусузаў, У.Хенкін, Б.Ценін, А.Шырвінт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЦІСК, акцэнт,
выдзяленне ў маўленні асобных элементаў мовы — складоў або слоў. Паводле асн. сродкаў выдзялення Н. бывае дынамічны (экспіраторны), колькасны і музычны. Пры дынамічным Н. элемент выдзяляецца памацненнем і павелічэннем напружанасці вымаўлення, пры колькасным — падаўжэннем выдзеленага элемента, пры музычным — павышэннем або паніжэннем тону голасу на выдзеленым элеменце. Націскны элемент часта выдзяляецца адначасова рознымі спосабамі. Бел. мове ўласцівы дынамічна-колькасны Н. Паводле элемента, які выдзяляецца, Н. бывае слоўны (выдзяляецца адзін склад у слове),
сінтагматычны, або тактавы (аб’ядноўвае словы сказа ў сінтагмы), фразавы, або лагічны (узмацняе сэнсавую нагрузку таго ці інш. слова ў сказе). Слоўны Н. бывае фіксаваны (заўсёды на адным складзе ад пачатку або ад канца слова, напр., у польск. мове на перадапошнім складзе) і свабодны (прыпадае на розныя склады ў словах, у бел. мове «ка́са» і «каса́»), Фіксаваны і свабодны Н. бывае рухомы (у розных формах аднаго слова або ў розных словах, утвораных ад аднаго кораня, пераходзіць з аднаго склада на другі) і нерухомы (заўсёды на адным складзе). Бел. лексіцы ўласцівыя рухомы («капа́ць — вы́капаць») і нерухомы («тво́р — тво́раў») Н. Апрача асноўнага, у некат. мовах бывае пабочны Н. (у бел. мове толькі ў складаных словах: «ле́санарыхто́ўка»). Службовыя словы самастойнага Н. не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да наступнага ці папярэдняга слова. У першым выпадку яны называюцца праклітыкамі («за⌒морам», «без⌒грошай»), а ў другім — энклітыкамі («знайшоў⌒жа», «прачытаць⌒бы»). Слоўны Н. адыгрывае значную ролю ў рытмічнай структуры вершаванай мовы. Н. вывучае фанетыка і акцэнталогія.
Літ.:
Івашуціч Я.М. Націск у дзеяслоўных формах сучаснай беларускай мовы. Мн., 1981;
Бірыла М.В. Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1986;
Дыбо В.А. Славянская акцентология. М., 1981;
Касевич В.Б. Фонологические проблемы общего и восточного языкознания. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ I (1.10.1754, С.-Пецярбург — 24.3.1801),
расійскі імператар [1796—1801]. З дынастыі Раманавых. Сын Пятра III і Кацярыны II, бацька імператараў Аляксандра I і Мікалая I. У пачатку царавання амнісціраваў зняволеных пры Кацярыне II М.І.Навікова, А.М.Радзішчава, Т.Касцюшку і інш. Цэнтралізаваў кіраванне, скараціў колькасць губерняў з 50 да 41. У бел.-літ. губернях пацвердзіў дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, спыніў перавод уніятаў у праваслаўе. Праводзіў курс на ўзмацненне асабістай ўлады. Запалоханы Французскай рэвалюцыяй 1789—99, устанавіў у краіне жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым, увёў цэнзуру друку, закрыў прыватныя друкарні (1797), забараніў увоз кніг з-за мяжы (1800). Пазбавіў дваран свабоды ад цялесных пакаранняў (1797), забараніў дваранскія губ. сходы і калект. звароты, прымусіў дваран-афіцэраў і чыноўнікаў выконваць службовыя абавязкі, а не толькі лічыцца на службе. Раздаў дваранам 600 тыс. душ дзярж. сялян, запрыгоніў сялян паўд. Украіны і Дона (1796). Указамі 1797 забараніў продаж без зямлі дваровых і беззямельных сялян, прымус сялян да працы на памешчыкаў па нядзелях, раіў памешчыкам скараціць паншчыну да 3 дзён у тыдзень, у 1798 забараніў прадаваць без зямлі ўкр. сялян. Імкнуўся палепшыць фін. становішча дзяржавы, у 2 разы павялічыў падушны падатак. Рэфармаваў армію на аснове прускіх ваен. статутаў, увёў жорсткую муштру і палачную дысцыпліну. Прыняў удзел у кааліцыйных войнах супраць Францыі (гл.Італьянскі паход Суворава 1799, Швейцарскі паход Суворава 1799, Міжземнаморскі паход Ушакова 1798—1800), аднак пасля разладу з саюзнікамі ў 1800 пачаў збліжэнне з Н.Банапартам (гл.Напалеон I), што прывяло Расію да стану вайны з Вялікабрытаніяй і стварыла пагрозу рас. гандлю і прам-сці. Палітыка П. I, неўраўнаважанасць яго характару выклікалі незадавальненне прыдворных колаў і гвардыі. У выніку дварцовага перавароту П. I забіты, прастол перайшоў да Аляксандра I.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Грань веков: Полит. борьба в России. М., 1986;
