частка энергіі пераменнага эл. поля, якая ў дыэлектрыку пераходзіць у цеплавую. Складаюцца са страт праводнасці (джоўлевы страты; гл.Джоўля—Ленца закон) і страт, абумоўленых актыўнай кампанентай току зрушэння ў дыэлектрыку; сегнетаэлектрыкі, акрамя таго, маюць страты на пераарыентацыю даменаў (гл.Сегнетаэлектрычны гістэрэзіс). У сінусаідальным полі характарызуюцца тангенсам вугла Д.с. tgδ, які вызначае долю эл. энергіі, што пераходзіць у цеплавую за 1 перыяд ваганняў эл. поля. Д.с. вымяраюцца, як правіла, разам з вымярэннем дыэлектрычнай пранікальнасці рэчыва. Змяншэнне страт мае важнае значэнне ў вытв-сці кандэнсатараў і эл.-ізаляцыйнай тэхніцы. Д.с. суправаджаюцца разаграваннем дыэлектрыка (дыэлектрычны нагрэў), што выкарыстоўваецца для высушвання матэрыялаў з малой цеплаправоднасцю (драўніны, паперы, керамікі і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАТАМІЯЗІ́Т (ад дэрмата... + міязіт),
сістэмнае пашкоджанне папярочна-паласатай і гладкай мускулатуры з парушэннем рухальнай функцыі, а таксама скуры, пераважна на адкрытых участках цела. Вял.значэнне ва ўзнікненні хваробы надаецца алергічным і аўтаімунным механізмам: Д. бывае вострым (ліхаманка з дрыжыкамі, хутка парастае генералізаванае пашкоджанне шкілетнай мускулатуры), падвострым (цячэнне хваробы маруднае) і хранічным. Прыкметы: пашкоджанне шкілетных мышцаў (хворы не можа самастойна ўставаць, садзіцца, падняць нагу, трымаць прадмет у руцэ, падае пры хадзе), парушаецца глытанне, на адкрытых участках скуры развіваецца эрытэма, ацёк, вузельчыкі, пухіркі, кровазліццё, узмацненне ці аслабленне пігментацыі, пачырваненне скуры (найчасцей вакол вачэй, носа, на шчоках), развіваецца сухасць скуры, ломкасць пазногцяў, выпаданне валасоў. Лячэнне: агульнаўмацавальная і дэзінтаксікацыйная тэрапія, гарманальныя прэпараты, імунасупрэсары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСУ́МЧАТЫЯ (Hemiascomycetidae),
падклас сумчатых грыбоў. Уключае 4 парадкі: эндаміцэтальныя (Endomycetales), тафрынальныя (Taphrinales), протаміцэтальныя (Protomycetales) і аскасферальныя (Ascosphaerales), каля 350 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляецца каля 20 відаў з парадкаў тафрынальныя і эндаміцэтальныя.
Прымітыўныя грыбы, у якіх талом прадстаўлены адзіночнымі клеткамі, што пачкуюцца або дзеляцца (толькі некат. віды маюць слаба развіты міцэлій), пладовыя целы адсутнічаюць, сумкі са спорамі ўтвараюцца адзіночна ці слоем непасрэдна на клетках або міцэліі. Большасць галасумчатых — сапратрофы. Ёсць паразіты вышэйшых раслін, чалавека і жывёл, узбуджальнікі розных хвароб — гіпертрафіі і дэфармацыі пладоў, кучаравасці лісця, кішэнек, ведзьміных мётлаў, бластамікозаў, кандыдамікозаў. Да галасумчатых належаць дражджавыя грыбы (дрожджы), якія маюць вял. практычнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЧО́К,
гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў і інш. Вядомы з эпохі неаліту і з’яўляецца вызначальнай прыкметай гэтай эпохі. У археал. даследаваннях для вызначэння ўстойлівасці традыцый розных груп насельніцтва, часу іх існавання, этнічнай прыналежнасці помніка, спецыфікі культуры, генетычнай сувязі паміж асобнымі культурамі і інш. найважнейшае значэнне маюць форма, тэхналогія вырабу і арнаментацыя гаршчка. Напачатку гаршчок ляпілі, у т. л. з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе, абпальвалі ў ганчарным горне. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчка ў іх выкарыстанні, формах, памерах на Беларусі замацаваліся ў мясц. назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, гляк, збан, злівач, склепнік, слоік, спарыш і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІ́Д БУДАЎНІ́К, Давід IV Георгіевіч (каля 1073 — студз. 1125),