Песков А.М. Павел I. М., 1999;
Хайкина Л.В. Михайловский замок и некоторые аспекты религиозно-философских воззрений Павла I // Отечеств. история. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯТУХО́ВІЧ (Міхаіл Мікалаевіч) (23.2.1891, в. Алексінічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 20.12.1937),
бел. крытык і літ.-знавец. Правадз.чл. Інбелкульта (1925), праф. (1926). Скончыў Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1917). З 1921 у Мінску. Чл.навук.-тэрміналагічнай камісіі, выкладчык і сакратар Белпедтэхнікума. З 1922 выкладчык зах.-еўрап. і бел. л-р у БДУ. Працаваў і ў Інбелкульце, АНБССР (кафедра гісторыі бел. л-ры, Ін-т л-ры і мастацтва). У сувязі з абвінавачаннямі ў нацдэмакратызме ў 1934 (паводле інш. звестак, у 1936) пакінуў Беларусь. Выкладаў у пед. ін-тах Паўн. Каўказа. У 1937 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Універсітэцкі курс П. лёг у аснову яго «Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры. Ч. 1 (Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і пачатку XX в.» (1928), якія мелі станоўчае значэнне ў тагачасных метадалаг. пошуках, хоць ён і не пазбег сацыялаг. схематызму. Аўтар артыкулаў пра фальклор, Ф.Скарыну, Ф.Багушэвіча, Я.Купалу, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ц.Гартнага, Ядвігіна І.П., М.Чарота, К.Чорнага і інш. Рэдактар-укладальнік гісторыка-літ. хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі» (1923). Рэдактар, аўтар уступнага артыкула да твораў П.Труса (1934, 1935). Праца П. «Рукапісы А.Рыпінскага» апубл. ў 1990 В.Скалабанам.
Тв.:
Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. Мн., 1926;
Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927;
Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа. Мн., 1927;
Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928;
У кн.: Матэрыялы да гісторыі беларускай літаратуры. Т. 1. Мн., 1936.
Літ.:
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975. С. 90—101;
Киселев Г. Разыскивается классик... Мн., 1989. С. 356—376;
Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий. Мн., 1992. С. 86—87.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМО́ВА,
напісанае аўтарам, рэдактарам або іншай асобай слова да чытача, якое змяшчаецца ў пачатку кнігі ці асобнай публікацыі для лепшага іх разумення.
Заснавальнік П. на Беларусі — Ф.Скарына: гуманіст.-асветніцкія, навуч.-пазнавальныя П. да асобных кніг Бібліі. Некат. П. адрасаваны ці прысвечаны мецэнатам [напр., прадмова Міколы Гусоўскага да кн. «Песня пра зубра» (1523) адрасавана каралеве Боне). У выданні Статута ВКЛ 1588 у якасці П. змешчана прамова Л.Сапегі на Варшаўскім сейме. У асобных кнігах ролю П. выконвалі вершаваныя эпікграмы. У 16—17 ст., у часы вострай ідэалаг. барацьбы і рэліг. палемікі, П. мелі пераважна сінкрэтычны характар, былі сродкам выражэння надзённых пытанняў грамадска-паліт. жыцця, важных праблем развіцця культуры, поглядаў і імкненняў прадстаўнікоў розных сац. груповак і рэлігійных кірункаў, грамадзянскага, нац. і эстэт. крэда іх аўтараў (П. С.Буднага, В.Цяпінскага да асобных твораў палемічнай і перакладной л-ры). У П. таго часу — зародкі бел. філалогіі, крытыкі, літ.-знаўства і публіцыстыкі. Важную ролю ў развіцці бел. л-ры і грамадскай думкі 19 — пач. 20 ст. адыгралі П. Я.Чачота, Р.Падбярэскага, Ф.Багушэвіча, Цёткі і інш. пісьменнікаў.
У сучаснай л-ры П. не мае цвёрдых, выразна акрэсленых жанравых прыкмет. Паводле формы і стылю П. самыя разнастайныя — ад кароткіх дзелавых анатацый да разгорнутых артыкулаў. Бываюць П. ад аўтара, рэдактара, укладальніка, перакладчыка, рэдкалегіі і інш. У залежнасці ад характару і прызначэння выдання (збор твораў, навук. манаграфія, зборнік артыкулаў, слоўнік, публікацыя помніка пісьменнасці і інш.) у П. падаецца сціслая інфармацыя пра змест і гісторыю ўзнікнення, аўтара, раскрываюцца прынцыпы і мэты выдання і інш. П., як правіла, суправаджаюцца першыя публікацыі ў газеце, часопісе. У выданнях тыпу хрэстаматый ці анталогій, апрача агульнай П., нярэдка падаюцца і кароткія П. да кожнай публікацыі помніка пісьменнасці, урыўка з буйнога твора або твораў пісьменніка. Ролю П. часам выконваюць пасляслоўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ЖНЫЯ ПЕ́СНІ,
асаблівая форма шырокараспеўных нар. песень, пераважна лірычных. Пашыраны ва ўсх. славян, асабліва ў рус. песенным фальклоры («Горы», «Стэп», «Не адна ў полі дарожанька» і інш.). З інш.нар. назваў: рускія — прадольныя, прагалосныя, галасавыя, валакавыя, расцяжныя; беларускія — зацягучыя, далявыя. Як усе лірычныя песні, П.п. вылучаюцца багаццем тэматыкі, складанай паэтычнай сістэмай, якая адлюстроўвае разнастайныя адценні душэўнага стану і перажыванняў. Характар вобразнасці П.п. абумоўлівае ў іх пераважную ролю ўласнага меладычнага пачатку, што выяўляецца ў суадносінах муз. і паэт. бакоў, дзе характар мелодыкі паказвае незалежнасць яе ад заканамернасцей вершаванага складу, і ў прыёмах меладычнага формаўтварэння, і ў кампазіцыйных заканамернасцях. П.п. уласціва мелодыка вял. дыхання з бесперапыннасцю разгортвання, працяглым унутрыскладовым распяваннем (разводамі), словаабрывамі і паўторамі асобных слоў або складовых груп (т.зв. распеты верш), устаўнымі 1- і 2-складовымі воклічамі («ах», «ох», «эй», «ой да»), ладавай і метрарытмічнай пераменнасцю, унутрымеладычнымі кантрастамі. Усё гэта абумовіла ўтварэнне разгорнутай песеннай строфікі з асіметрычнымі муз. фразамі, ланцуговымі запевамі. Для П.п. характэрна харавое выкананне (шматгалоссе падгалосачнага складу), аднак існуюць і традыцыі іх сольнага распеву. Як харавое, так і сольнае іх выкананне патрабуе выдатных нар. спевакоў, майстроў, якія валодаюць школай нар. працяглага спеву (гл.Народныя спевакі). Адзін і той жа сюжэт можа існаваць у розных меладычных варыянтах у залежнасці ад мясц. традыцый. У бел. фальклоры П.п. характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. зон. Узоры бел. П.п. («Да пшанічанька яра», «Із-пуд горкі буйной вецер вее» «Салавей, салавей», «Ночы мае, ночушкі») маюць аналогіі ў рус. і ўкр. песенным фальклоры.
Публ.:
Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984.
Літ.:
Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья: Село Тонеж. Мн., 1971;
Эвальд З.В. Песни белорусского Полесья. М., 1979;
Земцовский И.И. Русская протяжная песня. Л., 1967;
Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.