грузінскі цар [1089—1125]. З дынастыі Багратыёнаў. Аб’яднаў груз. княствы ў адзіную цэнтралізаваную дзяржаву. У 1907 спыніў плату даніны сельджукам і аднавіў незалежнасць Грузіі. Далучыў да сваіх уладанняў Кахеты, Эрэты (1104) і інш. землі. У 1121 у Дыдгорскай бітве груз. войскі перамаглі кааліцыю мусульманскіх правіцеляў. У 1122 пасля вызвалення Тбілісі Давід Будаўнік перанёс сюды сталіцу з Кутаісі. Вёў барацьбу за цэнтралізацыю ўлады, стварыў пастаяннае войска, падпарадкаваў сабе феадалаў, царкву і гарады. У 1123—24 вызваліў ад сельджукаў Шырван і г. Ані. Надаваў вял.значэнне буд-ву гарадоў, дарог, мастоў, садзейнічаў развіццю асветы, заснаваў акадэмію і манастыр у Гелаты. За сваю дзейнасць празваны Будаўніком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАВІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека ў белай вопратцы, з сівой барадой і доўгімі валасамі, які жыў у хаце (пад ці за печчу) або ў сенцах, каморы, клеці. Паводле павер’яў у кожнай хаце (сям’і) быў свой Д. (увасабляў памерлага гаспадара), які нібыта ахоўваў дом, клапаціўся пра гаспадарку, назіраў за сямейным побытам і інш. Прымхлівыя людзі імкнуліся задобрыць Д.: у памінальныя і святочныя дні яго клікалі да стала, «частавалі» лепшымі стравамі, прасілі, каб не рабіў шкоды. Рэліг.значэнне вобраз Д. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст. Знайшоў адлюстраванне ў бел. фальклоры (пераважна ў былічках).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХ (ням. Dach праз польск. dach),
канструкцыйная сістэма перакрыцця і пакрыцця верхняй ч. пабудовы. Д. традыц. жылых і гасп. сялянскіх пабудоў называюць страхой. На Беларусі са старажытнасці вядомы Д. каркаснай і вянковай канструкцыі. Сярод тыпаў каркасных Д. найб. дасканалы кроквенны, з паяўленнем якога свабодныя ад нагрузкі шчыты набылі значэнне важных элементаў арх. дэкору. Акрамя 2-схільных і пірамідальных формаў з 16 ст. пачалі пашырацца вальмавыя (з залобкамі, прычолкамі, дымнікамі) і 3-схільныя, а з 17 ст. — ламаныя, ярусныя, мансардавыя Д. Для класіцыстычных пабудоў характэрны Д. невысокія, з франтонамі. Найб. пашыраны матэрыял пакрыцця — дранка, гонта, чарапіца, бляха, шыфер. У сучасным індустр. буд-ве часцей выкарыстоўваюць плоскі Д., сумешчаны з жалезабетоннымі панэлямі перакрыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБУЛІ́НЫ (ад лац. globulus шарык),
група глабулярных бялкоў жывёльнага і расліннага паходжання, найб. пашыраных у прыродзе. Раствараюцца ў разбаўленых растворах солей, к-т і шчолачы, слабарастваральныя ў вадзе (акрамя міязіну і некат. інш.). Уваходзяць у састаў раслінных і жывёльных тканак (складаюць амаль палову сываратачных бялкоў крыві, вызначаюць яе буферную ёмістасць). Большасць глабулінаў — простыя бялкі, некат. звязаны з вугляводамі, ліпідамі (асабліва глабуліны плазмы крыві), нуклеінавымі к-тамі (нейраглабулін), ёдам (тырэаглабулін). Вызначаюць імунныя якасці арганізма (антыцела, камплемент), згусанне крыві (пратрамбін, фібрынаген і інш.), удзельнічаюць у пераносе жалеза (трансферын, гаптаглабін), медзі (цэруплазмін), у рэгуляцыі гемапаэзу (эрытрапаэціны) і г.д. Адносіны альбумін/глабулін у плазме крыві маюць дыягнастычнае значэнне (у норме каля 2, пры запаленчых працэсах памяншаецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНОТАБІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. gnōtos вядомы + біялогія),
раздзел эксперым. біялогіі і медыцыны, які займаецца атрыманнем і вырошчваннем у стэрыльных умовах гнотабіётаў — жывёл, свабодных ад мікраарганізмаў, гельмінтаў і членістаногіх, а таксама стэрыльных жывёл, спецыяльна заражаных пэўнымі відамі мікраарганізмаў. Сфарміравалася ў 1960-я г. Вывучае ўзаемаадносіны паміж макра- і мікраарганізмамі, што мае значэнне для вырашэння праблем трансплантацыі органаў, імуналогіі, генетыкі, мікрабіялогіі, марфалогіі, фізіялогіі, радыебіялогіі, касм. біялогіі і медыцыны, хірургіі, анкалогіі і інш. Развіццё гнотабіялогіі прывяло да меркавання, што нармальнае жыццё чалавека і вышэйшых жывёл магчыма толькі пры наяўнасці ў іх мікрафлоры.
Літ.:
Чахава О.В. Гнотобиология. М., 1972;
Гнотобиология в хирургии. М., 1982;
Теоретические и практические основы гнотобиологии. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І,
дзесятая літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай І («і дзесяцярычнае»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ι («ёта»). У старабел. пісьменстве абазначала гук «і» найчасцей перад галоснымі і «й» («великій», «пріехати»), Мела лічбавае значэнне «дзесяць». Паралельна з ёй для абазначэння гука «і» выкарыстоўвалася літара И з Н («іжэ»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта»), У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук «і» пярэдняга рада верхняга пад’ёму («ніва»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йі» («іней — йіней», «краіна — крайіна», «салаўі — салаўйі», «вераб’іны — в’эрабйіны»).